Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— За такую знявагу Бог вам адплаціць, — ціха абазвалася панна Марыя. — Як і за ўсё астатняе.
Княгіня, якая не прывыкла чуць падобнае, гаркнула ў адказ:
— Хопіць затыкаць мне рот, мілейшая! Ты не слухалася мяне і вось атрымала!.. А цяпер, калі ласка, запомні: я табе гэтага не дарую! Я пастараюся зрабіць так, каб табе было балюча і каб ты ўсё жыццё, кожную хвіліну адчувала гэты боль! Я буду піць з цябе кроў маленькімі кроплямі! І вып'ю яе ўсю!
— Мяне няма ў чым вініць, — упэўнена адказала панна Марыя. Дзіўна, але чым больш страшнейшымі былі пагрозы княгіні, тым больш спакойна рабілася на сэрцы панны Марыі.— Я чыстая перад
— Пра якую чысціню ты гаворыш, бессаромніца! — істэрычна ўсклікнула княгіня. — З такім жыватом! Адумайся!.. Ты запляміла чэсць Эрдзівілаў! Ты проста не разумееш, што натварыла! Ніхто за трыста гадоў не ганьбіў так гэту фамілію!
Панна Марыя хацела было прызнацца пра свае заручыны з Янам. Але тут нечаканая думка спыніла яе: панначка падумала, што як бы яна ні старалася апраўдацца, княгіня не зразумее яе. Упершыню яна ўсвядоміла, што нікому ў цэлым свеце няма справы да яе шчасця і што любы можа пасмяяцца з яе і нават назваць яе ўчынак «сорамам». Яна апусціла галаву.
Княгіня прыняла яе маўчанне за раскаянне. Жадаючы выкарыстаць момант, яна пагрозліва спытала:
— Ад каго забрухаціла? Ад садоўніка? Адказвай, хутчэй!
Адчуваючы, якую бяду можа прынесці яе шчырае прызнанне, панна Марыя сабралася з духам і, гледзячы ў вочы ненавіснай старой, адказала:
— Я не скажу вам нічога.
— Не скажаш? — Княгіня здзівілася. З хвіліну яна глядзела ў твар суразмоўніцы, потым злосна працадзіла скрозь зубы: — Ну што ж, мілачка, за цябе скажуць іншыя. Хутка я даведаюся пра ўсё. І загадзя папярэджваю: хто б ён ні быў, я разлічуся з ім. Я загадаю чвартаваць яго — на плошчы, пры народзе. Я ўпэўнена, што гэта той чарвяк, нявольнік. А таму гавару табе: яму не здабраваць. Жывым закапаю! Клянуся, я гэта зраблю!
Сказаўшы гэта, яна раптам павярнулася і выйшла з пакоя. Дзверы за ёю зачыніліся так гучна, быццам стрэлілі з пушкі. Панна Марыя, усхваляваная пагрозамі і страшным прадчуваннем, пахіснулася. Люцыя кінулася да яе, абняла.
— Мацней, — папрасіла панначка. Ёй здавалася, што яна правальваецца ў глыбокую чорную яму…
Падтрымка служанкі дадала ёй сілы, праз хвіліну панна Марыя разрыдалася.
— Гора, гора мне, — стала жаліцца яна. — Жыццё толькі пачалося. Будучыня паманіла такой надзеяй — і вось усё рушыцца, як картачны дамок. Божа, чаму ты адварочваешся ад мяне? Чым я прагневала цябе? Усё было па волі тваёй. Ці не твае ўказанні я выконвала? Ці не табе я падпарадкоўвалася, як рабыня? Навучы, накіруй мяне на ісціну тваю. Ты Бог паратунку майго. На цябе спадзяюся кожны дзень…
Яна плакала, хрысцілася і прасіла ў Бога паратунку. Люцыя, моцна абдымаючы яе, адчувала, як уздрыгвае яе вялікі жывот і як дрыжаць яе худзенькія плечы…
XII
Гэты дзень выдаўся хмарным, панурым. З самай раніцы ішоў дождж, было ветрана і халодна. Восень, якая ўжо даўно ўступіла ў свае правы, паказвала сябе з самага непрывабнага боку. Каля замкавай брамы Яна затрымаў ахоўнік.
— Пускаць не дазволена, — сказаў ён.
— Як жа так, брацец? — здзівіўся Ян. — Гэта ж я. Няўжо не бачыш?
— Бачу, пан садоўнік, — адказаў брамнік. — Як раз менавіта вас і не дазволена. Асобае распараджэнне княгіні.
