Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Добра не ўяўляючы куды пойдзе й што будзе рабiць, Янук зыйшоў па сходах унiз. За зачыненымi дзьвярмi прадаўжалася рытмiчнае кляпаньне машынапiскi, а за другiмi — стук малатка. Янук выйшаў на вулiцу й спынiўся. Некуды трэба было йсьцi, абы не стаяць, абы сабрацца з думкамi. Здавалася яму, што й гэтысамы будынак, каторы вось нядаўна знайшоў з такой вялiкай радасьцю, ды з такiмi вялiкiмi спадзяваньнямi адчынiў яго дзьверы, цяпер стаўся варожым, халодным, адпiхаў яго.
Iшоў вулiцай унiз да Нямiгi, зусiм не бачачы што робiцца навокал. На рагу вулiцы спынiўся перад кучай газэтаў, якiя прадаваў малы хлапец. Вялiзны загаловак на першай бачыне «Беларускай газэты» крычаў: «Новыя вялiкiя перамогi Вялiканямеччыны». Зайшоўся ў рэстаран, замовiў чай i булку. Сядзеў i доўга думаў. Пасьля блудзiў
Янук заўсёды намагаўся абаснаваць выпадкi, адказаць на пытаньнi: што, як i чаму сталася? Ня спыняўся з адказамi на «што», асаблiва важнымi былi «як» i «чаму». Цяпер-жа, як нi намагаўся, ня мог рацыянальна таго здарэньня вытлумачыць. Зашмат няведамых. Хто такi той дзядзька з калючымi вачмi? Якую выконываў у рэдакцыi функцыю, ды якi сам быў чалавек, або, — як звычайныя людзi вызначаюць гэта, — якi меў характар? Дый адкуль такi аўтарытэтны й крыклiвы ў яго голас?
Тымчасам Янук вiнавацiў самога сябе. Але ў чым ягоная правiна? Калi там была рэдакцыя, калi газэта выдавалася для народу, калi шматлiкiя чытачы пасылалi туды матар'ялы рознага роду, дык цi-ж рэдакцыя не жадала бачыць наведвальнiкаў? Цi-ж рэдактарам i супрацоўнiкам няцiкава было бачыць аднаго цi другога дзядзьку з правiнцыi, пагутарыць зь iм, памацаць яго, так сказаць, пацягнуць каго за язык, каб чуць-чуваць, праведаць, што ў гушчы народнай дзеiцца? А калi адведзiны забаранялiся, дык чаму тады пра гэта не абвесьцiць ну, скажам, хоць бы й на дзьвярох напiсаць, або ўстанавiць час для наведвальнiкаў?
Валочачыся па менскiх вулiцах, Янук бесьперапынна стаўляў сабе новыя, вельмi нязвычайныя пытаньнi й намагаўся на iх суладна адказаць. I з прагрэсам такiх разважаньняў у дзьвёх асобах прыходзiў да выснаву, што, магчыма, сам зрабiў памылку, якую яму можна было выбачыць. Здавалася, што наляцеў на нейкага калi не дзiкуна, дык карантыша-нелюдзя, якi зь няведамых прычынаў забыўся пра звычаўную ветлiвасьць. А можа гэта першы раз такое здарылася, што прыйшоў да iх такiя нясьмелы юны наведвальнiк, якi, не папрасiўшы дазволу, расьсеўся на лаўцы ды патрабаваў адказу на простае пытаньне? Дык чаму-ж тады не сказалi яму, што, прыкладна, рэдактара цяпер няма, што прыйдзе пазьней, цi як? А гэтта проста не заўважылi яго, а пасьля… вон!
Як-нiяк, балела! Яшчэ больш крыўдна, калi прыраўнаць тую сакавiта ўяўленую Януком сустрэчу з гэтай рэальнай. Праўда, у фантазii гон вялiзны. Магчыма, яна пераацанiла вагу iнстытуцыi газэты ды асаблiва ейныя матар'яльныя абставiны ў часе вайны. Прыгожае, вялiкае, добра абсталяване бюро, камфорт! Шыш, дудкi, браце! Напэўна курылi яшчэ навокал гарам руiны, а руплiвыя вочы патрыётаў ужо сачылi дзе, у якiм уцалелым будынку зьвiць гняздо для гэтай абсалютна неабходнай працы, каб народ на духу падняць, каб клiкаць да еднасьцi й змаганьня, да новых намаганьняў, да вялiкага ўваскрошаньня. I ўсё-ж, пэўне, было накш, чым уяўляў лiтоўскi юнак. Знайшлi будынак, сьцягнулi дзе што далося з мэблi, i пачалi… Газэта, цi фактычна дзьве адразу, нарадзiлiся недзе ў жнiвенi, значыцца на зусiм яшчэ сьвежым папялiшчы. А колькi-ж трэба было намаганьняў, каб зарганiзаваць ня проста працаздольных, але найлепшых i перадавых, калi вораг ад няпамятных часоў глумiў беларускую нiву, вынiшчаў найбуйнейшае й плённае, а пакiнуў самы асот i гiрсу? Ды адкуль там i хто, дый за якiя сродкi мог абсталяваць якую добрую кантору й друкарню, тым больш, калi на ўсё патрабаваўся дазвол новага й ненажэрнага акупанта?
Iз тэй сьцiплай колькасьцi школьнае лiтаратуры, якую некалi чытаў, намагаўся Янук знайсьцi гэроя ў падобнай сытуацыi. Выбар невялiкi. Магчыма, што Дыкэнсаў Алiвэр Твiст, зь ягоным «яшчэ». Але там, здаецца, больш сарака такiх самых галодных, як ён, перапалоханых, маўчала. Адзiн ён, наiўны, з растрывожаным апэтытам сустрэў азызлы падбародак i заплыўшыя тушам вочы. I само яно, тое слова вырвалася
Янук, сьцяблiнкай з гэнай «сакавiтай рунi» асьмелiўся на вялiкага сейбiта зiрнуць, паглядзець што ў гумне дзеiцца. Вон!
