Чтение онлайн

на главную

Жанры

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

Пані Саламея перавяла позірк на Раіну, чыё адзенне таксама было перапэцканае, а месцамі падзёртае, з-за пояса тырчэў пісталет, праз шчаку цягнулася драпіна і пасак размазанага попелу.

— Гэта мая нявеста, Раіна Міхалішыўна! — цырымонна прадставіў Пранціш, і жанчыны шчыра расцалаваліся.

Нехта міласэрны выносіў з хаты дабро, на якое вар’яты-гаспадары, падобна, начхалі. Вывальваў на снег кнігі, посуд, нейкія вазы, крэслы…

— Пані маці! Пан бацька!

Хвелька падводзіў да гаспадароў Алесіка, які ўпарта вырываў сваю руку з рукі слугі, і Саламея зараз жа занялася рэвізіяй здароўя і цеплыні вопраткі малога.

А Пранціш адыйшоўся са сваім шчасцем, зазірнуў у ягоныя празрыста-зялёныя вочы, пацалаваў у кончык носа, які так міла прыўздымаўся:

— Ну што, шыкоўнае атрымалася знаёмства з сям’ёй жаніха? Вось, бачыш — наша гаспода… — Пранціш абвёў рукой пейзаж з агнём. — Наезды, гвалт, папялішча… Ты цяпер чалавек вольны, можа, перадумаеш звязвацца з такой небяспечнай кампаніяй? Цябе ў любы тэатр возьмуць… Нават у каралеўскі.

Але Міхалішыўна толькі, смеючыся шчасліва, абняла Вырвіча за шыю да пацалавала.

— Такі ўжо мой лёс — на гарачых вуголлях таньчыць! Нікуды я ад цябе не пайду! Ніколі! Прынц мой, рыцар мой, сэрца маё!

Гаспадары моўчкі стаялі перад парэшткамі свайго дому. Уласна кажучы, магло быць горш. Найбольш пацярпела вітальня і зала — тут агонь вылізаў нават столь. Што адтуль не вынеслі — згарэла. Ад карціны з Арыстоцелем заставалася толькі абвугленая рама, у якой дарэчы глядзелася б толькі мумія. А ўсё яшчэ было залітае вадой, што на марозе, які выстудзіць вуглі, ператворыцца ў лёд.

Але дах быў цэлы. Амаль непарушнай засталася лабараторыя — толькі ад гарачыні канчаткова сапсавалася Пандора, якая цяпер нагадвала нейкую расамаху, а не праўнучку ангельскай каралевы, і Лёднік, уздыхнуўшы, накінуў на аўтамат анучу. Спёка сапсавала многія лекі, а ўжо смурод які ад дыму… Большая частка гардэробу таксама ляснулася, гэтак жа, як і кнігі, што захоўваліся ў зале. Затое ацалеў кабінет прафесара, нават карта Ерусаліму, што засталася ў спадчыну ад аптэкара Лейбы. Лёднік з дрыготкай у руках гладзіў стос сваіх бясцэнных рукапісаў. Ацалеў і катух Пранціша, і ягоны стары камзол, з-за падкладкі якога ён дастаў стосік скрэмзаных аркушаў. Што ж, раз гэтыя вершы не згарэлі нават у пажары, значыць, лёс ім пажыць падаўжэй…

Апошнія клубы дыму расчыняліся ў звечарэлым паветры, згасалі залітыя вуглі… І тут выявілася, што не ўсім доктар — як стрэмка ў горле. Да пагарэльцаў пачалі падыходзіць, адзін за адным прапаноўваліся месцы для начлегу, дапамога ў навядзенні парадку…

Але доктар, падзякваўшы, ад усяго адмовіўся. Ёсць пару некранутых пакояў, печка ў іх цэлая, праветрыцца — пераначуем без шкоды для здароўя. А пераначуем — болей пачуем…

