Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Ды не! Прамень сонца адтуль не загляне ў камэру. Каб вас чэрцi! Акно тое-ж з паўночнага боку. Людзi, што плянавалi вязьнiцу, забаранiлi ў яе доступ сонцу. З паўдзённага боку, кажуць, суцэльная сьцяна. Чаго добрага, сонца думкi пра волю нарадзiць можа. I тады небясьпечна.
Не, не пакарыць вам ужо яе, гэтай новай, Януковай, Беларусi. Яе юнак сустракаў у вясковай школе, у Вiленскай Беларускай Гiмназii, чуў яе ў дрыжачым сьвятаровым голасе на фэсьце Яна ў Гацях, распазнаў у дыдактычна-практычным голасе Антося Дзеркача i ў бацькоўска-сяброўскай гутарцы агранома Падгайскага, захапляўся ёю ў гiстарычных вандроўках настаўнiка Сабалеўскага. Але найлепш яе пазнаў i з захапленьнем
Зялёна-шэрыя, з хатняга саматканага палатна, мундзiры. На шапках пагонi. Палатно, пэўне-ж, Беларуская Самапомач сабрала й вопратку пашыла.
Як шырока i далёкаБеларуская зямля,Заклiкае вёску горад,Клiч магутны юнака.Звонкiя юнацкiя галасы й роўны маршавы крок. «Клiч магутны юнака» глохне ў бясконцых руiнах. Пад нагамi, на бруку абвестка: Тодар Лебяда. Загубленае жыцьцё. Менскi Гарадзкi Тэатр. Яе, мусiць, вецер сарваў. Жыцьцё было загубленае. Iхных бацькоў i матак, i сваякоў, i iм самiм рыхтавалася. А якое яно заўтра будзе? У гарне ваеннага лiхалецьця налiваюцца й буйнеюць маладыя галасы:
Гэй, з намi, гэй, з намi радамi!Юначка, юнак!Бяры ты, бяры ты, нясi ты,Сяброўскi наш знак!Дарма, што навокал руiны, дарма, што й цяпер зьнялюдзелыя чужакi тузаюць i рвуць на кавалкi беларускае цела. Там, дзе жыцьцю наканавалi сьмерць, нешта ўсё-ж прыжываецца. Цьвёрды крок, упэўненыя галасы, мэлёдыя бадзёрасьцi й лёту да сонца, да новага жыцьця. Насуперак волi варвараў, мэлёдыя прарываецца, трывае, стараецца прыжыць, каб нязломнай волi жыцьця аддаць належнае. Як мiла, пазiраючы на гэтых юнакоў, табе на сэрцы!
Сяньня сiлы маладосьцiСорам дома марнаваць…Вялiкая й магутная ты, Матка Лiтва. Тваей крывёй чужакi стагодзьдзямi ўпiвалiся й дурманелi. Гнёзды тваiх дзетак раськiдалi, жылы з твайго цела выцягвалi. Аднаго часу, навет без панiхiды, мёртвай цябе абвесьцiлi й iмя тваё забаранiлi памiнаць. А ты, у муках страшэнных, змагалася, перараджалася-адраджалася й выжыла. Колькi разоў ты ярмо намагалася ськiнуць, аковы няволi парваць! Наперакор чужым варварам, ты не памерла. Наадварот. Вунь па менскiм бруку йдуць вястуны новага жыцьця.
Трэба шчыльнымi радамiЙсьцi радзiму будаваць!Гэй, з намi…Юнакi тыя ў Януковых гадох. Яны й цяпер дзесьцi на занятках, цi ў школе. Iз тым ведамым клiчам: «галоўнае — не хвалявацца, а спакойна перажоўваць страву». Ёмка сказана. «Перажоўваць страву», каб «радзiму будаваць». А Янук, iхны аднагодак, мог-бы быць разам iзь iмi, у тым самым супольным узьлёце да сонца. Але цяпер ён сам. Капрыз лёсу закiнуў яго ў камэру вязьнiцы. А можа гэта Бог яго спэцыяльна выпрабоўвае?
Дзесьцi ў школе ў Лiтоўцах зроўнаважаным крокам, сканцэнтраваная, маршыруе перад дзеткамi Дуня. Значыцца не маршыруе, але паволi ходзiць. Дуня любiць перад вучнямi хадзiць. Хада памагае думаць i ўсiх на воку трымаць. А ейны спакойны голас апавядае дзеткам пра Нёман i Дняпро, Вяльлю й Нарач, i Заходнюю Дзьвiну. Часьць дзяцей мае пiсьмовую лекцыю. Як-бы хацелася Януку, каб нейкi дыван-чарадзей перакiнуў яго зь менскай вязьнiцы ў Дунiну школу, каб хоць на момант зiрнуць на мiлы тварык, пацешыцца васiльковымi вачанятамi, глянуць на пяшчотныя вусны.
