Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Прыйдзе, цi ня прыйдзе тое «разгледзiмся» — iншая справа. У вёсцы-ж даведалiся, што войт Паўлоўскага солтысам назначыў дый нiхто ня пярэчыў. Праўда, некаторыя крывiлiся, прыгадаўшы яго некалi ў асобе польскага ўраднiка. Але сяляне народ сьцiплы. Мотто жыцьця: не чапай мяне, то й я цябе не зачаплю.
На сходзе гэным… Але цi яго сходам льга назваць? Нейкая кансьпiрацыйная сустрэча. Зь Вiльнi зьявiўся нехта Гжмот, мужчына з вайсковай вытрымкай. Прадставiлi яго як упаўнамочанага на «гэтыя тэрэны» з самюсенькага верху, значыцца цi нi аж ад лёнданскага ўраду Рэчыпаспалiтай… А якiя «гэтыя тэрэны» былi? Нiхто ня зьбiраўся тлумачыць.
Дый найважнейшае, — ах як мiленька ад такой думкi на сэрцы было, — што на ягоную, значыцца Паўлоўскага, асобу й вартасьць ацанiлi, туды, на акраiну мястэчка ў хату аднаго быўшага ўраднiка запрасiлi. Няцяжка было здагадацца, хто адудзячыўся. Хоць самога фольксдойча Бронхэра й ня было, але-ж нейкалi шмат гарэлiцы зь лясьнiком прыйшлося зглумiць. Сябры, значыцца. Той дзесь у «гiнiральнай губэрнii» (чэрцi! як яны Польшчу перахрысьцiлi!) два гады ацiраўся. З быўшага польскага лясьнiка ў Гаравацкай пушчы на каманданта мясцовае палiцыi ў Гацях узьлез. Маладзец!
А цi-ж ён адзiн? I тая самая «пiрда», як Вульляна казала, гэта-ж тая самая Марыська Закшэўская, цаца-патрыётка польская. З тых самых Закшэўскiх, што некалi на галоўнай вулiцы, насупраць электрастанцыi мясную краму мелi, «файныя й пекныя» кракаўскiя каўбасы рабiлi. Эгэ, хлёсткiя каўбаскi былi! Эх, часы, част! Дзе вы падзелiся? Марыська Закшэўская пры самым нямецкiм каманданце палiцыi прымасьцiлася. Хто яе ведае як, свае пэўне-ж падсунулi… Ды сьцiпласьцi ў яе з макулiнку, а да дзяцюкоў надта падкая… Немцу, ведама-ж, што трэба. Марыська-какетка, ей адно давай i давай! Сам на яе ахвоту меў. Пародзiстая кабыла. Эх, як прыцiсьнеш, дык аж кроў гарыць-варыцца. Але цi гэта важна цяпер? Гэта-ж там, пры самым вяршку ўлады мясцовай ёсьць свае вочы й вушы, апарат да дзеяньня гатовы! Во як!
Паўлоўскi зморшчыўся, пацягнуўшы носам. У хаце пахла кiслай бульбай i паранымi буракамi. Жонка далей бэрсалася дзесьцi iз сваймi катламi, цэбрамi цi даёнкамi. Непаседа працавiтая. Зь яго-ж, начальнiка, ганарылася. I вось цяпер, пад малы руды вусiк усьмiхаючыся, шпацыраваў Паўлоўскi, на Марыю Панну, шо «непокаляная» пачала, глядзеў i соладка далей згадкi рабiў, думаў.
Падумаць, падумаць толькi! Бальшавiцкая басота ледзь яго не загарнула. Сiбiрррр-брррр! Жах! Там капцы яму й жонцы былi-б, як пiць даць. Бальшавiкi на злом галавы, — каб яны яе скруцiлi! — уцякалi, дык навет i вывазныя сьпiскi пакiнулi. А там i ён, Паўлоўскi, на вываз фiгураваў. Спазьнiлiся-б Немцы на тыдзень цi два й крышка яму была-б. Мусiць ёсьць на сьвеце Бог, думаў далей «недавярак» Паўлоўскi. Калi-б не, дык хто за яго, такога залатога й сумленнага чалавека, заступiўся? Хiба-ж Марыя Панна?
Солтыс уважней на «непокаляную» зiрнуў, рука мэханiчна знак крыжа перад тварам i жыватом зрабiла. Здавалася, што ажыло сухое й падоўжанае аблiчча на iконе. — Непокаляна, найсьвентша Матыя Панна, — прамовiў новасьпечаны солтыс, — дзякую Табе! Алi-ж, чорт, золь якая! — адразу вылаяўся Паўлоўскi.
