Чтение онлайн

на главную

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Гэта не будзе цягнуцца вечна, — сказаў ён. — Вы можаце вызваліцца, калі толькі захочаце. Усё залежыць ад вас.

— Гэта вы зрабілі! — хліпнуў Ўінстан. — Вы давялі мяне да гэткага стану.

— Не, Ўінстан, вы самі давялі сябе да такога. Вы пагадзіліся на гэта, калі паўсталі супраць Партыі. У гэты першы ўчынак уключалася ўсё наступнае. Не адбылося нічога, што не было б прадбачна.

Ён спыніўся, пасля працягваў далей:

— Мы білі вас, Ўінстан. Мы зламалі вас. Вы бачылі, да чаго падобнае цяпер ваша цела. Ваш розум у такім самым стане. Не думаю, што ў вас яшчэ засталося шмат колішняй ганарыстасці. Вас білі нагамі, лупцавалі бізуном, зневажалі, вы крычалі ад болю, вы качаліся па падлозе ў крыві і ванітах. Вы малілі аб літасці, вы здрадзілі ўсім і ўсяму. Ці ёсць яшчэ якая ганьба, да якой бы вы не апусціліся?

Ўінстан перастаў плакаць, хоць слёзы

ўсё яшчэ каціліся па шчоках. Ён паглядзеў на О'Браэна.

— Я не здрадзіў Джуліі, — сказаў ён.

О'Браэн задумліва паглядзеў на яго.

— Так, — згадзіўся ён, — так, гэта праўда. Вы не здрадзілі Джуліі.

Асаблівая павага да О'Браэна, якую, як здавалася, нічога не магло пахіснуць, зноў напоўніла Ўінстанава сэрца. «Які ён разумны, — думалася яму, — які разумны». О'Браэн заўсёды разумеў усё, што яму ні казалі. Любы іншы адразу адказаў бы яму, што ён усё ж здрадзіў Джуліі. Бо чаго толькі яны не выціснулі з яго пад час катаванняў. Ён сказаў ім усё, што ведаў пра яе, яе звычкі, яе характар, яе мінулае жыццё; ён выдаў у самых найменшых дэталях усё, што адбывалася пад час іх сустрэч, усё, што ён казаў ёй, а яна яму, іх ежу з чорнага рынку, іх пахацімства, іх невыразныя планы змовы супраць Партыі — усё. І ўсё ж у тым сэнсе, як ён разумеў гэтае слова, ён ёй не здрадзіў. Ён не перастаў яе кахаць, яго пачуцці да яе засталіся тыя самыя. О'Браэн зразумеў, што ён хацеў сказаць, і не патрабаваў ніякіх тлумачэнняў.

— Скажыце мне, ці хутка мяне расстраляюць? — спытаўся ён.

— Можа, прыйдзецца і пачакаць, — адказаў О'Браэн. — У вас цяжкі выпадак. Але не губляйце надзеі. Усе раней ці пазней вылечваюцца. А пасля ўсяго мы вас расстраляем.

4

Яму было значна лепей. Ён дужэў і гладчэў з кожным днём, калі можна было гаварыць пра дні.

Белае святло і няспыннае гудзенне былі тыя самыя, што і раней, але камера была трошкі больш утульная за ранейшыя. На дашчаным ложку быў матрас і падушка, побач быў зэдлік, каб пасядзець. Яго адмылі і дазволілі даволі часта ўмывацца ў бляшанай умывальні. Яму нават давалі мыцца цёплай вадой. Яму выдалі новую бялізну і чысты камбінезон. Яго варыкозную язву змазалі заспакойлівай маззю. Яму вырвалі рэшткі зубоў і ўставілі новы зубны пратэз.

Прайшлі тыдні, а можа, і месяцы. Цяпер ён ужо мог бы вымяраць час, калі б гэта хоць трошкі яго цікавіла, бо яго кармілі праз рэгулярныя інтэрвалы. Ён еў, як ён мог меркаваць, тры разы на суткі; часам ён пытаўся ў сябе, калі яго кармілі — удзень ці ўначы? Ежа была надзіва смачная, праз кожныя два разы давалі мяса. А аднойчы прынеслі нават пачак цыгарэт. У яго не было запалак, але маўклівы ахоўнік, што прыносіў яму ежу, даваў яму запаліць. Калі ён першы раз паспрабаваў запаліць, яму зрабілася млосна, але ён упарта працягваў спробы і расцягнуў пачак на доўгі час, выкурваючы па паўцыгарэты кожны раз пасля ежы.

