Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Ужо ад нейкага часу хадзiлi весткi пра розныя расейскiя адзьдзелы на службе Немцаў, асаблiва Расейскую Вызвольную Армiю (РОА) пад камандай генэрала Ўласава, утвораную з быўшых савецкiх ваеннапалонных. Як дайшло да Лiтоўцах, адзiн такi адзьдзел знаходзiўся ў мястэчку Лужкi, па той бок Глыбокага. Гаварылi яшчэ, што войска тое надта нiкчэмнае, бо рабуе мясцовае насельнiцтва й больш гуляе, чымся змагаецца з бальшавiцкiмi бандамi. Пацьвярджалася мясцовая прыказка: — Навошта араць i сеяць, калi грабiць Расея?
У вадрозьненьне ад РОА, якая быццам мела стаяць гарнiзонам у Лужках, апошнiм часам прыйшлi весткi, што з таго-ж
Гацi лiчылiся бясьпечнымi. Гэтта злучалiся тры чыгункi й заўсёды праяжджала многа войска. Тут працавалi нямецкiя чыгуначнiкi, работнiкi будаўнiчае арганiзацыi Тодта, гэтта ўрэшце быў i галоўны пункт нямецкiх адзьдзелаў, што ахоўвалi чыгункi. Слаба ўзброеная мясцовая дапаможная палiцыя iстотнай сiлай ня лiчылася.
Вярнуўшыся зь Вiльнi, у тое лета Янук Бахмач, як мага, пасабляў бацьку пры гаспадарцы. Помач была надта за руку хваравiтаму Пракопу Бахмачу, бо кульгавым Мiколам вельмi не паддапрэшся. Януку-ж ня трэба было казаць, што мае зарабiць на харчы на наступны год навукi. Жыцьцё ў вялiкiм горадзе дало Януку накшы погляд на цэннасьць працы ўдома. Хлапец падрос, уздужэў, жыцьцёвае практыкi набраўся й таму ўлетку стаўся галоўнай сiлай на гаспадарцы Пракопа Бахмача. Калi раней даводзiлася яго да працы падганяць, дык цяпер намагаўся бацьку наперад забегчы, вельмi рана ўставаў i позна клаўся спаць. Далёкая Вiльня навучыла яго цанiць хлеб i цешыўся з нагоды аддаць бацьку належнае за помач.
— Ты-б, сынок, — казаў бацька, — ня ехаў увосень назад у тую Вiльню. Нашто яна табе цяпер? Вiдзiш, вуньдзiка вайна, хто ведаiць што яшчо будзiць. Глядзi во Дуня вучыць у школе й добра, кажуць, рады сабе даець. Чаму-б i табе ня вучыць? Усё-ж заработак нейкi…
Бацькавы словы вялiкую вагу мелi. Дуня прынадай была. Тужыў па ёй хлапец. Як-жа было-б добра працаваць дзесьцi пабач яе. Ды ўсё-ж шкада было пакiдаць распачатую сярэднюю асьвету. Пры школе Дуня атрымала паўгактара зямлi. Апроч сьцiплае грашовае платы за працу, воласьць гэткiм чынам памагала настаўнiкам. Дунiну дзялку Макатуны засадзiлi гароднiнай i бульбай. А пасьля «навукi» Плясьневiчыхi, Дуня сталася мясцовай зоркай-настаўнiцай. Першы недавер да «жабоцькi» ў бацькоў вучняў хутка зьнiк i замянiўся пашанай яе.
Часта цяпер бачыўся з Дуняй Янук. Скупавата было часу на паэзiю, але юнацкая любоў трывала й мацнела. Вёска даўно абжылася з тым, што два новасьпечаных iнтэлiгенты трымалiся разам. Навет рыжавусы Захарук, кагадзе сустрэўшы Янука, ня вытрымаў:
— Iш ты, якi зь цябе дзяцюк, як за Макатунiшкай бегаеш! А цi забыўся ты, як некалi камшыў яе, га?
