Крылаты рэвальвер (на белорусском языке)
Шрифт:
Усё гэта кампенсавала Клара, скiраваўшы ў мой бок позiрк сваiх вачэй. Адно гэта сведчыла, што яна была вельмi назiральная, бо звычайна нiхто не звяртае ўвагi на таго тыпа, што адчыняе дзверы, яна ж убачыла, як я выпусцiў з рук капялюш яе бацькi, глянула ў мой бок i не адводзiла вачэй практычна да таго часу, пакуль я не прачытаў у iх наступнае: "Ты што, маскiруешся? Ну, дык да сустрэчы".
Гэта паспрыяла таму, што я пачаў ставiцца да яе прыязна, хоць i з некаторай асцярожнасцю. Яна была не толькi бледная i напружаная, як гаварыла Пегi Мiён, у яе ў вачах быў бляск, незвычайны як на дзяўчыну яе гадоў. Тым не менш я ўсмiхнуўся, выказваючы тым самым
Тым часам адвакат суддзя Генры Арнольд самастойна павесiў на вешалку свой капялюш. На працягу ўсяго дня я, зразумела, збiраў iнфармацыю аб усiх запрошаных i такiм чынам даведаўся, што ён меў тытул "суддзя" толькi таму, што аднойчы быў гарадскiм суддзёй. I хоць гэта было даўно, тым не меней да яго звярталiся iменна так. Выгляд жа яго выклiкаў расчараванне: маленькi, нiбыта абрублены, карантыш з лысай пляскатай галавой, на якую хацелася паставiць попельнiцу, i з кароткiм уцiснутым носам. Унутраныя дадзеныя былi, вiдаць, больш дасканалыя, чым знешнiя, бо сярод яго клiентаў было багата прадстаўнiкоў найбольш уплывовых колаў з Брадвею.
Я завёў прышэльцаў у кабiнет, прадставiў iх Вулфу i паспрабаваў пасадзiць iх у жоўтыя крэслы, але барытон адразу ж заўважыў i захапiў чырвонае скураное крэсла. У той час, калi я дапамагаў Фрыцу вызначыць, што б яны хацелi выпiць, пачуўся званок, i я зноў пайшоў да дзвярэй.
Гэта прыйшоў доктар Нiкалас Лойд. На iм не было капелюша, таму абышлося без адпаведнай працэдуры, i, на маю думку, уважлiвы позiрк у мой бок быў чыста прафесiйны i аўтаматычны, быццам вызначаў, цi не хварэю я на анемiю, дыябет цi на нешта iншае. У доктара быў прыгожы, з глыбокiмi складкамi зморшчын, твар i неспакойныя цёмныя вочы, - усё ў яго воблiку сведчыла пра тое, што ён доктар, хутчэй нават хiрург, якi на ўсе сто адсоткаў адпавядае рэпутацыi спецыялiста высокага класа. Аб гэтым я даведаўся ў час збору iнфармацыi.
Калi доктар зайшоў у кабiнет i ўбачыў стол з пачастункамi, вочы ў яго загарэлiся, i ён аказаўся самым актыўным спажыўцом вiскi з мятнай вадою на працягу ўсяго вечара.
Апошнiя двое запрошаных прыйшлi разам - прынамсi, яны аказалiся разам на ганку, калi я адчынiў дзверы. Скураное чырвонае крэсла я, напэўна, прапанаваў бы Адэлi Бослi, калi б на iм не рассеўся Джэймс. Яна пацiснула мне руку i сказала, што ўжо даўно хацела пазнаёмiцца з Арчы Гудвiнам, але гэта быў звычайны этыкет супрацоўнiка iнфармацыйнай службы ў зносiнах з грамадскасцю, i таму гэтыя словы не затрымалiся ў маёй галаве. Справа ў тым, што з-за свайго стала я звычайна мог бачыць твары прысутных толькi ў профiль, i толькi твары тых, хто сядзеў у чырвоным скураным крэсле, я бачыў цалкам, а гэты твар мне спадабаўся. Нельга сказаць, што Адэль Бослi была падобная на тых прыгажунь у часопiсах, здымкi якiх клеяць на сценах, да таго ж, калi Клара Джэймс толькi нарадзiлася, Адэль была ўжо ў пятым цi нават у шостым класе школы, але яе гладкая загарэлая скура, прыгожыя вусны i карычневыя вочы складалi выдатны антураж.
Руперт Гроўв не павiтаўся за руку, i гэта мяне не засмуцiла. Ён, можа, добра апекаваўся справамi Альберта Мiёна, але, вiдаць, не вельмi клапацiўся пра свой выгляд. Мужчына можа быць мажным i тым не меней можа захоўваць цэльны воблiк, як, напрыклад, Фальстаф цi Нiра Вулф, - гэтае ж стварэнне страцiла ўсякае разуменне прапорцый. Ногi - кароткiя, а амаль уся астатняя частка тулава месцiлася ў той яго трэцi, што аказалася пасярэдзiне. Для таго каб заставацца ветлiвым, зазiраючы яму ў твар, даводзiлася збiрацца з духам. Менавiта гэтак я i зрабiў, бо мне трэба было скласцi для сябе ўяўленне пра ўсiх прысутных, але я не заўважыў у Гроўве нiчога вартага ўвагi, апрача пранiклiвых хiтрых вачэй.