Яму прыйшлося вярнуцца на Папову горку. Ён здагадаўся, што цяжарнасць панны Марыі перастала быць тайнай, і захваляваўся. Так чулая маці раптам пачынае клапаціцца пра сваё дзіцяці, пакінутае на нейкі час у сваіх родзічаў.
Сустрэўшы
Увечары сабраліся ўсе пастаяльцы. За акном па-ранейшаму ліў нудны дождж, было сыра, затое пад дахам было цёпла і ўтульна. Ярка-чырвоныя агеньчыкі, што выскоквалі з прыадчыненай топкі печы, ажыўлялі змрок памяшкання. Нехта з пастаяльцаў, лежачы на лаўках, ужо драмаў. Нехта каля печы сушыў адзенне. Астатнія ціха гаманілі. Адзін, узяўшы на сябе абавязкі апальшчыка, зрэдку варушыў у топцы качаргой. Калі ён за гэта браўся, у памяшканні пачынала пахнуць дымком…
Калі зусім пацямнела і запалілі свечку, Ян узяў скрыпачку. Ён паднастроіў яе і паспрабаваў сыграць нешта знаёмае. Іграючы то адно, то другое, ён, нарэшце, спыніўся на сваёй мелодыі — той самай, якую сачыніў у роднай Кляцісе і якую не раз маркотнымі сумнымі вечарамі іграў на чужбіне. Маладыя адразу пазналі яе. Сціхла гамонка. Нават печ, здавалася, прыціхла, — прыслухалася. У музыцы Яна гучала штосьці такое, што можна было пачуць у тутэйшых мясцінах з маленства: заліваўся жаўрук, шапацелі лісты асіны, крычала на балоце кнігаўка. У мелодыі ўгадвалася мацярынская песня, песня касцоў, рыпенне калодзежнага жураўля. Гукі магічна дзейнічалі на слухачоў: яскрава, быццам на далоні, тыя ўяўлялі сабе родны дом, сад, знаёмае поле. Ян іграў, а слухачы сядзелі, як зачараваныя, баючыся нават дыхаць. Іх ахапіла салодкая млявасць. Усім хацелася, каб скрыпка іграла і іграла…
Але ў гэты вечар мелодыя Яна недагучала да канца. Спачатку за акном пачуліся паспешныя крокі. Потым адчыніліся дзверы і на парозе з'явілася Люцыя. Ян апусціў скрыпку. Усе азірнуліся на дзяўчыну.
Твар служанкі пабялеў, вочы расшырыліся, як у перапалоханай кошкі. З яе сукенкі сцякала вада.
— Люцыйка! — усклікнуў Ян. Адчуваючы нядобрую вестку, ён тут жа спытаў: — Што-небудзь здарылася?
Дзяўчына цяжка дыхала. Відаць, ёй давялося бегчы ўсю дарогу. Яна перавяла дыханне і трывожна сказала:
— Пан Ян… хутчэй бяжыце! Толькі што княгіня аддала загад схапіць вас!.. Ні пра што не пытайцеся! Бяжыце! Дружыннікі будуць тут з хвіліны на хвіліну!
Ян як быццам не здзівіўся навіне. Ён падышоў бліжэй да Люцыі, узяў яе за плечы і, гледзячы ёй у вочы, спытаў з хваляваннем:
— Што з панначкай? Чаму мяне не пусцілі ў замак? Што здарылася?
Лагафет строга зірнуў на яго са свайго кутка. Паведамленне пра тое, што яго хрэсніка не пусцілі ў замак, насцярожыла старога.
Люцыя, безупынна аглядваючыся на вокны, пачала блытана расказваць:
— Княгіня ўсё ведае. Яна аб'явіла, што панначка страціла розум, і трымае яе пад замком. Мяне ж хацела выгнаць. Ды панначка прыгразіла, што выкінецца з акна…
— Ёй дрэнна, я адчуваю гэта. Я павінен быць з ёй. Павінен!
— Гэта немагчыма, пан Ян, адумайцеся, — амаль не плачучы, адказала яму Люцыя. — Панначка прасіла перадаць, што калі вы хоць крышачку яе кахаеце, вы адразу ж пойдзеце, схаваецеся… Вас не памілуюць, пан Ян. Княгіня пагражала, абяцала расправіцца з вамі. Бяжыце!
Усе, хто знаходзіўся ў гэты вечар на Паповай горцы, азірнуліся на Яна. Кожны чакаў, што той вырашыць. Загад княгіні для любога з іх з'яўляўся законам. Ніхто нават думкі не дапускаў, што можна не паслухацца гаспадыні замка. Але Ян быў іх таварышам, а таму ўсе яны жадалі, каб ён пайшоў. Людзі ведалі жорсткасць княгіні… Але Ян марудзіў. Нечакана ён сказаў, здзівіўшы сяброў: