Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Да карэння валасоў чырванець (пачырванець). Калька з франц. м. (jusqu’a lа гасіnе dеs сhеvеuх). Вельмі моцна. Віктар падумаў, што зараз пачырванее, і тут жа пачырванеў да карэння валасоў (У. Карпаў. Сотая маладосць).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Да касцей прамокнуць, прамерзнуць. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до костей, укр. до кісток). Вельмі моцна, наскрозь. Хлопцы сядзелі на нарах і моўчкі глядзелі на прамерзлага да касцей партызана, які ля печы здымаў боты (А. Карпюк. Данута).
Магчыма,
Далёка не заедзеш (не паедзеш) на чым, з чым, без чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Не шмат чаго дасягнеш, многага не даб’ешся.
— Што гэта за пасаг, — рызыкнуў не паддацца Сёмка Фартушнік.
— На адным доме далёка не заедзеш (К. Чорны. Трыццаць год). Шафёр таксама лагодна крыкнуў: — Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу (І. Шамякін. Трывожнае шчасце).
Узнік з прыказкі На лечаным кані далёка не заедзеш. Дзеяслоўны кампанент фразеалагізма ўжываецца, як і ў прыказцы, звычайна ў другой асобе адзіночнага ліку.
Да мозгу касцей. Калька з франц. м. (jusqu’'a lа тоеllе dеs оs). Ужыв. са значэннямі ‘вельмі моцна (празябнуць, прамерзнуць; мароз, вецер прабірае, пранізвае і пад.)’, ‘у найвышэйшай ступені’ і ‘самы сапраўдны, цвёрда перакананы ў чым-н.’. Холад пранізваў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы (І. Шамякін. Трывожнае шчасце). Быць прынцыповым да мозгу касцей, бараніць свае прынцыпы да апошняга дыхання? Хіба гэта кепска? (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў). Ты вось выступаеш за пачуцці, а сам такі ўжо рацыяналіст… да мозгу касцей! (У. Рубанаў. Каштаны).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Дамоклаў меч. Калька з лац. м. Пастаянная небяспека, неадступная пагроза. Не літасці ў ворага маліць, прасіць, хоць і дамоклаў меч над галавой вісіць (Я. Пушча. Дамоклаў меч).
Этымалагічнай асновай выразу з’явілася старажыткагрэчаскае паданне, упершыню запісанае рымскім філосафам Цыцэронам. Сіракузскі тыран Дыянісій Старэйшы (IV ст. да н. э.) захацеў правучыць аднаго са сваіх прыбліжаных, Дамокла, які зайздросціў свайму ўладару, называючы яго самым шчаслівым з людзей. I вось зайздросніка запрасілі ў тыранаў палац і пасадзілі на трон. Радасць была нядоўгай і перайшла ў страх, бо Дамокл убачыў, што ў яго над галавой вісіць на конскім воласе востры меч. Як растлумачыў Дыянісій, гэты меч — сімвал небяспекі, якая ўвесь час падпільноўвае тырана, знак нетрываласці яго шчасця.
Вернемся да нашых бараноў. Калька з франц. м. (rеvепопs 'a nоs mоutоns). (Вернемся) да асноўнай тэмы, да прадмета гаворкі. Згадайце нашу далёкую ці нават зусім яшчэ нядаўнюю гісторыю… Але вернемся, як кажуць, да нашых бараноў (Настаўн. газ. 16.01.2001).
Паходзіць з фарса «Адвакат П’ер Патлен» (1470). На судзе багаты суконшчык, у якога пастух украў бараноў і авечак, пачынае, забываючы пра сутнасць распачатай ім судовай справы супраць пастуха, папракаць пастуховага адваката Патлена, які не заплаціў яму да гэтага часу за шэсць локцяў сукна. Суддзя мусіў перапыніць суконшчыка словамі: «Вернемся да нашых бараноў» (у арыгінале першы і апошні кампаненты звязаны рыфмай).
