Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Таму, калi яго крыклiвыя жонкi сварылiся ўжо занадта моцна, ён толькi сыходзiў у зацiшны куточак свайго саду пры палацы i праклiнаў тую часiну, калi ён нарадзiўся на свет.
Аднойчы здарылася так, што яны сварылiся ўжо тры тыднi запар - усе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак. Сулейман-iбн-Дауд сышоў ад iх, як звычайна, у цiхi закутак саду. I сярод апельсiнавых дрэў ён сустрэў Балкiду Найпрыгажэйшую. I яна сказала:
– О пане мой, святло вачэй маiх, пакруцi ў сябе на пальцы пярсцёнак i пакажы гэтым эгiпецкiм,
Але Сулейман-iбн-Дауд захiтаў галавою i адказаў:
– О панi мая, радасць жыцця майго, успомнi Звяругу, што выплыў з марской глыбiнi i асарамацiў мяне перад усiмi звярамi, якiя толькi ёсць на зямлi, за тое, што я надумаўся павыхваляцца. Цяпер, калi я пачну выхваляцца перад гэтымi персiдскiмi, абiсiнскiмi, кiтайскiмi, эгiпецкiмi царыцамi толькi таму, што яны дакучаюць мне сваёю балбатнёю, я магу яшчэ горш асарамацiцца.
I Балкiда Найпрыгажэйшая сказала ў адказ:
– О пане мой, скарб душы маёй, што ж ты будзеш рабiць?
I Сулейман-iбн-Дауд адказаў:
– О панi мая, уцеха сэрца майго, давядзецца аддаць свой лёс у рукi тых дзевяцiсот дзевяноста дзевяцi царыц, якiя выводзяць мяне з цярпення сваiмi няспыннымi сваркамi.
I ён пайшоў мiма лiлеяў i японскiх лакатаў, мiма ружаў, каннаў i духмянага iмбiру, што раслi ў садзе, i прыйшоў да вялiзнага камфорнага дрэва, якое празвалi Камфорнае Дрэва Сулеймана-iбн-Дауда.
А Балкiда схавалася мiж высокiх касачоў, плямiстага бамбуку i чырвоных лiлеяў, каб быць блiжэй да свайго каханага Сулеймана-iбн-Дауда.
У гэты час пад дрэвам праляталi два матылькi. Яны сварылiся.
Сулейман-iбн-Дауд пачуў, што адзiн з iх сказаў другому:
– Як ты смееш гаварыць са мною гэтак непачцiва i груба? Хiба ты не ведаеш, што варта мне тупнуць нагою - i ўзачнецца навальнiца, i ўвесь палац Сулеймана-iбн-Дауда, i ўвесь гэты сад праваляцца ў тартарары!
Тады Сулейман-iбн-Дауд забыўся на ўсiх сваiх дзевяцьсот дзевяноста дзевяць сварлiвых жонак i засмяяўся. Ён смяяўся з самахвальства Матылька, i смяяўся гэтак доўга, што затрэслася нават камфорнае дрэва. I ён выставiў палец i сказаў:
– Ану, хадзi ты сюды, чалавечак!
Матылёк страшэнна спалохаўся, але нiчога не зробiш, давялося яму падляцець да Сулеймана-iбн-Дауда i сесцi, трапечучы крыльцамi, на яго выстаўлены палец. Сулейман-iбн-Дауд нахiлiў галаву i цiхенька прашаптаў:
– Ах, чалавечак, ты ж цудоўна ведаеш, што, колькi б ты нi тупаў нагою, ад гэтага не зварухнецца нават травiнка! Чаму ж ты гэтак бессаромна лжэш сваёй жонцы? Гэта ж праўда, што яна твая жонка?
Матылёк паглядзеў на Сулеймана-iбн-Дауда i ўбачыў наймудрэйшыя вочы цара, што зiхацелi, як зоркi ў марозную ноч. I ён склаў крыльцы, i схiлiў галаву, i сабраў усю сваю мужнасць, i сказаў:
– Сапраўды, гэта мая жонка, а ты сам добра ведаеш, што яны такое, нашы жонкi.
