Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Люцыя, стараючыся не замінаць парачцы, пайшла паперадзе. Яна захоўвала як раз тую адлегласць, пры якой Ян і панначка маглі весці патаемную размову. Белая пляма каплічкі паступова аддалялася. Затое ўсё выразней вырысоўваліся на ўзвышшы сцены і вежы велічнага замка. На паўдарозе панна Марыя спынілася.
— Янка!.. — з хваляваннем прамовіла яна.
Яна не магла стрымаць слёз. З той пары, як яна зноў стала бачыцца з Янам, яе пачуццё да яго значна вырасла. Гэта было ўжо не тое дзіцячае захапленне. Гэта было ўжо жаданне блізкасці, сапраўдная патрэба ў ёй, патрэба болю. Здавалася, калі стрымліваць
— Не плачце, панначка, — заўважыўшы бляск у яе вачах, ціха сказаў Ян. — Не плачце, вашы слёзы мучаць мяне. Няўжо Бог зблізіў нас, каб мы маркоціліся. Я жадаю прысвяціць вам жыццё. Гэта думка акрыляе мяне. І няхай здарыцца тое, што ўжо прадказана лёсам, — галоўнае — паспець зрабіць вам прыемнае, паспець парадаваць вас. Калі я ў гэтым дасягну поспеху, то што мне маё жыццё, я і на нябёсах буду шчаслівы.
Аднак яго словы не супакоілі панну Марыю, — наадварот, яны адклікнуліся ў ёй нядобрым прадчуваннем.
— Навошта ты гаворыш пра нябёсы і халоднае замагільнае шчасце! — са страхам прамовіла яна. — Не! Не! Мы жывыя! І мы будзем шчаслівымі пры жыцці! Я так хачу! Я прашу гэтага ў Бога кожны дзень!..
— Вы будзеце шчаслівая, панна Марыя, — адказаў Ян. — А пра мяне… пра мяне не думайце.
Панна Марыя са здзіўленнем паглядзела на суразмоўца.
— Што з табой, Ян? — спытала яна. — А як жа наша блаславенне?
— З той самай ночы ніхто з нашых не чуў пра псаломшчыка. Дзе ён і што з ім? Можа, косці яго даўно знаходзяцца ўжо ў зямлі.
— Нас блаславіў не псаломшчык — а неба! Не пазнаю цябе, Ян!
— Каб я мог хоць што-небудзь змяніць, — ціха адазваўся ён. — Я ж — усяго толькі сын млынара, просты садоўнік…
Яны нарэшце рассталіся. Панна Марыя была яўна расхвалявана. Калі б не Люцыя, якая ўзяла яе пад руку, ёй было ўсё роўна куды ісці. «Каб я мог хоць што-небудзь змяніць, — гучаў у яе вушах засмучаны голас Яна. — Я ж — усяго толькі сын млынара, просты садоўнік». У гэтых словах ёй чулася заклінанне. Яны адчынялі ёй новую, дагэтуль невядомую старонку ў яе ўяўленні аб гэтым свеце і сваім прызначэнні ў ім. Раней яна была ўпэўнена, што Ян кахае яе і будзе заўсёды побач з ёй. Цяпер яна пачынала разумець, што нават блаславенне Лагафета не дапаможа ёй ажыццявіць сваю мару! Гэтае адкрыццё ўсяляла ў яе поўную разгубленасць, якая была на мяжы вар'яцтва. Яна адчувала, што Ян гаварыў правільна, і што аднаго блаславення для таго, каб яны былі разам, яўна недастаткова.
У гэту ноч панна Марыя доўга не магла заснуць. Яна ляжала і напружана ўзіралася ў вялікае акно сваёй спальні. Ёй чамусьці здавалася, што ў гэты чорны прамавугольнік можа заляцець адказ на хвалюючае яе пытанне. Але адказ не залятаў. А таму адчай яе не змяншаўся.
