Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Дажыць да світання

Быков Василь

Шрифт:

— Сунуцца — тут і застануцца, — сказаў Півавараў, зазіраючы ў акенца. — Праўда, і мы…

Іваноўскі зразумеў, што недаказаў Півавараў, і запытаўся нечакана:

— Жыць хочаш?

— Жыць? — амаль здзівіўся баец і ўздыхнуў: — Няблага б. Але…

У тым-то і справа, што але! Гэта але д'ябальскім праклёнам стала ўпоперак іх маладых жыццяў, уцячы ад яго было немагчыма. У той памятны дзень яно бязлітасна рассекла свет на дзве палавіны, на адной з якіх было жыццё з усімі яго несамавітымі, але такімі патрэбнымі чалавеку радасцямі, а на другой — заўчасная, агідная, праклятая смерць. З гэтага ўсё пачалося, і што б ні здаралася потым, у наступных яго выпрабаваннях — усё нязменна

натыкалася на гэтае праклятае але. Каб неяк абысці яго, абхітрыць, перамагчы на сваім шляху і прадоўжыць жыццё, патрэбны былі неверагодныя намаганні, праца, пакуты… Вядома, каб выжыць, трэба было перамагчы, але перамагчы можна было толькі выжыўшы — у такое чортава кола загнала людзей вайна. Абараняючы сябе і краіну, трэба было забіць не аднаго, а шмат, і чым болей было забіта, тым болей надзейным было існаванне аднаго і ўсіх. Жыццё праз пагібель ворага — іншага выйсця на вайне, мабыць, не існавала.

Але як жа яму цяпер, калі немагчыма і забіць? Ён мог толькі забіць сябе. Як бы ён ні цешыў сябе ды і Піваварава, як бы ні пяўся да дзеяння, ён не мог не разумець тую простую ісціну, што з прастрэленымі грудзьмі ён не ваяка.

Тады што ж — ціха памерці ў гэтай лазні?

Не, толькі не гэта! Гэта было жахліва, агідна, амаль подла ў адносінах да сябе, да гэтага байца, якога ён таксама асуджаў на пагібель, у адносінах да ўсіх сваіх. Пакуль жывы, ён гэтага сабе не дазволіць.

Ён нават спалохаўся ад гэтай недарэчнай думкі і прахапіўся з кароткага забыцця. Трэба было нешта прыдумаць, штосьці зрабіць, магчыма, зрабіць зараз жа, не трацячы ні адной хвіліны жыцця, бо пасля можа быць позна…

Кідаючыся ў ліхаманкавых думках, ён доўга, пакутліва перабіраў усе магчымыя варыянты для паратунку і не знаходзіў нічога. Тады зноў наступілі знямога, абыякавасць, гатоўнасць цярпліва чакаць да ночы.

«Праклятая вёска! — каторы ўжо раз паўтараў ён сабе. — Яна яго загубіла. І трэба было так недарэчна наткнуцца на гэтага фрыца, які падняў крык, улезці ў перастрэлку, атрымаць кулю ў грудзі… Але ўсё ж нешта там ёсць. Гэтая цемра і сцішанасць, несумненна, былі штучныя, падтрыманыя строгай дысцыплінай, немагчымай без цвёрдай улады вялікага начальства. Зноў жа антэны… Хутчэй за ўсё там размясціўся нейкі вялікі, можа, нават армейскі іх штаб, бо ў глыбокім тыле маленькага штаба не будзе. Як дарэчы было б нанесці па ім удар! Але як нанясеш? Самалёты цяпер не лятаюць, а настане добрае надвор'е — тады шукай яго, як гэтую распраклятую базу боепрыпасаў…»

Яму не шанцавала ў самым пачатку, а ў канцы тым болей. Калі б не гэта раненне, якое, па сутнасці, загубіла яго, ужо што-небудзь ён бы напэўна прыдумаў. Можна было б наладзіць засаду, узяць языка… А цяпер як возьмеш? Цяпер яго самога можна ўзяць замест языка, хіба што карысці ад яго будзе нямнога. Зрэшты, пакуль ён жывы і ў яго ёсць граната, якой хопіць для абодвух і для гэтай вось лазні, - яго ім не ўзяць. Відаць, на гранату цяпер уся іх надзея.

Але ішоў час, а іх ніхто не трывожыў у гэтым цесным і цёмным сховішчы наводшыбе ад вёскі. Півавараў цяпер болей стаяў за прасценкам, зрэдку каменціруючы тое, што ўдавалася згледзець праз шчыліну. Але вось ён сціх, мабыць, нічога асаблівага там не было відаць, і лейтэнант раптам запытаўся ціха:

— У цябе маці ёсць?

Мабыць, гэта было дзіўнае ў іх становішчы пытанне, і Півавараў не зразумеў.

— Га? Што вы сказалі?

— Маці ў цябе ёсць?

— Ёсць, а як жа.

– І бацька?

— Не, бацькі няма.

— Што, памёр?

— Ды так, — няпэўна адказаў Півавараў. — З маці жыў. Калі б яна ведала, як нам тут! Во было б страху!..

— Харошая мама?

