Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Палажэньне «жабы», як яе дзябёлая Ганна ахрысьцiла, было няпростае. У Беларусi настаўнiкi былi некалi паважанымi аўтарытэтамi, хаця й гаварылi мовай акупанта, палянiзавалi цi русыфiкавалi народ. Навет з дозай казённага яду, настаўнiк усё-ж вёў дзетак «у людзi», недзе ў сьвет лепшага жыцьця. I калi ведамае «бацька бяз школы араў i ты будзеш араць» яшчэ ня выкаранiлася, дык спадзявалiся, што школа можа адчынiць дзьверы ў лепшы сьвет, дзе для пражыцьця не абавязкова араць. Настаўнiк быў мясцовым аўтарытэтам, што не абавязкова за пару яек цi якую скварку мог параiць людзям як далезьцi ў шырэйшы, мудрэйшы й лепшы сьвет ды па якiх ступеньках пачынаць. Настаўнiк меў нейкi арэол мудрасьцi, навет улады. Дзiва няма, што так званыя вясковыя iнтэлiгэнты, часта духовыя
Некалi ўстаноўленыя нормы жыцьця крушылiся ў паядынку двух тытанаў. А на тых лапiклах краiны, дзе таптуны тымчасам яшчэ не тапталiся, старалася прыжыцца i ўкаранiцца адвечнае мясцовае. Сейбiтамi яго сталiся юнакi й юначкi з часта хаатычнымi запасамi практыкi й ведаў, нясьмелыя, мо спалоханыя. Асаблiвай была сытуацыя на ўзьлесьсях, недалёка логавiшчаў бандаў, што перш, чым схапiцца ўдужкi iз сваякамi па iдэялёгii, тапталi й вынiшчалi ўсялякiя парасткi мясцовага, што iмкнулася аднавiць роднае й дарагое. Пастаўленыя капрызам лёсу ў такое цяжкое становiшча, маладыя настаўнiкi часта йшлi вобмацкам, амаль без падтрымкi й заплечча. Перапалоханыя нагласьцю бандытаў, што служылi Молаху зь «вялiкай зямлi», яны часта зрывалiся зь ненагрэтых яшчэ гнёздаў.
Здаралася, што начамi Дуня доўга сьлязьмi мачыла падушку. Гарту для вытрываньня мела даволi, але куды лягчэй было-б, калi-б побач яе быў мiленькi Янучок. Дзе ён, любы, злаценькi, чаму ня йдзе побач яе на ўзьмежжы, ня дэклямуе насычанай каханьнем паэзii? Чаму, замiж яго, нейкая порхаўка, п'янiца, свайго роду Квазiмодо? I яшчэ збоку, за кiлямэтры чатыры адлегласьцi, быў «рыцына», Аблiзаная Авечка, што цi раз, пасьвiстываючы, на сваiм ровары-самакаце (дзе ён такi навюсенькi дастаў?) да яе заглядаў. Заходзiў у хату, быццам яго хто прасiў, а Кацярыне, Дунiнай гаспадынi, прадставiўся як Дунiн дзяцюк. Прагнала яго раз, за тыдзень прыехаў зноў. Ты яго выганiш празь дзьверы, ён улезе праз вакно, а калi-б i вокны пазачыняць, дык цi ня ўлез-бы, як той Дзед Мароз, праз комiн.
Можа-б i трывала далей Макатунiшка, калi-б не падзея ў Малiнаўцы, што ляжала зусiм побач калiшняй польска-бальшавiцкай мяжы. Школу, што абслугоўвала тры вёскi, там кагадзе нейкiя «гэройскiя» перадавiкi зь «вялiкай айчыннай» з дымам пусьцiлi. Настаўнiкам, — аднаго зь iх Дуня ведала, — удалося выратавацца. Камень быў кiнуты, кругi ўсё шырэй расплывалiся па вадзе. Вялiкi лiк школаў Докшыцкага раёну стаяў пад пагрозай лiквiдацыi.
Выпрасiўшы ў солтыса фурманку, не паведамiўшы навет Капышынскага, Дуня спакавала ўсё сваё дабро ў адну валiзу i ў сьнежаньскi дзень пакiнула Бярозаўку ды загадала адвезьцi сябе ў школьную раённую ўправу ў Докшыцах. Iнспэктар Воран, сухi, высокi, чэрствы ў твары дзядзька, змораным зрокам зiрнуў на дзяўчыну з-за заваленага паперамi стала ў канцылярыi.
— Не, не кажыце мне, спадарычня Макатун, знаю, знаю, чакаў на вас.
Iнспэктар устаў з-за стала, пачаў хадзiць па халодным пакоi. Рассыпаныя пасiвелыя валосы, што даўно з ножнiцамi бачылiся, крыху прыгорбленыя плечы. Патрапаныя боты, паўсуконная сьвiтка й порткi. Няўклюдны крок. Здалося Дунi, што дзядзька Воран лепш выглядаў-бы й чуўся за бараной i зь лейцамi ў руках. А вярхоўны аўтарытэт раённае асьветы гаварыў цьвёрдым голасам:
— Пачаткi. Плянавалi, будавалi, камбiнавалi, каб паўстала, вырасла, ажыло, як Фэнiкс з папялiшча. Пры немагчымасьцях, пры ўсiм запярэчаньнi жыцьця. Там, дзе прадказана тымi, што ўладу й сiлу маюць, што жыцьця тут не мае быць, толькi гвалтоўнае, наглае i камплетнае разбурэньне. А мы, — ох, Божа мой! — наўсуперак гэтаму рупiлiся пра родную зямельку, пра дзетак i пачалi сеяць зерне. Вас, маладых, нявыпрабаваных, як належыцца непадкованых i ненавучаных кiнулi, можна сказаць, на пярэднюю лiнiю. Адвага! Не, няправiльна. — Гэта — не адвага, то роспач. Выхаду ня было. Можа там, дзе спакайней, дзе ня стопчуць, можа будзе ўражай якi… Калi не заглушыць гiрса, асот. сьвiрэпка, пустазельле… А тут? Прапала. Ужо вiдаць,
Дунi ўмiг стала ясна: i анахранiзм — мяшок бульбы, i тое, што сама галадала, i многа, шмат чаго iншага, дый навет i тое, чаму народ ня мог вытлумачыць узросту «жабоцькi-вучыцелькi». Гледзячы на iнспэктара Ворана, сьцiснулася ёй сэрца. Хацелася-б прыгарнуць яго к сабе блiзка-блiзка й сказаць зь пяшчотай, быццам бацьку: «Тата, ня трэба. Сядзь, даражэнькi, успакойся. Трэба верыць i змагацца. Мы маем сiлы, мы маладыя, мы яшчэ вырасьцем i паможам, пераможам».
