Змагарныя дарогi
Шрифт:
У гэты момант дзесяткамi вялiкiх снарадаў з "нэбэльвэрфэра" пачынае дрыжаць i енчыць паветра. Здаецца, што недзе ў зямных нетрах адчынiлася пякельная лавiна й нейкая пачвара стараецца зь вялiкiм стогнам праз вузкую шчылiну грудзей зямлi вылезьцi-выбiцца наверх. Вельмi дэмаралiзуе сэрыя стрэлаў з "нэбэльвэрфэра". "Нэбэльвэрфэр" - гэта вязка мiнамётаў, па шэсьць у кожнай батарэi. Снарады адпальваюцца электрычнасьцю й шахаўнiцай пакрываюць поле абстрэлу. Бедны той пехацiнец, што трапiць пад такi агонь. Удар паветрам пры дэтанацыi доўгiх, больш чым на мэтр, пузатых мiнаў можа прынесьцi ня менш шкоды, чымся асколкi. За адзiн раз "нэбэльвэрфэр" можа пасеяць сьмерць на паверхнi колькi гактараў плошчы.
Сымон, пачуўшы прарэзьлiвы стогн, робiць пару крокаў назад i зноў хаваецца за рог хаты. Поле перад хатаю замяняецца ў разбушаванае, стогнучае пекла. Iдзе адна хваля, другая, трэцяя. Вось падымаецца зь зямлi Ялонскi, а за iм Ялушэвiч i паўзуць за хату. Першы ранены ў вуха, другi ў руку. Сымон глядзiць з сумам на сяброў. Няма часу словам перакiнуцца, бо "нэбэльвэрфэры" сьцiхлi й дружыновы загадвае пасоўвацца наперад.
Пры наступнай хаце гарыць стог саломы. Ад нейкага часу танкiсты атрымалi загад палiць пры фэрмах усе стагi, бо выявiлася, што пад iмi звычайна гнязьдзяцца нямецкiя аўтаматчыкi. На дзьвярах хаты вiдаць разьвешанае белае палатно, але яны зачыненыя. Сыплецца сэрыя з "томсана". Зялёныя, спацелыя фiгуры ўрываюцца ўсярэдзiну. Хвiлiна цiшынi, й насьцярожаныя крокi. Раптам ажываюць усе куткi. Цывiльныя з плачам, зьмешаным з радасьцю, кiдаюцца ў абдымкi жаўнерам. Маладыя дзяўчаты прагна туляцца да вызвольнiкаў. Нейкая таўставатая дзеўка абняла Сымона й аж падскоквае, выючы з радасьцi.
– Аsрettа, asрettа, siqnоrinа! Chе сosа?* - стараецца пазбыцца дзявочых пяшчотаў спацелы ад хуткiх перабежак Сымон.
* Пачакай, паненка! Што такое? (iтал.)
– Што гэта тут? Гарэм быў цi якое што?
– пытаецца адзiн з жаўнераў, лепш ведаючы па-iтальянску. Тлумачаць, што гэта ўсе суседнiя. Схавалiся кагалам, каб мець большую адвагу ператрываць небясьпеку ды каб весялей было. Новыя акупанты ня дзiвяцца. Iм ведама, што iтальянцы наогул любяць бываць вялiкiмi групамi, кагаламi.
Iдзе ў рух вiно. Сымон прамывае прасохлае горла з тыцнутай яму ў рукi пляшкi й разглядаецца. Каля сьцяны на вока трапляе вайсковы нямецкi пляцак. Падыходзiць i пераварочвае яго нагой. Адпяразвае рамянькi й выцягвае вайсковую марынарку. Вока спасьцерагае нарукаўны шчыток з надпiсам "Летува".
Няма часу. Iзноў наперад. Войска пакiдае хату. Жаночыя галасы праводзяць яго ўсялякiмi найлепшымi пажаданьнямi. Да другога каналу адлегласьць невялiкая. Кiрунак - згрупаваньне хат. Сымон iдзе пры дарозе канаўкай, за iм валачэцца й нешта меле языком, наракаючы на вагу амунiцыi, Кiцынскi. За Кiцынскiм - зьвязны.
Дзесь наперадзе зноў адчыняюцца грудзi зямлi й рвуцца ў паветра дзесяткi снарадаў-мiнаў. Сымон падае, а за iм i амунiцыйны.
– Пасоўвайся наперад! Чаго там лёг?
– крычыць зьвязны.
– Снарады лятуць, дык i лёг.
– Прасi толькi Матку Боскую, i ўсё будзе ў парадку. Я заўсёды на яе спадзяюся.
– Сьцеражонага й Бог сьцеражэ. Не рабi зь сябе гэроя там, дзе цябе б'юць, а ты адбiвацца ня можаш, - адказвае Спарыш i, то прыпадымаючыся, то падаючы, трушком перабягае наперад. Язык, быццам у гончага сабакi, вылазiць наверх зь перасохлага роту. Пот залiвае вочы. Ледзь-ледзь ловяць грудзi паветра. Пудовы "п'ят", здаецца, пацяжэў у разоў пяць.
Пасьля кароткага перапынку зноў чуваць "нэбэльвэрфэр". Страшэнны гул дэтанацыi тузае ўсё цела. Чуваць енк i стогн. Нехта паранены, яшчэ нехта iншы - забiты. Крыжуюцца ў паветры снарады. Побач затрымоўваецца трэцi зьвяз. Ня можа пасоўвацца наперад пад такiм густым абстрэлам змучаная пяхота. Крычыць-раве ззаду лейтанант - камандзер зьвязу. Адно танкi стала паўзуць наперад i сякуць з гарматаў i браўнiнгаў. Iм ня страшны "нэбэльвэрфэр".
Iзноў, прабегшы колькi крокаў, Сымон
Але няма калi... Трэба хутчэй i далей, асьцярожна, але ўсё-ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, зьвiць новых гнёздаў, хаця-б i часовых, каб выпхнуць i дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Iзноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам i зброяй спацелыя фiгуры, хуткiм дыханьнем ловячы ў грудзi гарачае паветра. Зьнiкае iлюзiя вясны. Застаецца адно зьнiшчэньне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб зьнiшчыць тых, хто нiшчыць, каб больш ня было зьнiшчэньня.
Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокi канал. Разьведка рушыла наперад, а змучаныя людзi пазасядалi ў апусьцелых хатах на начлег.
VII
Выбiтыя з апошнiх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лiнiяў абароны, немцы былi ў агульным адступленьнi. Там-сям трымалiся малыя адзьдзелы фанатыкаў. Некаторыя-ж пераапраналiся ў цывiльнае й гэткiм чынам старалiся скрыцца ад палону. Пятая амэрыканская й Восьмая брытанская армii ўзышлi на раўнiну далiны По й сьпяшалi дарогамi да вялiкiх прамысловых цэнтраў i партоў Паўночнае Iталii. 21 красавiка 1945-га году, а гадзiне дзесятай ранiцою, адзьдзелы амэрыканцаў з захаду й палякаў з паўдзённага ўсходу сустрэлiся на цэнтральным пляцы Балёнii. Усё жывое ў горадзе вылезла на вулiцы вiтаць "лiбэратараў". Загулi дзесяткi званоў гарадзкiх сьвятыняў. У шматтысячным натоўпе зьявiлiся iтальянскiя нацыянальныя й чырвоныя камунiстычныя сьцягi. Палякi сыпанулi агнём па чырвоных сьцягах i забiлi колькi чалавек. Танкiсты выладоўвалi злосьць на камунiстах, хаця й ня тых, што паняволiлi iхнюю бацькаўшчыну.
Корпус Андэрса атрымаў загад спынiць марш. Адрэзак перанялi брытанцы.
– Бачыш iх, англiшмонаў гэтых, - наракалi жаўнеры, - як бiцца, дык iх ня было, ззаду сядзелi. А цяпер на гатовенькае, вызвольнiкаў гуляць, дык i яны знайшлiся. На джыпах плады перамогi зьбiраць рухнулi...
Ангельскiя зматарызаваныя калёны, амаль не спатыкаючы супрацiву, накiравалiся дарогамi на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там i ў Аўстрыю, да ракi Дравы, дзе пазьней запiсалiся ў гiсторыю няслаўнай выдачай бальшавiкам вялiкай казацкай армii, што памылкова палiчыла iх за прыяцеляў i хаўруснiкаў.
28 красавiка на галоўным пляцы Мiлану разбушаваны й ашалелы натоўп павесiў нагамi ўверх i доўга зьдзекаваўся над трупамi Бэнiто Мусалiнi й ягонай каханкi Кляры Петачы, якiх партызанам пашанцавала злавiць пад час уцёкаў у Швайцарыю над возерам Комо.
Напрыканцы красавiка фэльдмаршал фон Кэсэльрынг падпiсаў капiтуляцыю. Iтальянскi фронт перастаў iснаваць пару тыдняў перад канцом "тысячагадовага" Райху.
У часе заняцьця Балёнii сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзiўся кiлямэтраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалi вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе мiж Iмоляй i Балёнiяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой зьвяз "кар'ераў". Акрамя Пранука Бонка ў акцыi загiнула яшчэ чацьвёра. Але-ж была й нейкая прыбыль.Кашыбанда, вясёлы й жартаўлiвы, як i раней, прыдбаў сабе "жонку". Так называў маладую, прыгожую ды фiгурную дваццацiпаругадовую iтальянку, што прывёз з Балёнii.