Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
— Не хачу больш нічыёй літасці — ні магнатаў, ні езуітаў, ні замежных дабрадзеяў, — заявіў Лёднік. — А хворыя людзі знойдуцца паўсюль, баліць усім аднолькава, што магнату, што жабраку. Пажывем трохі ў родным горадзе, хай там народзіцца маё дзіця… А пасля пабачым. Адправіцца за мяжу паспеем.
Сапсаваную Пандору доктар аддаў свайму калегу, прафесару Папроцкаму, які даўно хацеў яе залучыць для даследванняў.
Неба стамілася хавацца за хмарамі і паказвала сярдзіты сіні твар з адзіным сляпучым вокам зімовага сонца. Снег рыпеў пад нагамі, як быццам пад падэшвамі раздушваліся жывыя істоты. Віленчукі моўчкі назіралі, як з’язджае доктар Баўтрамей Лёднік са свайго абгарэлага
Натоўп усё прыбываў, людзі прашэптваліся, паказвалі пальцамі на дзіўныя прылады, якія загружаліся ў апошні вазок, на двух прыгожых жанчын, старэйшую і маладзейшую, якія не выглядалі ні засмучанымі, ні расчараванымі, а знарочыста хадзілі па стаптаным снезе, як па паркеце на свецкім балі. Былыя пацыенты Лёдніка, ды й жанчыны, якім дапамагла пані Саламея, шчыра плакалі і маліліся за добрых лекараў… Аптэкар Гендэль, хоць часам і ўспрымаў прафесара як канкурэнта, але за дасціпнымі прафесійнымі размовамі прабавілі не адзін вечар, прынёс цэлую скрынку рэдкіх інгрэдыентаў, а для малодшага Лёдніка — вузельчык з смачным, яшчэ цёплым, печывам ад пані аптэкаравай. Прыйшоў турэмшчык, які ратаваў Лёдніка ў вязніцы, прынёс вышываны жонкай рушнік з валошкамі… Цясляр, якому полацкі Фаўст склаў калісь паламаную ў некалькіх месцах руку, падараваў прыгожы разны куфэрак… Бабулька ў старым кажушку, якой Лёднік бясплатна лекаваў сардэчную хваробу, магла ахвяраваць толькі вязаную ільняную сурвэтку…
І гэта было даражэй за мяшкі дукатаў, якія маглі падараваць магнаты.
Пранціш азірнуўся на дом з калісьці зялёнымі, а цяпер пачарнелымі аканіцамі… А вось на двары, пад старой таполяй, магіла вернага Піфагора, пазначаная каменем…
— Мы нічога не страцілі, хлопча! — пачуў ён голас Лёдніка.
І праўда… Былы драгун абняў каханую жанчыну, паглядзеў на Лёднікаў… Алесіку паабяцалі ўжо малодшага брата.
І праўда, не страчана нічога!
Раптам заявілася дэлегацыя з Акадэміі. З урачыстым лістом, у якім рэктарат выказваў калегу падзяку за гады плённай працы і выказваў спадзеў на працяг супрацоўніцтва ў далейшым.
Але былы прафесар выразна параіў дэлегатам на лаціне, як скарыстаць гэты ліст больш практычна. Дэпутацыя ад студэнтаў была сустрэтая больш прыхільна, але расчульвацца доктар усё роўна не стаў. Проста паабяцаў вучням, якіх рыхтаваў да медычнай кар’еры, што іх не кіне, рэкамендацыі дасць, парады таксама… Не выключана, што ў Вільні нарэшце з’явіцца медычны факультэт ці інстытут… Скончацца ж калі-небудзь цьмяныя часы. Хоць ненадоўга.
Званы рассыпалі пад горадам урачыстае срэбра, якое дадавалася да срэбра снегу і шэрані, і здавалася, што вакол усё засцелена пералівістым вэлюмам…
На жаль, не было багатага вясельнага ўбору і срабрыстага вэлюму ў Раіны Міхалішыўны, але яе твар ззяў такім шчасцем, што ў святле яго ўсё рабілася дыяментамі, золатам і срэбрам. У русявых косах нявесты — Лёднік усё-ткі з парэшткаў сваёй лабараторыі змог зрабіць належны сродак, каб вярнуць валасам актрысы першародны колер — нібыта былі ўплеценыя сонечныя промні. На вытанчаным носіку чамусьці праявіліся пяшчотныя рабацінкі. Цяпер можна было не баяцца, што пачнуць пазнаваць «егіпецкую прынцэсу» — Міхалішыўна змянілася непазнавальна.
«За што мне такая жанчына?» — у чарговы раз з трымценнем падумаў Пранціш, які сам свяціўся, як русявае сонейка.
