Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Ваенная здабыча, - жартаваў, сьмяючыся й абдымаючы дзяўчыну.
– Будзе нам варыць i даглядаць нас.
– О-го! А як-жа! Здабыча, i не абы-якая!
– захаплялiся сябры са зьвязу. А ўжо цi надаецца яна да гатаваньня стравы - дык гэта зусiм другараднае пытаньне.
Да чаго дзяўчына надавалася - аб тым нiхто ўголас не гаварыў. Ва ўсiх былi зусiм ндвузначныя ўсьмешкi. Камандзер зьвязу наўмысьля iгнараваў новую прыбыль i быццам не заўважаў, што ў зьвязе зьявiўся яшчэ адзiн рот.
ЗАГУБА ГЕНЭРАЛА ЕЗАВIТАВА
I
Факт назначэньня расейца Шувалава рэфэрэнтам вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе быў надзвычай цяжкiм ударам для генэрала Канстантына Езавiтава. Перажываў вельмi моцна. Нiяк не магло памясьцiцца ў галаве, што прэзыдэнт БЦР здольны на такi крок. Езавiтаў на працягу свайго жыцьця ўсе
Самае крыўднае было тое, што прэзыдэнт БЦР дазволiў сабе на такую вялiкую, проста здраднiцкую нiкчэмнасьць у дачыненьнi да вельмi заслужанага змагара за волю беларускага народу. Калi-б хаця той другi быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося-б зь лёсам пагадзiцца. А то-ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.
Яшчэ ў раньняй маладосьцi, будучы на становiшчы мiнiстра вайсковых справаў Беларускае Народнае Рэспублiкi, пасьля-ж будуючы беларускае школьнiцтва ў Латвii, аддаючы ўсе сiлы ўзгадаваньню сьведамага маладога беларускага пакаленьня пад чужой акупацыяй, Езавiтаў пазнаў цану кантролю над пачуцьцямi. Для некаторых пачуцьцёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для iншых - амаль немагчымай. Генэрал ведаў, што страта самаапанаваньня была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсьведамiўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсi, вонкава, а яшчэ радзей трацiў раўнавагу. Адылi гэтым разам удар быў такi моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласьцi, што Езавiтаў даўжэйшы час ня мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоiўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзыдэнта Астроўскага граф Шувалаў зь ягонымi запасамi прадуктаў быў чалавекам больш прынадным i вартасным, генэрал прыйшоў у тупiк. Што-ж рабiць далей? I самае найважнейшае: як-жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадзтву? Гэта-ж справа ня простая. Сказаць, што Астроўскi выкiнуў яго, каб замянiць цёпленькiм маскалём, дык яно й ня выглядае так проста. Цi-ж шмат людзей ведала асноўную iстоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага, - падумаць, што Езавiтаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускiм вызвольным руху, ёсьць нейкi недарэка цi няздатнiк.
Астроўскi не манiўся распашырацца сярод зацiкаўленых прычынай, дзеля якой зрабiў зьмену на такiм важным становiшчы. Калi ня мог сказаць праўды, дык наогул лепш было прамаўчаць. Пэўна-ж, мог-бы тлумачыць, што Езавiтаў быў неэфэктоўны на сваiм становiшчы, што не стаяў на вышынi заданьня, што ў працы ягонай былi недахопы й падобнае, але Астроўскi выбраў маўчаньне. Магчыма, наўмысьля даў Езавiтаву нагоду, каб той мог уратаваць свой твар, дый ня сумляваўся ў тым, што стары заслужаны вайскавiк знойдзе шлях такога ратунку. I сапраўды, шмат перадумаўшы, генэрал Езавiтаў знайшоў ганаровы выхад з сытуацыi: зьявiлася вестка, што адмовiўся ён ад становiшча рэфэрэнта вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе з прычыны хваробы.
II
Канстантын Езавiтаў цярпеў на занядбаную правабочную грыжу. У апошнiм часе гэты анатамiчны дэфэкт пагоршыўся да тае ступенi, што ўнемагчымiў яму доўгае стаяньне, не гаворачы ўжо аб больш iнтэнсыўным хаджэньнi. Адылi стан хваробы нiяк не належаў да наглай катэгорыi, што вымагала-б безадкладнай апэрацыi.
У гарадзкiм шпiталi ў Фiнстэрвальдэ, што ляжаў прыблiзна сотню кiлямэтраў на поўдзень ад Бэрлiну, працаваў беларускi лекар Мiкола Шчорс, якi часьценька наведваў Бэрлiн, Беларускую Цэнтральную Раду й добра зьблiзiўся зь Езавiтавым. Шпiталь быў перапоўнены пераважна вайсковымi. Была добрая нагода зрабiць генэралу аперацыю пад наглядам i апекаю свайго чалавека.
Езавiтаў, цяпер пазбаўлены Астроўскiм свайго становiшча, хацеў пакiнуць Бэрлiн, дзе сваю прысутнасьць уважаў зусiм бязмэтнай. Мроiў аб тым, каб далучыцца да беларускiх адзьдзелаў у раёне Вайдэн каля колiшняй чэскай мяжы. Ясна, што ў гэткiм стане здароўя ня мог накiравацца ў вайсковыя адзьдзелы, дзе штодзённыя заняткi й розныя непрадугледжаныя выпадкi ў сувязi з ужо амаль пэўным развалам Трэцяга Райху вымагалi добрага здароўя.
