Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Аднак жа пазней бацькі змірыліся з гэтым шлюбам і нават падарылі ёй Кляціху…
— Так, яны прабачылі ёй — але не Бог! У нябеснай канцылярыі ёй да таго часу ўжо быў выпісаны прыгавор! Вось таму яна і пакінула свет так рана.
Панна Марыя не адказала. Яна адчувала фальш у разважаннях княгіні. Але аргументаў даказаць гэты фальш у яе не знаходзілася.
Між тым старая княгіня вырашыла, што яе ўнушэнне дасягнула мэты, і, стараючыся замацаваць свой поспех, лісліва заўважыла:
— Усе мы пад Богам, як кураняты пад крыламі квактухі. І ўсе павінны падпарадкоўвацца яго волі. Калі табе наканавана быць над другімі, то выканай гэта прызначэнне. Не гняві неба. Бо калі не выканаеш, абавязкова будзе пакаранне. Падумай, падумай, мілачка, над тым, што я табе сказала!
Старая дагматка памылялася,
Пакідаючы будуар княгіні, яна адчувала сябе нават больш упэўненай у сваіх перакананнях, чым раней.
XXII
Замкавы мастак не ведаў, што і падумаць. Другую раніцу падрад яму даводзілася бяздзейнічаць. Панна Марыя не з'яўлялася. Калі яму далажылі, што панначка нездарова, неўсвядомленая трывога пасялілася ў яго душы. Гнезскі зразумеў, што здарылася нешта нядобрае.
Некалькі год жыцця ў замку прывучылі яго да пэўнага распарадку. Ён вельмі цаніў час. Партрэтыст, сценапісец, рэзчык па мармуры, ён стараўся заняць свой дзень да апошняй хвіліны. Такі вобраз жыцця аберагаў яго, адзінокага чалавека, ад нуды і хандры. Але жыць і не мець свайго ідэалу ён не мог. У горадзе ён наведваў дом, дзе быў знаёмы з адной маладзенькай мяшчаначкаю, дачкой ганчара. Ён пісаў з яе некаторых багінь. Высокая, паўнагрудая, з вялікім румянцам на круглым твары, гэта дзяўчына вылучалася сярод равесніц сваёй прыгажосцю. Аднак нядаўна да яе пасватаўся адзін шляхціц, таму сябрам прыгажуні, у тым ліку і Гнезскаму, быў дадзены яе бацькамі паварот ад варот. З прыездам пляменніцы князя мастак забыў пра мяшчаначку. Прадметам яго захаплення стала панна Марыя. Рукі яе былі тонкія, як у дзіцяці, і на шчоках не зіхацеў такі багаты румянец — тым не менш, яна падабалася яму значна больш усіх ранейшых яго захапленняў. У апошніх сваіх работах — ці то роспіс сцен, ці то разьба па мармуры — ён абавязкова выкарыстоўваў штосьці ўзятае ў маладой панны: яе постаць, рысы твару, прычоску. Панна Марыя была больш жывой і разумнай за дачку ганчара. Яна трывожыла фантазію пана Гнезскага так, як ніхто раней. Упершыню, за ўвесь час жыцця ў замку, ён працаваў з асобым натхненнем. Яму не хапала дня, каб наталіць сваё жаданне працаваць. Ён працаваў раніцай, удзень, заседжваўся да позняга вечара. І адразу стала бачна выніковасць яго творчага ўзлёту. Нарэшце «запела і заіграла» яго «Святая Цыцылія», над якой ён працаваў з самай вясны; з'явіліся накіды да двух новых партрэтаў: князя Станіслава і панны Марыі. За тыя дні, што панначка жыла ў замку, у яго галаве нарадзілася столькі ідэй, колькі не ведаў ён за многія апошнія месяцы. Раніца, праведзеная з ёю ў майстэрні, даравала яму запал на цэлы дзень. Побач з панначкай яму хацелася жартаваць і смяяцца. Эмацыянальная натура яго была разбуджана прыгажосцю і сардэчнасцю панны Марыі. Трыццацісямігадовы чалавек па волі незразумелага чарадзейства ператвараўся ў яе кампаніі ў семнаццацігадовага юнака. Сустрэўшыся з жывой прыгажосцю, юнацтвам і шчырасцю, ён адчуў новае захапленне жыццём. Упершыню ён падумаў аб тым, што жыццё яму патрэбна не дзеля славы ў будучым, а цяпер дзеля такіх вось маленькіх імгненняў шчасця.
І што ж, вось ужо другі дзень ён не мог працаваць. Пэндзаль валіўся ў яго з рук. Справа, за якую ён узяўся з такім жаданнем, раптам спынілася. Панна Марыя не з'явілася ў першую раніцу. Не прыйшла яна і на другую… Здавалася, у мастака аднялі палатно і фарбы. Ён быў у адчаі. Седзячы ў майстэрні, ён глядзеў у акно і бяздзейнічаў. Ён адчуваў, што нічога не зможа рабіць, пакуль не ўбачыць панначку; ён адчуваў сябе сляпым і глухім.
На трэцюю раніцу ён паслаў ёй запіску. «Што здарылася? — пытаўся ён. І прасіў: — Адкажыце. Можа, неабходна дапамога?»
Запіска была перададзена Агнешцы. Праз некалькі хвілін пасля гэтага служанка прыйшла ў майстэрню і сказала, што яе гаспадыня жадае перагаварыць з ім. І ўжо праз чвэрць
Гнезскі быў усхваляваны, як юнак перад першым прызнаннем у каханні. З аднаго боку, ён быў рады, што зноў убачыў панну Марыю, з другога — пабойваўся адмовы панначкі ад ранішніх сустрэч.