Калi гэтыя двое селi ў крэслы i iм падалi пiтво, Вулф пачаў размову. Ён папрасiў прабачэння за тое, што быў вымушаны патурбаваць iх у такую спёку, але сумленнае i справядлiвае рашэнне iснуючай праблемы можна знайсцi толькi ў тым выпадку, калi ўсе асобы, якiя маюць да яе дачыненне,змогуць выказаць свае адносiны. У адказ прысутныя замармыталi, выказваючы самыя розныя пачуццi - ад не вельмi ахвотнай згоды да гранiчнай раздражнёнасцi.
Суддзя Арнольд паставiўся да сказанага варожа, заявiўшы, што нiякага пытання з юрыдычнага боку не iснуе, бо Альберта Мiёна ўжо няма ў жывых.
– Глупства, - рэзка адказаў яму Вулф.
– Калi б гэта было так, вы як адвакат не парупiлiся б сюды прыйсцi. Ва ўсякiм разе, мэта сённяшняй сустрэчы заключаецца ў тым, каб гэтае пытанне не перарасло ў судовую справу. Чацвёра з вас сёння патэлефанавалi мiсiс Мiён, каб спытаць, цi сапраўды я дзейнiчаю ад яе iмя, i атрымалi станоўчы адказ. Па яе даручэннi я хачу сабраць факты. Я магу таксама заявiць вам, нiякiм чынам не замахваючыся на правы мiсiс Мiён, што яна пагодзiцца з маёй прапановай. Калi я прыйду да высновы, што ёй павiнна быць выплачана вялiкая сума, вы, зразумела, можаце гэта аспрэчыць, але калi ўзнiкне думка, што ў яе няма падстаў для iску, яна таксама пагодзiцца з ёю. Улiчваючы такую адказнасць, я павiнен мець перад сабой усе факты. Таму...
– Вы не суд, - перабiў яго Арнольд.
– Так, сэр, я не суд. Калi вы хочаце, каб справу разглядаў суд, няхай будзе па-вашаму.
– Вулф перавёў позiрк на iншых прысутных.
– Мiс Бослi, вiтала б кiраўнiцтва тэатра знаёмства шырокай публiкi вось з такой iнфармацыяй? Доктар Лойд, вы лiчыце за лепшае як эксперт даваць паказаннi ў судзе ў якасцi сведкi цi ўсё ж абгаварыць справу тут? Мiстэр Гроўв, як бы паставiўся да ўсяго гэтага ваш клiент, калi б быў жывы? Мiстэр Джэймс, што вы думаеце наконт гэтага? Вас таксама не спакушае перспектыва публiчнасцi, цi не так? Асаблiва таму, што ўсплыве iмя вашай дачкi?
– Чаму яе iмя павiнна ўсплыць?
– спытаў Джэймс сваiм добра пастаўленым барытонам.
– У якасцi доказу, - адказаў збялелы Вулф.
– Такiм чынам высветлiцца, што якраз перад тым, як ударыць Мiёна, вы яму сказалi: "Слухай, ты, вырадак, пакiнь маю дачку ў спакоi".
Я сунуў руку ў кiшэню, бо прытрымлiваюся правiла, пацверджанага вопытам: кожны раз, калi сярод прысутных ёсць цi можа быць забойца, зброя павiнна быць пад рукой. Нягледзячы на тое, што яна захоўваецца ў глыбiнi трэцяй шуфляды майго стала i таму, можна сказаць, заўсёды пад рукой, я па звычцы перакладаю яе ў кiшэню перад прыходам гасцей. Якраз у гэтую кiшэню я i сунуў руку, ведаючы запальчывасць Джэймса. Але ён застаўся сядзець у крэсле. I толькi прамямлiў:
– Гэта хлусня!..
– Гэтыя словы чулi дзесяць чалавек, - прабурчаў Вулф.
– Уяўляеце, якая б пайшла пагалоска, калi б вы пад прысягай ад iх адмовiлiся, а ўсе тыя дзесяць, выклiканыя ў суд у якасцi сведак, заявiлi б процiлеглае. Я лiчу, што было б лепш абмеркаваць гэта са мной.
– Аб чым вы хочаце даведацца?
– спытаў суддзя Арнольд.
– Мне патрэбны факты. Першы факт ужо выклiкаў спрэчкi. Калi я памыляюся, я павiнен гэта ведаць дакладна. Мiстэр Гроўв, вы былi сведкам таго, як быў нанесены той славуты ўдар. Я дакладна пераказаў словы мiстэра Джэймса?