Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Упершыню за гэтыя два цяжкія для яе дні панна Марыя адчула сябе крыху лепей. Нейкая ўнутраная ласкавая цеплыня прабегла па яе жылах. Ад слоў бібліятэкара ёй зрабілася значна лягчэй. Здзіўляючыся гэтай перамене ў сабе, панначка ўсміхнулася і ціха адказала:
— Абяцаю. Абяцаю, мілы пан Кржыш.
XXXII
У гэты ж дзень, выконваючы волю княгіні, Дземянцей павёз князюшку ў Летні парк. Каб угаварыць на гэта свайго капрызнага пана, яму давялося паабяцаць паляванне на мядзведзя.
Калі яны паехалі, слугі заняліся адпраўкай у Летні парк Ціхага Маўра. У яму спусцілі вялікую клетку,
Дземянцей, князюшка і ўсе тыя, хто звычайна суправаджаў іх у час палявання, у гэты дзень размясціліся на звычайным сваім месцы — на паляне перад загонам. Быў выпушчаны заяц — і князюшка пазабавіўся першым выстралам. На гэты раз Дземянцей не спяшаўся. Ён разлічваў адцягнуць увагу князя ад яго думак пра панну Марыю. Наступнай ахвярай павінен быў стаць малады воўк. Але, выпушчаны з загону, той, падціснуўшы хвост, адразу кінуўся наўцёкі. Яго не напаткала ні адна куля. Дымам ад стрэльбы завалакло ўсю пляцоўку. Князюшка даходзіў да шаленства.
Кульмінацыя забавы наступіла гадзіны праз дзве, калі на паляну нарэшце выпусцілі Ціхага Маўра. Апынуўшыся на волі, мядзведзь быццам разгубіўся. Застыўшы на месцы, ён пацягнуў носам, — выбіраў, у які бок падацца, затым пайшоў назад, у загон, але слугі адагналі яго адразу ж.
Незвычайна вялікі звер і тое, як ён паводзіў сябе, — гэтыя абставіны расслабілі паляўнічых. Людзі апусцілі стрэльбы, утаропіліся на ахвяру, быццам на клоуна, з'яўленне якога доўга чакалі. У хуткім часе засяроджанасць іх змянілася на стан звычайнай весялосці.
— Гы-гы-гы, — лыбіўся, гледзячы на касалапага, малады князь.
Дземянцей ад здзіўлення разявіў рот. На нейкі час ён забыў пра свайго гаспадара, як і пра ўсіх тых, хто стаяў побач.
Раптам звер адчайна затрос галавой: нейкая мошка трапіла ў вуха Ціхага Маўра, і ён злосна зарычаў. Яго валтузня выклікала яшчэ большае ажыўленне ў стане маладога князя: слугі не маглі стрымаць смеху. Нават на вечна хмурым твары Дземянцея вырысоўвалася нейкае падабенства ўсмешкі.
Між тым мядзведзь вызваліўся ад перашкоды, павярнуўся і мірна паплёўся ў бок паляўнічых. За час знаходжання ў яме ён прывык да людзей.
Дземянцей спахапіўся, паказаў князю на стрэльбу. Жэстам ён падказаў, каб той страляў мядзведзю ў вока. Князюшка адмахнуўся, даючы зразумець, што ведае сваю «навуку», падняў стрэльбу і стаў цэліцца.
Тым часам адлегласць скарачалася. Мядзведзь ужо падышоў да адмеціны, за якую падыходзіць зверу забаранялася. Гайдук, звычайна паважны і асцярожны, на гэты раз не вытрымаў, пачаў прыспешваць князя.
— Страляй, князюшка! Страляй! — крыкнуў ён. Якіх-небудзь дваццаць крокаў аддзяляла людзей ад звера. Князь Іржык марудзіў. Ён прывык атрымоўваць асалоду ад сваіх забаў. Ён адчуваў невыказнае задавальненне ад таго, што рызыкаваў. Звер знаходзіўся так блізка, што ён мог нават накінуцца на каго-небудзь са слуг. Рашэнне пальнуць у яго бачылася князю вельмі простым. Яму хацелася вывудзіць з моманту максімум задавальнення. Ён быў упэўнены, што яго стрэл калі не заб'е, то напужае звера. Да таго ж ён ведаў, што Дземянцей і слугі не дадуць яго ў крыўду.