«Самыя найважнейшыя навiны пра генэрала Сiкорскага. Iз Сталiным перагаворы вядзець. Гэты абiбок, калi-б яму Гiтлер у бакацiну не заехаў, гаварыў-бы ён з Палякамi, га? А от цяперака, кажуць, Сiкорскага прыняў, армiю польскую ў Саветах рабiць будзiць. Бальшавiком Немцаў
Думка кульганула ў солтысавай галаве, у бок пашкандыбала.
«Як гэта мы iм, нашым ворагам на помач? Гарлапанам, забойцам, басякам гэтым? Але-ж яны, гэтыя нашыя ворагi й мучыцелi, яны-ж хаўрусьнiкi нашых хаўрусьнiкаў. Тады яны, мусiць, нашыя прыяцелi. Так яно выходзiць. Чэрцi, гэта курам на сьмех! Ды тамака-ж нашы зьверху, пэўне, знаюць, iм куды вiдней. На тое-ж яны маюць вучоныя й разумныя галовы. Дзе ўжо мне, задрыпанаму Пятрусю, што на гэтых сьмярдзючых „крэсах“ вырас, у вялiкай палiтыцы разьбiрацца?»
I запраўды, цеснаватая на ўяўленьне солтысава галава далей у вялiкую палiтыку не сягнула. Мясцовай па вушы хапала. Сама найважнейшае — сьлядзiць за ўсiмi хамамi. Сказана зусiм нядвузначна: дзе каторы хамуйла наверх да ўлады будзе лезьцi — цап яго й па галаве!
«Але-ж i тут нясумяшчальнасьць нейкая. У раёне й гмiне Немцы Беларусам пасады далi, уладу значыцца. Навiт усё зь языкiм iхным, школы таксама. А яны, Палякi, гэта лiквiдаваць маюць. Нямецкiмi рукамi. Здорава! Учора саўсiм ясна й нядвузначна сказана было. Сваймi людзьмi палiцыю абставiлi, значыцца лёгка будзiць».
Праўда мэханiка такой работы ня зусiм ясная Паўлоўскаму была, хоць рацыянальнасьць зусiм простая. Яны, а ня Немцы цi Беларусы, гаспадарамi гэтай зямлi былi. Значыцца лёнданскi ўрад Рэчпаспалiтай ведаў, што рабiў: адных ворагаў рукамi iншых вынiшчаў.
«Алi-ж з гэтымi ворагамi, — адклiкаўся ў солтасавых думках iншы, супярэчлiвы голас, — бальшавiкi унь якiя зьвяругi, колькi народу вынiшчылi. А цяперака яны нашы прыяцелi. А гэтыя во мясцовыя хамы, ледзь нi браты родныя, дык, выглядаiць, што iх трэба нямецкiмi рукамi забiваць. Чэрцi, як гэта ўсё разумець?»
Паўлоўскi пачаў церабiць сваю русую чупрыну, заклапочана тупацль па абшырным пакоi. I рука, амаль мэханiчна, палезла ў шупляду ў куце, выцягнула лiтроўку з настойкай. Дзякуй Богу за добрых людзей! Ня былоб iх, дык ня было-б чым i пахмялiцца! Зь вялiкiм набажэнствам солтыс узяў з палiцы кiлiшак, уважна прыгледзiўся кмiннай зеленаватай настойцы й ашчадна, каб, баранi Бог, кроплi ня страцiць, напоўнiў невялiкую, пуцатую, круглую чарку. Затым, сквапна гледзячы на чарку, старанна ўлажыў корак у пялшку, паставiў лiтроўку ў шуплядку. Зiрнуў яшчэ раз на «непокаляную», весела падмiргнуў iконе левым вокам i адным кiўком пералiў зялёную вадкасьць у рот. Гэты кiвок — тонкае, мэханiчнае майстэрства, практыкаванае доўгiмi гадамi. Малышы, бачачы такi рух, няпэўныя, цi чалавек запраўды чарку выпiў, цi адно вуснамi прылажыўся. Звычайна на вясельлях госьцi, што такiм майстэрствам валодаюць, агульную пашану маюць.
Паўлоўскi ўказальным пальцам выцшер рудыя вусiкi, уважна паглядзеў на пустую чарку, быццам мяркуючы, цi не налiць другую, ды паставiў яе ў шупляду й борзда пачаў хадзiць па пакоi. Трэба было нешта рабiць, але, каб рабiць, трэба спачатку мець пляны. А ўчора зусiм ясна сказалi за каго ўзяцца. Праўда, ня далi зусiм дакладных iнструкцыяў, як i што. Але навошта яны, указаньнi тыя. Цi мала ў яго, Паўлоўскага, глузду? Не дарма-ж яму даверылi, дый практыкi хапала. — Так, так, Бабра слухайся, зь iм працуй, для вока людзкога. За iм нашы сачыць будуць i як толькi што, дык прыбяруць яго… Ты тамака сваiх вясковых i суседнiх актывiстаў, пакуль што… А далей, калi трэба, скажам.