На шчасце, пані Саламея калісьці настояла, каб у доме зрабіць надзейную хованку для каштоўнасцяў. Пад выгарэлай падлогай залы ацалела жалезная скрыня, толькі нагрэлася, як бляха, на якой пяклі булкі. А ў скрынцы — трохі дукатаў, яшчэ з падораных калісьці вялікім гетманам, турэцкая шабля-кілідж у залатых похвах, усыпаная каштоўнымі камянямі, што дасталася Лёдніку ад ангельскай ледзі, па чыім абліччы была зробленая Пандора. А яшчэ залаты крыж з гербам «Агнявец», упрыгожаны дыяментамі, які на развітанне падарыла Пранцішу княжна Багінская, а той аддаў разам з балючымі ўспамінамі ў агульную сямейную скарбонку. Была і жменька пярсцёнкаў ды маністаў з пасагу Саламеі Рэніч і спадчыны пана Вырвіча… А што ж — Вырвічы хоць і лапцюжная шляхта, але тым ад мужыкоў і адрозніваюцца высакародныя паны, што ў іх заўсёды беражліва захоўваюцца фамільныя каштоўнасці, хай бы паны з голаду пухлі: шаблі, пярсцёнкі з гербамі, тастаменты… Вось ён, скрутак пажаўцелай паперы са шматлікімі пячаткамі на вяровачках — пацверджанне шляхецтва Вырвічаў… А вось і куды навейшая папера аб набілітацыі полацкага мешчаніна Баўтрамея Лёдніка, падпісаная вялікім гетманам, а таксама два дыпломы, Пражскага ды Лейпцыгскага ўніверсітэтаў.

А вось куды падзеў свой дыплом пан Вырвіч, ён доўга ўспомніць не мог… Але дурням шанцуе — паміж печкай і сцяной у кутнім пакойчыку валялася абвугленая па краях, вільготная папера — нават прачытаць можна было, што Пранцішу Вырвічу надаецца званне доктара вольных навук.

Што ж, смерць ад голаду сямейству, якое заўважна павялічылася, не пагражала. У пограбе засталося віно і шынка, тое-сёе з ежы прынеслі суседзі…

Так і адзначылі заручыны пана Вырвіча, які ўрачыста ўдзеў на палец Міхалішыўны фамільны пярсцёнак у якасці аnte nupitas donatio, давясельнага падарунка. Памянулі і смерць Германа Ватмана, злога духа сям’і Лёднікаў.

— А ты ўпэўнены, што забіў яго? — недаверліва папытаўся Вырвіч, памятаючы нетрадыцыйны метад, якім скарыстаўся Лёднік. Доктар паціснуў плячыма.

— Раней такога ўтвараць не даводзілася… Грэх, вядома, жадаць бліжняму смерці, але ўсё ж не хацелася б перажыць яшчэ адну сустрэчу з Германам.

А назаўтра вырашылі з’язджаць. А што было рабіць? Звяртацца па дапамогу да гарадскіх уладаў? У суд? Залатую сурму медная не перайграе.

— Наезд рабілі людзі віленскага ваяводы, — змрочна падрахункаваў Лёднік. — І хоць Багінскі, вядома, адмовіцца ад свайго ўдзелу, не варта нам заставацца ў горадзе пад ягонай уладай. Стаміўся я… Паедзем у Полацак. Даўно не жыў на радзіме, дзе Сафійка, Дзвіна, Палата… У доме Рэнічаў месца хапае. Складу праект медычнай школы для Тызенгаўза, магчыма, з гэтага нешта і выйдзе. Я спісаўся з альма матэр, полацкім калегіюмам, яны шчаслівыя, калі б я колькі лекцый пачытаў. У шпіталі пры калегіюме папрацую, парадак навяду. Думаю, і пан Вырвіч згодзіцца весці для шкаляроў лекцыі па тэорыі паэзіі… Будзеш пераемнікам Сарбеўскага.