– Братка, са сваёй грыжай я далёка не ўцяку, - гаварыў неаднойчы Езавiтаў Шчорсу. Генэрал меў на думцы ўцёкi ад бальшавiкоў. Усходнi фронт блiзу двух з паловаю месяцаў трымаўся на месцы й прабягаў лiнiяй Одры й Нiсы. Ад раёна Губэн, дзе былi перадавыя бальшавiцкiя пазiцыi, да Фiнстэрвальдэ было менш сотнi кiлямэтраў - такую адлегласьць танкавыя адзьдзелы маглi гуляючы прайсьцi за пару дзён. Нязьменнасьць усходняга фронту, а таксама й частыя нямецкiя гутаркi аб нейкай новай, яшчэ зусiм няведамай i жахлiвай зброi - "вундэрвафэ", што была апошняй надзеяй немцаў на перамогу, у вялiкай меры спрычынiлiся да таго, што генэрал Езавiтаў наважыўся выехаць у Фiнстэрвальдэ на апэрацыю.
Варта заўважыць, што Францiш Кушаль адраджваў генэрала ад гэтага. Калi-ж ужо Езавiтаў настойваў, дык камандуючы БКА раiў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям'я, дзе было многа вайсковых шпiталяў i (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзiлiся беларускiя вайсковыя адзьдзелы з дывiзii "Беларусь". Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на ўсходнiм фронце. Усе зацiкаўленыя, значыцца, перадусiм Езавiтаў, пасьля-ж Шчорс i Кушаль, не маглi ведаць, што бальшавiкi канчаюць сьцягваць вялiкiя запасы ваенных матэрыялаў i прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясеньнi наступ для канчатковага разгрому гiтлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзiў, што заўсёды iснавала небясьпека прарыву бальшавiкамi ўсходняга фронту й дзеля таго ў Фiнстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна - больш мо навет, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў усё-ж наважыўся мець апэрацыю ў шпiталi, дзе працаваў Шчорс...
III
Генэрал апэраваны быў 15 красавiка 1945-га году ў Гарадзкiм Шпiталi Фiнстэрвальдэ. Дзесь на чацьвёрты дзень пасьля апэрацыi бальшавiкi пачалi генэральнае наступленьне ў раёне Губэн i Кюстрын. Весткi з фронту былi супярэчныя. Немцы цьвердзiлi, што бальшавiцкi наступ правалiўся. Адылi няшмат было наiўных, што iм верылi. Гарматны гул ня толькi ня сьцiхаў, але мацнеў i прыблiжаўся.
Лекар Мiкола Шчорс, што пiльна сачыў за пацыентам, мяркаваў, што няма чаго чакаць. Неадкладна трэба было даваць нейкую раду. У месьце знаходзiўся ад'ютант Езавiтава Яневiч, што быў амаль неадступным ценем генэрала. Быў ён вучнем Езавiтава з Латвii. Мiж iмi былi ледзь не сямейныя адносiны - як у бацькi з сынам. Пад рукою працаваў i знаёмы паляк, санiтар i шафёр, якога Шчорс добра ведаў яшчэ з Варшаўскага шпiталю. Паляк належаў да тых, якiм можна было давяраць.
Згодна з загадам нямецкiх уладаў, лекар Мiкола Шчорс ня мог пакiнуць шпiталь пад пагрозаю расстрэлу. Для ратаваньня Езавiтава трэба было шукаць iншых рук.
У Шчорсавага шэфа ў гаражы стаяла аж тры аўтамабiлi. Лекар мяркаваў, што адзiн зь iх можна для такой вялiкай неабходнасьцi пазычыць, тым больш што прыгаданы шэф дзесьцi часова адсутнiчаў. Гэткiм чынам прыдбаўшы нямецкае аўта "ДКВ", давялося адно палагодзiць iншыя сьпешныя фармальнасьцi. Да iх належала перадусiм выданьне Езавiтаву (на выпадак захопу яго бальшавiкамi) фiкцыйнага дакумэнту на прозьвiшча Я-га з Гораднi. Пасьведка была выпiсаная на блянцы Беларускага Варшаўскага Камiтэту задняй датаю. Ясна, што генэрал, як i Яневiч, што быў у мундзiры лейтананта, мелi дастаткова дакументаў для немцаў. Езавiтаў быў у цывiльнай вопратцы, а свой генэральскi мундзiр трымаў у чамадане.
Два беларускiя вайскавiкi селi на заднiм сядзеньнi. Паляк запусьцiў матор. Шчорс раiў iм ехаць проста на захад i нiдзе ня спыняцца. Ня трацiлi шмат часу на разьвiтаньне, бо было надта трывожна. "ДКВ" хутка згубiлася ў агульнай хвалi машын, што паўзьлi далей ад агню з усходу.
Пару дзён пазьней Мiкола Шчорс i ягоная нарачоная ўзялi самакаты, запакавалi, што мелi найбольш неабходнага, на багажнiкi й накiравалiся на захад. Кiлямэтраў сорак на паўдзённы захад ад Фiнстэрвальдэ ў малым мястэчку Эльстэрвэрдэ Шчорс зусiм прыпадкова сустрэў на вулiцы Езавiтавага ад'ютанта Яневiча. Той паведамiў зацiкаўленаму лекару, што генэрал знаходзiцца ў нямецкiм палявым шпiталi ў гатэлi пад апекаю вайсковых лекараў. Мiкола Шчорс наведаў той шпiталь i сьцьвердзiў, што ў пацыентаў сувязi зь нядаўнiм пераездам наступiла загнаеньне раны. Тэмпература даходзiла да 38-мi градусаў.