Змагарныя дарогi
Шрифт:
Зрэшты, калi ўжо йдзе пра той самы натоўп, дык нельга цьвердзiць, што ён, Сымон Спарыш, трапiў у яго сярэдзiну, у той вялiкi i, як цяпер ужо было вiдаць, бязсэнсоўны вiр, зусiм прыпадкова, дзякуючы нейкай неасьцярожнасьцi. Першы-ж крок - той, зь Вiльнi ў Менск, - залежаў адно ад яго й больш нiкога iншага. Зрабiў яго сьведама. Мала таго - стараўся й сяброў з сабою цягнуць. Тое, што прыйшло пасьля, пэўна-ж, ад яго не залежала. Стаўся, як i сотнi тысячаў iншых людзей, пешкаю, дробненькаю макулiнкай, кiданай ветрам вайны па цэлай Эўропе.
Дык калi нельга было прытулiцца ў зацiшнае месца, не гаворачы ўжо аб поўным ратунку, трэба было неяк адно перажыць, захавацца цэлым, дый найлепш, каб зусiм непакалечаным. У будучынi патрэбныя будуць
Значыцца - абы ператрываць!
БЕЛАРУСКАЯ ЦЭНТРАЛЬНАЯ РАДА Ў БЭРЛIНЕ
ГЕНЭРАЛ ЕЗАВIТАЎ, АСТРОЎСКI Й ШУВАЛАЎ
I
Беларуская Цэнтральная Рада пакiнула Менск 28 чэрвеня 1944 году. Працаўнiкi Рады пасьля шматлiкiх падарожных прыгодаў чыгуначным транспартам прыехалi ў Кэнiгсбэрг, дзе мелi iнструкцыi затрымацца. Радаслаў Астроўскi са сваймi ад'ютантамi й найблiжэйшымi даверанымi людзьмi накiраваўся аўтамабiлямi ў Лодзь. Меў там шмат знаёмых сьцежак-дарожак яшчэ з часоў перадваеннае Польшчы, калi зь Беларускае Гiмназii ў Вiльнi, дырэктарам якое працаваў, пераведзены быў туды на настаўнiка. Затрымаўшыся ў Лодзi, праседзеў там аж да прыблiжэньня фронту з усходу.
У пачатку верасьня 1944 году Бёларуская Нэнтральная Рада была накiраваная з Кэнiгсбэргу ў Бэрлiн, дзе атрымала ў карыстаньне малапашкоджаны бамбардаваньнем будынак на прадмесьцi Вайсэнзэе. У iм размясьцiлiся ня толькi канцылярыi БЦР, але i ўсе ейныя працаўнiкi са сваймi сем'ямi. Адно Радаслаў Астроўскi выслаў сваякоў у невялiкае мястэчка Гекстар у Вестфалii, мусiць, цi ня ўгадваючы будучыню.
Беларуская Цэнтральная Рада дзялiлася на розныя рэфэраты, якiя зарганiзавалi на Вайсэнзэi свае канцылярыi й паступова прыступалi да працы. Трэба было зьвязваць канцы розных нiтак, парваных-патузаных пад час эвакуацыi зь Беларусi. Характар працы шмат розьнiўся ад таго, якi быў на Бацькаўшчыне. Як-нiяк Беларуская Цэнтральная Рада была беларускiм прадстаўнiцтвам на выгнаньнi. Былi свае людзi, раськiданыя па ўсёй тэрыторыi Нямеччыны. Паўставала шмат праблемаў, калi льга азначыць, юрыдычнага характару.
Калi на Бацькаўшчыне Рада мела пэўныя атрыбуты незалежнасьцi цi навет цень самастойнасьцi ў некаторых галiнах, дык тут, у Бэрлiне, немцы звыклi лiчыць яе ня больш чым сваёй агенцыяй у зносiнах зь беларусамi, празь якое намагалiся праводзiць у жыцьцё розныя свае мерапрыемствы. Гэтак амаль галоўным заданьнем i працай Рады было вышукваньне й рэгiстрацыя беларускiх уцекачоў, уладжваньне iх на працы цi ў войску.
II
З прычынаў ваеннае сытуацыi немцы, пад загадам якiх была Беларуская Цэнтральная Рада, а таксама й сам Астроўскi зьвярталi найбольш пiльную ўвагу на ваенныя справы. Ня дзiва тады, што найбольшая праца кiпела ў вайсковым рэфэраце. Палягала яна на вышукваньнi ў Нямеччыне беларускiх вайскоўцаў i канцэнтраваньнi iх у Бэрлiне. Камандатура гораду прыдзялiла беларусам для гэтай мэты вялiкi будынак на Лiхтэнэрштрасэ. Шматлiкiя беларусы ў Нямеччыне, дачуўшыся, што Беларуская Цэнтральная Рада ў Бэрлiне, самi туды зьяжджалiся. Усе яны, амаль бяз выняткаў, залiчалiся ў войска й накiроўвалiся ў беларускi гарнiзон на Лiхтэнэрштрасэ, дзе атрымоўвалi харчы й кватэру. Быў зарганiзаваны Першы кадравы батальён для перашкаленьня жаўнераў.
У разгары гэтае працы ў вайсковым рэфэраце БЦР здарылiся перамены. Прыехаў генэрал Канстантын Езавiтаў i запрапанаваў Радаславу Астроўскаму свае паслугi.
Iмя генэрала Канстантына Езавiтава цесна зьвязана з парой самавызначэньня беларускага народу ў 1917-1918 гадох. Адылi беларускiя гiсторыкi-незалежнiкi надта-ж коратка, амаль мiмаходам, прыгадваюць адно, што Езавiтаў, разам з пазьнейшым прэзыдэнтам Беларускае Народнае Рэспублiкi Васiлём Захаркам, арганiзаваў у Менску беларускiя вайсковыя адзiнкi, што мелi быць апорай новага ладу ў беларускай незалежнай маладой рэспублiцы. Варта дзеля таго хоць тое-сёе прыгадаць з жыцьця генэрала Езавiтава.
Нарадзiўся Канстантын
Езавiтаў бярэ ўдзел у Першым Усебеларускiм Кангрэсе ў сьнежнi 1917 года й выбiраецца ў выканаўчы камiтэт Кангрэсу, пасьля пераназваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублiкi. Удельнiчае ў гiстарычнай сэсii Рады БНР уночы з 24 на 25 сакавiка 1918 году, што абвясьцiла незалежнасьць Беларускае дзяржавы. Пры фармаваньнi першага ўраду БНР Канстантын Езавiтаў быў паклiканы на пасаду мiнiстра вайсковых спраў. Таму-ж, што меў замалы чын на мiнiстра, на чарговых паседжаньнях Рады атрымаў ранг палкоўнiка.
Разам зь iншымi сябрамi першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi Езавiтаў апынуўся на выгнаньнi i ўжо пазней атрымаў чын генэрала. Калi ў 1944 годзе стаў вайсковым рэфэрэнтам пры БЦР у Бэрлiне, прэзыдэнт Астроўскi гэны генэральскi чын пацвердзiў.
III
Вучнi беларускiх школ у Латвii прыгадваюць Езавiтава ня толькi як высакаякаснага настаўнiка. Для iх ён быў перадусiм нацыянальным бацькам.
– Чаго ходзiце такiя згорбленыя, скрыўленыя, быццам-бы цяжар усяго сьвету на сваiх хрыбтах цягалi?
– дапякаў часьценька настаўнiк Канстантын Барысавiч (вымагаў, каб так яго называлi) вучням.
– Палякi цi маскалi няхай так ходзяць, але ня мы, беларусы. Нiколi не забывайцеся, што на нас, беларусаў, увесь сьвет глядзiць i таму мусiм як найлепш рэпрэзэнтаваць свой народ. Выпрастайцеся, трымайце галовы ўверх, сьмела заглядвайце кожнаму ў вочы, бо вы сыны й дочкi вялiкага й слаўнага народу. Гэтым вы павiнны ганарыцца, а ня горбiцца ды ўглядацца ў зямлю.
Настаўнiк Канстантын Барысавiч, будучы вядомым патрыётам i дзеячам беларускай гiсторыi, найбольш увагi аддаваў на выхаваньне беларускае моладзi ў патрыятычным духу й на добрую апрацоўку асноўных бакоў яе характару.
Варта аддаць справядлiвасьць аб'ектыўнасьцi й прыгадаць, што ў дваццатых гадох, калi паўстала пад бальшавiцкай акупацыяй БССР, Езавiтаў ня ўсьцярогся той, ледзь не агульнай для беларускага нацыянальнага актыву па-за межамi БССР памылкi i часова быў паверыў, што пад бальшавiцкiм ярмом будуецца, як прынялося ўжо называць, Беларускi дом. Адылi, будучы асьцярожным, у БССР ехаць не манiўся ды, прыгледзеўшыся пасьля, што бальшавiкi зрабiлi са звабленымi ў Менск беларускiмi навукоўцамi й выдатнымi нацыянальнымi працаўнiкамi, борзда ачуняў ад часовага дурману.
У пачатку трыццатых гадоў адбыўся ў Латвii судовы працэс, званы беларускiм, дзе на лаве абвiнавачаных апынуўся i Езавiтаў. Закiдалi яму, што ў школах i мiж грамадзтва пашырае думкi аб тым, нiбыта Латвiя няпраўна акупавала частку Беларусi, што загадвае вучням на мапах вызначаць раёны, суцэльна заселеныя беларусамi, i што ледзь не намагаецца адарваць гэтыя раёны ад Латвii. Езавiтаў выйшаў з-пад суду апраўданы, хаця й давялося да пачатку яго праседзець больш году ў вязнiцы.
Ад вайны да 1922 года (гэта значыць, да часу ейнага закрыцьця) Езавiтаў быў дырэктарам Беларускае гiмназii ў Люцыне. Пазьней доўгiя гады працаваў настаўнiкам Беларускае гiмназii ў Рызе.