Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Чаму-ж ня бачыў… Ды ў сэрцы ягоным загнязьдзiлася нешта, чаго не спанатрыць бацьку. Таямнiчае, трывожнае. Тое, супраць чаго сам устаяць ня мог. Прыйшоў новы, зусiм накшы час — нарадзiны Беларусi, — тое, чаго бацька, некалi пiсар пры восьмым цi каторым там стале ў Пецярбургу, зразумець ня мог. I было ягонае собскае, Янукова жыцьцё, новае, ад бацькавага зусiм адменнае. Маладое. I было яшчэ нейкае сваё, Янукова «я». На сутыку двух розных сьветаў. Там, дзе трухлеюць, канчаюцца, распадаюцца iмпэрыi й парасткамi, у агнi вайны, у муках нараджаецца, да сонца прабiваецца дагэтуль заглушанае, стоптанае, паняволенае.
Вялiкая ты, воля. I незраўнальна магутны той, хто стварыў цябе. Хораша, прыгожа, цудоўна дыхаецца табой. На нагах бацькавы зношаныя боты, але сын ня крочыць у бацькаў сьлед. Пракладаць трэба сьцежкi новыя. Ад каго чуў Янук такое, цi падобнае? Цi ня ў школе ад Сабалеўскага?
Так, меў Янук нейкую сваю, аднаму яму наканаваную, дарогу. Адчуваў гэта. Калi-б яго, гэнага асаблiвага свайго прызначэньня ня меў, ня клiкаў-бы яго праныра-жартаўнiк на Марылiн Горб. Як ня дзiўна? Усе такiя юнакi, як ён, равесьнiкi й блiзкiх гадоў хлапцы дзесьцi нейкiя бiбiкi зьбiваюць. А ён вось тут, на таямнiчым Марылiным Гарбе, толькi таму, што ёсьць нешта «надта, надта важнае»!
Цiкава, чаму гэткiя нязвычайныя думкi новыя якраз цяпер назойлiва свайго абмяркаваньня жадаюць? Чаму якраз тут, пры гэткiх стройных, быццам на параду прыгажосьцi гатовых, бярозах? Спынiся, зiрнi на гэтыя цацы. Голенькiя, на зiму яны падрыхтавалiся. Чалавек на холад апранаецца, а гэтыя наадварот. Кантраст. I вакол маестатычная цiшыня, адно ледзьве чуваць далёкiя адгалоскi вёскi. Ды павёз некуды прылады вайны пiсклiвы паравоз.
Дамагалася праслуханьня загнеджаная ў неспатольным юнацкiм сэрцы й вiна перад бацькам. Стары, жыцьцём падбiты, часта нямоглы чалавек. Трэба было-б яму больш пры гаспадарцы пасобiць. Кагадзе зноў схапiлiся. Ня першы гэта раз. Надта-ж войстра. Янук сам сябе ледзь пазнаваў. Седзячы на печы, апусьцiўшы на пяколак босыя ногi, гаварыў Пракоп Бахмач.
— Куды цябе нячысьцiк гонiць? Ня вiдзiш во якая нясусьвецiца? Чорт знаiць, што вырабляецца. Прападзеш, скруцiш галаву, кажу…
— Тата, сам ты ня вiдзiш, што робiцца. Бiларусь во расьцець. Яна такiх, як я, патрабуiць. Я малады. Мне другая дарога, чымся табе. Твой сьвет аджыў…
— Калi яна расьцець, гэта такая твая Бiларусь, дык i бiзь цябе вырасьцiць. I якая табе другая дарога? Куды цябе? Чым ты занiмаiшся? Вайной блiжэй свайго кута дзяржыся… ато галаву скруцiш. Нашто табе гэты Дзяркач? Вунь пакуль вы каго, дык яны вас перш…
— Галавы я, тата, нi скручу. Ты сваё жыцьцё жыў, а я сваё ды сваiм розумам жыць буду. Цi ты, тата, гэтага нi разумеiш?
— Жабянё! Цьфу! Яйцо курыцу вучыць узялося. Ня будзеш мець куска хлеба дык з голаду прападзеш. Бiларусь выдумаў… Дзе яна, тая твая Бiларусь?
— Я яе ня выдумаў, тата. Яна была й ёсьцека!
— Дзе хто пра яе чуў, тую Бiларусь? Каму яна трэба?
