Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Зьняможаны, — так хацелася пiць! — сядзеў у камэры сам, на чужых нарах журыўся. Усе пайшлi на працу, пад канвоем, дзесьцi ў нейкiх менскiх развалiнах падбiраюць хлам. А ён, Янук, яшчэ да суду павiнен у камэры сядзець. Пасьля мо й яго на працу пусьцяць.
Дзесьцi на змроку, з бойкiм голасам, у лiку iншых, прыйдзе з працы пензенскi злодзей Мiшкiн, ён-жа камэры гаспадар. Яго ўлада. Спрабуй, не паслухай. Ля яго ацiраецца мянчанiн, пабiты воспай твар, чырвоны п'янiцы нос, Кабылкiн. Ён вечна ў той чырвоны нос нешта гугнявiць. I яшчэ прыйдзе некалькi людзей, а можа навет i хто з «новабранцаў» зьявiцца. На нарах даволi месца для чатырох, а рэшта на халоднай цэмантовай падлозе сьпiць. Найнавейшыя пачынаюць ад парогу, ад гадкай сьмярдзючай парашы, каторую ачышчаюць раз на дзень.
Праўда, нiхто не пачынае ад парашы два разы, а Янукова пачынаньне даўно мiнула. Першую ноч прачнуўся, як у камэры, перапоўненай
Голас Паляка крыху ацiх. Цiкава, што за чалавек. Пэўне-ж за нейкую палiтыку, а можа за спэкуляцыю сядзiць. Скарэй за апошняе. Iх, гэтых спэкулянтаў-анткаў на шляху Вiльня-Менск маса. Зь iмi й Бахмач сюды трапiў. Мусiць i яго за спэкулянта палiчылi, хоць яны й ня пыталiся.
У канцы лiстапада Лявон i Янук, падарозе зь Вiльнi дамоў, каб прывезьцi харчоў, наважылi ў Менск заехацца. Нельга сказаць, каб Менск падарозе ляжаў, але юнаком, зь iх прыгоднiцкай натурай, як-жа яго абмiнуць. Да гэнага часу Загорны нiколi ў сталiцы ня быў i, наслухаўшыся пра яе ад Бахмача, загарэўся ахвотай.
Цягнiком ехалi «на зайца». У Вiльнi проста амаль немагчыма было дастаць дазвол на праезд чыгункай ад мясцовага нямецкага камiсара. Злажы заяву, пачакай два цi тры месяцы й пасьля таго яшчэ на двое бабка варажыла. Спэкулянты падкуплiвалi ўраднiкаў за грошы й прадукты, а бедныя студэнты мусiлi галадаць. Ехаць «зайцамi» небясьпечна. Нямецкiя кандуктары, часта пры помачы жандармаў, праводзiлi дакладную кантролю пасажыраў з таварных вагонаў, бо ўсе асабовыя вагоны займала войска.
Маладосьць i рызыка, — мiж iмi трэба было-б знак роўнасьцi паставiць. Паколькi ў нашых гэрояў хапала аднае i было ўволю другога, у канцы лiстапада, далёка ўбок ад свае радзiмы, яны ў Менск заехалiся. Прыехалi ранiцай, найперш зайшлiся да Нiны Рашкевiчыхi на Камароўцы, заглянулi ў рэдакцыю беларускiх газэтаў, дзе Янук атрымаў сьцiплы ганарар за свае вершы й карэспандэнцыю зь Вiльнi. Пасьля аблазiлi й авгледзiлi цэнтар гораду, зазiрнулi на Чэрвеньскi рынак, зайшлiся ў рэстаран, дзе наелiся смачнай капусты й бульбяных аладак з лоем.
Як на дзiва, вечар быў цёплы й цiхi, шамацела яшчэ пад нагамi лiсьце ля калiшняга ўнiвэрсытэцкага гарадка й не спраўляў хаўтураў мiж руiнаў вецер. Хлопцы былi ў добрым настроi, жартавалi воддаль ад вакзалу ля «таварняка» iз спэкулянтаў, якiя, абладаваўшыся рознымi валiзамi, мяхамi й iншымi кошыкамi, ужо сплывалiся сюды на падарожжа ў Вiльню. Да адходу цягнiка заставалася даволi часу. Руiны гораду расплывалiся ў змроку, нiхто сьвятла не палiў, адно гучным жыцьцём кiшэла войска ля сваiх «нур фюр дойчэ» кухняў i цягнiкоў. Анткi, збыськi й iншыя малгосi, быццам куры на курасадню, усаджвалiся ў таварныя вагоны, дзялiлiся апошнiмi навiнамi пераклiкалiся розныя знаёмыя. Сярод iх юнакi чулiся быццам дома. Як-нiяк, гэта была гамонка («гвара») так добра iм ведамага вiленскага рынку.
Янук, як пасьля шмат каму расказваў, улез аж дзесьцi ў сярэдзiну вагону й толька пачаў разглядацца, дзе падзеўся сябра, як сталася нешта нязвычайнае. Пачулiся крыкi i з двух бакоў вагонаў зьявiлiся зялёныя мундзiры. Янук намагаўся клiкнуць сябру, але той ужо недзе зьнiк. Неўзабаве вайскоўцы сiлай пачалi выкiдаць людзей з вагонаў i зусiм iхным багажом, ставiлi iх ў калёну, абкружылi канвоем i загадалi йсьцi. Янука быццам маланка сьцебанула. Арыштавалi!
Побач чыкiльгалi анткi й малгосi, праклiнаючы пад нос, валачылi цяжкi багаж, якога заўтра ранiцай чакалi на вiленскiм рынку людзi. Адно Янук трымаў рукi ў кiшэнях i прыглядаўся мурлатым людзям у зялёным. Усе яны шырокаплечыя, як-бы хто на адну мерку iх выбраў. На рукавох Бахмач спасьцярог чырвона-бела-чырвоныя шчыткi. «Латышы, каб вы пагарэлi. Поскудзь. Пэўне-ж зь мясцовага СД». Маладому юнаку давялося ўжо бачыць розных акупантаў i паразiтаў, а такiх вось сустрэў упяршыню. Што гэта за народ? Калi ён быў, адкуль узяўся? Казалi людзi ў Лiтоўцах, што гэта яны вымардавалi ўсiх Жыдоў у глыбоцкiм «гетто». I прыгадалася iншае. Зь iншага часу й тэрыторыi: латыскiя стралкi на стражы кастрычнiцкай рэвалюцыi. Калi зьняможаныя вязьнi з турмы народаў ськiнулi ярмо, пачалi на ногi станавiцца, свае нацыянальныя дэмакратычныя дзяржавы будаваць, бацькi во гэтых мурлачоў узялi зброю, каб стануць на старожы ленiнскае брыды-пачвары, што тады ледзь пры жыцьцi ў пялёнках лiпела. Гэтыя нелюдзi памаглi пачвары
Янук ня скончыў яшчэ сваiх разважаньняў на латыскую тэму, а ў галаве стаяў Лявон. Дзе-ж ён падзеўся? Можа дзе йдзе з боку, прыглядаецца куды вядуць iх. Калёна, чалавек больш сотнi, затрымалася перад высокiм зялёным плотам, адчынiлася недзе сьпераду брама й людзi ўвайшлi ў абшырны двор, якi з трох бакоў замыкаў грозны ў цемры, двухпавярховы будынак. Краты ў вокнах. Вязьнiца!
Час першай сустрэчы зь вязьнiцай заўсёды пасьля згадваўся Януку з дрыготкай жаху. Холадам праймала. Да гэнага часу пра вязьнiцы чыталася нешта ў лiтаратуры, iх бачылася ў кiно, пра iх чулася ў апавяданьнях старых людзей, пра iх сьпявалася ў тужлiвых, на тэму «дайце мне волю й сонца» песьнях. Ведалася, што людзi пры ўладзе трымалi за кратамi тых працiўнiкаў, якiя iхнай уладзе не хацелi падпарадкоўвацца з палiтычных цi грамадзкiх мяркаваньняў. I яшчэ здавалася, што за кратамi сядзелi людзi дрэнныя, пэўне-ж вiнаватыя, што кары нейкае заслужылi. Янук нiколi ня мог уявiць, што гэтая страшная будынiна стане ўпоперак ягонай, Бахмачовай, дарогi, што паглыне ў сваё цёмнае й сьмярдзючае нутро яго, наiўнага й нявiннага юнака.
