Дажыць да світання
Шрифт:
Некалькі хвілін ён самотна чакаў, паныла прыслухоўваючыся да нутранога клёкату ў прастрэленых грудзях. Побач ляжаў рэчмяшок Піваварава, і лейтэнант падумаў, што, мабыць, трэба ім разгрузіцца, выкінуць частку ношы. Цяпер ужо вялікі прыпас не патрэбны, будзе трэба асабістая зброя, патроны, гранаты. Бутэлькі з КС, мабыць, трэба дзесьці пакінуць. Але, знясілеўшы, ён не мог нават развязаць рэчмяшок і толькі знямогла хіліўся галавой долу. Ён не адразу заўважыў, як з мільготкіх прыцемак з'явіўся белы цень Піваварава, які ўзрадавана загаварыў здаля:
— Таварыш лейтэнант, лазня! Лазня там, разумееце, і нікога няма.
«Лазня — гэта добра», —
Півавараў падабраў рэчмяшок, ППД, памог устаць лейтэнанту, і яны зноў пабрылі да недалёкай, прытуманенай уначы будыніны.
Сапраўды, гэта была маленькая, зрубленая з яловых вяршалін вясковая лазня. Півавараў адкінуў нагой палку-падпору, і нізкія дзверы самі сабой расчыніліся. Увагнуўшы галаву і хапаючыся рукамі за сцены, Іваноўскі ўлез у яе цёмную, смярдзючую дымам цеснату, павёў па баках рукамі, намацаў гладкі шост, шархоткія сухія венікі на сцяне. Півавараў тым часам расчыніў яшчэ адны дзверы, і ў прылазніку моцна запахла дымам, попелам, бярозавай гніллю.
Баец увайшоў туды і неўзабаве гукнуў лейтэнанта:
— Давайце сюды. Тут во лаўкі ёсць… Зараз састаўлю…
Іваноўскі ўчэпіста трымаўся за вушак, але пераступіў парог і, намацаўшы лаўкі, з хрыплым выдыхам выцягнуўся на іх, упёршыся нагамі ў сцяну.
— Зачыні дзверы.
— Зараз, зараз. Во тут і саломы крыху. Давайце — пад галаву.
Лейтэнант моўчкі прыўзняў галаву, даючы падкласці пад сябе ахапак саломы, і знясілена заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо не мог зразумець, ці засынаў, ці, можа, траціў прытомнасць; агнянае ззянне ў вачах стала суцэльным, бясконца і пакутліва кружылася ў галаве, цягнула ванітаваць. Ён паспрабаваў павярнуцца на бок, але ўжо не адолеў свайго налітага знямоглым цяжарам цела і, здаецца, сапраўды страціў прытомнасць…
Ачуньваў ён доўга і пакутліва, яго бралі дрыжыкі, вельмі хацелася піць, і ён доўга не мог разняць засмяглыя вусны і папрасіць вады. Ён толькі з натугай расплюшчыў вочы, калі адчуў нейкі рух побач — з прылазніка паявіўся белы цень Піваварава з адкінутым на патыліцу капюшонам і яго аўтаматам у руках. У лазні было змрочна-шэра, але маленькае акенца ў сцяне свяцілася ўжо, як удзень, ясна прасвечвалі ўсе шчыліны ў прылазніку, і лейтэнант зразумеў, што настаў ранак. Піваварава, аднак, нешта яўна трывожыла, прыгнуўшыся, баец прыпаў да маленькага акенца, штось пільна выглядаючы там.
Іваноўскі паспрабаваў павярнуцца на бок, у грудзях яго захрыпела, працяжна, з прысвістам, і ён закашляўся.
Адскочыўшы ад акенца, Півавараў падаўся да камандзіра.
— Ну як вы, таварыш лейтэнант?
— Нічога, нічога…
Ён чакаў, што Півавараў і яшчэ пра нешта спытаецца, але баец не запытаўся нічога, а неяк адразу прыціх і прыгнуўся ўсё ля таго ж акенца. Пасля ён сказаў прыглушаным шэптам:
— Вунь, немцы ў вёсцы.
— У якой вёсцы?
— У гэтай. Вунь крайняя хата за вярбінай… Немцы ходзяць.
— Далёка?
— Крокаў дзвесце, можа.
Калі за дзвесце крокаў немцы, якія яшчэ не знайшлі іх, дык можна лічыць, што ўвогуле ім пашанцавала ў гэтай лазні. Праўда, дагэтуль была ноч, але вось пачынаецца дзень, і хто ведае, колькі яшчэ ім удасца праседзець тут незаўважанымі.
— Нічога. Не высоўвайся толькі.
