1984
Шрифт:
Ён спыніўся і на хвіліну зноў зрабіўся падобны да настаўніка, які апытвае здольнага вучня.
— Як чалавек выяўляе сваю ўладу над іншым чалавекам, Ўінстан?
— Ён прымушае яго пакутаваць, — падумаўшы, адказаў той.
— Слушна. Ён прымушае яго пакутаваць. Адной паслухмянасці недастаткова. Калі ён не пакутуе, як тады быць пэўным, што ён падпарадкоўваецца вашай волі, а не сваёй? Улада палягае ў тым, каб спрычыняць боль і прыніжэнне. Улада ў тым, каб разарваць розум чалавека на кавалкі і скласці іх нанова, так, як вам хочацца. Ну што, цяпер вы пачынаеце разумець, які свет мы ствараем? Гэта дакладная супрацьлегласць бязглуздым геданічным утопіям старых рэфарматараў. Гэта будзе свет страху, здрадлівасці і пакутаў, свет прыгнятальнікаў і прыгнечаных, свет, які ў працэсе ўдасканальвання будзе рабіцца не меней, а болей бязлітасным. Прагрэс у нашым свеце будзе прагрэсам да большых пакут. Старыя цывілізацыі абвяшчалі, што яны засноўваюцца на любові і справядлівасці. Наша будзе заснавана на нянавісці.
Ён спыніўся, быццам чакаючы, што Ўінстан нешта адкажа. Ўінстан зноў паспрабаваў скурчыцца на ложку. Ён не мог адказаць нічога. Яму здавалася, што сэрца ў яго заледзянела. О'Браэн працягваў:
— І запомніце, што гэта назаўсёды. Твар пад цяжкім ботам заўсёды. Ерэтыкоў, ворагаў грамадства — заўсёды іх можна будзе перамагаць і ганьбаваць, зноў і зноў. Усё, што вы перажылі тут, з таго часу, як трапілі нам у рукі, — усё гэта будзе працягвацца, гэта і яшчэ горшае. Сачэнне, здрады, арышты, катаванні, пакаранні, знішчэнні не спыняцца ніколі. Гэта будзе свет тэрору, гэта будзе і свет трыумфу. Чым больш усемагутнай будзе Партыя, тым менш яна будзе талерантная; чым слабейшая будзе апазіцыя, тым больш суровы будзе дэспатызм. Гольдштэйн і яго ерась будуць жыць вечна. Кожны дзень, кожную хвіліну іх будуць разбіваць, выкрываць, высмейваць, на іх будуць пляваць — і ўсё роўна яны будуць жыць вечна. Драма, што я разыгрываў з вамі на працягу сямі гадоў, будзе разыгрывацца зноў і зноў, пакаленне за пакаленнем, ва ўсё больш вытанчаных формах. Мы заўсёды будзем мець ерэтыкаў тут, у нашых руках, яны будуць крычаць ад болю, здавацца, прыніжацца — і ўрэшце, раскаяўшыся, яны, вызваленыя ад саміх сябе, самі прыпаўзуць да нашых ног. Вось які свет мы рыхтуем, Ўінстан. Свет, дзе перамога ідзе за перамогай, трыумф за трыумфам; а галоўнае — няспынна ціснуць, ціснуць, ціснуць на жылку ўлады. Я бачу, вы ўжо пачынаеце разумець, які гэта будзе свет. Але ўрэшце вы не толькі зразумееце яго. Вы прымеце яго, прывітаеце яго, зробіцеся часткаю яго.
Ўінстан трохі апрытомнеў і мог ужо гаварыць.
— Вы не здолееце! — ледзь вымавіў ён.
— Што значыць гэта ваша заўвага, Ўінстан?
— Вы не здолееце стварыць такі свет, як вы толькі што апісалі. Гэта пустая мара. Гэта немагчыма.
— Чаму?
— Немагчыма заснаваць цывілізацыю на страху, нянавісці і жорсткасці. Такі свет не выжыве.
— Чаму?
— У ім не будзе жыццёвае сілы. Ён распадзецца. Ён заб'е сам сябе.
— Бязглуздзіца. Вам здаецца, што нянавісць знясільвае больш, чым любоў. Хіба гэта так? А калі нават і так, дык што з таго? Дапусцім, што мы будзем зношвацца хутчэй. Дапусцім, што мы паскорым тэмп жыцця так, што людзі будуць старэць ужо ў трыццаць гадоў. І зноў, што з таго? Як вы не можаце зразумець, што смерць індывіда — гэта не смерць? Партыя неўміручая.
