Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Як укопаны. Паўкалька з руск. м. (как вкопанный). Ужываецца з прыфразеалагічным словам стаяць і абазначае ‘нерухома’. Дзяцей, дзяцей на аселіцу адвядзі… Што стала як укопаная… (І.Пташнікаў. Тартак).
Этымалагічнай асновай фразеалагізма было пакаранне ў Расіі XVII ст. — закопванне жывых у зямлю. Злачынца, абвінавачанага ў забойстве, ставілі ў яму і закопвалі да самай галавы. У такім стане ён і паміраў на другі ці трэці дзень. Узнікшы са свабоднага словазлучэння як укопаны ў зямлю, фразеалагізм скараціўся.
У даўгу як у шаўку. Паўкалька з руск. м. (в долгу как в шелку). Звыш усякай меры. Далікатны намёк на мой доўг закрануў мяне за жывое. Нядобра, калі чалавек у даўгу як у шаўку (А. Якімовіч. З франтавых запісаў).
У гэтым рыфмаваным комплексе (спалучэнне + фразеалагізм) наўрад ці варта шукаць якія-небудзь лексіка-семантычныя і лагічна-сінтаксічныя сувязі, апрача падгонкі пад гукавую сіметрыю гэтых дзвюх з’яў, y пэўнай ступені як бы супрацьпастаўленых: «непрыемнае» (у даўгу) і «прыемнае» (як у шаўку). Такіх рыфмаваных комплексаў, непадзельных і марфалагічна нязменных, шмат: турбот повен рот, муж аб’еўся груш, з’явіўся не запыліўся, не купіш за кукіш і інш. Фразеалагізм як у шаўку выкарыстоўваецца і ў форме як у шаўках, калі гэтага вымагае папярэдняе спалучэнне ў даўгах: «Вечна Васіль рублі лічыць, y даўгах як у шаўках» (І.Капыловіч).
Круціцца як уюн на гарачай патэльні (скаварадзе). Уласна бел. Бесперастанку і не знаходзячы выйсця з цяжкіх абставін. A ты ж не ведаеш, што няшчасце ўбіла мяне і на кароўнік. Як уюн на гарачай скаварадзе буду круціцца…(П.Місько. Градабой).
Узнікшы як параўнальны зварот, выраз ужываецца з абавязковым дзеясловам-суправаджальнікам круціцца, y якім адначасова суіснуюць два значэнні: зыходнае і адзіна лагічнае ў дачыненні да ўюна ‘рухацца, звіваючыся, скручваючыся’ і яшчэ якое-небудзь са значэнняў гэтага мнагазначнага слова (‘быць у пастаянным клопаце’, ‘выкручваючыся, хітрыць’ і інш.).
Як фенікс з попелу. Паўкалька з ням, м. (wie Ph"onix aus der Asche). Ужыв. як сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння. Як фенікс з попелаў [вольны дух] узносіцца з канаў, на дно якіх яго спіхаюць цемраў зверы (Я. Купала. Чаму?).
Склаўся на аснове міфа, які ўзнік y старажытнай Аравіі і быў вядомы таксама егіпцянам і грэкам. Паводле міфа, свяшчэнная птушка фенікс, арол з вогненна-залацістым апярэннем, праз кожныя пяцьсот гадоў прылятае ў егіпецкі храм бога сонца, дзе яе спальваюць і яна зноў адраджаецца з попелу.
Як чорт ад ладану. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как черт от ладана, укр, як чорт від ладану). Усімі сродкамі, як толькі можна (пазбаўляцца, адмахвацца, уцякаць і пад. ад каго-, чаго-н.). [Гурман] на просты харч глядзець не можа нават — іблізка не паднось! Як чорт ад адану ён верне нос… (Э. Валасевіч. Гурман).
Этымалагічная
Як чорт ладану. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как черт ладана, укр. як чорт ладану). Вельмі моцна (баяцца каго-, чаго-н.). Чыноўнік той, y каго з ’яўляюцца… зноў паўтараю… нават не думкі, думак ён баіцца як чорт ладану, а перажыванні, эмоцыі мешчаніна (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).
Паходзіць з параўнальнага звароту, y аснове якога рэлігійныя ўяўленні: чорт спакушае ка благія ўчынкі і баіцца толькі крыжа і ладану — духмянай смалы для абкурвання ў царкве пры набажэнстве.
Як чорт панёс каго, што. Уласна бел. Хто-н. ці што-н. вельмі хутка памчаўся (памчалася). Каровы рванулі праз сенажаць да рэчкі: мучыць смага, бо паспелі нахапацца хутаранцавай канюшыны, a цяляты — тых як чорт панёс (Ф. Янкоўскі. Сны мае).
Паходзіць з прыказкі Баба з калёс, a калёсы як чорт панёс. «Абломак» прыказкі ўпершыню як фразеалагізм ужыты ў байцы К. Крапівы «Дзед і Баба» (1925), сюжэт якой пабудаваны на аснове гэтай прыказкі з выкарыстакнем яе вобразнасці і асобных элементаў: Потым — гоп яна з калёс, села ля дарогі, a каня як чорт панёс, — дзе ўзяліся й ногі!
Як швед пад Палтавай. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как швед под Полтавой, укр. як швед під Полтавою). Зусім, канчаткова (прапасці, праваліцца і пад.). Ну, Мікола, лічы, прапаў ты цяпер як швед пад Палтавай… (А. Махнач. За вушка ды на сонейка).
Паходзіць ад гістарычнай падзеі — бітвы паміж расійскімі і шведскімі войскамі, якая была 27 чэрвеня 1709 г. пад Палтавай і закончылася перамогай над шведамі. Фразеалагізм выкарыстаны ў камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», фіксуецца ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча (са значэннем ‘кажуць пра таго, хто прайграўся ці прапіў сваю маёмасць’).
Як (што) босаму разуцца. Уласна бел. Вельмі лёгка, проста, не складае ніякіх цяжкасцей (зрабіць што-н.). Ды якая там, здавалася, небяспека, жылка тоненькая, смеху варта, y вадзе і не бачна яе, парваць яе [карпу] такую што босаму разуцца (В. Казько. Цвіце на Палессі груша).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, сумяшчэнне несумяшчальных паняццяў.
Як (што) костка ў горле каму. Уласна бел. Вялікая перашкода для каго-н., тое, што дапякае каму-н. Стаяў тады ў Крайску паліцэйскі гарнізон. Быў ён нам і вілейскім партызанам што костка ў горле (М. Вышынскі. Па вясну).
Склаўся, відаць, на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле (каму, каго), які абазначае ‘вельмі перашкаджаць, выклікаючы ў каго-н. неспакой, хваляванне, раздражненне і пад.’.
Як (што) сабаку муха для каго, каму. Агульны для бел. і ўкр. (як собаці муха) м. Нічога не значыць для каго-н., зусім не дастаткова каму-н. (пра ежу, пітво). Тая ўчарашняя шклянка самаробкі для Нагніля як сабаку муха (І.Канановіч. Старыя званы).