— Губляюся ў здагадках, — шчыра прызнаўся ён. — Што здарылася? Мы так добра пачалі! Вы запалілі ўва мне такое жаданне працаваць! І што ж: мне тут дакладваюць, што вы нікога не прымаеце, нікуды не выходзіце… Што з вамі? Капрызы няпоўналетняй?.. Здаецца, вы заўсёды разумелі мяне. Зразумейце ж і цяпер! Вы мне патрэбны!
— А мне здавалася, што вы — не такі,— хітравата ўсміхаючыся, заўважыла яму ў адказ панна Марыя. — Мне здавалася, што вы — сталы, важны, як які-небудзь заможны шляхціц. Аказваецца, у вас столькі запалу! Вы — зусім юнак!
Яны спыніліся, паглядзелі адно на аднаго, быццам толькі цяпер зразумелі, хто ёсць хто. Панна Марыя працягвала ўсміхацца.
— Валасы на вашым парыку так зблытаны, — заўважыла яна. — Вы нагадваеце гарэзу, які толькі што пабіўся. Ён яшчэ кіпіць страсцю бітвы, але ўжо атрымаў першы гузак.
— Панна Марыя, вы так мне патрэбны! — шчыра паўтарыў мастак. — Прашу вас, прыходзьце ў майстэрню! Ну хоць бы некалькі хвілін у дзень!.. Гэта неабходна мне, як паветра!
Панначка не адказала. Яна павярнулася і пакрочыла па сцяжынцы далей. Мастак рушыў следам за ёю.
— Пан Гнезскі,— праз хвіліну звярнулася яна да яго, — ці не маглі б вы зрабіць мне адну паслугу?
— Безумоўна, — адказаў майстар. — Прасіце што хочаце. Усё для вас выканаю. Хочаце, скокну з замкавай вежы?..
Панна Марыя ўсміхнулася, даючы зразумець, што ацаніла жарт. Ёй падабаўся гэты энергічны і ўражлівы чалавек.
— Збіраюся прасіць вас вось аб чым, — сказала яна. — Я прашу вас суправаджаць мяне толькі ў час маіх прагулак. — Яна патлумачыла: — З некаторага часу, так ужо здарылася, выходзіць адна, куды б там ні было, я не рашаюся…
Гнезскі здзіўлена паглядзеў на суразмоўніцу. Ён адгадаў штосьці страшэннае ў тым, што яна недагаворвала.
— Нехта зрабіў вам балюча?.. — спытаў ён. — Ах, ну вядома ж, — здагадаўся ён, — княгіня Ізабэла!
— Гэта не так важна, не пытайцеся, — адазвалася панна Марыя. — Толькі скажыце: вы згодны?
— Без усялякіх адгаворак! Вы можаце разлічваць на мяне ў любой справе. Я ваш!..
— Дзякую… Ведаю, як мала ў вас часу. Паўгадзіны ў дзень. І толькі тады, калі добрае надвор'е. Проста прайсціся. І, калі ласка, не запытвайцеся ў мяне больш пра прычыны…
— Пагаджаюся выконваць любую вашу просьбу, — адказаў Гнезскі. Ён быў шчыра рады прапанове. — І не хвалюйцеся за мяне. Для работы я знайду час. Гэтыя прагулкі дадуць мне значна больш. Адна хвіліна размовы з вамі ўзнагародзіць мяне натхненнем на некалькі гадзін. Ды што мой час! Я згодзен сядзець каля вашых ног днямі! Толькі загадайце!.. О, каб толькі вы ведалі, панна Марыя, колькі сілы вы даяце мне, якія крыніцы адкрываюцца ў маёй фантазіі!.. Я працую па загаду сэрца! Такі ўжо мой лёс!.. Князь і настаяцелі манастыра, дзе я раблю цяпер роспісы, добра мне плоцяць. Здавалася, я павінен быць усім задаволены. Але задавальнення няма! Справа ў тым, што я павінен не проста намаляваць, — я павінен паказаць характары персанажаў. У звычайным, сумным, як зацяжны дождж, жыцці падобнага не ажыццявіць. Варта запаліць агеньчык у сэрцы. А як гэта зрабіць?.. Вось, прыкладна, месяц таму вы сваім з'яўленнем і дапамаглі мне ў гэтым!
Панне Марыі было прыемна чуць гэтыя словы.
— Дзякую, — паўтарыла яна. — Ніхто ніколі не ўзводзіў мяне на такія п'едэсталы. Вы ставіце мяне занадта высока.
— Вы нават лепш, — адразу ж адказаў Гнезскі.— Запэўніваю вас. Уся справа ў тым, што ў вас чыстыя карані: вы добрая, сціплая, цнатлівая. Дабрачыннасці даволі рэдкія ў вашым становішчы.
— Проста я не звяртаю ўвагі на гэта сваё становішча. Для мяне значна важней само жыццё, а не яго ўмоўнасці. Вось вы: жывяце на натхненні, і гэта прыносіць вам радасць. Так і я. Я хачу жыць па загаду сэрца. Яно загадвае мне кахаць — і я кахаю. Загадвае плакаць — і я плачу. Я не ўмею прытварацца, ілгаць, асуджаць іншых за іх спіною. Я хачу гаварыць так, як думаю, а не так, як гэта камусьці хацелася б. Я хачу быць вольнай ад усіх ланцугоў.