Але такое шчасце звычайна даецца ні за што…
Лёднік вырашыў, што Пранціш і Раіна павінны абвянчацца ў той самай маленькай цэрквачцы па дарозе на Полацак, у якой калісьці вянчаліся яны з Саламеяй. Тады над Лёднікам трымаў вянец Пранціш, а над Саламеяй — Ганулька Макавецкая. Успамін пра Ганульку разануў віной… Яны ж тады, у Гародні, па патрабаванні Лёдніка схадзілі да пані Гартэнзіі… Тая не моцна засмуцілася, што яе прыёмная дачка не звяжа лёс з шалапутным драгунам, але за параненае зноў сэрца дзяўчыны — зазлавала. Праўда, мусіць, да восені Ганулька пабярэцца з суседам Ладыславам, і дай Бог ёй усяго добрага… Што паробіш — нельга быць шчаслівым, напэўна, каб гэта камусьці хоць трохі не папсавала жыццё.
У цёмным храме трымцелі агеньчыкі свечак, але не згасалі, і ўпарта імкнуліся пад самы купал, за якім пачыналася вакно ў нябёсы.
…А калі зноў зашумелі купальскія травы, і русалкі загушкаліся на бярозавым вецці, і гарлачыкі цалаваліся са сваімі адлюстраваннямі ў лясных вазёрах, маленькая Соф’я Баўтрамеева Лёднічанка адплюшчыла ў полацкае неба цёмныя вочы, успадчыненыя ад бацькі.
— Наступным летам, як падрасце Сафійка, прыедзеш да мяне ў Ліён, — угаворваў доктар жонку. — А там праз пару гадоў зноў вернемся ў Беларусь, ужо ў сваю медычную школу. І табе справа знойдзецца, таму што неабходна заснаваць аддзяленне для падрыхтоўкі павітух. Хто лепей за цябе справіцца? У Ліёне такія ёсць, вось і паглядзіш, як працуюць, каб пасля тут досвед ужыць.
У садзе ля дома, які калісьці належаў кнігару Рэнічу, а цяпер ягонай дачцы і яе мужу, полацкаму доктару і выкладчыку мясцовага каледжу Лёдніку, быў накрыты стол у альтанцы, абвітай плюшчом і ўюнкамі з буйнымі блякла-юлёвымі ліхтарыкамі. Зумкалі сабе пчолы, дакладна ведаючы, каторая ў які вулей панясе свой мёд, хаця кветкі бралі слодыч з адной зямлі…
Пранціш з любасцю пагладзіў руку жонкі. Такія тонкія, шляхетныя пальчыкі… У Полацку чамусьці нават плётак вакол былой егіпецкай прынцэсы не ўзнікла — ад яе ўсмешкі любому рабілася светла. Дачка крычаўскага збройніка, вызваленая ад ролі прынцэсы, валодала дзіўнай якасцю быццам выпраменьваць святло і дабрыню: пагаворыць, пажартуе, перадражніць кагось, забаўная такая… Нават на фанабэрыстага чараўніка-доктара пачалі паглядаць менш падазрона, калі ў ягоным доме пасялілася маладая пара Вырвічаў. А паслухаць, як пані Раіна Вырвіч спявае, сыходзіўся ўвесь Полацак, і ў тэатральнай зале калегіюма не хапала месцаў.
Звазіў Вырвіч жонку і ў роднае Падняводдзе… Раіна не спалохалася беднасці хаты — пра тое, што гэта шляхецкая сядзіба, сведчыў толькі ганак з двума драўлянымі калонамі, патрэсканымі, як посныя галёпы, якія пякуцца на Стрэчанне. З мэблі стол ды магутныя драўляныя лавы, якія служылі і ложкамі, а столь чорная і ўся ў слядах ад куль — старэйшы Вырвіч гэткім чынам любіў будзіць свайго нашчадка, каб не вырас спешчаным. Жытло выстылае, няўтульнае… Але Міхалішыўна гатовая была прыйсці гаспадыняй у родную хату любага, і праспявала ў новых дэкарацыяй вясёлую арыю з «пейзанскай оперы». І Вырвіч прыкідваў, што калі-небудзь, калі яны з Раінай назапасяць грошай, можна будзе прыкупіць у Падняводдзі зямлі, пабудаваць добры дом ды асесці на радзіме — не заставацца ж, стварыўшы ўжо ўласную сям’ю, у Лёднікаў.
Але Бадзюля ўпарта не вылазіла з полацкага дому, дзе пакуль былі нават дзве рупныя гаспадыні, і вось Лёдніку і Вырвічам належала праз некалькі месяцаў выпраўляцца ў доўгую вандроўку. Лёднік і так адклаў яе да Калядаў, каб прысутнічаць пры нараджэнні дачкі і хаця б трохі пабыць з ёю.
Алесіка, нягледзячы на пратэсты і слёзы жонкі, доктар забіраў з сабою — няхай хлопец паглядзіць свет, павывучае мовы, дарослы ўжо. Сем гадоў. Ягонага бацьку ў такім узросце прымушалі працаваць на гарбарні ды лупілі за тое, што смуроду ад свежых скураў не пераносіў.