Змагарныя дарогi
Шрифт:
Цiкава, хто так дакладна падлiчыў гэную дзесятку. Вiдаць, што перапалох меў вялiкiя вочы, а плеткары - надта-ж даўгiя языкi й нядрэннае ўяўленьне. Лiшнiм было-б сумлявацца, аднак, што ў гэных апавяданьнях была доза праўды. Вайна тут, як вiдаць, не абмяжоўвалася толькi да асноўнага фронту. Фронт быў i ззаду, як i ў Беларусi, дык i трэба было быць падрыхтаванаму на найгоршае, на ўсякiя неспадзеўкi.
Хлопцы з дванаццатай роты сустрэлi ў гэным транспарце Мельнiка, што калiсьцi быў пры школе камандзераў БКА, а цяпер - у трэцiм батальёне. Ён застаўся ў чыне афiцэра. Мельнiк апавядаў, што ў iхным батальёне, як i ў першым, кожная рота мела беларускага й нямецкага афiцэра. Не адзiн з дванаццатай роты пытаўся
У нядзелю днём давялося нашым хлапцам блiжэй пазнаёмiцца з французамi. Побач чыгункi з правага боку працякала невялiкая плыткая рэчка. Дзень быў спякотны й парны. Шмат хто пайшоў купацца. Каля паўдня пазыходзiлася шмат французаў, старых i маладых, хлапцоў i дзяўчат. Хоць нiхто ня ведаў мовы, там-сям бачныя былi ўсьмешкi, размахваньне рук, пры дапамозе якiх тлумачылася тое, чаго ня змог язык. Кiнулася новапрыехаўшым у вочы й сьмеласьць дзяўчат. Дзе-б вы бачылi ў Беларусi, каб узрослыя дзяўчаты так вось проста бязь нiякага сораму прыходзiлi туды, дзе купалiся жаўнеры? А тут-жа во былi побач, усялякiх выглядаў i ростаў. Што-ж, калi языка ня было. Навет i самы галоўны флiртаўнiк Кастусь Дзежка стаяў бязрадным.
БЭЗАНСОН - ВАЛЬДАГОН
I
Раньнiмi гадзiнамi 28 жнiўня 1944 году жыхары францускага гораду Бэзансон, што ляжыць на паўночна-заходнiх сьхiлах Альпаў, зь вялiкiм зацiкаўленьнем прыглядалiся да даўгой калёны войск, што, пакiнуўшы чыгуначную станцыю, пасоўвалася вулiцамi ва ўсходнiм кiрунку. Жыхары Бэзансону бачылi вайсковыя мундзiры, пэўна-ж, ня першы раз, i сам факт таго, што ў горадзе зьявiлася новае войска, ня спрычынiўся-б да вялiкага зацiкаўленьня iм. Адно, што гэтае войска, усё пяхотнае, выдавалася iм зусiм iншым, чымся тое, што бачылi дагэтуль. Найбольш цiкавасьцi выклiкала не самая людзкая калёна, але тое, што цягнулася ў хвасьце за ёю: маленькiя ў параўнаньнi зь мясцовымi конiкi, што хуткiм дробненькiм крокам цягнулi такiя-ж малыя каламажкi з падвойнымi аглоблямi й дугамi. Французам найбольш дзiўнымi выдалiся тыя дугi - бачылi iх першы раз у жыцьцi. I чатырохколавыя вазы пабудаваныя былi зусiм iнакш, чым iхныя, францускiя, але ўжо-ж гэныя малыя конiкi сваёй пародай нiяк не маглi быць сваякамi iхным францускiм цяжкiм цяглавым коням.
Дык i ня дзiва тады, што амаль усе аддавалi асноўную ўвагу коннаму вабозу. Ён быў прадметам гутарак i пераважна насьмешак. Апошнiя плылi ня толькi на адрас самых вайскоўцаў i iх хурманак, што йшлi ў гэным часе па вулiцы, але i на адрас "бошаў" - немцаў. I як-жа было не сьмяяцца з будаўнiкоў "новай Эўропы", якiя даваявалiся да таго, што паклiкалi на дапамогу адзьдзелы, якiя так выразна рэпрэзентавалiся перад варожым насельнiцтвам такiм выдатна-сваеасаблiвым транспартам? Хутка прыйдзе iм канец - так, напэўна, заключылi французы свае выснавы з тых назiраньняў.
Вестка пра гэтае дзiўнае войска хутка разжляцелася па Бэзансоне й суседнiх вёсках, найперш тых, што ляжалi побач шашы ў Вальдагон. Спынiўшыся на часовы адпачынак у наступнай за горадам вёсцы, жаўнеры заглянулi ў шматлiкiя крамы. Тыя, што ўжо нейкiм чынам прыдбалi франкi, накiнулiся на вiно. Крамнiкi надта неахвотна бралi ў заплату нямецкiя маркi. Дый чаму-ж мелi-б браць? Яны зусiм справядлiва варажылi, што днi нямецкага панаваньня былi палiчаныя. А пасьля што ты будзеш рабiць з маркамi?
Не адзiн крамнiк усьпеў ужо распытацца й даведацца, дарма што жаўнеры ня ведалi францускае мовы, пра iхную нацыянальнасьць.
