Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Разам з бібліятэкарам у пакой «увайшлі» яго нясмеласць і дзіўная абаяльнасць. Скупы на словы, пан Кржыш, здавалася, выказваў свае пачуцці позіркам. У тую самую хвіліну, калі ён з'явіўся, у яго вачах, схаваных пад круглыя, у жалезнай аправе акуляры, бачылася вельмі высокае ўнутранае напружанне. Адчуваючы, у якім цяпер стане панна Марыя, ён быў гатовы ахвяраваць усім, каб толькі аднавіць яе душэўны пакой. «Хто зрабіў вам балюча?» — запытваў яго позірк.
Панна Марыя жэстам запрасіла яго сесці.
— Пан Кржыш, — сказала
— Супакойцеся, панна Марыя, — ласкава адказаў бібліятэкар, — не трэба так гараваць. Чым змагу, я дапамагу вам.
Не столькі словы, колькі інтанацыя яго голасу прымусіла панну Марыю ўзяць сябе ў рукі. Яна выцерла насовачкай слёзы, спытала:
— Скажыце, вы добра ведаеце пана Гнезскага?
— Пана Гнезскага? — Бібліятэкар быў яўна здзіўлены. — Ну вядома! А чаму вы спыталі?
— Хто ён? Чаму ён так лёгка здрадзіў мне? Няўжо ў яго няма сэрца?
— Разумею, вас нехта пакрыўдзіў, панна Марыя, — адказаў бібліятэкар, — ці падмануў. Але, магу вас запэўніць, толькі не пан Гнезскі. Паверце мне, я даўно яго ведаю. Скажу больш: гэта вельмі чэсны, высакародны чалавек. Упэўнены. Упэўнены, што ён не здраджваў вам. Тут нейкая памылка.
— Памылка? — Панна Марыя нават узнялася з крэсла, яна гарэла ад абурэння. — Каб вы толькі ведалі, чаго каштавала мне гэта памылка!..
— Я ведаю пана Гнезскага, — упэўнена паўтарыў бібліятэкар. — І магу паручыцца за яго.
Панна Марыя закрыла твар далонямі, застагнала.
— Веру, — нарэшце ціха прамовіла яна. — Хачу верыць. Але тады дапамажыце разабрацца: як гэта магло адбыцца? — Яна памаўчала з хвіліну, потым пачала расказваць: — Сягоння раніцой пан Гнезскі вызваў мяне ў касцёл. Аднак, калі я туды з'явілася, яго там не было.
— Вы кажаце сягоння раніцой? — Пан Кржыш здзівіўся. — Дык яго ж няма ў замку ўжо другі дзень! Яшчэ ўчора ён па распараджэнні княгіні адбыў у Эрдзівілмонты, дзе распачата будаўніцтва палаца. Наколькі мне вядома, ён вернецца не раней, чым праз тыдзень.
— Значыць, — пачынаючы разумець, хто яе падмануў, усклікнула панначка, — ён ні пры чым?.. — Яна расчырванелася, збянтэжаная тым, што хвіліну таму ганьбіла нявіннага. Потым сказала: — Ну вядома! Яго проста ўбралі прэч з вачэй! Далей! І сыгралі на нашай узаемнай сімпатыі!..
— Вы пра што? — спытаў пан Кржыш.
Замест адказу панначка пазваніла ў званочак. Як толькі ўвайшла Агнешка, панна Марыя спытала:
— Хто прыходзіў сягоння прасіць ад імя пана Гнезскага, каб я пайшла ў касцёл?
— Гэта
— Мяне жорстка падманулі, пан Кржыш. Падманулі, выкарыстоўваючы імя сумленнага чалавека. Прабачце, я толькі што была да яго несправядліва. Прабачце…
— Я, здаецца, магу здагадацца, ад каго зыходзіць нанесеная вам крыўда, — адказаў пан Кржыш. — А таму бачу, што ва ўсім гэтым ёсць і доля маёй віны.
— Вашай?
— Так, мне даўно трэба было папярэдзіць вас аб каварстве тутэйшай гаспадыні.
— О, не вініце сябе, добры пан Кржыш. Не думаю, каб вашы папярэджанні дапамаглі мне. Вельмі я даверлівая… Так, мяне падманула княгіня. Жорстка падманула. Толькі цяпер я зразумела ўсё. І тым не менш, я не паддамся ёй, нават калі гэта будзе каштаваць мне жыцця!
Усхваляваны і разам з тым рашучы голас панны Марыі дадаў упэўненасці пану Кржышу. Рыцар у душы, той гатовы быў далучыцца да няшчаснай, стаць на яе бок.
У гэты дзень пан Кржыш яшчэ некалькі разоў заходзіў да панны Марыі. Ён прынёс ёй цэлы стос кніг. Яны, па яго перакананні, павінны былі адцягнуць увагу няшчаснай ад цяжкіх думак. Адчуваючы, што панначка ставіцца з прыхільнасцю да яго і мае патрэбу ў яго дапамозе, ён прабыў у яе спальні да цемнаты.
XXVIII
Агнешка запаліла ў спальні свечы, яшчэ раз абышла і праверыла ўсе дзверы. Пасля таго, што адбылося сягоння ў касцёле, паміж ёю і паняй усталявалася нябачная сувязь: абедзве яны сталі разумець адно аднаго без лішніх слоў. Адначасова абедзвюх ахапіла трывога.
— Не адчыняй, хто б ні пастукаў,— у каторы ўжо раз нагадала панна Марыя.
— Будзьце спакойны, панначка, — адказала рашуча настроеная Агнешка.
Заснуць у гэтую ноч яны не змаглі. Панна Марыя некалькі разоў пачынала праглядваць прынесеныя панам Кржышам кнігі, але кожны раз адкладвала іх. Паступова ў замку і за яго вокнамі запанавала цішыня: заснулі птушкі ў клетках, заглухлі крокі. Толькі па-ранейшаму стракаталі конікі ды начныя матылі калі-нікалі стукалі ў акно, планіруючы на святло. Свечы, якія былі ўстаноўлены на высокай падстаўцы, гарэлі бясшумна. У нейкі момант, адчуўшы поўную цішыню, панна Марыя ўздрыгнула…
— Агнешка, — паклікала яна прыціхлую ў сваім пакоі служанку, — хадзем сюды.
Агнешка ў тую ж хвіліну з'явілася. Панначка прыласкала яе, абняла і дрыжачым голасам прызналася:
— Любушка, мне страшна!
— Не бойцеся, ваша міласць, нічога не здарыцца. Дзверы зачынены, засаўкі моцныя. Кладзіцеся і пастарайцеся заснуць. Я буду пільнаваць усю ноч. Не звяры ж яны, княгіня і яе сынок, не стануць жа яны ламаць дзверы. Яны даўно спяць. У замку ўсе заснулі. Вас ніхто не пакрыўдзіць.