Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
— Ага, была. Вiджу, што кумекаеш. Дык от гэты самы Падгайскi Кастусь перасьцярог мяне. Ён, кажыць, гэты наш Паўлоўскi, ад сваей банды заданьне атрымаў, работу для iх робiць. А якая гэта работа? Ну падумай.
— Даносы? — спытаў Янук.
— Во, во, даносы. Ён маiць пра ўсiх нашых людзей iм даносiць, значыцца як, хто й што думаiць, што робiць, зь кiм руку дзяржыць. У iх пэўне сьпiсак ёсьць. Як толька што, дык яны тады Немцаў на цябе, што ты камунiст, значыцца. А Паўлоўскi-ж пэўне нi мяне аднаго на воку дзержыць. Гэта цi раз ужо ён са мной пра ўсякае цiкавае гутарку пачынаў. Як от, Антось, думаiш пра тоя й гэтае й так далей? Ну а я, — сам-жа ведаеш, — ня ўчора зь пялёнак. Думаю сабе, калi ты, басяк, хочаш
Антось выняў зь кiшэнi некалькi бульбiн, старанна разгроб прысак, паклаў туды бульбу й засыпаў жарам.
— Пакуль мы з табой што скумекаем, дык i бульба сьпячэцца.
Янук маўчаў, спакойна ўдыхаючы сьвежасьць ляснога паветра. Лянiва, у сьцюдзёных праменьнях сонца, драмаў лес.
— Дык от, знаеш, братка, нiвялiкая мне пацеха да гэтага панскага брыды падмазвацца. Рука сьвярбiць, каб добра ў рыла чахнуць. Ну алi прыйдзiць яшчо й на маю нiву сьвята! Ды ты-ж знаеш, як гэты ёлупень пахвальбу любiць, якi зь яго нягоднiк i пусты фанабэра. Дык я яго i ўчора цi раз пахвалiў. Ты, кажу, Пятрусь, усё-ж маладзец, сваiм людзям пасабляеш. Табе ад iх павага й падзяка будзiць. Каб ты вiдзiў, як ён, брыда, падрос! Нi дай, Божа, якi басяк самалюбны. Ды я й давай на гэным яго самалюбii йграць. Адным словам, думаю, што ён мяне цяперака за свайго чалавека маiць. А мне толька гэтага й трэба, а тамака паглядзiм…
— Нi знаю, што табе на гэта сказаць. — заўважыў Янук. — Так выглядаiць, што ты яму хочаш паддабрыцца.
— Ну не, — запярэчыў Антось. — Я баяўся, што ты мяне нi зразумееш. Я-ж нi паддобрываюся яму, а толька хачу паказацца, — як табе сказаць гэта? — ну другiм, нi такiм як я ёсьцiка. Ты-ж от сам цяпер вiдзiш, што ёсьць два Антосi: адзiн такi няшкодны й вясёлы, цi, як нашы кажуць, — Антось прыдурак, а другi — гэта той, каторы з табой гаворыць. Ну праўда гэта, цi не?
— Ага.
— От вiдзiш. Дык мне тутака залежыць, каб Паўлоўскi, гэты вораг i басяк, катораму некалi трэба будзiць шыю скруцiць, каб ён мяне лiчыў за нейкага нiважнага дурня, якi ня вiдзiць, дзе што робiцца й хто ў што пальцы мачаiць. Ён падумаiць, што я няшкодны. Проста гаворачы, iдзець пра тое, каб ён нi знаў мяне такога праўдзiвага, сур'ёзнага, як ты знаiш. Тады мне ён нiдзе нагi нi падставiць, а значыцца й даносу на мяне ня зробiць, дык можа будзе нешта рабiць. Кумекаеш?
— Усё гэта надзвычайна цiкава й я цяперака вiджу, што ты, за парадай Кастуся Падгайскага, добра робiш. Ты думаiш, што гэты самы ёлупень Паўлоўскi цябе нi прагледзiў?
Антось падумаў.
— Як табе сказаць? Я нi магу пабажыцца, цi прысягнуць… Думаю, што ён нi дагадваецца. Дурны ён ня ёсьцiка, але нiдаверлiвы, сукiн сын. Ну алi як мне быць? Каб от так раней ужо рот адкрыў, дык, — хто знаiць? — можа мяне ўжо зьбяёдалi-б… Таму я думаю, што тутака трэба час выйграць, ды можа, пакуль там якая трасца, i ў ласку да яго ўбiцца. Нiхай навiт думаiць, — i гэта я буду памалу яму ў вушы ўводзiць, — што я ў iх свой, што Палякам на
Антось устаў, налажыў на вогнiшча сухога хворасту, якi ўмiг заняўся буйным полымем. Янук адсунуўся ад вогнiшча й пазiраў на прагавiтыя чырвоныя языкi, што сквапна ахоплiвалi новую пажыву. I ў ягоным уяўленьнi полымя пашырылася, узбуйнела, вырасла, шугала й ахоплiвала вялiкiя прасторы роднай зямлi, пагражала ўсеагульным зьнiшчэньнем. А блiзка яго й ягонай сям'i спынiўся, напагатове, каржакаваты забойца.
— Толька от што, Янук, — даляцеў да сьведамасьцi сухi голас зьверху, калi я, з патрэбы, завяду гэтае самае, якую дружбу з Паўлоўскiм, дык, сам знаеш, вясковыя языкi вярзiць пачнуць. Дык от тады не забывайся чаму я так рабiць буду. Калi што пра мяне пачуеш, нiчога нiкому нi расказвай. Язык за зубамi дзяржы. Кумекаеш? Ня выдай мяне. Добра?
— Добра, — адказаў Бахмач.
— Бо калi, нi дай, Божа, гэты басяк маю гульню спанатрыць, то мне капцы могуць быць. А нам-жа час трэба. Кумекаеш?
— Кумекаю, — адказаў Янук Антосевым словам.
Дзяцюк зiрнуў на юнака i ўсьмiхнуўся.
— Я табе саўсiм давяраю. Калi-б нi давяраў, дык нi пазваў-бы на Марылiн Горб i нi расказваў-бы сваiх тайнаў. Глядзi-ж, каб апраўдаў сябе, бо мы ў аднэй лодцы й мусiм адзiн аднаму пасобiць.
Антось разгарнуў прысак, перавярнуў бульбу, заўзята цягнуў носам.
— Ужо пачынае прыпякацца. Але-ж i люблю запах такi!
Гэты дзяцюк ня пераставаў зьдзiўляць юнака. Ажно нiякавата было. Той раскрыўся перад iм, як перад нiкiм iншым зь вёскi. Што гэта значыла? Мусiць ён, сын гаротнiка Пракопа, не апошнiм нулём быў. Халерная думка. Гэтта вось пад бокам, начупыраны, быццам iндык, ахарашваўся-зьвярэў у Гацях забойца ягонае маткi, зь якiм ужо некалi пастанавiў некалi рахункi зьвесьцi. Дзiва, што Антось яго выбраў, утаямнiчыў у свае сьцежкi-дарожкi, руку падаў. Калi так, што-ж у яго глыбей у думках гнязьдзiлася?
— Антось, — пачаў нясьмела.
— Га? — адвярнуўся той.
— Дык ты можа да канца чаго нi даказаў, знаеш? Я цяпер ведаю ўжо пра гэтага дзiравага шляхцiца. Дзякую, што вытлумачыў. Ну але другое: Што рабiць з гэтым Бжончкам, што ты думаеш?
— Забiць.
Януку дыханьне заняло. Вось перад вогнiшчам, зь неразлучнай бярозавай палкай, порачы смаляк, стаяў бездапаможны, здавалася, вясковы дзяцюк. А ў Гацях, абкружаны сваймi галаварэзамi, запусьцiўшы сецi на ўлоў мясцовых «камунiстаў», валадарыў Бжончак-Бронхэр. У таго ў руках мясцовая ўлада, а ў гэтага — бярозавая палка. А на вуснах прыгавор — забiць! Сьветкамi касалапыя хвоi й стройныя бярозы. I Бахмач Янук.
— Як? — спытаўся юнак.
— Проста. Надта проста. Вiдзiш Янук, ты малакасос яшчо, многа чаго нi знаiш. А тутака нiма нiчога такога надта скамплiкаванага. Трэба табе ведаць, што кажны чалавек маiць свае слабасьцi й гэны брыда таксама маiць свае. Трэба iх толька нам знаць. I я пастараюся даведацца. Перш за ўсё трэба ведаць дзе фольксдойч Бронхэр гуляiць, як i колькi п'ець. Я пра яго многа чуў. Таксама ведаю, што ён iз гэтай курвай Марыськай Закшэўскай… Чуў, што гэныя «хлопакi» ягоныя з палiцыi ох якiя ахвотнiкi пагуляць. А калi так, дык недзе-ж яны гуляюць. I вось, знайшоўшы ўтоптаныя iмi сьцежкi, трэба падпiльнаваць. А тады… Адзiн момант, адзiн удар нажа, каб цiха, каб ня чуваць было, от так, здалёку.
Антосева рука маланкава выхапiла з-за пазухi нешта прадаўгаватае i зьзяючае, i ня ўсьпеў Янук навет разгледзiць, што робiцца, як нож крывуляй сьвiснуўшы ў паветры, крокаў пятнаццаць воддаль уеўся ў камель бярозы. Антось падыйшоў да дрэва, выцягнуў нож, выцер зьзяючае лязо, ды зь любоўю, здавалася, паглядаў на яго й падаў Януку.
— На, паглядзi. Цяпер кумекаiш?
Янук трымаў i ўважна абглядаў паляўнiчы нож з прыгожымi касьцянымi чыранкамi.
— Пекны нож. Знаеш, я некалi такi ў Лазоўскага вiдзiў. Ягоны?