— Дзверы я зачыніў, - кіўнуў Півавараў у парог. — Рыдлёўкай падпёр.
— Добра. Вады тут няма?
— Ёсць, — ахвотна адазваўся Півавараў. — Во ў дзежцы вада. Я ўжо піў. З лёдам
— Дай.
Півавараў не дужа спрытна напаіў яго з нейкай бляшанкі, вада смярдзела венікам, да вуснаў прыліпала размоклае бярозавае лісце. Увогуле вада была агідная, быццам з лужыны, і гэтак жа агідна было ўнутры ў лейтэнанта — нешта распухла ў грудзях, ужо толькі з натугай можна было ўздыхнуць, адкашляцца ён не мог.
Калі напіўся, стала лягчэй, свядомасць яго быццам праяснілася, Іваноўскі агледзеўся навакол. Лазня была дужа маленькая, з нізкай закуранай столлю і чорнымі ад сажы сценамі. У куце каля дзвярэй чарнела куча камення на печцы, побач стаяла дзежка з вадой. На нізкім шастку над ім віселі нейкія забытыя транты. Ведама, у кожны момант і па першай патрэбе тут маглі паявіцца людзі, якія і знойдуць іх. І як ён не падумаў раней, што лазня не можа быць далёка ад вёскі і што ў гэтай вёсцы таксама могуць быць немцы.
— Што там відаць? — глуха запытаўся ён у Піваварава, які горбіўся ўжо ў прылазніку ля шчыліны ў дзвярах.
— Ды вунь са двара выйшлі… Двое. Закурваюць… Пайшлі некуды.
— Немцы?
— Ну.
— Нічога. Глядзі толькі. Так проста яны нас не возьмуць.
Ведама, ён разумеў невялікі кошт свайго галаслоўнага суцяшэння, але што ён мог болей? Ён ведаў толькі, што, калі прыйдуць немцы, прыйдзецца адбівацца, пакуль хопіць патронаў, а там… Але, можа, яшчэ і не прыйдуць. Можа, яны і зусім пойдуць з вёскі, можа, яны ў ёй толькі начуюць. Дзіўна, але ў яго адчуваннях цяпер з'явіліся нейкія новыя, дагэтуль амаль незнаёмыя яму адценні, нейкі ненатуральны ў гэтай блізі да немцаў спакой без ценю ягонае спешкі, яго нецярпення, якія дапякалі яму ў апошнія дні. Цяпер гэта ўсё знікла кудысьці, прапала, мабыць, разам з ягонаю сілай, страціўшы якую, ён траціў і свой заўсёдны душэўны напор. Цяпер ён стараўся як мага дакладней усё ўзважыць у свядомасці, выверыць розумам, каб паступіць напэўна, бо кожная памылка ў яго рашэнні магла аказацца апошняй. І першай яго выразна зразумелай неабходнасцю была гатоўнасць чакаць. Удзень, у снежным полі, на краі вёскі нічога болей не заставалася, як толькі запасціся да ночы цярпеннем, каб з наступленнем цемры штосьці зрабіць для свайго паратунку.
Але чакаць таксама патрэбна была сіла, трэба было неяк утрымліваць у сабе хісткую сваю прытомнасць, немалым намаганнем волі захаваць вытрымку. Гэта таксама было нялёгка нават для чалавека здаровага, якім быў Півавараў. У гэтае пастцы, паблізу ад немцаў не проста было саўладаць з нервамі, думаў лейтэнант, назіраючы, як кідаўся па лазні баец — то да акенца ў сцяне, то ў прылазнік са мноствам шчылін. Выглядаў ён амаль што спалоханы, і кожны раз, пазіраючы на байца, Іваноўскі думаў: ідуць! Але, мабыць, каб супакоіць камандзіра ды і сябе таксама, Півавараў час ад часу прыгаворваў услых:
— Хтосьці на сцежку выйшаў… Да калодзежа быццам. Ага. Нейкая цётка з вядром…
І яшчэ праз хвіліну:
— О, о! Выходзяць. Не, сталі. Стаяць… Пайшлі кудысь.
— Куды пайшлі?
— А чорт іх ведае! Схаваліся за вуглом.
— Нічога, не хвалюйся. Сюды не прыйдуць.
Іваноўскі не стаў забіраць у яго свой аўтамат, падумаўшы, што ў выпадку чаго Півавараў управіцца з ім спрытней за яго, у лейтэнанта ж засталася граната. Цяпер без гранаты яму немагчыма. Ён адвязаў яе ад дзягі і паклаў каля лаўкі. Побач стаяла прыслоненая да сцяны вінтоўка — усё было пад рукамі, заставалася цярпліва чакаць, спадзеючыся на ўдачу.