Камяк у горле замiнаў дыханьню.
Воран скончыў гаварыць, стаяў перад вокном, задам да Макатунiшкi й глядзеў у нейкi пункт. А можа нiчога ня бачыў, цi ўяўляў папялiшчы ўжо там, дзе сяньня яшчэ чуваць звонкiя дзiцячыя галасы… Вакно, у якое глядзеў Воран, ня мела фiранак i даўно, мусiць, ня ведала дбайлiвае рукi гаспадынi. Iнспэктар памалу сеў, выцер чыстай насаткай твар i проста зiрнуў на Дуню.
— Едзь, дзяўчына, дадому. У вас там Плясьневiчыха дзетак калечыць. Ты на яе месца. Згода?
Голас з прыцiскам фiнальнасьцi, ледзь не загад, калi-б не апошняе слова. Дуня добра ведала Плясьневiчыху й нядрэнна ўяўляла як яна магла вучыць дзетак. Але што сказаць iнспэктару? У чужой вёсцы людзi жабай ахрысьцiлi, а што ў сваей будзе?
— Спадар iнспэктар, як мне працаваць у сваей вёсцы? Людзi мяне змалку зналi… Як яны будуць паважаць мяне, такую маладую, якую ў Бярозаўцы жабай празвалi?
Воран падпёр твар рукой, уважна пазiраў на Дуню.
— Спрабуй. Вучыць патрапiш, добра раду дасi, дык i людзi да цябе з пашанай пачнуць адносiцца. А калi помач трэба, зьвяртайся да мяне, памагу. Цяпер-жа я не магу Плясьневiчыхi там пакiнуць.
I пасьля, прыгадаўшы гэны момант, дзiвiлася Дуня, чаму проста й спакойна адказала: — Добра, спрабую.
Можа таму, што гаварыла ейнае растрывожанае пачуцьце й хацелася памагчы гэтаму зморанаму дзядзьку.
29
Задняя вайна прыйшла ў ваколiцы Лiтоўцаў у жнiвенi трэцяга лета. Задняя таму, што пярэдняя адбывалася яшчэ далёка на ўсходзе, хоць ужо й наблiжалася. А ў вёску раней заглядалi бальшавiцкiя банды для рабунку й радзей падарозе на чыгунку. Вёска баялася, што апынулася ў чырвонай зоне й што чакае яе лёс iншых вёсак, ад якiх асталiся абгарэлыя комiны й лебяда на папялiшчах. Вёска тапталася яшчэ па вытаптаных сьцежках i ў ненармальным становiшчы намагалася ўтрымаць сваю нейкую нармальнасьць. Вёска, у якой певень, асаблiва той на золаку, быў яшчэ аўтарытэтам, трымалася як магла. Людзi бачылi, што навокал адбываецца вялiкае лiха, якога не маглi вытлумачыць ня толькi пахатухi, але й мясцовыя «культурныя людзi». I вёска спадзявалася, што яе мiне нейкая свая садома. I ўсё-ж, калi прыйдзе якое страшнае лiха, дык адкуль i ў якой хворме? Хто-ж мог ведаць… Нiхто навет ня раiўся зь дзедам Якубам, якi ў немачы больш ляжаў пад коўдрай, або грэўся на печы.
— Хто знаiць, якая бяда будзiць, каб яе макарэц! — крактаў дзед.
Новы акупант ня душыў такiмi падаткамi, як некалi бальшавiкi. Гэта ня прыносiла вялiкае пацехi. У сумежных лясох была адна ўлада, а ў Гацях другая. Лясная, або начная ўлада таксама брала падаткi, значыцца рабавала налётамi. Праўда, у параўнаньнi зь iншымi вёскамi, Лiтоўцам даводзiлася лягчэй, але гэта ня значыла, што iх нагала ня абчысьцяць заўтра цi пасьля.
З двух бакоў чыгункi, на якiх мэтраў сто цi болей, павысякалi лес. Гэтта добра папрацавалi прымусова сагнаныя вакольныя сяляне. Цяпер вочы ахоўнiкаў мелi далейшы засяг. Усё-ж банды падпаўзалi начамi да самае чыгункi, узьбiралiся на яе цiха, як зладзеi ды бязь нiякiх «ура за родзiну» прадаўжалi рэйкавую вайну. Кажнае ранiцы нямецкiя патрулi, як мага, дакладна правяралi зялезны шлях, цiкавалi за рэйкамi й шпаламi, асаблiва сьлядзiлi, цi не раскапаны дзе жвiр, абяззбройвалi мiны. У стратэгiчных мясцох Немцы пабудавалi добра абкладзеныя зямлёй i бярвеньнем бункеры. Сяляне, ведама, i блiзка да iх не падыходзiлi.