Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Дні чалавека — як трава, — ледзь чутна шаптаў ён, — як палявая краска… так ён цвіце. Пройдзе над ёй вецер, і няма яе…
Сказаўшы тое, што захоўвала яго падсвядомасць, стары змоўк. Пасля гэтага цела няшчаснага затрэслася ў канвульсіях. Ян схіліўся над ім, абняў паміраючага, — у тую ж хвіліну цела Пахомія зрабілася нерухомым. Ян дакрануўся шчакой да яго носа — стары ўжо не дыхаў…
Сабраўшыся з сіламі, Ян узняўся. Як той вар'ят, ён гучна паўтарыў:
— Я знікаю, як адыходзячы цень… знікаю, як адыходзячы цень!..
Адчуваючы боль у нагах, у спіне, ён пачаў хадзіць па каплічцы, трымаючыся за сцены, і мармытаць:
— Я знікаю, як адыходзячы цень!..
Так ён хадзіў да таго часу, пакуль не паваліўся ад знямогі.
XIV
Пра
Ісціны ж да нейкага часу ніхто, акрамя бліжэйшых паведамляльнікаў княгіні, не ведаў. І толькі пасля таго як панначка дазналася пра здарэнне і рашуча патрабавала ад гаспадыні замка вызваліць садоўніка, чэлядзь нарэшце аб усім здагадалася. Адразу высветлілася шмат непаразуменняў: і прычына вялікага жывата панначкі, і яе нядаўнія адлучкі на Папову горку, і частыя візіты галоўнага садоўніка ў замак. Усім усё стала зразумела. І ўсе як адзін былі вельмі здзіўлены. З гэтага дня ў калідорах замка, пакоях і пакойчыках толькі і было размоў, што пра сувязь панначкі і маладога садоўніка. Мала хто спачуваў вінаватым здарэння; большасць проста цешыла самалюбства — асуджала, паколькі ставіла ўмоўнасць жыцця значна вышэй чаго б там ні было. Розум нявольніка трактаваў гэтую правіннасць не інакш як незаконнай і не знаходзіў ёй апраўданняў. Выхаваныя па-за воляю, слугі Эрдзівілаў проста не маглі думаць інакш.
З некаторага часу вароты замка былі надзейна зачынены. Не пускалі нават гандляроў. Адзін раз у дзень дазвалялася выйсці дружыннікам, каб змяніць варту на Паповай горцы. Калі панна Марыя даведалася аб тым, што нявольнікам не даюць ні есці, ні піць, яна пажадала выйсці з замка. Але варта не выпусціла яе. Не дазволілі яны ёй выйсці і ў наступныя тры дні.
На чацвёрты дзень, калі дождж нарэшце змяніўся на замаразкі, з Паповай горкі прынеслі сумную вестку: нявольнікі не падаюць ніякіх прыкмет жыцця. Толькі тады варта асмелілася выпусціць няшчасную за вароты.
Панна Марыя панеслася так хутка, што аддадзеная Люцыя ледзь паспявала за ёй…
Дзверы каплічкі былі адчынены. Калі панна Марыя ўвайшла ў будынак, капітан варты і некалькі яго памочнікаў стаялі над целамі нявольнікаў. Лагафет быў мёртвы. Гэта ўгадвалася па яго твары і завостраным носе. У Яна яшчэ цеплілася жыццё. Твар яго быў пабялелы, такі, што панна Марыя ледзь пазнала яго. Яна падышла да яго, схілілася. Яе доўгія валасы ўпалі яму на падбародак. Халодны прамень сонца высвечваў на твары няшчаснага малейшыя яго рысы. Ян ляжаў, захінуўшыся ў плашч. Пастава і выраз твару Яна гаварылі пра тое, якія страшэнныя пакуты зазнаў ён за гэтыя дні. Невыносная барацьба з холадам і голадам прывялі яго да непрытомнасці. Шчокі яго запалі; падбародак зацягнула светлае шчацінне… Не звяртаючы ніякай увагі на дружыннікаў, панна Марыя пачала асыпаць твар Яна пацалункамі.
— Яначка, родненькі, ачніся!.. Гэта я, твая Марыся! Ачніся-я… — Яна паклала сваю галаву яму на грудзі.
Люцыя стаяла за яе спіной і плакала, — яна-то ўжо добра ведала, якія пакуты прынясе яе пані смерць гэтага хлопца… Ян доўга ляжаў без памяці. Нарэшце вочы яго адкрыліся. Але ён не пазнаў панначку. Позірк яго блукаў. Прытомнасць то прыходзіла да яго, то пакідала.
— Я… знікаю… — змог толькі вымавіць ён.
Доўга яшчэ не магла панначка зразумець, што ён — мёртвы. Усведамленне гэтага прывяло яе да дзіўнага здранцвення. Ёй здалося, што
Капітан варты распарадзіўся, каб падрыхтавалі ямы. Каля старых крыжоў адразу ж знайшлі месца. Застукалі лапаты…
Даволі хутка на старых могілках з'явіліся дзве неглыбокія ямы. Нейкі час панначка глядзела на тое, што рабілася вакол яе, спакойна. Але калі дзве труны сталі апускаць у ямы, яна сарвалася з месца і, звесіўшыся над магілаю любага, закрычала:
— І мяне разам з ім! І мяне!..
Ахоўнікі ледзь адцягнулі яе. Пакуль двое трымалі панначку, астатнія паспешліва засыпалі ямы зямлёй. Неўзабаве над магіламі выраслі два ўзгорачкі, над кожным паставілі зробленыя наспех крыжы. Толькі пасля гэтага панна Марыя прыціхла. Схіліўшыся на каленях перад крыжамі, яна пачала чытаць малітву, знаёмую яшчэ з дзяцінства:
— Дапамажы мне, Госпадзі Божа мой. Скіруй мяне на ісціну тваю і навучы мяне, бо ты Бог паратунку майго; на цябе спадзяюся кожны дзень.
Яна чытала малітву і кланялася да зямлі. А скончыўшы яе, паўтарала ўсё ізноў. Так яна малілася да таго часу, пакуль Люцыя і капітан варты не дапамаглі ёй падняцца. Яны павялі яе ў замак.
Блакітнае неба, сонца, зацягнутыя льдом бліскучыя лужыны ў парку, разнаколернае лісце пад нагамі — усё гэта бачылася панне Марыі ненатуральным, неверагодным. Якія адносіны магла мець смерць да такога пагодлівага дня? Яе ўсведамленне, якое адказвала ёй служыць, збівалася на гэтае абстрактнае пытанне. І гэта ў нейкай ступені супакойвала яе. Яна прайшла праз увесь парк — новы і стары — і, працягваючы здзіўляцца акаляючай яе прыгажосці, як быццам забылася пра тое, што бачыла на Паповай горцы.
Вярнуўшыся да сябе, яна адчула недамаганне. Дало сябе знаць нервовае ўзрушэнне і працяглае знаходжанне на холадзе. А ўначы ў яе пачалася гарачка. Пасля гэтага яна зусім страціла здольнасць разумна разважаць. Павінна было прайсці некалькі дзён, каб яна магла ўсвядоміць, што менавіта адбылося на Паповай горцы.
XV
Нервовае ўзрушэнне і хваробы, якія наваліліся на бедную панну Марыю, паскорылі яе роды. Ужо праз некалькі дзён пасля апошніх падзей на Паповай горцы ў яе пачаліся схваткі. У доктара Гюльсгаўзена дабавілася клопатаў.
Варта крыху падрабязней спыніцца на асобе гэтага чалавека, бо ён адыграе кароткую, але, пэўна, фатальную роль у нашай гісторыі.
Што прывяло гэтага немца ў прыватнаўласніцкі замак?.. Ну, вядома, жаданне зарабіць. Гюльсгаўзен ніколі не пакінуў бы жонку, дзяцей і свайго ўтульнага доміка, калі б не выгадная прапанова князя Станіслава. Сквапнасць найміта не ведала межаў. Ён браў грошы нават з княжацкай чэлядзі; цішком практыкаваў таксама і ў горадзе. Яго любімым заняткам быў пералік заробку. Звычайна ён забаўляўся гэтым позна ўвечары, перад сном; такая забава супакойвала яго. З гэтай мэтай ён зачыняўся ў кабінеце, даставаў з-пад ложка куфэрак і… аддаваўся асалодзе. Манеты, якія захоўваліся ў куфэрку, былі самыя розныя: і талеры, і злотыя, і сярэбраныя рублі. Захоўваліся там і розныя ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, завушніцы. Куфэрак быў запоўнены на адну трэць. Але і гэта прыемна хвалявала скнару. Спрабуючы ацаніць скарб, ён у думках пераводзіў яго ў дублоны або ў талеры. Пры гэтым, аднак, яму ніколі не ўдавалася падвесці дакладную рысу пад сваімі падлікамі.