Шчокі Пранціша запалалі.

— Хіба я змагу?

— Што я, не ведаю, якія кнігі ты напамяць вызубрыў? — мякка патлумачыў Лёднік. — Усё па паэтыцы… А ён вам, Раіна, паказваў свае сачыненні?

Паўночы прайшло ў дэкламаванні. Да здзіўлення Пранціша, практыкаванні ягоныя спадабаліся нават Алесіку. Міхалішыўна плакала ад гонару за жаніха, а Лёднік урачыста паабяцаў, што пісанне Вырвіча абавязкова надрукуюць. Няхай не цяпер, але гэта зрабіць неабходна.

Наступныя дні занялі зборы ў дарогу. Вырвіч атрымаў паперу, што ягонае прашэнне аб адстаўцы прынятае, а вось заява Лёдніка аб звальненні нарабіла ў Акадэміі шолаху.

Так, доктара даўно хацелі прыбраць, асабліва калі пайшлі чуткі, што ён можа зрабіцца рэктарам з падачы расейцаў. Але калі ягоны ад’езд стаў рэальнасцю, і блізкай, раптам усе захваляваліся. Вучоны з сусветным імем, якога ведаюць ва ўсіх універсітэтах Еўропы… Куды ён дзенецца? Што ад яго чакаць? І як без яго? Ну і, вядома, трохі няёмка, што так абышліся з чалавекам, які дарагім коштам выратаваў Акадэмію ад закрыцця, а студэнтаў і выкладчыкаў ад арышту, і не пачуў нават «дзякуй». Але пра гэта асабліва не задумваліся, таму што лягчэй абвінаваціць ва ўсім ахвяру, чым прызнаць сваю няўдзячнасць да яе. «Сам вінаваты» — улюбёная фармулёўка на Беларусі ўсіх часоў.

Вестка пра тое, што доктар Лёднік з’язджае, таму што на ягоны дом быў наезд, а пасля пажар, распаўсюдзілася па Вільні, як эпідэмія. І высветлілася, што без фанабэрыстага дэманічнага доктара Вільня страчвае вельмі шмат… Пасыпался лісты ад магнатаў, у якіх Лёдніку прапаноўвалася месца асабістага доктара, вялікія ганарары. Адразу знайшліся выгодныя дамы, у якія доктар мог бы пераехаць разам з сям’ёй. Нават князь Багінскі прыслаў ліст са спачуваннем і прапановай дапамогі — перапалохаўся, відаць, што Лёднік паскардзіцца на яго расейскай царыцы.

Популярные книги

Сумеречный стрелок 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок 7

Паладин из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
1. Соприкосновение миров
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
6.25
рейтинг книги
Паладин из прошлого тысячелетия

На границе тучи ходят хмуро...

Кулаков Алексей Иванович
1. Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.28
рейтинг книги
На границе тучи ходят хмуро...

Отверженный VI: Эльфийский Петербург

Опсокополос Алексис
6. Отверженный
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Отверженный VI: Эльфийский Петербург

Идеальный мир для Лекаря 13

Сапфир Олег
13. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 13

Кодекс Охотника. Книга VI

Винокуров Юрий
6. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VI

Возвышение Меркурия. Книга 7

Кронос Александр
7. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 7

Курсант: назад в СССР 9

Дамиров Рафаэль
9. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: назад в СССР 9

Королевская Академия Магии. Неестественный Отбор

Самсонова Наталья
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.22
рейтинг книги
Королевская Академия Магии. Неестественный Отбор

Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Марей Соня
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Убивать чтобы жить 2

Бор Жорж
2. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 2

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

(не)Бальмануг.Дочь

Лашина Полина
7. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
(не)Бальмануг.Дочь

Дракон - не подарок

Суббота Светлана
2. Королевская академия Драко
Фантастика:
фэнтези
6.74
рейтинг книги
Дракон - не подарок