Хто ён такi, той дзядзька з калючымi вачмi? А цi ён, Янук Бахмач, гэта новы Алiвэр Твiст у новым часе, каторы ня крычаў «яшчэ», але патрабаваў да сябе ўвагi? Дыкэнса чытаў яшчэ ў польскiм перакладзе й запомнiўся яму малы Алiвэр. Ды не. Мусiла дзесьцi ў мастацкай лiтаратуры быць апiсаная больш адпаведная сытуацыя. Дзе? Хто? Цi было штосьцi падобнае ў беларускай лiтаратуры? Ня ведаў. А калi ня было апiсана, то, пэўне-ж, магло ў жыцьцi здарыцца. Вазьмi Янку Купалу, Якуба Коласа, Цётку, Багушэвiча, Багдановiча. Цi ня было ў iх чагосьцi падобнага, калi бяздушны ўраднiк каторага за дзьверы выгнаў? Магло быць. Адно, што нiхто гэтага не апiсаў…
Назаўтра Янук сядзеў перад маладжавым з выгляду, гадоў мо сарака, з чубам у складкi, Вяршынным, тым самым, каторы пра «рунь» пiсаў. Вяршынны гаварыў роўным i цiхiм голасам:
— Узяць вось ваш першы верш «Каб быў я арлом»… Першая спроба нядрэнная…
Вяршынны разлажыў перад сабой папку гадавiка газэты й нарэшце знайшоў верш.
— Вось чытаем першую зваротку:Калi я учора на сонца глядзеў,Жадаў, каб у высь я арлом паляцеў,Над роднай краiнай кружыў-бы кругом,Ох, як было-б добра, каб быў я арлом!— Ну, што пра яе можна сказаць? Рытм i рыфмы ўпарадку. Думка ёсьць. Паэзii, быццам, няма. Але, што-ж, як першую спробу, яно пайшло. I то, паколькi помню, нехта з нас папраўляў, можа навет i я. Бачыце, два першыя радкi дзеясловамi канчаюцца. Гэта нядобра. дзеясловы рыфмуюцца надзвычайна лёгка, кажнае дзiця гэта здолее, а таму ў творчай працы трэба гэтага высьцерагацца. Пачытайце хаця-б Багдановiча цi Купалу, самi пераканаецеся. Цяпер-жа ў двух першых радкох у ваз займеньнiк «я» аж два разы. Абыйшлося-б адным. Калi-б, прыкладна, замянiць «у высь я» на «пад неба», дык глядзiце што выйдзе: «жадаў, каб пад неба арлом паляцеў». Верш адразу ўзбагацiўся, а сэнс не мяняецца. Дый наагул, як сказаў я, у гэтай першай зваротцы паэзii ў вас няма, хаця ў далейшыых ёсьць яе проблiскi. Паўтараю: проблiскi. Разумееце? Паэтычны палёт у вас таксама ёсьць. Ня турбуйцеся, не сьпяшыцеся. Вам трэба добра жыцьцю прыглядацца, а яно перапоўнена паэзiяй, горкай i салодкай… Справа ў тым, што запраўднай i прыгожай паэзii сiлай з сэрца ня выдушыш… Цяпер узяць вашу другую зваротку, дзе далей арлом сваё падарожжа прадаўжаеце…
Вяршынны гаварыў павольна, сяброўскiм тонам. У пакоi, сумежным з тым, адкуль учора дзядзька з калючымi вачмi Янука вон выгнаў, нiкога, апроч iх ня было. Янук уважна слухаў i зайздросьцiў гэтаму экспэрту такiх ведаў з паэзii. Вяршынны на хаду рэарганiзоўваў Януковы радкi, каб iлюстраваць свае думкi.
Пасьля паўгадзiннай гутаркi крытык пажадаў Януку плённае творчасьцi, моцна пацiснуў руку ды параiў схадзiць да сакратаркi па ганарар. Крыху пазьней Янук выхадзiў з рэдакцыi i з задавальненьнем сьцiскаў у кiшэнi атрыманыя сорак тры маркi. Першы ганарар! А ў вушах зроўнаважаны й аўтарытэтны голас раiў як пiсаць. Горкая праўда. Ня было ў ягоных вершах паэзii, адно проблескi яе. Чырванеўся юнак, намагаўся прыгадаць кажнае слова Вяршыннага.
— Агулам, яшчэ раз добра прачытайце й прадумайце мой артыкул пра «рунь», — гаварыў крытык з «Парнасу». — Там многа парадаў, зь якiх трэба было-б вам скарыстаць…
«Трэба будзе», — думаў Янук, пакiдаючы пасьля зруйнаваную сталiцу.
25
Янук сядзеў на абшырным бальконе ў выгадным, плеценым з лазы, крэсьле. Перад iм зграмазьдзiлiся малыя, з чырвонымi чарапiчнымi й шэрымi гонтавымi дахамi, хаты. Вакол iх — невялiкiя агародчыкi, дзе ля парканаў усьмiхалiся сланечнiкi, а на лехах — буйнае варыва. Дзесьцi на вiшнi тарарахала сарока. Далей лянiва плёскала ў берагi марудная Вяльля, а за ёй, пад прапаласканым небам, узвышалася Замкавая гара. Калiсьцi спад Януковага, нянадта спрактыкаванага, пяра нарадзiлiся радкi: