Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
— Ты можа й чуў, - усьмiхнуўся аграном, — нiкаторыя сьмяюцца, што ў мяне забягалаўка, толькi от што баб нiма, ато чыста бардачок быў-бы… Ха-ха-ха! Гэтам браток, злыя языкi, перцу на iх. Прыходзяць гэтыя самыя, як я iх называю, свае, значыцца й пазаўчорака нямецкi камандант i гэты фрыц, каторы во па гаспадарскай часьцi ад зондэрфюрэра з Докшыц, пару гадзiнаў тутака прабарабанiлi. Знаеш, выпiць, адыйсьцiся ад сваiх хочацца. Куды-ж iм? Выпiць то, пэўна-ж, яны маглi-б i ў сябе ўдома, шнапсу ў iх даволi, але ўсяроўна iм рупiць далей ад непаклiканага вока. От як… Яны такое месца на водшыбе, як маё, любяць. А мне, сам знаеш, калi катораму з нашых на хвост наступяць, дык iхныя дзьверы тады адчыненыя.
— А цi заплацiлi яны табе за ўсё тое дабро, што войска брала ды квiткi давала?
Падгайскi падумаў, пачухаў рудыя валасы, скрывiў твар.
— Як
— Ну а як Левандоўскi? — цiкавiўся далей Антось.
— Спачатку ён, гэтае самае, дзiкавата крыху да мяне ставiўся. Ды пасьля ўвiдзiў, што нямчура сюды заглядаiць дык i ён асвоiўся. Адным словам, злажылася добра. Левандоўскаму, знаеш, давялося часамi чым-небудзь руку пагрэць. Кумекаеш? Нiвядома як далей будзiць, але цяперака лепi мне, значыцца нам, мець iх прыяцелямi чым ворагамi. Гэтак i таньней абыйдзецца, калi часамi сваiх ратаваць трэба. Знаеш, тымчасам улада ў iхных руках. Гэта праблема старая, як сьвет: калi ты слабы, ня рыпайся, мацуйся, чакай свайго моманту, а тымчасам глядзi, каб зь цябе пер'я ня выскублi. Я Левандоўскаму цi раз сказаў, што ўжо час перастаць з нашых людзей камунiстаў фабрыкаваць. Ён зразумеў. Цяперака ўжо з нашых тутака камунiстаў ня робяць хоць, як я табе ўжо казаў, у iншых месцах гэта яшчэ прадаўжаецца. А ты во паглядзi як дырэктар Сабалеўскi сьвята бiларускiх угодкаў нiзалежнасьцi дваццаць пятага сакавiка ў чыгуначным клюбе арганiзаваў, зь якiм шыкам i патрыятызмам. Цымус, браце! I што-ж ты думаеш, цi гэта не калола нашым ворагам у вочы? Ого, як калола! Але-ж нiкога з нашых нi зачапiлi.
— Можа зьмянiлiся? Я iм ня веру, — адказаў Антось.
— Ведаеш, Антось, ня ўсе Палякi сволачы дый ня ўсе нашы — ангелы.
— Ды не, але бальшыня Палякаў якраз i ёсьцiка сволачы й бандзiты. А нашыя? Сам ведаеш, свая кашуля блiжэй цела.
— Ня ведаю як табе вытлумачыць, — пасьля хвiлiны роздуму пачаў Падгайскi. — Можа лепi прыпомнiць, — ты-ж, пэўня, чуў… ды чаму-ж ня чуў? Усе чулi, — прыпомнiць, што ў трыццаць дзявятым, як развалiлася Польшча, рабiлася на Ўкраiне, значыцца ў Галiччыне й на Валынi. Страшна, як расказваюць. Украiнцы рэзалi «ляхiў» без разбору. Пасьля дабралiся й да сваiх сем'яў, мяшаных значыцца. Мацi — Украiнка, а бацькка — Паляк, цi наадварот. От i пашло. Муж рэзаў жонку, цi жонка мужа. I дзетак нi шкадавалi. Ведаеш, народ проста да абсурду скацiўся, зусiм розум страцiў. А цяпер прыгадай сабе, глянь навокал нас: колькi ў нас сем'яў мяшаных? Мясцамi мы вельмi з Палякамi зьлiўшыся, ды яшчо ў нас вялiкая цемната: рэлiгiю лiчаць нацыянальнасьцяй, значыцца каталiкоў — Палякамi, праваслаўных Расейцамi, а рэшта хто? Мы, Беларусы, — гэта тутэйшыя. Ды што было-б, калi-б мы, як Украiнцы, разьню зрабiлi? Бойся Бога, што было-б… Калi-б у цябе была жонка Полька й за польскiх часоў выгадавала дзяцей палякамi, дык што-б ты рабiў, рэзаў-бы iх?
— Ну ты ўжо занадта…
— Ды не, нi занадта. Хачу iлюстраваць табе, як на Ўкраiне было. Людзi саўсiм з глузду зьехалi. Ты ведаеш, чаму нам трэба з камунiзмам змагацца й чаму зь Немцамi нам не падарозе?
— Бо камунiсты прынесьлi нам прыгон калгасны, а Немцы хочуць нас усiх выкаранiць, каб пасьля самiм тут загнязьдзiцца.
