Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Але-ж i даюць, - гаварылi жаўнеры з Сымонавага зьвязу.
– Малайцы, што й гаварыць. Так iм i трэба! Лягчэй нам будзе, - i прамочвалi глоткi "б'янкам" з пукатых пляшак.
Бесьперапынная артылерыйская кананада трывала больш дзьвюх гадзiнаў. Пасьля парадзела, а эстафету пераняла танкавая й дробная пяхотная зброя. У гэты вечар фронт курыўся нязьлiчонымi вялiкiмi й малымi агнямi. На адрэзку шматнацыянальнай Восьмай армii працiўнiк быў выкiнуты зь першых умацаваньняў над Сэньё й iншых стратэгiчных месцаў. Найбольш заўзята баранiўся ён пры асноўных дарогах. Страты на хаўрусьнiцкiм
II
Сымонаў амунiцыйны Кiцынскi, паляк з Лодзi, быў навiчком у польскай армii. Прыйшоў зь нямецкага боку ня так даўно. У характары ягоным зазначалася так свойская палякам пыха, пабудаваная на зусiм, здавалася-б, нязначных дробязях, нонсэнсах. Здольны быў зрабiць з мухi слана, калi гэта была муха польская. Язык ягоны камэнтаваў усё навакольнае i, быццам тыя жорны ў дужай сялянскай руцэ, бесьперапынна цёр рознае вотруб'е. Здавалася, што язык гэты й сам худаваты, сярэднi ростам, чарнявы Кiцынскi хацелi надрабiць тое, што давялося iм страцiць за час побыту пад нямецкай акупацыяй.
– Глянь, глянь, якiя танкi! Дзе швабам да нас цяпер дараўняцца! Няхай уцякаюць, бы тыя мышы пад мятлу!
– захапляўся ён на трэцi дзень, калi зьвяз рыхтаваўся да наступу на супрацьпаводны насып ракi Сантэрно, а танкi й людзi станавiлiся на выхадныя пазыцыi ў занятай учора вёсцы.
Артылерыя пачала падрыхтоўчую атаку. Над самым насыпам ракi пiкавалi ангельскiя "спiтфаеры", такiя самыя, як помнiў Сымон, што калiсь так моцна дакучалi iм у Эльзасе. Адзiн штурмавiк шпурнуў бомбу ў бункер i, занадта зьнiзiўшыся, раптам разьляцеўся на кавалкi. Адбылося гэта ў адлегласьцi ня больш паўкiлямэтра ад выхадных пазыцый пяхоты й танкаў.
– Пся крэў! Свая артылерыя самалёт зьбiла! Галганы еднэ! Не бачаць, цi што?
– То не артылерыi, а самалёта вiна. Ты чуў, што яны заўчора збамбардавалi перадавыя пазыцыi трэцяй Карпацкай дывiзii й забiлi дзесяць людзей ды больш як паўсотнi ранiлi?
– То праўда?
– Але.
– Дык тады яму й варта.
– Як то яму? Гэты-ж "спiтфаер", пэўна, там ня быў.
– Не важна, быў цi не. Усё роўна-ж гэта ангельцы палякаў пабiлi.
– Але-ж у цябе лёгiка, як у таго асла.
Самалёт разьляцеўся на драбнюсенькiя кавалачкi. Свой артылерыйскi снарад трапiў простым цэлам. Наступаючыя адзьдзелы, заняўшы пазьней першы супрацьпаводны насып, знайшлi на iм вялiкую выгаралую пляму i ў шматлiкiх мясцох адломкi мэталу. Нехта казаў, што адшукаў кавалкi стлелых касьцей i навет шматок чалавечай скуры. Вiдаць, сам ладунак бомбаў брытанскага штурмавiка больш чым што спрычынiўся да катастрофы.
– Паглядзi, пан, паглядзi!
– штурхануў Спарыша Кiцынскi.
– Хто гэта такiя?
Група пераважна маладых мужчын праходзiла вулiцаю вёскi. Былi гэта апранутыя ў цывiльнае iтальянцы з белымi апаскамi на левых рукавах.
– Вiва полякi! Вiва лiбэраторы!
– крычаў адзiн, махаючы капелюшом i скалячы зубы.
– А вы хто?
– пытаўся Кiцынскi.
– Партызаны. Iтальяны партызаны. Тэдэскi вiя! Вiва полякi!
