1984
Шрифт:
Тэлегляда побач не было, але навокал маглі быць схаваныя мікрафоны, да таго ж іх маглі ўбачыць. Але гэта іх не хвалявала, нічога іх не хвалявала. Яны маглі легчы на зямлю і зрабіць тое, калі б захацелі. Плоць яго здранцвела ад жаху на адну думку пра гэта. Яна ніяк не адказала на яго абдымкі, яна нават не паспрабавала вызваліцца. Цяпер ён ведаў, што ў ёй змянілася. Яе твар пажаўцеў, праз увесь лоб аж да скроні цягнуўся доўгі шнар, часткова прыкрыты валасамі; але не ў гэтым была перамена. Яна была ў тым, што талія ў яе зрабілася таўсцейшая і неяк дзіўна зацвярдзела. Ён прыгадаў, як аднойчы, пасля выбуху ракетнай бомбы, ён дапамагаў выцягваць труп з-пад руінаў і быў уражаны не толькі яго неверагоднай цяжкасцю, але і зацвярдзеласцю і тым, што яго вельмі нязручна несці, што ён нагадваў хутчэй камень, чым чалавечае цела. І яе цела было цяпер такое
Ён не спрабаваў яе пацалаваць, яны маўчалі. Калі яны ішлі назад праз траву, яна першы раз паглядзела яму проста ў вочы. Але гэта быў усяго толькі хуткі, няўважны позірк, поўны пагарды і непрыязнасці. Ён задумаўся, ці гэтая непрыязнасць ішла каранямі ў мінуўшчыну, або была выклікана яго азызлым тварам і слязьмі, якія вецер павыціскаў у яго з вачэй. Яны селі на два жалезныя крэслы, побач, але не надта блізка адно ад аднаго. Ён заўважыў, што яна збіраецца нешта сказаць. Яна трохі пасунула свой нязграбны туфель і расціснула галінку. Ён заўважыў, што ногі ў яе зрабіліся нібы шырэйшыя.
— Я здрадзіла табе, — сказала яна без намінкі.
— Я здрадзіў табе, — сказаў ён.
Яна зноў непрыязна глянула на яго.
— Часам яны нечым пагражаюць, — сказала яна, — нечым, што не можаш вынесці, пра што не можаш нават думаць. І тады ты кажаш: «Не рабіце гэта мне, зрабіце гэта каму-небудзь іншаму, зрабіце гэта Такому-і-такому». А пасля ты можаш думаць, што ўсё гэта было толькі хітрыкамі, што ты сказаў толькі, каб яны спыніліся, і зусім не меў тое на ўвазе. Але гэта няпраўда. Тады, калі гэта адбываецца, ты якраз тое і маеш на ўвазе. Думаеш, што няма іншай магчымасці ўратавацца, тады ты гатовы ўратаваць сябе менавіта гэтак. Ты хочаш, каб гэта здарылася з другім чалавекам. І табе напляваць, як ён там будзе пакутаваць. Ты клапоцішся толькі пра сябе.
— Клапоцішся толькі пра сябе, — паўтарыў ён.
— І пасля ўжо не адчуваеш да гэтага другога чалавека таго, што адчуваў раней.
— Не, — сказаў ён, — не адчуваеш.
Здавалася, ім не было больш чаго сказаць. Вецер прыляпляў іх тонкія камбінезоны да цела. Неяк адразу зрабілася няўтульна сядзець моўчкі, да таго ж было занадта холадна, каб сядзець проста так. Яна сказала, што ёй трэба паспець на метро, і ўстала, каб пайсці.
— Нам трэба сустрэцца зноў, — сказаў ён.
— Так, — адказала яна, — нам трэба сустрэцца зноў.
Ён нерашуча пайшоў за ёй, адстаючы на паўкроку. Яны зноў маўчалі. Хоць яна і не спрабавала пазбавіцца ад яго, аднак ішла якраз так хутка, каб ён не мог ісці з ёю крок у крок. Ён быў вырашыў правесці яе да самай станцыі метро, але раптам гэтае бадзянне на такім холадзе падалося яму бязглуздым і невыносным. Яго ахапіла жаданне не так адчапіцца ад Джуліі, як вярнуцца ў кавярню «Каштан», якая ніколі не здавалася яму такой прывабнай, як у гэты момант. Яму шчымліва прыгадваўся яго столік у кутку з газетай, шахматнай дошкай і з джынам, што ліецца няспынным патокам. А галоўнае — там цёпла. Праз момант, не зусім ненаўмысна, ён даў невялічкай купцы людзей аддзяліць сябе ад яе. Ён не надта спрытна паспрабаваў яе дагнаць, пасля адстаў, развярнуўся і пайшоў у другі бок. Прайшоўшы метраў пяцьдзесят, ён азірнуўся. На вуліцы не было надта людна, але ён ужо не мог яе адрозніць. Любая з тузіна паспешлівых постацяў магла быць ёю. А можа, яе распаўнелы нягнуткі стан ужо болей нельга было пазнаць ззаду.
«Калі гэта адбываецца, — сказала яна, — ты якраз тое і маеш на ўвазе». Ён якраз тое і меў на ўвазе. Ён не проста сказаў гэта, ён і сапраўды хацеў гэтага. Ён хацеў, каб яе, а не яго аддалі гэтым…
Нешта змянілася ў музыцы, што лілася з тэлегляда. У ёй загучалі пранізлівыя, з'едлівыя ноты. І тады — можа, гэтага і не было, можа, проста ўспаміны набылі форму гукаў — голас з тэлегляда заспяваў:
Там, пад раскідзістым каштанам Ты здрадзіў мне, а я табе…Вочы ў яго наліліся слязьмі. Афіцыянт, праходзячы міма, заўважыў, што шклянка ў яго пустая, і вярнуўся з бутэлькай джыну.
Ён падняў шклянку і панюхаў яе. Пойла смярдзела не менш, а яшчэ больш жахліва з кожным глытком. Але джын стаўся стыхіяй, у якую ён цяпер акунуўся з галавою. Гэта было яго жыццё, яго смерць і яго ўваскрэсенне. Джын знячувальваў яго штовечар, і джын штораніцы ажыўляў яго. Калі ён прачынаўся, а гэта рэдка здаралася раней за адзінаццаць нуль-нуль, са зліплымі павекамі, з агнём у роце і спінай, што, здавалася, зараз пераламаецца напалам, ён ніколі не змог бы нават падняцца з ложка, калі
Тэлегляд на хвіліну заціх. Ўінстан зноў падняў галаву. Навіны! Але ж не, проста памянялася музыка. Уваччу ў яго стаяла карта Афрыкі, на якой схематычна быў пазначаны рух войскаў: чорная стрэлка нястрымна рвецца на поўдзень, белая мкне на ўсход праз хвост першай. Каб супакоіцца, ён падняў вочы на партрэт з непарушным тварам. Ці можна было сабе ўявіць, што другой стрэлкі ўвогуле не існуе?
Яго ўзрушанасць суціхла. Ён выпіў яшчэ адзін глыток джыну, узяў белага каня і зрабіў спробны ход. Шах. Але ход быў відавочна няслушны, бо…
У яго ў думках міжволі ўсплыў даўні ўспамін. Ён убачыў асветлены свечкай пакой з вялікім ложкам, укрытым белай падшыванай коўдрай, і самога сябе, хлопчыка гадоў дзевяці-дзесяці, які сядзіць на падлозе, трасе скрыначку з кубікамі і шчасліва смяецца. Насупраць яго сядзіць маці і таксама смяецца.
Гэта адбылося прыблізна за месяц да яе знікнення. Гэта былі часы прымірэння, калі галоднае ныццё ў жываце было забыта, а яго колішняя любоў да яе на нейкі час аджыла зноў. Ён добра памятаў той дзень, пахмурны і дажджлівы дзень, калі вада цякла ручаінамі па шыбах і ў пакоі было так цёмна, што немагчыма было чытаць. Дзецям было нясцерпна нудна ў цьмяным цесным пакойчыку. Ўінстан енчыў і бурчаў, марна просячы есці, сноўдаўся па пакоі, раскідваў рэчы, абіваў нагамі шалёўку, пакуль суседзі не пачалі калаціць у сцяну, а малая сястрычка тым часам сядзела і ціха плакала. Урэшце маці сказала: «Ну, не плачце, я куплю вам цацку. Прыгожую цацку — вам спадабаецца», і пайшла ў самы дождж у маленькую крамку побач з домам, якая яшчэ час ад часу працавала. Вярнулася яна з кардоннай скрынкай з гульнёй «Змейкі і лесвіцы». Ён усё яшчэ памятаў пах мокрага кардону. Гульня была ўбогая. Дошка была патрэсканая, а маленькія драўляныя кубікі так кепска вытачаныя, што не клаліся на бакі. Ўінстан панура і без цікавасці глядзеў на падарунак. Але маці запаліла свечку, і яны селі на падлогу гуляць. Хутка ён ужо ў дзікім захапленні крычаў і смяяўся, калі фішкі безнадзейна караскаліся па лесвіцах і саслізгвалі ўніз па змейках, вяртаючыся на зыходныя пазіцыі. Яны згулялі восем разоў, кожны выйграў па чатыры партыі. Сястрычка, яшчэ занадта малая, каб зразумець сэнс гульні, сядзела, абапершыся на валік, і смяялася, бо смяяліся іншыя. І ўвесь вечар яны былі шчаслівыя разам, як некалі раней.
Ён выгнаў з думак гэты вобраз. Гэта быў фальшывы ўспамін. Такія фальшывыя ўспаміны час ад часу яго наведвалі. Але, ведаючы, чаго яны вартыя, можна было не хвалявацца. Нешта калісьці адбылося, а нешта не адбылося ніколі. Ён павярнуўся да дошкі і зноў узяў белага каня. І ў тую самую хвіліну конь выпаў у яго з рукі, грукнуўшыся аб дошку. Ўінстан здрыгануўся, нібы ўколаты іголкай.
Пранізлівы гук фанфараў прарэзаў паветра. Гэта быў выпуск навін! Перамога! Фанфары перад навінамі заўсёды азначалі перамогу. Па кавярні нібы прайшла электрычная хваля. Нават афіцыянты здрыгануліся і наставілі вушы.