Вясёлы галдзёж на паляне вельмі хутка змяніўся поўнай цішынёй. Стала чуваць, як шалясціць трава пад лапамі звера, які павольна плёўся. Потым усе раптам
Мядзведзь паваліўся на зямлю, гучна зароў. Ён абхапіў галаву пярэднімі лапамі і стаў качацца, быццам жадаў, але не мог зрабіць кульбіт. Калі ён зноў выпрастаўся і адняў лапы з морды, стала бачна, што кроў заліла яму вочы. Не маючы хвіліну таму злых намераў, звер пасля гэтага гатовы быў разарваць любога з тых, хто яму мог папасціся. Устаўшы на чатыры лапы, ён з незвычайным спрытам скокнуў на людзей…
Дземянцей зрабіў крок наперад, ускінуў стрэльбу. Ён цэліў мядзведзю ў сэрца. Але папасці ў яго было ўжо няпроста: звер, як заяц, падскокваў, імгненна набліжаўся. Гайдук стрэліў у той самы момант, калі лапа мядзведзя кранулася ствала стрэльбы. Куля папала ў зямлю. Другою лапай звер шкрабануў Дземянцея па твары, адкінуўшы бамбізу, як тое пёрка, убок. У той жа момант раздалося адразу некалькі стрэлаў. Слугі стралялі ва ўпор з блізкай адлегласці. Белым дымам зацягнула ўсю паляну…
Ціхі Маўр быў паранены. Але ні адна з куль не паваліла яго. Ён зноў накінуўся на людзей. Тыя рынуліся ўрассыпную… У два скачкі звер падскочыў да каляскі, на якой сядзеў зусім разгублены князюшка і скрабануў сваёй вялізнаю кіпцюрастаю лапай яму па галаве. Ён зняў з няшчаснага скальп… Ачмурэлы ад болю і паху свежай чалавечай крыві, ён пачаў рваць на кавалкі цела сваёй ахвяры. Затрашчаў кафтан, хруснулі косці, на траву вываліліся слізкія вантробы. Мядзведзь мясіў цела, рваў яго зубамі і кіпцюрамі, быццам помсціў ахвяры за нанесеную раней крыўду.
Раздалося яшчэ некалькі стрэлаў. Людзі стралялі з-за кустоў, з-за агароджы вальера. Мядзведзь, хістаючыся, увесь запырсканы сваёй і чужой крывёю, нарэшце адышоў убок ад разарванага на кавалкі князя і нечакана паваліўся на зямлю. Глыбокія сутаргі пачалі трэсці яго тулава і лапы. Нехта са слуг, больш смялейшы, падбег і выстраліў у звера з блізкай адлегласці. Ціхі Маўр перастаў біцца. Слугі мітусіліся. Яны былі ўсхваляваны і не ведалі, што рабіць. Адны галасілі, нібы звар'яцелыя, другія, уткнуўшыся галавой у зямлю, стагналі, трэція ціха плакалі. Былі сярод іх і такія, хто шукаў князя… А побач, у лагчынцы, закрыўшы далонямі твар, круціўся ваўчком на траве, храпучы ад болю, вялізны Дземянцей. Скрозь пальцы яго сачылася кроў. Калі да яго падышлі і аднялі ад яго твару далоні, то ўбачылі замест вачэй дзве акрываўленыя яміны. З іх і з глыбокіх рваных палос на яго лбе густа лілася кроў.
— Князюшка!.. — не сваім голасам лямантаваў гайдук. — Дзе ты?.. Не бачу!..
У гэты дзень шырокая пад'язная алея Летняга парка была вузкая для княжацкіх слуг. Егеры, леснікі, дружыннікі таўкліся, як пчолы вакол маткі, накіроўваліся да выхаду і са шкадаваннем стагналі на розныя галасы. Ім было шкада князюшку. Адначасова яны ўсведамлялі, што гэта бяда абяцае кожнаму з іх жорсткую кару. На паблажку яны не спадзяваліся, а таму аплаквалі загадзя і сябе. У цэнтры натоўпу чатыры чалавекі неслі на плячах шырокую драўляную бочачку для салення мяса. У пасудзіне знаходзіліся падабраныя з паляны астанкі маладога князя…