— Праўда твая, ды ня ўся. Гэта толькi вынiкi iхных палiтычных таталiтарных сыстэмаў. I камунiзм i нямецкi фашызм — абое рабое. Партыя, дзяржава, дыктатура — гэта ўсё, а чалавек у iх ноль. Ён нi маiць голасу й права, а толькi тыя маюць, каторыя да ўлады дабяруцца. А чалавек маiць душу й сэрца i каб ён разьвiваўся, каб дабро рабiў, мусiць быць вольным. Гэта ведама думаючым людзям ад пачатку сьвету. Каб трымаць нявольнiкаў у послуху, тыя басякi, што ўладу маюць, мусяць ужываць сiлу. Галоўная зброя таталiтарнага рэжыму супраць людзей, яму падпарадкаваных, ёсьць суцэльная, значыцца груповая адказнасьць. За мужа адказваiць жонка й наадварот, за бацькоў адказваюць дзецi, навет сусед за суседа. А рэлiгiя наша хрысьцiянская вучыць, што кажны за свае грахi мае адказваць. Кумекаеш? А цяпер
Антось прыглядаўся аграному, нiчога не адказаў.
— Вядома, няма роду бяз выраду, але ня ўсе Палякi — лайдакi, як i ня ўсе Немцы — фашысты. Трэба адзьдзялiць народ ад сыстэмы й надта небясьпечна абагульняць, асаблiва вайной.
— Дык чаму тады Палякi нас так суцэльна стараюцца вынiшчыць, нашых найлепшых людзей закопваюць жыўцом, паляць, мардуюць?
— Яны б'юць па нашай галаве, значыцца па людзях, якiя ў галаве стаяць, народ вядуць. Наша заданьне — ня дацца, а змабiлiзавацца, ды бiць па тых Паляках, каторыя iх вядуць, ды па iхных зарганiзаваных групах, асаблiва збройных. Вось як. Кумекаеш?
— Яно так. Ну але мне, мусiць, трэба пад дом, — сказаў Антось.
Пагаварылi яшчэ пра драбнiцы й разьвiталiся. Падарозе дадому, шчуруючы сваймi сьцежкамi, высьцерагаючыся, каб дзе не натрапiць на якi вайсковы цi палiцыйны патруль, Антось доўга перажоўваў тое, што так спрытна вытлумачыў аграном.
28
«Якая недарэчнасьць», — думала Дуня, пазiраючы на сухiя сьцёблы кветак перад зялёным плотам за вакном. — «Саўсiм ня так, як у Коласавага Лабановiча. Час ня той. Ваенная гаручка зямельку трасець».
Казала матка, выпраўляючы Дуню ў гэту вёску:
— Едзь-жа, дачушка, на свой хлеб.
Адно цяпер вiдаць было, што простае, звычайнае матчына пажаданьне сталася сарказмам. Запраўды, якi-ж тут хлеб, не гаворачы ўжо пра заробак. Гэтага заробку, хаця й далi ў раёне наперад грошы, ледзь на харчы хапала, даводзiлася й галадаць.
У першы дзень Дуня мела магчымасьць зiрнуць на сябе вачмi суседкi сваей гаспадынi Кацярыны, у якой на кватэру згадзiлася. Выйшла ў гарод, што ззаду. Яе, вiдаць, не спасьцераглi куды падзелася. Чуе ля паркану:
— Кацярына. Га, Кацярына!
— Што хочаш, Ганна?
— Што гэта за дзяўчо да цябе прыехала?
— Гэта во? Дык гэта-ж новая вучыцелька.
— Вучыцелька, кажаш? — перапытаў гучны, зьдзiўлены Ганьнiн голас. Гэткая жаба, сама дзiцё яшчо i ўжо вучыцелька?
— А як-жа. Ну маладзенькая саўсiм, але з раёну прывезьлi.
— Дык як-жа яе, такую жабоцьку, дзецi будуць слухаць?
— Як, кажаш, слухаць будуць? А цi-ж мне ведаць? Чорт iх знаiць, дзе яны во такiх набралi. Ну алi-ж яна будзiць нi сама, а з гэтым нашым старым вучыцелем.
— Во як… — дзiвiлася далей Ганна. — Дык i гэны стары п'янiца будзiць вучыць. Ну, калi так… А адкуль-жа яна сама, нi пыталася?
— Пыталася. Зь Лiтоўцаў, кажыць.
— Гэта з тых, што ля Гацяў?
— Ага, Ганна, зь iх самых, казала.
Хто ведае, якую яшчэ ацэнку далi-б ей Кацярына з Ганнай, калi-б Дуня, усьмiхаючыся да жанчын, не паказалася на сьцежцы. Дзябёлая Ганна адчынiла рот, каб яшчэ нешта сказаць, але першая спасьцерагла «жабоцьку» й папярэдзiла Кацярыну.
«Старым вучыцелем», якога згадалi жанчыны, аказаўся лысы, з прышчамi на твары, кароценькiмi нагамi й чырвоным, наводля бульбiны носам Мiхал Капышынскi. Стары польскi настаўнiк, дырэктар Бярозаўскай чатырохклясавай пачатковай школы, Дунiн шэф. Першая, сухая гутарка зь iм не належала да прыемных. Гэты стары i, як пасьля даведалася Макатунiшка, бязьдзетны ўдавец, п'янiца, гаварыў паволi, з хрыпам. У гутарцы пракiдвалася польская мова.