— Ну, — проста пацвердзіў баец. — Я ж у яе адзін. Бывала, усё для мяне.

— Адкуль родам?

— Я? З-пад Пскова. Ёсць такі гарадок Порхаў, можа, чулі? Там жыў. Мама

ў школе настаўніцай рабіла.

— Кажаш, шкадавала?

— Ну. Яшчэ як! Проста смешна было. З хлопцамі калі падурэю — трагедыя. Сняданак не даем — трагедыя. А ўжо калі захварэю — ого! Усіх дактароў на ногі падніме, тыдзень лякарствамі карміць будзе. Смешна было… А цяпер — не смешна.

— Цяпер не смешна, — уздыхнуў лейтэнант.

— Мама золата. Я ў яе адзін, але ж і яна ў мяне таксама адна. У нас там і радні ніякай. Мама з Ленінграда сама. Да рэвалюцыі ў Піцеры жыла. Колькі мне пра Піцер расказвала! А я так ні разу і не з'ездзіў. Усё збіраўся, збіраўся. Цяпер пасля вайны хіба.

— Пэўна, пасля вайны.

— Я, ведаеце, я нічога. Я не надта: заб'юць, ну і што ж! Маці шкада…

Маці, вядома, шкада, моўчкі пагадзіўся Іваноўскі. Зрэшты, шкада і бацьку таксама. Нават такога, якім быў яго, ветэрынар Іваноўскі. Не вельмі каб добры і не надта разумны, аматар пагутарыць з мужыкамі і нават выпіць з выпадку, ён часам здаваўся занядбаным, патрапаным у жыцці няўдакам. Сапраўды, ва ўсіх былі жонкі, якія клапаціліся пра харчаванне, быт, сямейныя зручнасці, у рознай ступені, але нязменна паважалі сваіх мужоў-камандзіраў, а яны з бацькам, колькі памятаў Ігар, заўсёды жылі ў нейкіх каморках, кутках, на прыватных жыдоўскіх кватэрах, абедалі калі і чым давядзецца: кавалкам сала, міскай капусты, кансервамі, абходзіліся адной на двух алюмініевай лыжкай. Маці сваю Ігар не памятаў і амаль ніколі не пытаўся пра яе ў бацькі; ён ведаў: варта толькі пачаць пра яе размову, як бацька не ўтрымаецца ад слёз. З вобразам маці была звязана нейкая сямейная драма Іваноўскіх, і сын нават не ведаў, ці была яна дзе жывая, ці даўно, можа, памерла. Зрэшты, як высветлілася потым, бацька таксама пра гэта не ведаў.

Пра бацьку Іваноўскага знаёмыя гаварылі рознае, па-рознаму адносіўся да яго сын, але ўсё роўна гэта быў бацька, які па-свойму любіў адзінага свайго сына, жадаў яму толькі добрага, радаваўся яго вайсковай будучыні. І вось дарадаваўся. Апошняе пісьмо ад яго Іваноўскі атрымаў у вучылішчы, перад выпускам, у пачатку чэрвеня; бацька тады быў пад Беластокам усё ў тым жа пагранатрадзе, Ігар жа атрымаў назначэнне ў Горадню, у распараджэнне армейскага аддзела кадраў, і думаў, што яны неўзабаве ўбачацца. Ён нават не адказаў бацьку на яго пісьмо, а пасля ўжо і адказваць не стала куды; дзе ён, жывы ці не — ніхто яму дакладна сказаць не мог, ды і запытацца не было ў каго. Відаць па ўсім, з бацькам у Іваноўскага ўсё назаўжды скончылася, надзеі на сустрэчу не засталося ніякай.

Таксама як і з яго Янінкай.

Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, навечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў — у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі… Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.

…Здаецца, ён зноў забыўся — заснуў або проста заціх на пакутным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшыся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Акно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.

Поделиться:
Популярные книги

Бастард Императора

Орлов Андрей Юрьевич
1. Бастард Императора
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора

На границе империй. Том 10. Часть 1

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 1

Имя нам Легион. Том 7

Дорничев Дмитрий
7. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 7

Измена. Вторая жена мужа

Караева Алсу
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Вторая жена мужа

Буря империи

Сай Ярослав
6. Медорфенов
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
эпическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Буря империи

Пенсия для морского дьявола

Чиркунов Игорь
1. Первый в касте бездны
Фантастика:
попаданцы
5.29
рейтинг книги
Пенсия для морского дьявола

На изломе чувств

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.83
рейтинг книги
На изломе чувств

Тринадцатый II

NikL
2. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Тринадцатый II

Сирота

Шмаков Алексей Семенович
1. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Сирота

Законы Рода. Том 9

Flow Ascold
9. Граф Берестьев
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
дорама
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 9

Красноармеец

Поселягин Владимир Геннадьевич
1. Красноармеец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
4.60
рейтинг книги
Красноармеец

Огненный князь 4

Машуков Тимур
4. Багряный восход
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 4

Начальник милиции. Книга 5

Дамиров Рафаэль
5. Начальник милиции
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Начальник милиции. Книга 5

Инкарнатор

Прокофьев Роман Юрьевич
1. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.30
рейтинг книги
Инкарнатор