Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
У ста кроках за натоўпам ішла яшчэ адна група людзей. Тут вялі аслеплага Дземянцея. Верх яго галавы быў закручаны белаю анучай, скрозь якую сачылася кроў. Ад страты крыві гайдук паслабеў, яго літаральна цягнулі пад рукі. Нібы скрозь сон, ён паўтараў і паўтараў бясконца, як звар'яцелы:
— Князюшка!.. Не бачу цябе!.. Не бачу!.. Падспудна, наколькі дазваляў невыносны боль, ён адчуваў, што не збярог князя. І гэта мучыла яго нават больш, чым сам боль. І калі б ён пачуў цяпер голас пана, ён, безумоўна, забыўся б пра сваю страшэнную муку! Цяпер ён гатовы быў памерці, бо ўжо ні на што не спадзяваўся… І тым не менш, ён зваў яго. Ён зваў князя да таго часу, пакуль
XXXIII
Нечаканая і страшная смерць князя Іржыка ўціхамірыла ў замку ўсіх. Панна Марыя вярнулася ў свае апартаменты. Слугі перасталі наракаць, — больш таго, сваімі паводзінамі яны імкнуліся выказаць старой княгіні шчырае спачуванне. Здарэнне ў Летнім парку як бы нагадала ўсім, што перад лёсам усе роўныя: і слугі, і іх паны.
У замку запанаваў такі спакой, якога, бадай, не было там з самага нараджэння князя Іржыка.
Бочачку з часткамі цела загінуўшага ўстанавілі ў Развітальнай зале на лакіраваным чорным стале. Яе накрылі сукном. З бакоў гэтага незвычайнага, хоць і часовага, прыстанішча нябожчыка запалілі свечы, размешчаныя ў форме крыжа. Недаверлівая княгіня вырашыла не чапаць знявечанае цела сына. Ужо адна думка пра тое, што нехта будзе капацца ў яго астанках, прыводзіла яе ў жах. Яна вырашыла так і пахаваць яго — не вымаючы з бочачкі. Неабходна толькі зрабіць адпаведнай формы саркафаг. З гэтай нагоды ў замак з горада быў выкліканы лудзільшчык…
У той жа дзень вестка пра смерць маладога Эрдзівіла была паслана эстафетай у Варшаву. Візіцёраў вырашана было прымаць з наступнага дня. Пахаванне назначылі правесці адразу ж пасля прыезду князя Станіслава.
Вечарам таго ж дня ў замку чакалі лудзільшчыка. Гэта асоба выклікала ва ўсіх павышаны інтарэс. Чалавек падобнай прафесіі запрашаўся ў замак у рэдкім выпадку. Ніхто не ўзяўся б прадказаць, калі ён з'явіцца туды ў наступны раз. Ён прыходзіў у дзень смерці аднаго з Эрдзівілаў — з тым, каб навечна захаваць забальзаміраванае цела памерлага ў цынкавы саркафаг. У гэты раз, калі ён нарэшце з'явіўся, княгіня не вытрымала — разрыдалася. У сваім чорным плашчы з капюшонам, высокі і барадаты, ён паказаўся ёй пасланцом з пекла. Праз слугу яна аб'явіла яму аб сваім жаданні: за ноч бочачка павінна быць захавана ў саркафаг. Выслухаўшы, майстар пакланіўся.
За акном было ўжо цёмна, калі ён размясціўся ў замкавай плавільні. Слугі ўнеслі бочачку. Майстар узяўся за справу.
Спачатку ён працаваў доўга малатком і спецыяльнай формай, выкарыстоўваючы саркафаг звычайных памераў, ён нарасціў яму бакавіны. Потым расплавіў у печы свінец і заліў канаўку па ўсяму шву. Пасля гэтага ён замацаваў на дне саркафага бочачку і прыпаяў века. Дзецішча яго атрымалася такім жа няўклюдным, якім быў пры жыцці сам нябожчык. Так воляй лёсу князю Іржыку было падрыхтавана здзіўляць людзей і пасля смерці… Лудзільшчык зашліфаваў месцы пайкі, затым выставіў саркафаг на сярэдзіну плавільні. Работа была закончана. Ён прысеў каля акенца, каб дачакацца разліку за сваю працу…
На працягу наступных некалькіх дзён замак даймалі візіцёры. Галоўным чынам гэта былі суседзі маёнтка. З'яўляліся там і прадстаўнікі мясцовай гарадской управы. Быў дапушчаны і просты люд. Усіх здзіўляла форма саркафага. Цынкавы гроб быў кароткі, быццам для малога дзіцяці, але высокі і нечым нагадваў прас. Простыя людзі, неасвядомленыя з тайнай гэтага захавання, тут жа выдумвалі тлумачэнні. З'явілася байка аб тым, быццам маладога князя
— Гэты гроб распірае ад вялікай колькасці яе грахоў! — крычалі на вуліцы асабліва адчайныя галовы. — Не дзіва, што ён такі высокі і тоўсты!