Як звычайна, гэты голас загнаў Ўінстана ў стан бездапаможнасці. Да таго ж, ён увесь час з жахам думаў, што, калі ён будзе зацята пярэчыць, О'Браэн зноў пацягне за рычаг. І ўсё ж ён не мог маўчаць. Слаба, не маючы ніякіх аргументаў, нічога, што магло б яго падтрымаць, апроч немага жаху ад слоў О'Браэна, ён перайшоў у наступ.
— Я не ведаю — ну і напляваць. Неяк вы прайграеце. Нешта павінна перамагчы вас. Жыццё вас пераможа.
— Мы кантралюем жыццё, Ўінстан, на ўсіх яго ўзроўнях. Вам думаецца, быццам нешта, што завецца чалавечай натурай, будзе зняважана праз тое, што мы робім, і павернецца супраць нас. Але мы самі ствараем чалавечую натуру. Людзі — надзвычай падатны матэрыял. Ці, можа, вы вярнуліся да вашай старой ідэі, што пралетарыі або рабы ўзнімуцца і скінуць нас? Выкіньце гэта з галавы. Яны бездапаможныя, як жывёлы. Чалавецтва — гэта Партыя. Астатнія не маюць да справы ніякага дачынення.
— Усё роўна. Урэшце яны разаб'юць вас. Раней ці пазней яны разгледзяць, якія вы ёсць і разарвуць вас на шматкі.
— Ці можаце вы прывесці якія доказы, што гэта адбудзецца? Або прычыны, з якіх гэта мусіць адбыцца?
— Не. Я веру ў гэта. Я ведаю, што вы прайграеце. Ёсць
— Ці верыце вы ў Бога, Ўінстан?
— Не.
— Дык што гэта тады за прынцып, што пераможа нас?
— Я не ведаю. Дух Чалавечы.
— А вы лічыце сябе чалавекам?
— Так.
— Калі вы чалавек, Ўінстан, дык вы апошні чалавек. Ваш род вымер, мы вашыя нашчадкі. Вы разумееце, што вы адзін? Вы існуеце па-за гісторыяй, вы няісны, — тон голасу змяніўся, і ён гаварыў ужо больш рэзка. — І вы лічыце сябе маральна вышэйшым за нас, з нашай хлуснёй і жорсткасцю?
— Так, я лічу сябе вышэйшым.
О'Браэн не сказаў нічога. Загаварылі іншыя галасы. Праз хвіліну Ўінстан у адным з іх пазнаў свой голас. Гэта быў запіс іх размовы з О'Браэнам у той вечар, калі ён уступіў у Братэрства. Ён чуў, як ён сам абяцае хлусіць, красці, падрабляць дакументы, забіваць, спрыяць наркаманіі і прастытуцыі, распаўсюджваць венерычныя хваробы, заліць кіслатою дзіцячы твар. О'Браэн зрабіў урывісты нецярплівы рух, быццам кажучы, што не варта было і слухаць. Тады ён выключыў запіс, і галасы сціхлі.
— Устаньце з ложка, — сказаў ён.
Яго кайданы самі па сабе аслаблі. Ўінстан спусціўся на падлогу і няўпэўнена стаў на ногі.
— Вы апошні чалавек, — сказаў О'Браэн. — Вы абаронца чалавечага духу. Дык паглядзіце на сябе. Раздзеньцеся.
Ўінстан развязаў матузок, на якім трымаўся камбінезон. Замок-маланка ўжо даўно быў зламаны. Ён не памятаў, ці ён калі здымаў з сябе ўсё адразу, з таго часу, як яго арыштавалі. Пад камбінезонам цела Ўінстана было абкручана бруднымі пажоўклымі рызманамі, у якіх можна было пазнаць рэшткі сподняй бялізны. Калі ён скінуў іх, ён заўважыў, што ў дальнім канцы пакоя стаіць люстэрка на тры створкі. Ён падышоў да яго і спыніўся як укапаны. Міжвольны крык вырваўся з грудзей.
— Ну, давайце, — сказаў О'Браэн. — Станьце паміж створкамі. Паглядзіце на сябе яшчэ і збоку.