Сулейман-iбн-Дауд ухмыльнуўся ў бараду i адказаў:
– Так, браце мой, гэта я вельмi добра ведаю.
– Трэба ж трымаць iх у паслухмянасцi, - сказаў Матылёк.
– А мая жонка лае мяне ўжо ўсю ранiцу, я i настрашыў яе, каб яна перастала бушаваць i сварыцца.
I Сулейман-iбн-Дауд сказаў:
– Што ж, можа, гэта i сапраўды ўцiхамiрыць яе. Iдзi да свае жонкi, о браце мой, а я паслухаю, што ты ёй скажаш.
Паляцеў Матылёк назад да сваёй жонкi, якая сядзела пад лiсцiкам i дрыжала ад страху.
I яна ўсклiкнула:
– Ён чуў твае словы! Сулейман-iбн-Дауд чуў, што ты сказаў!
– Чуў, - адказаў Матылёк.
– Я i хацеў, каб ён чуў.
– I што ж ён сказаў? О, што ж ён сказаў?
– Ну, - адказаў Матылёк, важна памахваючы крыльцамi, - мiж намi, дарагая, (вядома, я не асуджаю яго, бо палац вельмi дорага каштуе, ды i апельсiны якраз даспяваюць). Зрэшты, ён прасiў мяне не тупаць, i я паабяцаў, што не тупну.
– Божа мой!
– усклiкнула жонка Матылька i прыцiхла, а Сулейман-iбн-Дауд смяяўся да слёз з нахабства гэтага прайдзiсвета.
Балкiда Найпрыгажэйшая стаяла за дрэвам сярод пунсовых лiлеяў i ўсмiхалася ўпотай, бо яна чула ўсю размову. I яна падумала: "Калi я i праўда мудрая, я магу збавiць свайго каханага ад дакучлiвых сварлiвых царыц". Яна выставiла палец i цiхенька прашаптала жонцы Матылька:
– Малюсенькая жанчына, хадзi-тка сюды!
Матылiха страшэнна спужалася, ды нiчога не зробiш, яна падляцела да Балкiды i села на яе белую руку.
Балкiда нахiлiла сваю прыгожую галаву i прашаптала:
– Малюсенькая жанчына, няўжо ты i праўда паверыла таму, што сказаў табе муж?
Матылiха зiрнула на Балкiду i ўбачыла вочы Найпрыгажэйшай царыцы, што зiхацелi, як зiхацiць возера ў месячную ноч. Матылiха склала крыльцы i, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, сказала:
– О царыца, красуйся на векi вякоў! Ты ж ведаеш, што такое мужы!
I царыца Балкiда, мудрая Балкiда Саўская, падняла руку да вуснаў, каб схаваць усмешку, i сказала:
– Так, сястрыца мая, ведаю.
– Яны злуюцца за дробязi, - сказала Матылiха, хутка-хутка распасцiраючы i складваючы крыльцы, - i мы павiнны ўлагоджваць iх, о Царыца, каб яны не бурчалi. Яны нiколi не думаюць нават паловы таго, што кажуць. Калi мужу майму гэтак хочацца верыць, нiбыта я паверыла, што варта яму тупнуць нагой i палац Сулеймана-iбн-Дауда знiкне, няхай сабе верыць, не буду яму пярэчыць. Усё адно заўтра ён пра гэта забудзецца.
– Так, сястрыца мая, ты кажаш шчырую праўду, - прамовiла Балкiда, - але, калi ён наступны раз пачне перад табою выхваляцца, злавi яго на слове. Скажы яму, каб ён i папраўдзе тупнуў нагою, i паглядзi, што з гэтага выйдзе. Ён будзе дужа пасаромлены. Вось пабачыш.