У вязьнiцы шмат чаго й каго iдэалiзуецца. Для Янука Дуня Макатунiшка гэта ўжо ня звычайная рагатуха гарэзьнiца, а нейкая зусiм недаступная сьвятоша, ледзь ня ангел. Як казаў у iншым зьмесьце вялiкi паэт: колькi цанiць цябе трэба, адно той спазнае, хто цябе страцiў…
«Няўжо-ж, няўжо я Дуню страцiў?» — думаў Янук.
Горкiя сьлёзы хлынулi раптоўна на бледны й сухi твар. Глыбокi плач пачаў тузацць грудзьмi. Воля сьлёзам. Але яны хутка перасохлi й асталося зьняможанае ўздыханьне.
На калiдоры пачулiся крокi й галасы спынiлiся ля дзьвярэй. У замочыне заскрыгатаў ключ. Людзi вярталiся з працы. Янук мiгам ускочыў з нараў.
31
Дуня Макатунiшка й Нiна Бурачыха (цяпер Дзеркачыха) дрыжэлi ў нары ад холаду й страху. Выскачылi проста з нагрэтай пасьцелi. Добра, што абутак i вопратку схапiлi, якая, дзякуючы Антосевай мудрасьцi, якраз такой нагоды пры ложку чакала. Цяжка было-б сказаць, цi дрыжэлi больш з холаду цi перапалоху. I адна, i другая ня толькi баялiся слова вымавiць, каб, баранi Божа, бандыты наверсе не пачулi, але турбавала кажную зь iх занадта раптоўнае, з паднечаньня, бiцьцё сэрца. А тыя, наверсе спынiлiся й перасталi пад нагамi рыпець масьнiцы.
— Глядзi, Лявон, коўдра адкiнутая, пасьцеля цёплая. Яны, гэтыя фашысцкiя блядзi, недзiка саўсiм нiдалёка.
Голас памяркоўна-разважны, ядавiты, помсты прагны.
«Хто-ж гэта такi? Цi ня Павалiцкi Хвёдар?» — думала Нiна.
— Дык дзе-ж яны могуць быць, калi з хаты не ўцяклi?
Жанчыны, здавалася, зусiм спынiлi дыханьне. Так добра iм ведамы Лявонаў голас гэтта-ж над падлогай, проста над iхнымi галовамi азначаў нямiнучую загiбель, калi бандыты будуць кемлiвымi й спасьцерагуць пад ложкам, закрыты дзьверцамi, прарэз, што вядзе ў склеп. Амiн усяму. Нiна, дрыжачая, зубы сьцiснула: «Антоська, родненькi мой саколiк, дзе ты? Пастку-ж ты на iх змайстраваў. Зьявiся во цяперака, памажы нам. Божа, зьмiлуйся, памажы!»
Упоцемку Дунiна рука аблапiла й моцна сьцiснула ейную далоню i як-бы новай i спорнай сiлай ў Дзеркачыху ўлiлася. Збоку-ж сяброўка… Можа як парадзяць з гэтай пошасьцяй… А можа там, — быць-жа ня можа, каб нiхто не пачуў i ня бачыў iх, як сюды йшлi, — можа як перададуць палiцыi ў Гацях. Быць ня можа, каб ратунак ня прыйшоў.Гэты басяк, пэўне ў лесе зусiм зьдзiчэў. Колькi пазьдзекуецца, пакуль Богу душонку сваю аддасi…
А тыя наверсе стаялi, разважалi нешта, Каб iх чорт узяў! У гэны дзень, пасьля раньняга зьмярканьня, Дуня доўга працавала над школьнымi сшыткамi, пры мiзэрным сьвеце лямпы. Зусiм бяз практыкi навучаньня адна на чатыры клясы ў школе вёскi, дзе некаторыя старэйшыя вучнi й цяпер яе «Макатунiшкай жабоцькай» называлi ды не хацелi слухаць, Дуня цягнула, як магла. Патрабавалася надзвычайнае адвагi й вытрываласьцi. Ня гледзячы на кусьлiвыя языкi некаторых вяскоўцаў, Дуня ўцягнулася, дысцыплiнай i пасьлядоўнай працай пачала здабываць зусiм заслужаны аўтарытэт. А працы ўсё прыбывала.