Iтальянец,
– Ты скурчы сын! Ты такi партызан, што толькi ўмееш баб падшукваць ды вiно прадаваць!
– вурчаў Кiцынскi, быццам да яго толькi адносiлася тое "вiва лiбэраторы".
Лейтанант, камандзер зьвяза, паклiкаў партызанаў i распытваўся пра нямецкiя ўмацаваньнi, iх колькасьць i iншае. Тыя самi ня ведалi. Былi яны, вiдаць, прыфрантавыя партызаны - значыцца, такiя, якiм нiколi ня думаецца партызанiць, аж пакуль вораг сам не ўцячэ. Ужо пасьля прыходу вызвольнiкаў начэплiвалi на рукавы белыя павязкi й лiчылi сябе калi ня гэроямi, дык, прынамсi, баявымi людзьмi.
– Глядзi, калега, глядзi на гэтых гэрояў. Ня вузка табе прэзэнтуюцца скуррр...
– таўхаў iзноў Спарыша Кiцынскi.
– Перастаў-бы ты нарэшце малоць! Аж брыдка, яй-богу!
– зьнецярплiвiўся нарэшце Сымон.
– Вечна быццам тая малатарня. Адкуль гэта ў цябе бярэцца. Ты-ж ужо, напэўна, будзеш лепшым гэроем.
– Лепшым цi ня лепшым, але-ж ня тое, што гэтыя макароньнiкi. За iх мы мусiм кроў нашую польскую пралiваць!
– Але-ж ты й напралiваў ужо, жалься Богу. Ха-ха-ха! Хвалiўся-б хто пралiтай крывёю, але-ж ня ты. Ха-ха-ха!
– рагатаў Сымон.
– То-ж я не аб сваёй гавару, вуйка ты, - бурчаў малы паляк, што, здаецца, аж прыгiнаўся пад цяжарам шасьцi снарадаў. Вiдаць, "б'янка" затуманiла яму ў галаве. Шмат хто быў пад хмяльком, ня выключаючы й Сымона. Ужо "партызаны" пастаралiся пачаставаць не аднаго "лiбэратара".
Артылерыйская кананада скончылася або часткова была перанесеная на далейшыя пазыцыi працiўнiка. Танкi рушылi ў наступ, а за iмi й побач iх пяхота. З супрацьпаводнага насыпу ракi Сантэрно там-сям адазвалася дробная аўтаматычная зброя. Танкi пару разоў спынялiся й абсыпалi пачарнелы ўжо ад агню насып градам куляў. Трушком перабягалi пехацiнцы. Тры агнямётныя "шэрманы", спынiўшыся ў адлегласьцi каля сотнi мэтраў ад насыпу, пусьцiлi наперад густыя чырванаватыя языкi полымя й лiзалi iмi ўзбочча й верх першага насыпу.
– Так iм, сукiным сынам! Так iм трэба, швабам праклятым!
– камэнтаваў Кiцынскi. Быццам у адказ яму "швабы праклятыя" з выдатнай рэгулярнасьцю дзяўблi поле наступу зь цяжкiх мiнамётаў. Мэтраў за пяцьдзесят направа ад Сымона, зараз ззаду за "шэрманам", снарад трапiў у групу людзей. Пачулiся крыкi й енкi. Зьявiлiся санiтары. Лежачы нiцма на насiлках, чалавек сьцякаў крывёю з вялiкай, вырванай ззаду аж да нырак раны. Хвiлiны ягонага жыцьця былi палiчаныя.
Першы супрацьпаводны насып выказваў адно спарадычны супрацiў. Неўзабаве апошнiя пункты ягоныя былi зьлiквiдаваныя, й месцамi над акопамi загайдалiся на палках белыя рызманы. Наступаючыя падпаўзалi на пахiлае ўзбочча. З малых акопаў паказвалiся ўверх найперш верхнiя канцы рук, пасьля шлемы й чорнымi бародамi аброслыя, замурзаныя, худыя твары. У адным месцы чалавек намогся быў выкарабкацца з акопа, i ў той жа момант "томсан" абсыпаў яго дажджом куляў. Верхняя палова чалавека пахiснулася, уздрыгнула, рукi, быццам апаленыя, схапiлiся за грудзi, i той, што хацеў быць палонным, носам занурыў у абсмаленую агнямётамi зямлю.