Да новых венікаў помніць, памятаць, не забыць. Агульны для ўсходнесл. м. (укр.
Склаўся ў выніку метанімічнага пераносу, заснаванага на часавай сумежнасці з’яў. Першапачатковае прамое значэнне — ‘на працягу ўсяго года, аж да таго часу, калі ў летні сезон зноў пачнуць нарыхтоўваць венікі (для паркі ў лазні ці падмятання паддогі)’.
Да першых пеўняў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. до первых петухов, укр. до перших півнів). Вельмі позна, да сярэдзіны ночы (сядзець, гуляць, не спаць і інш.). Выпускнікі перад сваім святам не клаліся спаць да першых пеўняў, латашылі гародчыкі з кветкамі (В. Казько. Сад, альбо Заблытаны след рамана).
Першапачатковае значэнне выразу— ‘пакуль заспяваюць першыя пеўні’. А спяваюць яны заўсёды ў адзін і той жа час — у поўнач.
Дарогу перабягаць каму. Агульны для ўсходнесл. м. Перашкаджаць камусьці, апярэджваць у чым-н. Мог бы ўжо і Вінцэсь у горадзе быць, на другім курсе. А от жа не шанцуе… Гарадскія дарогу перабягаюць — растаропны яны, языкі добра падвешаны… (П. Місько. Ціхае лета).
Прататыпам выразу было пераменнае словазлучэнне, звязанае з даўнімі вераваннямі: калі кошка або заяц ці ліса перабягалі каму-небудзь дарогу, то гэта было прыметай, што не пашанцуе, што будзе бяда. Нічога добрага не абяцала і сустрэча з чалавекам, у якога «паганае вока».
Дарункі данайцаў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. дары данайцев, укр. дари данайців). Каварная паслуга з мэтай прычыніць зло. Пасажыры б’юць трывогу: іх збуцвелы каўчэг хіліцца і яшчэ, чаго добрага, перакуліцца ад перагрузкі. Не таварамі для народа, не багаццямі для працоўных. Дарункамі данайцаў — зброяй! (С. Паўлаў. Воўк ля парога).
Сфарміраваўся на аснове легенды з грэчаскай міфалогіі аб узяцці Троі і траянскім кані. Данайцы (грэкі) пасля дзесяцігадовай асады рашылі хітрасцю авалодаць горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Жрэц Лаакоан не паверыў грэкам і папярэдзіў сваіх суайчыннікаў: «Бойцеся данайцаў, што прыносяць дарункі!» Але траянцы не звярнулі ніякай увагі на гэту перасцярогу, разбурылі частку сцяны і ўцягнулі каня ў крэпасць. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава. Троя была ўзята і разбурана.
Да ручкі. Агульны для ўсходнесл. м. Да бязвыхаднага становішча, да поўнай непрыгоднасці (дабіваць, даводзіць). Піла так затупілася, што бацька дзіву даўся: — Ну, дабілі пілу да ручкі! (Л. Левановіч. Шчыглы).
Відаць, на пачатку свайго яшчэ нефразеалагічнага жыцця спалучэнне да ручкі ўступала ў кантакт з дзеясловам зрэзацца і дастасоўвалася, напрыклад, да нажа або сярпа, якія ад доўгага карыстання зрэзваліся ледзь не да самай ручкі і станавіліся непрыгоднымі. Фразеалагізаваўшыся, выраз стаў спалучацца з рознымі дзеясловамі-суправаджальнікамі і ў залежнасці ад гэтага пашыраў свой сэнс. У спалучэнні са словамі дабіваць, даводзіць ён абазначае ‘да бязвыхаднага становішча, да поўнай непрыгоднасці’ (гл. вышэй), а са словамі даходзіць, дайсці, дабівацца — ‘да мяжы, да крайняй ступені ва ўчынках, у паводзінах, немачы, слабасці і інш.’: «Я і сама ўжо не работніца, да ручкі дабілася, можна сказаць» (І. Козел).