– Нон алеман?
– пытаўся крамнiк, паказваючы пальцам на прысутнага жаўнера. Той па нейкiм часе здагадваўся, што, мусiць, пытаюцца, якой ён нацыянальнасьцi.
– Но, нон алеман, - адказваў.
– Я - белорусьен, рус блянк, - тлумачыў.
– Рус блянк?
– кiваў зь цiкавасьцi галавой крамнiк.
Хто ведае, цi ня думаў, што жаўнеры гэтыя былi белымi расейцамi, у адрозненьне ад чырвоных. Пасьля мо ў галаве ягонай узнiклi iншыя, зьвязаныя з гэным пытаньнi, на якiя не ўдалося-б здабыць ад гэтых людзей адказу.
– Шпрэхэн зi дойч?
– пытаўся крамнiка жаўнер. Француз з запярэчаньнем кiваў галавой, што па-нямецку не разумее. На гэтым звычайна гутарка канчалася. Жаўнер паказваў пальцам на палiцы тое, што хацеў купiць, зь цяжкасьцю дагадваўся аб цане, iзноў-жа паклiкаючы на дапамогу рукi, i, заплацiўшы, выходзiў.
II
Асфальтавая, добра дагледжаная шаша вiлася па гарах i ўзгорках, часта разьдзяляючы падгорныя зарасьнiкi й лясы, месцамi рэжучы горныя скалы. Прадугледжваючы магчымасьцi нечаканае засадкi з боку партызанаў, была выдзеленая й высланая на фронт калёны пярэдняя старожа ў сiле адной дружыны. Яна йшла са зброяй напагатове. Заўсёды трымалася на адлегласьцi зрокавага кантакту з галоўнай калёнай. Такая-ж самая старожа замыкала калёну ззаду. Хоць войска было больш двух батальёнаў i непраўдападобным магло здавацца, што французы кiнуцца ў ясны дзень на змаганьне з такой сiлаю, меры асьцярожнасьцi былi нармальнымi ў чужой няпрыяцельскай тэрыторыi.
Конiкам, асаблiва ўзьбiраючыся пад горы, даводзiлася цяжкавата. Наагул падарожжа было вольнае й маруднае. Дакучала сьпякота. Дарога пуставала. Рэдка праедзе ў заходнiм кiрунку вайсковая аўтамашына.
Першую ноч пасьля Бэзансону адзьдзел затрымаўся пры дарозе на чыстым полi. Ноччу разбудзiў жаўнераў густы лiвень. Спалi пад наскора пабудаванымi палаткамi. Кожны меў трохкутны густы й непрамакальны кавалак матэрыялу, званы "пляндэкай", або проста маскiроўкай. Па самай сярэдзiне яе была прарэзаная падоўжаная адтулiна, у якую ўсоўвалася галава ў выпадку, калi маскiроўка апраналася. Канцы-ж зашпiльвалiся навокал каля пояса. Калi трэба было пабудаваць палатку, чатыры жаўнеры складалi свае трыкутнiкi-маскiроўкi, прымацоўвалi нiжнiя канцы матузамi да паўбiваных у зямлю калочкаў, i было гатовае "памяшканьне", дзе, хоць у цеснаце, магло памясьцiцца чатыры ўдзельнiкi. Дый спаць было цяплей. Трэба прызнаць, што выдумаў гэныя маскiроўкi нехта надта практычны, бо служылi яны дзьвюм мэтам: для апрананьня й для аховы ад ападаў у часе адпачынкаў.
Жаўнеры трыццатае дывiзii зь вялiкай цiкавасьцю прыглядалiся да францускiх гарадоў i вёсак. Найбольш дзiўным выдалася iм вялiкая колькасьць гандлёвых рэкламных шыльдаў. У Беларусi гэтулькi ня было. Цэлыя франты крамаў былi размалёваны й пазавешаны рэклямамi. Рэдка дзе пуставаў кавалак сьцяны. Сымону яшчэ раней, прыкладам, вельмi дзiўным выдаўся нейкi вялiкi надпiс, што займаў цэлую сьцяну сялянскай пунi ў прыдарожнай фэрме. Гэтая рэкляма была-б проста дзiвам у Беларусi. У тым знадворным выглядзе краiны жаўнеры й бачылi найперш асноўную розьнiцу мiж Францыяй i iхняй Бацькаўшчынай.
Хлопцаў з дванаццатай роты апанавала нейкая абыякавасьць. Рэдка былi чуваць гутаркi. Калi дзе пад час маршу пры дарозе напаткалася яблыня, абкiдвалi яе з усiх бакоў палкамi й хутка падбiралi ападкi. Немцы не глядзелi скоса й ня крычалi ўжо, што тут "кайн Руслянд".
III
На другi дзень пад вечар адзьдзел прыйшоў у мясцовасьць Вальдагон i затрымаўся на адпачынак у бараках. Быў тут вялiкi й выгадны вайсковы вабоз, прыгожа расплянаваны на плоскай падгорнай раўнiне. Вiдаць было, што ня быў ён на скорую руку пабудаваны вайною, а, мабыць, раней.