Ён спыніўся, бо напалохаўся. Яму насустрач ішло нешта сагнутае, шэрае, падобнае да шкілета. Яго цяперашні выгляд быў страшны, і не толькі таму, што ён ведаў, што гэта ён сам. Ён падышоў бліжэй да люстэрка. З-за сагнутай паставы здавалася, што твар істоты выпінае наперад. Мізэрны твар зэка з пукатым ілбом, які пераходзіў у лысы чэрап, нос кручком, вострыя скулы, а над імі — гордыя і пільныя вочы. Шчокі былі парэзаныя зморшчынамі, а рот выглядаў западзінай. Без сумнення, гэта быў яго твар, але яму здалося, што твар змяніўся болей, чым ён сам змяніўся ўнутры. Пачуцці, адбітыя на ім, былі не тыя, што ён адчуваў. Ён аблысеў. Спачатку яму здалося, што ён зрабіўся шэры, але шэрай была толькі скура на чэрапе. Усё цела ягонае, апроч далоняў і твару, было шэрае ад даўняга ўкарэлага бруду. Сям-там пад брудам чырванелі зажывы ад ран, а варыкозная язва каля костачкі на назе была вялізнай ятрыстай плямай, з якой звісалі шматкі мёртвай скуры. Але сапраўды страшнай была змарнеласць яго цела. Грудная клетка была вузкая, як у шкілета; ногі ссохлі так, што ў каленях былі шырэйшыя, чым у клубах. Цяпер ён зразумеў, што хацеў сказаць О'Браэн, калі параіў паглядзець на сябе збоку. Неверагодна скрывіўся хрыбет. Худыя плечы выпнуліся наперад так, што ўгнуліся грудзі, тонкая шыя нібы сагнулася ўдвая пад цяжарам чэрапа. Як з выгляду, дык можна было сказаць, што гэтае цела належыць чалавеку гадоў на шэсцьдзесят, які пакутуе ад нейкай страшнай хваробы.
— Часам вам здавалася, — сказаў О'Браэн, — што мой твар — твар сябры Ўнутранай Партыі — выглядае старым і змардаваным. А што вы скажаце пра свой твар?
Ён схапіў Ўінстана за плячо і павярнуў, каб той стаў да яго тварам.
— Паглядзіце, якія вы сталі! — сказаў ён. — Паглядзіце на гэтае паскудства па ўсім целе. Паглядзіце на бруд між пальцаў на нагах. Паглядзіце на гэтую агідную цякучую рану на назе. Вы ведаеце, што ад вас смярдзіць, як ад казла? Можа, вы ўжо гэтага не заўважаеце. Паглядзіце, як вы здыхлелі. Бачыце? Я магу двума пальцамі абхапіць ваш біцэпс. Я мог бы перагрызці вам шыю, як морквіну. Ці ведаеце вы, што вы страцілі дваццаць пяць кілаграмаў з таго часу, як вы ў нашых руках? Нават валасы ў вас выпадаюць пасмамі. Паглядзіце! — ён пацягнуў Ўінстана за валасы і вырваў цэлую жменю. — Раскрыйце рот. Засталося дзевяць, дзесяць… адзінаццаць зубоў. А колькі ў вас было, калі вас сюды прывезлі? Дый тыя, што засталіся, ужо выпадаюць. Глядзіце!
Ён схапіў сваімі магутнымі вялікім і ўказальным пальцамі адзін з ацалелых Ўінстанавых пярэдніх зубоў. Рэзкі боль працяў Ўінстанаву сківіцу. О'Браэн вырваў расхістаны зуб з коранем і шпурнуў яго ў канец камеры.
— Вы гніеце жыўцом, — сказаў ён, — вы развальваецеся на кавалкі. Што вы ёсць? Мех бруду. А цяпер павярніцеся і гляньце яшчэ раз у люстэрка. Бачыце вось гэта, што стаіць перад вамі? Гэта — апошні чалавек. Калі вы — чалавек, дык гэта — чалавецтва. А цяпер адзеньцеся.
Ўінстан пачаў адзявацца павольнымі няўмелымі рухамі. Дагэтуль ён, здаецца, не заўважаў, які ён быў схуднелы і слабы. Толькі адна думка круцілася ў яго ў галаве: ён прабыў тут значна болей, чым сабе ўяўляў. І тады раптам, калі ён заўважыў на сабе ўбогія лахманы, яго ахапіла пачуццё жалю за сваё зруйнаванае цела. Не паспеўшы зразумець, што ён робіць, ён зваліўся на невялічкі зэдлік, што стаяў побач з ложкам, і заліўся слязьмі. Ён разумеў, што гэта брыдка, агідна — убогі касцяк у бруднай сподняй бялізне сядзіць і румзае пад рэзкім белым святлом, — але не мог спыніцца. О'Браэн амаль прыязна паклаў яму руку на плячо.