Гронкі гневу
Шрифт:
І тут пачыналі ўжо абурацца агенты гаспадароў. Прыйдзецца вам ехаць адсюль.
Дык жа зямля гэтая наша, усклікалі арандатары. Мы…
Не, не ваша. Яна належыць банку-пачвары. Вам прыйдзецца ехаць.
Мы выйдзем са стрэльбамі, як дзед наш выходзіў насустрач індзейцам. Што тады?
Што ж — спачатку прыйдзе шэрыф, потым — войска. Калі ўчэпіцеся за свае ўчасткі — вы грабежнікі, а за стрэльбы возьмецеся — вы забойцы, і так і гэтак вы — злачынцы. Банк — пачвара, не чалавек, але можа прымусіць чалавека рабіць, што захоча.
А калі нам ісці, дык куды? І як мы пойдзем адсюль? У нас грошай няма.
Вельмі шкада, гаварылі агенты. Банка — уладальніка пяцідзесяці тысяч акраў — гэта не датычыць. Вы седзіце на зямлі, якая вам не належыць. Дзе-небудзь у іншых
Арандатары зноў апускаліся на кукішкі і вадзілі пруткамі па пыле, прыкідвалі, разважалі. Асмаленыя спёкай цёмныя твары, вылінялыя ад няшчаднага сонца вочы. Жанчыны асцярожна спускаліся з ганка і шлі да мужоў, за імі баязліва краліся дзеці, гатовыя ў любы момант пусціцца наўцёкі. Старэйшыя сыны садзіліся на кукішкі побач з бацькамі — гэта дае табе адчуванне, што ты ўжо мужчына. Крыху счакаўшы, жанчыны пыталіся: чаго ён прыязджаў?
Мужчыны на імгненне адрывалі позірк ад зямлі, і ў вачах у іх таіўся боль. Давядзецца ехаць адсюль. Трактар, упраўляючы — тут будзе ўсё, як на фабрыцы.
Куды ж мы паедзем? — пыталіся жанчыны.
Хто ж ведае? Хто ведае?
Жанчыны таропка і моўчкі вярталіся ў хаціны, гонячы перад сабой чародку дзяцей. Яны ведалі: калі мужчыну бярэ такая крыўда, такая роспач, ён можа сарваць злосць на дарагіх яму людзях. Яны пакідалі мужчын адных — няхай думаюць, няхай мяркуюць, дапамагаючы сабе чырканнем па пыле.
Неўзабаве арандатар азіраўся навокал — кідаў позірк на пастаўленую яшчэ дзесяць гадоў назад вадакачку з доўгай, як гусіная шыя, помпай; на калоду, на якой паклала галаву не адна сотня курэй; на плуг пад паветкай і на падвешаную да бэлькі кармушку ўласнага вынаходства.
А ў хаце жанчын абкружалі дзеці. Што ж мы рабіць будзем, мама? Куды мы цяпер?
Жанчыны адказвалі: ніхто яшчэ нічога не ведае. Ідзіце, гуляйце. Толькі да таты блізка не падыходзьце. А то ён можа і набіць вас, калі не ў пару падлезеце. І жанчыны зноў браліся за працу, але ні на момант не спускалі вачэй з мужоў, што сядзелі на кукішках у пыле, збянтэжаныя і апанаваныя трывожнымі думкамі.
Трактары ехалі па дарогах і збочвалі на палі — вялізныя машыны на гусенічным хаду. Яны паўзлі, як насякомыя, і, як насякомыя, былі неверагодна энергічныя. Яны паўзлі па зямлі — апускалі гусеніцы, каціліся па іх і падбіралі іх ззаду. Дызельныя маторы пафырквалі, калі працавалі ўхаластую, а калі трактары краналіся з месца, маторы ўзнімалі аглушальны роў, які паступова пераходзіў у аднастайны рокат. Жалезныя страшыдлы ўздымалі клубы пылу і, пратыкаючы іх сваімі тупымі рыламі, ішлі напрасткі па мясцовасці, удоўж і ўпоперак, скрозь агароджы, праз двары, ныралі ў яры і вынырвалі з іх, не адхіляліся ў бакі. Ім было няважна — ёсць дарога ці няма, яны самі пракладвалі сабе дарогу. Ім было ўсё хоць бы што — узгоркі, лагчыны, канавы, агароды, будынкі.
