Дом без гаспадара
Шрифт:
— Пытанне пяцьдзесят першае. Калі паўстануць мёртвыя?
— Мёртвыя паўстануць у дзень Страшнага суда.
— Твой бацька загінуў, так?
— Так.
— Што азначае «загінуў»?
— Загінуў на вайне — быў забіты.
— Дзе?
— Пад Калінаўкай.
— Калі?
— Сёмага ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.
— А калі нарадзіўся ты?
— Восьмага верасня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.
— Як звалі чалавека, які вінаваты ў смерці твайго бацькі?
— Гезелер.
— Паўтары гэта імя.
— Гезелер.
— Яшчэ раз.
— Гезелер.
— Ці ведаеш
— Так.
Ён гэта ведаў.
Бывала, тры дні запар яна кожны дзень клікала яго ў свой пакой і кожны раз пытала адно і тое ж:
— Што загадаў нам Гасподзь у шостай і дзевятай запаведзі?
— Гасподзь загадаў нам у шостай і дзевятай запаведзі быць сарамлівымі і цнатлівымі.
— Як спытаюць за грэх бессаромнасці?
Ён хутка і без запінкі барабаніў:
— «Ці не глядзеў я на бессаромнае з ахвотаю?
Ці не слухаў я бессаромнае з ахвотаю?
ЦІ не марыў я пра бессаромнае з ахвотаю?
Ці не жадаў я бессаромнага?
Ці не прамаўляў я бессаромнае з ахвотаю?
Ці не тварыў я бессаромнага? (Адзін або з таварышамі)».
Ён так і гаварыў:
— У дужках: адзін або з таварышамі.
I на заключэнне:
— Вось падрасцеш, тады ты зразумееш, чаму…
Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі ў кустах бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны і гаркавы пах свежай зелені. Незразумелая валтузня і незразумелы дзіўны спалох, разгубленасць на іх тварах ашаламілі яго і змусілі падазраваць нешта кепскае. Ён не ведаў, чым займаліся Грэбхакэ і Вольтэрс, але разумеў, што яны рабілі нешта бессаромнае. На пытанне пра шостую запаведзь ім прыйдзецца адказаць— «так», і не проста «так», але і «з таварышамі». З таго часу як ён даведаўся, што рабілі Грэбхакэ і Вольтэрс, ён пільна сачыў за выразам твару капелана падчас урокаў Закона Божага, таму што абодва хадзілі да гэтага капелана спавядацца. Але твар капелана, калі ён звяртаўся да Грэбхакэ і Вольтэрса, заставаўся нязменным. А раптам Грэбхакэ і Вольтэрс не сказалі на споведзі пра гэта, хоць і хадзілі да прычасця? Ён замёр, калі такая думка прыйшла яму ў галаву, і твар заліўся чырванню, што нават бабуля спытала: «Што з табой?» А ён адказаў: «Нічога, гэта ад дыму», і бабуля паспяшала скончыць сваю лекцыю, вырвала чэк, тады ён пайшоў да дзядзькі Альберта і проста з парога выпаліў:
— А Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі нешта бессаромнае.
Дзядзька Альберт адразу ж змяніўся з твару, ён прыкусіў вусны, крыху збляднеў і спытаў:
— Дзе, што ты бачыў? Адкуль ты гэта ўзяў?
Гаварыць было нялёгка, але ён працягваў:
— У кустах. — I яшчэ, заікаючыся, дадаў: — Штаны расшпіленыя, твары чырвоныя-чырвоныя.
Дзядзька Альберт спакойна набіў люльку, закурыў І павольна, крыху павольней, чым звычайна, загаварыў пра прыцягненне полаў, пра прыгажосць жанчыны. Не забытымі засталіся Адам і Ева, у голасе дзядзькі Альберта гучала натхненне, крыху смешнае, калі ён распачаў апяваць прыгажосць жанчын і імкненне мужчын з’яднацца з імі, ціхае і незразумелае захапленне.
— Увогуле ж, — дзядзька Альберт выбіў люльку невядома чаму, бо табака яшчэ тлела, і закурыў проці звычайнага цыгарэту, — увогуле ж ты ўжо, пэўна, ведаеш, што ад гэтага нараджаюцца дзеці — ад сужыцця мужчын з жанчынамі.