Тыя часы даўно-даўненька ў нябыт адыйшлi. Як нiхто iншы зь юнакоў у вёсцы, Янук дасьпяваў вельмi хутка. Падарожжа ў Менск, навука й нялёгкае жыцьцё ў далёкiм горадзе
Навала нахлынула ранiцай. Гул пачуўся здалёку, ужо як чыгунку бальшаком пераяжджалi. Людзi ў зялёным, шмат наладаваных розным дабром хурманак, коньнiкi, пешыя. Час ад часу стрэлы ўверх, цi не для постраху. Цi гэта ўжо на раньнi каторыя панапiвалiся, або стралялi здуру. На некаторых вазох сядзелi «трафейныя» дзяўчаты. Зброя пераважна лёгкая, вiдаць былi й кулямёты. Шматлiкiя ваякi паабчэплiвалiся нямецкiмi гранатамi «балдавешкамi». Даўгая, здавалася, бясконцая калёна нечым нагадвала цыганскi абоз. Нехта жартам празваў iх цыганскiм войскам.
Завiталi… Не, хiба гэта неадпаведнае слова. Уварвалiся ў Лiтоўцы з бальшака й пакуль сяляне вымяркавалi хто, што й чаго, навала пачала распаўзацца па хатах, сьвiранах, хлявох. Чулiся крыкi, лаянка, стралянiна. Людзi ў зялёным гаварылi парасейску i адразу пачалi шукаць нажывы. Вiдаць, што мелi ў гэтым набiтыя рукi, бо ведалi ў якiя куткi заглядаць. Ламалi дзьверы, страляньнем нiшчылi замкi. Вёска цi раз ужо рабавалася бальшавiцкiмi бандамi, рук тут надта не пагрэеш. Нойбольшы быў спрос на самагонку. Кмiтаваму Тодару давялося расстацца iз сваiм запасам. Не памаглi ягоныя праклёны й Аўдолiны заклiнаньнi. Другiм ходкiм таварам аказалiся конi й сяляне, хутка спанатрыўшы, хавалi iх у лесе.
Антось Дзяркач загадаў Нiне мiгам завесьцi каня ў балота, туды на Марылiн горб, а сам, што лепшае, як сала, хлеб, мяса, яйкi й масла схаваў у сваю нару, якую апошнiм часам ладна пашырыў i ўмацаваў. Ён-жа наказаў i бацьком, каб пахавалi харчы. Такiм чынам, калi тры «цыганы» прыйшлi да яго на двор, Антось стараўся спатолiць заядлага Ромку. Згорбiўшыся, казырок на лоб, сядзеў на прызьбе й гладзiў сабаку.
— Хадзяiн дома? — спытаўся старэйшы, з двумя паскамi на пагонах.
— Я хазяiн, — спакойна, прыглядаючыся яму, адказаў Антось.
— Лошадзь iмееш?
— Нiма.
— Как то на хадзяйстве i лошадзi ня iмееш?
— Учора парцiзаны забралi.
— Анi зьдзесь былi?
— Ага, былi. Паласавалiся.
«Ваяка» стаяў на нагах няроўна, але трымаўся зухавата. З кiшэнi портак тарчэла ручка нагана. Ягоныя сябры наперавес трымалi савецкiя стрэльбы.
— Что значыт паласавалiся?
— Значыць усю вёску абабралi.
«Ваякi» пераглянулiся.
— А водку iмееш? — пытаўся старэйшы.
— Ды не, нiма. Адкуль яе мець, тую водку.
— Будзем iскаць.
— Шукайце.
Аббегалi хату сьвiран, кладоўку й нiдзе не палакамiлiся нiчым.
— А ты пачаму нi ў парцiзанах? — спытаўся зноў старэйшы Антося.
— А чаму мне там быць? Вы-ж зь iмi ваюеце?
— Ну эта наша дзела.
Ромак вурчэў. Антось стрымлiваў сабаку. Адно адшпiлi яму зашчапку ад скуранага каўняра, адразу кiнецца на чалавека, саб'е яго з ног. Пры помачы Ромка мог-бы Антось iз трымя справiцца, але што будзе, калi iншыя налятуць? Лепш не.
Бацька загадаў Януку ўцякаць iз кабылай у лiпавiцкi лес.