Першы раз вязьнiчныя дзьверы зачыняюцца за табой зь нейкай жахлiвай фiнальнасьцю. Нешта зрываецца з упарадкаванага пульсу твайго нутра. Глухi скрыгат завесаў цi ўдар дзьвярэй адразае цябе ад дарагога, незаменнага вольнага сьвету, дзе як-нiяк ты сам сабой загадваў. Апынуўся ты ў дзiўным, цесным, што цябе душыць, затхлым, брудным лябiрыньце. Там нехта, табе зусiм недаступны, камплетна табой валодае, сочыць кажны твой рух, кажны крок. Спачатку вобмацкам i наўгад пачынаеш усьведамляць новую iснасьць. У гэтым, табе новым, для цябе нярэальным сьвеце ты ёсьць абсалютнай нiкчэмнасьцю, макулiнкай пылу, якую можа дзьмухнуць, падхапiць i панесьцi ў нябыт якi хочаш вецер. Усьведамленьне свае нiкчэмнасьцi тым больш усёпаглынаючае i ўсёзьнiшчальнае, калi ўявiш сваю поўную бясьсiльнасьць навет перад гэтым вартавым, што сочыць за табой як пастух за статкам вунь праз гэнае «воўчае вока», або й перад тым вунь мурлом, што налiвае табе ў бляшанку баланду. Папрасi ў яго больш, дык палонiкам па лбе атрымаеш. Усьведамленьне нiкчэмнасьцi ўзмацняе й веданьне таго, што ўсе духоўна-маральныя вартасьцi, на якiх ты ўзгадовываўся ад малога, у гэтым будынку ня маюць нiякiх правоў грамадзянства, значэньня, зусiм ня iснуюць. Слабасьць вядзе да роспачы, а тая родзiць сумлевы, што ў чалавечай душы побач дрэннага iснуе й добрае.
Усьведамленьне нявiннасьцi нараджае пратэст. Калi-б Янук думаў рацыянальнымi катэгорыямi, хутка прыйшоў-бы да выснаву, што паланеньне яго зьявiлася зьбегам розных непрадугледжаных абставiнаў. Вайна й хаос, цi навет, калi хочаце, панаваньне безагляднай сiлы, ствараюць дасканалыя для гэтага перадумовы. Спэкулянты, каторых пару вагонаў на нейкi загад забралi й пагналi ў вязьнiцу, таксама пэўне-ж былi нямiла зьдзiўленыя такой выпадковасьцю. Як-нiяк, пропускi каштавалi iм. За гэны кошт яны, мусiць, спадзявалiся мiнiмальнай бясьпекi. Але з гэнымi ўладамi, наверсе, што абсалютную сiлу маюць, цацкацца нельга. I м вось уздумалася, зь нейкай прычыны, узяць усiх збыськаў, анткаў i малгосяў ды завалачы ў вязьнiцу й бясьсiльнымi аказалiся тыя чыгуначныя «райзэшайны». Дарма, што да гэтага часу знаў ты чыгуначную ўладу, грэў рукi кандуктару. У абдымках гэтай маленькай, капрызнай хвалi апынуўся й зусiм нявiнны юнак зь Лiтоўцаў. А Лявону, каторы, вiдаць, спасьцярог Латышоў, як прыблiжалiся ды мо й ня мог сябру перасьцерагчы, удалося ўцячы.
Пратэстуе запертая ў клетку птушка. У яе, як вядома, птушыны, значыцца нiякi розум. Яна б'ецца крыльлямi аб сьцены, цi вокны, часта на сьмерць забiваецца. Чалавек накшы. Ён разважае. I пратэст яго можа быць больш ёмкi, калi розум падказвае, што цябе вязьняць бязь нiякае прычыны.
Сьцьвердзiўшы сваю нявiннасьць, Янук узяўся пiсаць просьбы вязьнiчным уладам, каб яго звольнiлi, што ён, вiдаць, трапiў сюды праз памылку. Пiсаў, калi паперы мог ад вартавых атрымаць, панямецку, муштраваў свае мазгi, рацыянальна тлумачыў выпадак, дзякуючы якому тут апынуўся. Лiсты цi просьбы гэтыя аддаваў вязьнiчным сторажам, якiя звычайна абяцалi перадаць iх начальству вязьнiцы. Цi перадавалi, цi не, невядома, але Янук нiколi нiякiх адказаў на iх не атрымлiваў. I тады паўтараўся цэлы працэс. Янук пачынаў пiсаць новую просьбу. Яму адно сказалi, што каб сядзеў да суду, а калi суд адбудзецца то яму скажаць за што ён сядзiць i колькi тэрмiну зьняволеньня мае. Адылi нiхто не сказаў яму як мае адбывацца суд. Гэта значыцца вязьнi махалi рукамi й гаварылi, што нiколi нiкога на суд ня выклiкаюць, што калi й запраўды такi ёсьць, дык ён, мусiць, тайны. Януку раiлi сядзець спакойна й чакаць свае долi, якая-б яна ня была-б.