Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
"Навошта гэта?
– думаў Рыкi.
– Я ж ужо прыкончыў яе".
I тут да Рыкi-Цiкi падбегла Тэдзева матка, падняла яго прама з пылу i пачала моцна прыцiскаць да сябе, крычучы, што ён выратаваў яе сына ад смерцi, а Тэдзi зрабiў вялiкiя вочы, i ў ягоных вачах быў спалох. Мiтусня спадабалася Рыкi, але чаму яна адбылася, ён, вядома, зразумець не мог. Можа, Тэдзева матка лашчыць яго за тое, што ён выкачаўся ў пыле? Ва ўсякiм выпадку, усё гэта было вельмi прыемным.
Калi селi абедаць, Рыкi-Цiкi, гуляючы па абрусе сярод шклянак вiна, мог бы тройчы напакаваць сабе бруха найсмачнейшымi
– Рыкi-цiкi-цiкi-цiкi-чк!
Тэдзi ўзяў яго да сябе ў ложак. Хлопчыку хацелася, каб Рыкi абавязкова спаў у яго пад самым падбародкам, на грудзях. Рыкi быў добрага выхавання мангуст i не мог нi ўкусiць, нi абдрапаць яго, але ледзь толькi Тэдзi заснуў, ён злез з ложка i пайшоў вандраваць па доме.
Упоцемку ён наткнуўся на мускусную пацучыху Чучундру, якая падкрадвалася блiжэй да сцяны.
У Чучундры разбiтае сэрца. Яна енчыць i ные ўсю ноч i ўсё хоча набрацца адвагi, каб выбегчы на сярэдзiну пакоя. Але адвагi ў яе нiколi не знаходзiцца.
– Не губi мяне, Рыкi-Цiкi!
– закрычала яна i ледзьве не заплакала.
– Той, хто забiвае змяю, цi будзе вазiцца з нейкiм там мускусным пацуком!
– пагардлiва сказаў Рыкi-Цiкi.
– Хто забiвае змяю, той ад змяi i загiне!
– яшчэ сумней сказала Чучундра.
– I хто ведае, цi не заб'е мяне Наг, памылiўшыся? Ён падумае, што я - гэта ты...
– Знайшла чаго баяцца!
– сказаў Рыкi-Цiкi.
– Наг у садзе, а цябе там нiколi не бывае...
– Мая стрыечная сястра - пацучыха Чуа - казала мне...
– пачала Чучундра i змоўкла.
– Што ж яна казала?
– Цсс... Наг пачуе нас, ён - усюды. Няхай бы ты сам пагутарыў з маёй сястрой у садзе.
– Але ж я яе не бачыў. Ну, дык гавары! Ды хутчэй, Чучундра, а не - дык я цябе ўкушу!
Чучундра села, падкурчыўшы ногi, i пачала плакаць.
Плакала яна так доўга, што з вусоў у яе пакацiлiся слёзы.
– Я такая няшчасная!
– лямантавала яна.
– У мяне нiколi не ставала смеласцi выбегчы на сярэдзiну пакоя. Цссс! Але хiба ты не чуеш, Рыкi-Цiкi? Лепш ужо мне нiчога не гаварыць.
Рыкi-Цiкi прыслухаўся. У доме была цiшыня, але яму здалося, што да яго ледзь-ледзь даносiцца найлягчэйшае трр-трр, як быццам па шкле прайшла аса. Гэта шархацела змяiная скура па цаглянай падлозе.
"Або Наг, або Нагайна!
– вырашыў ён.
– Нехта з iх паўзе ў ванны пакой па рыштку для сцякання вады..."
– Праўда твая, Чучундра. Мне трэба было б пагаманiць з тваёй Чуа.
Ён пракраўся ў Тэдзеў пакой для ўмывання, але там нiкога не было. Адтуль ён прабраўся ва ўмывальны пакой Тэдзевай маткi. Там у атынкаванай гладкай сцяне, каля самай падлогi, была вынята цаглiна для спуску вады, i калi Рыкi прабiраўся па каменнаму беражку таго паглыбення, у якое ўстаўлена ванна, ён пачуў, як за сцяной у ззяннi месяца шэпчуцца Наг i Нагайна.