Нарэшце яна паднялася і падышла да акна. Возера адгадвалася па шматлікіх белых льдзінках. Моцнае пацяпленне раскідала іх і значна зменшыла. Панна Марыя нечакана падумала: «Калі ён не
Панна Марыя, спалохаўшыся, адскочыла ад акна, азірнулася, быццам нехта сапраўды мог знаходзіцца ў яе спальні. Амаль не валодаючы сабой, яна расчыніла дзверы ў суседні пакой і паклікала:
— Люцыя, ідзі сюды!..
Босыя ножкі служанкі прашлёпалі па паркетнай падлозе, прашоргалі па дывану спальні. Люцыя ўнесла запаленую свечку. Заспаны твар служанкі не хаваў здзіўлення.
— Што-небудзь здарылася, панначка? — спытала яна.
— Здарылася, Люцыйка, — стрымана адказала панна Марыя і зноў падышла да акна.
Служанка адгадала стан пані. Люцыя адчула, што зараз пачуе нешта вельмі важнае. І ў яе прапаў усялякі сон.
— Заўтра раніцой, — таксама стрымана і ўпэўнена працягвала панна Марыя, — калі Ян выйдзе ад князя, ты сустрэнеш яго і прывядзеш сюды.
— Сюды?..
— І зробіш гэта так, каб ніводная жывая душа не заўважыла. — Жадаючы апярэдзіць пытанні, на якія ўсё роўна не змагла б адказаць, яна дадала — Так трэба, Люцыя!
Голас яе гучаў цвёрда і рашуча. Панна Марыя давала зразумець Люцыі, якая вытарашчыла на яе свае вочы, што яна выпакутавала сваё жаданне і што ўсялякія спробы адгаварыць яе безнадзейныя.
— Так трэба, — паўтарыла яна.
— Слухаюся, панначка, — Люцыя пакланілася. — Выканаю ўсё так, як вы загадалі.
Праз хвіліну панна Марыя зноў была адна. Але цяпер у яе спальні гарэла свечка. І таму на сэрцы яе было крыху спакайней. Цяпер ёй нават здавалася, што цяжкасці яе не так ужо і не вырашальныя. Яе прыемна хвалявала думка аб надыходзячай сустрэчы. Яна не баялася помсты Бога, бо лічыла сябе застрахаванай блаславеннем псаломшчыка. Успомніўшы Пахомія, яна пажадала ўбачыць гэтую адзіную сведку яе саюза з Янам. Ёй здавалася, што толькі ён можа дапамагчы ёй. Падышоўшы да абраза, яна пачала маліцца за Лагафета. Яна прасіла ў Бога даць старцу Пахомію сілы і здароўе, прасіла, каб той хутчэй вярнуўся…
VII
Нарэшце праект быў закончаны, і Ян пайшоў паказаць яго князю. Знаёмы лакей, як звычайна, правёў Яна праз лабірынты замкавых памяшканняў, пасля чаго ўпусціў у апартаменты гаспадара.
Князь прыняў садоўніка гасцінна. Як заўсёды, пацікавіўся ўмовамі жыцця. Потым папрасіў развярнуць чарцёж. З гэтай хвіліны размова пайшла пра будучае парка.
— Якія доўгія твае дарожкі,— адзначыў князь. — Ці не стомяць яны таго, хто будзе па іх гуляць?.. Вось хоць бы гэта, якая вядзе са Старога парка да Паповай горкі. Яна кружыць, нібы хвост каметы. Ці нельга яе спраміць?
— Наадварот, я зыходзіў з таго, каб працягнуць задавальненне таго, хто будзе тут гуляць, — патлумачыў Ян. — На маю думку, парк — тое месца, дзе адпачываюць. Сюды прыходзяць за натхненнем і яшчэ, можа, за тым, каб набыць добры апетыт, румянец на твары, прыемны сон. Не хвалюйцеся, ваша міласць, дарожкі і іх працягласць не будуць выклікаць сум. Сумаваць проста не будзе часу. Кожная паляна, нават кожнае дрэва будзе прымушаць думаць, выклікаць пэўны настрой.
— Добра, добра, — пагадзіўся князь. — Працягвай.