Такіх крыкуноў лавілі і жорстка лупцавалі, адбіваючы ў іх жаданне фантазіраваць. Тым не менш, агульнае нараканне, звязанае з пахаваннем маладога князя, у горадзе не спынялася…
XXXIV
— Дзядзя, родненькі! — радасна ўсклікнула панна Марыя, калі князь Станіслаў з'явіўся на парозе яе пакоя.
Эрдзівіл стаяў перад ёю ў цяжкіх запыленых батфортах і доўгім плашчы. Бледны твар яго захоўваў выраз засяроджанасці і смутку, як у маршала, які вымушаны прыняць рашэнне аб адступленні.
Пляменніца падбегла да яго, палажыла яму на грудзі галаву.
— Дзядзя, — паўтарыла яна. І раптам заплакала. Дачакаўшыся свайго заступніка, яна тут жа ўспомніла пра нанесеную ёй, і неаднойчы, крыўду.
— Я ўсё ведаю, мая радасць, — адазваўся князь. Ён пяшчотна абняў пляменніцу, пацалаваў яе ў лоб і паўтарыў: — Усё ведаю.
Разумеючы, што няшчаснай неабходна выплакацца, ён не імкнуўся яе суцешыць — проста глядзеў ёй у твар, гладзіў па руцэ і чакаў, чакаў, калі яна супакоіцца. Нарэшце ён сказаў:
— Абяцаю, мая ненаглядная, што больш табе не давядзецца ліць слёзы. Ні адна істота на свеце нават не пасмее коса глянуць у твой бок. Я паеду ў Рым і развядуся!
— Не-не, не рабіце гэтага! — адказала панна Марыя.
— Я павінен адвесці цябе ад бяды!
Князь прайшоў да крэсла. Ён быў узбуджаны. Па ўсім было відаць, што ён вельмі стаміўся. Любая фізічная нязручнасць прыводзіла яго ў стан раздражнення.
— Я, безумоўна, мог бы ўзяць цябе з сабой, — усеўшыся, працягваў ён. — Але пагадзіся, табе трэба вучыцца.
І князь раптам загаварыў пра высокі аўтарытэт сваёй фаміліі. Ён зноў успомніў пра жаніха, якога шукае для панны Марыі, зноў прыняўся маляваць карціну таго будучага фурору, які павінна была выклікаць пляменніца, упершыню з'явіўшыся перад свецкай знаццю. Вельмі хутка летуценнік збіўся на абсалютную фантазію.
Панна Марыя вярнула яго на зямлю.
— Не пра тое хачу гаварыць з вамі, родны мой дзядзя, — сказала яна. — Не пра поспех у далёкіх сталіцах мару я, а пра спакой у сваім сэрцы. — Яна раптам папрасіла: — Выканайце маю просьбу. Запэўніваю вас, яе будзе дастаткова, каб супакоіць мяне на увесь тэрмін вашай адсутнасці.
— Прасі ўсяго, чаго толькі хочаш, — адказаў князь. Ён чакаў, што панна Марыя папросіцца ў Кляціху, і нават гатовы быў дазволіць ёй пабываць там. Але панначка нечакана сказала:
— Будзьце так ласкавы, дзядзя, дазвольце перасяліць ка мне з Кляціхі маю ранейшую служанку — Люцыю. Яна будзе для мяне і ўцехай і надзейнай заступніцай.
— Бачыць Бог, я буду толькі рады гэтаму, — адразу пагадзіўся князь. Яго здзівіла нязначнасць просьбы. — Дзеля ўсіх святых, мая радасць. Сягоння ж я вышлю за ёй экіпаж. Можа быць, у цябе ёсць яшчэ што-небудзь?