– Калi ў доме перастануць жыць людзi, - гаварыла Нагайна мужу, - ён таксама пойдзе адсюль, i сад зноў будзе наш. Iдзi ж, не хвалюйся i памятай, што перш-наперш ты павiнен укусiць Вялiкага Чалавека, якi забiў Карайт. А потым вяртайся да мяне, i мы ўдваiх прыкончым Рыкi-Цiкi.
– Але цi будзе нам якая, хоць найменшая, карысць, калi мы заб'ём iх?
– Ды што ты! Вялiзная! Калi дом быў пусты, хiба тут вялiся мангусты? Пакуль у доме нiхто не жыве, мы з табою - цары ўсяго саду: ты цар, я царыца. I не забудзься, што калi на градзе з дынямi вылупяцца з яек нашы дзецi (а гэта можа здарыцца i заўтра), iм патрэбен будзе спакой i ўтульнасць.
– Пра гэта я i не падумаў, - сказаў Наг.
– Добра, я iду. Але, здаецца, няма нiякага сэнсу выклiкаць на бой Рыкi-Цiкi. Я заб'ю Вялiкага Чалавека i яго жонку, а таксама, калi мне ўдасца, яго сына - i выпаўзу цiхенька. Тады дом стане пусты, i Рыкi-Цiкi сам пойдзе адсюль.
Рыкi-Цiкi ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння i злосцi.
У адтулiну прасунулася галава Нага, а за ёй i ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкi-Цiкi хоць i быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калi ўбачыў, якая вялiзная гэта кобра. Наг скруцiўся ў кальцо, падняў галаву i прыглядаўся да цемры ваннага пакоя - Рыкi-Цiкi мог бачыць, як цьмяна паблiскваюць яго вочы.
"Калi я заб'ю яго цяпер, - меркаваў Рыкi-Цiкi, - пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Бiцца ж у адкрытым месцы мне вельмi нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабiць?"
Наг пагойдваўся ўправа i ўлева, а потым Рыкi-Цiкi пачуў, як ён п'е ваду з вялiкага збана, якiм карысталiся, налiваючы ванну.
– Цудоўна!
– сказаў Наг, прагнаўшы смагу.
– У Вялiкага Чалавека быў кiй, калi ён выбег, каб забiць Карайт. Можа, гэты кiй пры iм i цяпер. Але калi сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кiя... Нагайна... ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да ранiцы.
Нагу нiхто не адказаў, i Рыкi-Цiкi зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвiўся вакол вялiкага збана каля самай падлогi i заснуў. А Рыкi-Цiкi стаяў цiха, як смерць. Праз гадзiну ён пачаў пасоўвацца да збана - мускул за мускулам. Рыкi прыглядаўся да шырокай спiны Нага i думаў, куды ўшпiлiцца зубамi.
"Калi я ў першы ж момант не перакушу яму шыю - у яго ўсё яшчэ хопiць сiлы змагацца са мной, а калi ён пачне змагацца - о, Рыкi!.."
Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, - не, яму з гэткай шыяй не справiцца. А грызнуць дзе-небудзь блiжэй да хваста - толькi яшчэ горш раззлаваць ворага.
"Астаецца галава, - вырашыў ён.
– Галава над самым капюшонам. I калi ўжо ўчапiцца ў яе, дык не выпускаць нiзавошта..."
I ён скочыў. Галава змяi ляжала крышку наводшыб: пракусiўшы яе зубамi, Рыкi-Цiкi мог прыперцiся спiнаю да выступу глiнянага збана i не даць галаве падняцца з зямлi. Такiм чынам ён выйграваў толькi секунду, але ўжо гэтую секунду ён выкарыстаў як толькi мог. А потым яго падхапiла i бразнула вобземлю, i пачало шкуматаць на ўсе бакi, як пацука шкуматае сабака, i ўгору, i ўнiз, i вялiкiмi кругамi, але вочы ў яго былi чырвоныя, i ён не адвалiўся ад змяi, калi яна малацiла iм па падлозе, раскiдаючы ва ўсе бакi бляшаныя тазiкi, мыльнiцы, шчоткi, i бiла яго аб берагi металiчнай ванны.