Яму далі белую дошчачку з агрызкам алоўка, прывязаным за рычажок. Спачатку ён нічога з ёй не рабіў. Нават калі ён не спаў, ён быў цалкам адключаны. Часта ён ляжаў ад аднаго кармлення да другога амаль нерухома, часам спаў, а часам блукаў у няясных мроеннях, сярод якіх расплюшчыць вочы было занадта цяжка. Ён даўно прызвычаіўся спаць са святлом, што сляпуча біла ў твар. Здавалася, гэта яму не шкодзіла, адно што сны яго зрабіліся больш звязныя. За ўвесь гэты час ён часта бачыў сны, і сны гэтыя заўсёды былі шчаслівыя. Ён быў у Залатой Краіне або сядзеў сярод велічных, урачыстых, залітых сонцам руін са сваёю маці, з Джуліяй, з О'Браэнам — і нічога не рабіў, проста сядзеў на ўгрэве і гаварыў пра нешта спакойнае. І прачнуўшыся, ён часцей за ўсё думаў пра тое, што прысніў. Здаецца, ён страціў здольнасць напружваць розум, цяпер, калі яму ўжо не пагражалі болем. Ён не нудзіўся, яму не хацелася размаўляць або забаўляцца. Проста быць аднаму, каб ніхто не біў і не дапытваў, каб давалі ўдосыць есці, дазвалялі мыцца — больш яму нічога не было патрэбна.

Паступова ён стаў меней часу траціць на сон, але ўсё яшчэ не адчуваў ніякай ахвоты ўстаць з ложка. Яму хацелася толькі ляжаць спакойна і адчуваць, як цела ўбіраецца ў сілу. Часам ён абмацваў сябе то тут, то там, каб упэўніцца, што сапраўды мускулы ў яго робяцца круглейшыя, а скура пругчэйшая. Урэшце ён без ніякіх сумненняў зазначыў, што паступова гладчэе. У клубах ён цяпер быў шырэйшы, чым у каленях. І, спачатку з цяжкасцю, Ўінстан пачаў рэгулярна рабіць фізічныя практыкаванні. Неўзабаве ён ужо мог

прайсці тры кіламетры, мераючы крокам камеру, яго ўгнутыя плечы паступова выпрасталіся. Ён паспрабаваў рабіць больш складаныя практыкаванні і са здзіўленнем і сорамам заўважыў, што не ўсё ў яго атрымліваецца. Ён не мог прыспешыць хаду, ён не мог трымаць зэдлік у выцягнутай руцэ, ён не мог пастаяць на адной назе не ўпаўшы. Ён сеў на кукішкі і здолеў устаць, толькі перасіліўшы нясцерпны боль у клубах і лытках. Ён лёг на жывот і паспрабаваў прыўзняць цела на руках. Марна, ён не здолеў прыўзняцца ні на сантыметр. Але мінула яшчэ некалькі дзён — некалькі кармленняў, — і ён зрабіў гэты подзвіг. А яшчэ праз нейкі час ён ужо змог зрабіць гэта шэсць разоў запар. Ён пачаў ганарыцца сваім целам і пеставаць кволую надзею, што яго твар таксама паступова набывае нармальны выгляд. І толькі калі ён часам выпадкова дакранаўся рукой да свайго лысага чэрапа, яму прыгадваўся зморшчаны змардаваны твар, што глядзеў на яго з люстэрка.

Розум яго зрабіўся больш актыўны. Сеўшы на дашчаны ложак, прыпершыся да сцяны і паклаўшы на калені дошку, ён рашуча ўзяўся за перавыхаванне самога сябе.

Ён капітуляваў, ён сам прызнаваў гэта. У сапраўднасці, як ён цяпер бачыў, ён быў гатовы да капітуляцыі задоўга да таго, як прыняў гэтае рашэнне. Ад таго моманту, як ён трапіў у Міністэрства Любові, — і нават ужо ў тыя хвіліны, калі яны бездапаможна стаялі з Джуліяй, пакуль сталёвы голас з тэлегляда загадваў, што ім рабіць, — ён зразумеў усю легкадумнасць, дробязнасць сваёй спробы паўстаць супраць улады Партыі. Цяпер ён ведаў, што ўжо сем гадоў Паліцыя Думак назірала за ім, як за жуком пад лупай. Не было ніводнага ўчынку, ніводнага прамоўленага ўголас слова, якое яны б не заўважылі, ніводнае чарады думак, якой бы яны не прасачылі. Яны нават асцярожна прынялі светлы драбочак пылу з вокладкі дзённіка. Яны давалі яму слухаць запісы размоў, паказвалі фатаграфіі. На некаторых ён быў з Джуліяй. Так, нават… Ён болей не мог змагацца супраць Партыі. Да таго ж, Партыя мела рацыю. Так і мусіла быць — хіба можа несмяротны, калектыўны розум памыляцца? Якімі знешнімі меркамі можна было спраўдзіць яго меркаванні? Здаровы розум можна было падлічыць. Пытанне было толькі ў тым, каб навучыцца думаць, як думалі яны. Але!..

Аловак у пальцах здаваўся тоўстым і няўклюдным. Ён пачаў запісваць думкі, што прыходзілі яму ў галаву. Спачатку ён напісаў вялікімі нязграбнымі літарамі:

СВАБОДА — ГЭТА РАБСТВА

Пасля амаль адразу за гэтым, ніжэй:

ДВОЙЧЫ ДВА — ПЯЦЬ

Пасля ён нібы спатыкнуўся. Яго розум, нібы нечага спалохаўшыся, ніяк не мог засяродзіцца. Ён ведаў, што ведае, што было далей, але нейкую хвіліну ніяк не мог прыгадаць. Калі ж урэшце прыгадаў, дык і тое толькі шляхам свядомых разважанняў — яно прыйшло не само па сабе. Ён напісаў:

БОГ — ГЭТА ЎЛАДА

Ён прымаў усё. Мінуўшчыну можна было змяняць. Мінуўшчына ніколі не зменьвалася. Акіянія ваявала з Усходазіяй. Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй. Джоўнз, Эрансанс і Радэрфорд былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх абвінавачвалі. Ён ніколі не бачыў фатаграфіі, якая аспрэчвала іх віну. Яна ніколі не існавала, ён сам яе выдумаў. Ён памятаў, што памятае супярэчлівыя рэчы, але гэтыя ўспаміны былі несапраўдныя, гэта былі прадукты самападману. Як усё было проста! Толькі здайся, а астатняе прыйдзе само. Гэта было падобна на тое, як плыць супраць вады, калі цячэнне цягне цябе назад, як бы зацята ты з ім ні змагаўся, а пасля раптам павярнуцца і паплыць за вадой. Не змянілася нічога, апроч тваёй пазіцыі, ва ўсялякім разе, адбылося тое, чаго трэба было чакаць. Цяпер ён ужо і не ведаў, нашто ён узбунтаваўся. Усё было проста, апроч…!

Усё магло быць праўдай. Гэтак званыя законы прыроды былі бязглуздзіцай. Закон прыцягнення быў бязглуздзіцай. «Калі б я захацеў, — казаў О'Браэн, — я мог бы ўзняцца над падлогай, як мыльная бурбалка». Ўінстан расшыфраваў гэтую фразу: «Калі ён падумае, што ён узнімаецца над падлогай, а я ў той самы час падумаю, што бачу, як ён гэта робіць, дык гэта на самай справе адбудзецца». І раптам, як кавалак карабля, што ўсплыў пасля крушэння, у галаву ўварвалася думка: «Так не можа быць. Мы гэта сабе ўяўляем. Гэта галюцынацыя». Ён адразу ж адкінуў гэтую думку. Памылка была відавочная. Мелася на ўвазе, што недзе па-за свядомасцю ёсць «рэальны» свет, дзе адбываюцца «рэальныя» рэчы. Але як мог існаваць такі свет? Якія веды мы можам мець пра штосьці, калі толькі не праз нашу свядомасць? Усё адбываецца толькі ў свядомасці. Усё, што адбываецца ў свядомасці, адбываецца на самай справе.

Поделиться:
Популярные книги

Изгой. Трилогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
8.45
рейтинг книги
Изгой. Трилогия

Старатель 2

Лей Влад
2. Старатели
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Старатель 2

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Кодекс Охотника. Книга IX

Винокуров Юрий
9. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IX

Школа Семи Камней

Жгулёв Пётр Николаевич
10. Real-Rpg
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Школа Семи Камней

Тайны ордена

Каменистый Артем
6. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.48
рейтинг книги
Тайны ордена

Убивать чтобы жить 9

Бор Жорж
9. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 9

Мимик нового Мира 11

Северный Лис
10. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 11

Пришествие бога смерти. Том 5

Дорничев Дмитрий
5. Ленивое божество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Пришествие бога смерти. Том 5

Аномальный наследник. Том 3

Тарс Элиан
2. Аномальный наследник
Фантастика:
фэнтези
7.74
рейтинг книги
Аномальный наследник. Том 3

Опер. Девочка на спор

Бигси Анна
5. Опасная работа
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Опер. Девочка на спор

Имя нам Легион. Том 4

Дорничев Дмитрий
4. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 4

Приручитель женщин-монстров. Том 8

Дорничев Дмитрий
8. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 8

Личник

Валериев Игорь
3. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
6.33
рейтинг книги
Личник