— Дык вось я табе, тата, скажу: Бiларусь — гэта ты i я, гэта ўсе мы. I гэта наша зямля, а нi Маскалёва, нi Немцава, нi Палякова. Каб некалi нашы продкi не далiся чужынцам абдурыць, дык даўно-б сваю
— Што ты вярзеш, ёлупень! Каля гаспадаркi во цябе, нябось, нiма. Як во ня будзiць чаго есьцi й голы пуп прыкрыць чым, дык ты, такi разумны, згiнеш!
Апошняе, зь вялiкiм нацiскам выказанае «згiнеш» лягло мяжой. Пасьля гэтага бацька ня выказваў талеранцыi да сынавых разважаньняў, прост-напраст ня меў намеру слухаць. I ўсё гэта трывала дзесьцi да першае гадзiны ночы, пад роўнае дыханьне непрабуднага Мiколы. Адчуваў Янук, навет дакладна разумеў, што магла бацьку iнтрыгаваць ягоная мова. Гэта быў нанос зь лекцыяў гiсторыi, якую ў школе вучыўся й мо недасягальная вышыня для чалавека, якi за жыцьцё сваё сотнi кiлямэтраў за поручнямi плуга й за бараной зрабiў. Але як накш выкажаш свае думкi? I адчуваў Янук, ведаў добра, што ня звычайная была з бацькам спрэчка. Навокал тварылася шмат большае за яго й бацьку. Зьвяруга вайна можа падхапiць i панесьцi яго ў сваей зьнiшчальнай плынi i кiнуць стоць у нейкi небясьпечны вiр.
Янукоў нос пранюхаў гар дыму. Лагодна дзьмухнуў вецер i недзе ўверсе нудна скрыпнула надломанае дрэва. Прыслухоўваючыся, Янук паволi ступаў мiж бярозаў. Неўзабаве густая iх чарада ўступiла месца радзейшым кустом i воддаль мiж галiнаў Янук псасьцярог рэдкi сiняваты дымок. Непадалёк вялiкае, падоўжанае кучы хворасту й ацяробкаў на калодзе ля вогнiшча сядзеў чалавек. Па чырвоным, добра-ткi ўжо падношаным кажушку, кепцы, на правы бок галавы насунутай ды цёмных валосах Янук пазнаў Антося. Неадступным бярозавым кiем пароў ён вогнiшча.
— А, гэта ты! — адвярнуўшыся, усьмiхнуўся дзяцюк. — Добра, што прыйшоў. Я сяджу во й думаю, што ты мог-бы й пабаяцца…
— Во, а чаго? — бадзёра спытаўся Янук.
— Ну дык як гэта чаго… Пра гэты-ж во, пра Марылiн Горб дык цi мала чаго навыдумлялi. Нiбы тутака самыя чэрцi рагатыя. Пэўне-ж i сам наслухаўся!
— Чаму-ж не.
— А ты знай, што чарцей людзi стварылi. Ня веру я ў iх ды людзi, на маю думку, страшнейшыя за чарцей бываюць.
Нiколi не даводзiлася Януку на паважныя жыцьцёвыя тэмы з Антосем гаварыць i ня ведаў ён чаго спадзявацца ад Дзеркача пасьля ўчарашняга.
— Нi стаi. Бяры во якую калоду ды сядай.
Янук азiрнуўся, выцягнуў з кучы чурбан дрэва й сеў на iм ля вогнiшча, насупраць Антося.
— Нехта тут во добра пры бальшавiкох паласаваўся. Бярвеньне сьцягнуў а суччо й ацяробкi пакiнуў.
— Ага, — згадзiўся Янук.
— Ды пачакай, нiхай во балота ўмерзьнiць, от сякеры й пiлы пойдуць у работу.
— Думаеш?
— Людзём трэба дрэва. Пакуль там хто агледзiцца… От увiдзiш…
— Можа быць, — згадзiўся Янук. — Але-ж i прыгожы дзень.
— Дзень нiшто сабе мы выбралi.
Антось упарта ўглядаўся ў вогнiшча, дзе найбольш дымiў смаляк i тлела суччо, аддаючы прыемне цяпло. Дзяцюк пароў смаляк кiем. Дым iшоў амаль стоць уверх.
— Вытрубiлi мы ўчора ў Паўлоўскага бутэльку сiвухi ды яшчо кмiноўкай паправiлi. Дык, халера, галава цяжкая сягоньнiка. Але трэба было.
Гэнае «трэба было» нейкiм вiнаватым голасам сказаў i дзесьцi ўбок зiрнуў.
— Во, я ня думаў, што ты п'янiца. Ды яшчо зь кiм? Зь дзiравым шляхцiцам! — абвiнавальна кiнуў юнак.