Чалавек на жалезным сядзенні не падобны быў на чалавечую істоту: рукавіцы, вялікія акуляры, гумавая маска ад пылу на носе і роце — ён здаваўся часткай гэтай махіны, робатам. Грукат цыліндраў разносіўся па ўсёй акрузе, пранізваў паветра і зямлю, і зямля і паветра адгукаліся гулам і здрыгаліся ў лад яму. Трактарыст не меў улады над машынай — яна ішла напрасткі, кроячы дзесяткі фермаў, і таксама напрасткі вярталася назад. Лёгкі перавод рычага — і гусеніцы павярнулі б убок, але рука трактарыста не магла перавесці рычаг, бо пачвара, што стварыла трактар і паслала яго сюды, завалодала рукамі трактарыста, яго мозгам, яго мускуламі, начапіла яму шоры, надзела наморднік — шорамі зацямніла яму розум, наморднікам прыглушыла словы, зацямніла свядомасць, прыглушыла пратэст. Ён не бачыў зямлі такой, якой яна была, не мог адчуць яе сапраўднага паху; ногі яго не разміналі камякоў гэтай зямлі, не адчувалі яе цеплыні, яе сілы. Ён сядзеў на
Зямлю гэтую ён любіў не болей, чым любіў яе банк. Ён мог захапляцца трактарам — яго адшліфаванымі паверхнямі, яго магутнай сілай, выццём яго цыліндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой бліскучыя дыскі, якія рэзалі зямлю вострымі лёзамі — не ворыва, а хірургічная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другі рад дыскаў крышыў яго і валіў налева. Вострыя лёзы ззялі, адпаліраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызаліся. А за дыскамі ішлі бароны, жалезнымі зубамі прачэсвалі зямлю — разбівалі дробныя камякі і пакідалі за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка — дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волі механізмаў вывяргалі семя, метадычна і бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзенні і ганарыўся прамымі барознамі, пракладзенымі міма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любові і які яму не належаў, ганарыўся сілай, над якой не меў улады. А калі ўраджай выспяваў і яго збіралі, ніхто не размінаў гарачых камякоў зямлі пальцамі, не прасейваў яе між імі. Нічые рукі не дакраналіся да насення, ніхто з заміраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзі елі тое, што яны не вырошчвалі, паміж імі і хлебам знікла сувязное звяно. Зямля радзіла пад жалезам і пад жалезам паволі памірала; яе ні любілі, ні ненавідзелі, да яе не звярталіся ні з малітвай, ні з праклёнамі.
Апоўдні трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка і даставаў сняданак — сандвічы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой і торцік з кляймом, як на дэталі машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзілі да яго з дамоў, з цікавасцю пазіралі, як ён знімае акуляры і гумавую маску, пад якімі засталіся белыя кружкі вакол вачэй і вялікі белы круг вакол носа і рота. Выхлапная труба ціха пафырквала, бо гаручае каштавала танна і не было ніякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цікаўныя дзеці абступалі яго чародкай, абарваныя дзеці з аладкамі ў руках. Яны адкусвалі па кавалачку і прагнымі вачамі сачылі, як трактарыст раскручвае з паперы сандвічы, завостранымі ад голаду насамі ўдыхалі пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалі з трактарыстам, толькі ўважліва сачылі за рукой, што падносіла ежу да рота. Яны не глядзелі, як ён жуе, — іх вочы не адрываліся ад рукі, у якой ён трымаў сандвіч. А неўзабаве падыходзіў арандатар, які адмаўляўся пакідаць свой участак, прысаджваўся на кукішкі ў цяні трактара.
— Ці не сын ты Джона Дэвіса?
— Ён самы, — адказваў трактарыст.
— Навошта ж ты пайшоў на такую работу — супраць сваіх?
— Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка і дзеці. Трэба ж нешта есці. Тры даляры ў дзень і пастаянная праца.
— Усё так, — гаварыў арандатар. — Але праз твае тры даляры пятнаццаць ці дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотні людзей давялося зняцца з месца, і цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Ці ж гэта справядліва?
Трактарыст адказваў:
— Я пра ўсіх думаць не магу. Мая справа думаць пра сваіх дзяцей. Тры даляры ў дзень і пастаянна. Цяпер зусім іншы час, містэр, хіба не ведаеце? Калі ў цябе няма двух, пяці, дзесяці тысяч акраў зямлі і трактара, на жыццё не заробіш. Такой драбязе, як мы з вамі, няма чаго і думаць пра свой участак. Вы ж не станеце скандаліць з тае прычыны, што не можаце выпускаць «форды» альбо кіраваць тэлефоннай кампаніяй? Тое самае і з зямлёй. Нічога не зробіш. Пашукайце лепш дзе-небудзь работу за тры даляры ў дзень. Адзінае выйсце.