Зноў былі памянуты Адам і Ева, затым кветкі, жывёлы, карова ў Бітэнхане —
Дзядзька Альберт гаварыў доўга пра некаторыя таямніцы, якія яму, Марціну, яшчэ рана ведаць, пра цёмныя сілы, пра тое, як цяжка юнаку дачакацца таго часу, калі ён саспее для збліжэння з жанчынай. Зноў былі ўспамянуты кветкі і жывёлы.
— Ну, напрыклад, зусім маладая цялушачка, — сказаў дзядзька Альберт, — яна яшчэ не можа злучыцца з быком, яна яшчэ не можа мець дзяцей праўда ж? Але гэта не азначае, што целка не мае полу. Пол ёсць ва ўсіх жывёл, ва ўсіх людзей.
Не адну цыгарэту выкурыў дзядзька Альберт, ён часта запінаўся ў час гэтай размовы.
А Марцін падумаў: «Трэба яшчэ спытаць пра распусту, пра дзядзькаў і пра жаніцьбу».
— Ты ж быў жанаты там, у Англіі?
— Так.
— А ты сужыцельстваваў са сваёй жонкай?
— Так, — адказаў дзядзька Альберт, і, як ні прыглядаўся Марцін, ён не заўважыў аніякай змены ў твары дзядзькі Альберта, ніколечкі збянтэжанасці.
— А дзяцей чаму ў цябе не было?
— Не ад усялякага сужыцця бываюць дзеці, адказаў дзядзька Альберт, затым зноў пайшлі кветкі і звяры, а пра Адама і Еву — ні слоўка, і ён перапыніў дзядзьку Альберта:
— Значыць, правільна тое, што я думаў?
— Што ты думаў?
— Жанчына можа быць распуснай, нават калі ў яе няма дзяцей ад таго мужчыны, з якім яна жыве, — вось як у маці Вельцкама?
— Д'ябал! — сказаў дзядзька Альберт. — Што гэта ты прыдумаў?
— Таму што ў Брылаха маці распусная, — у яе ёсць дзіця, і яна жыве з мужчынам, які ёй не муж.
— Хто табе сказаў, што яна распусная?
— Брылах сам чуў, як дырэктар гаварыў інспектару: «Ён жыве ў жахлівых умовах, у яго зусім распусная маці».
— Ах, так, — сказаў дзядзька Альберт, і Марцін зразумеў, што ён вельмі раззлаваўся, і дадаў ужо не так упэўнена:
— Праўда, праўда, Генрых гэта пачуў, ды ён і сам ведае, што маці ў яго распусная.
— Няхай сабе, — сказаў дзядзька Альберт, — яшчэ што?
— Яшчэ, — адказаў Марцін, — у Вельцкама маці таксама распусная, хоць і не мае дзяцей. Я ведаю.
Дзядзька Альберт нічога не адказаў, ён толькі паглядзеў на яго здзіўлена і вельмі пяшчотна.
— Бессаромна — гэта тое, што робяць дзеці,— раптам пачаў Марцін, бо гэтая думка толькі што прыйшла яму ў голаў,— распусна — тое, што робяць дарослыя, але вось Грэбхакэ і Вольтэрс — яны таксама сужыцельствалі?
— Не, што ты, — адказаў дзядзька Альберт, і тут ён увесь счырванеў,— гэта не тое, яны заблыталіся, збіліся са шляху; не думай больш пра гэта і заўсёды пытай у мяне, калі пачуеш тое, што не зможаш зразумець. — Голас Альберта гучаў пераканаўча і сур’ёзна, але па-ранейшаму пяшчотна. — Запомніў? Заўсёды пытай у мяне. Лепш, калі пра ўсё пагаворыш адкрыта. Я ведаю далёка не ўсё, але тое, што я ведаю, я табе растлумачу абавязкова, не забудзься толькі спытаць.
Заставалася яшчэ слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Ён падумаў пра яго і пачырванеў, але вымавіць гэтае слова ён нізавошта не адважыўся б.