Крыніцы
Шрифт:
— Гэта ж навошта дабро паліць? Хіба ў вас так многа сена? — знешне спакойна спытаў Міхась Кірылавіч.
Тоўстая шыя старшыні ўміг налілася чырванню, часта закалыхаўся пад бруднаватай кашуляй вялікі жывот.
— Крадзенае, — прахрыпеў ён.
— Крадзенае? Канфіскуйце. Пакарайце за кражу. А паліць навошта ж?
— Хлусіць ён, таварыш начальнік! У лесе сярпом нажалі! — І маладая жанчына выйшла з кустоў на сцежку.
— А вы… вы хто?
— Я — дырэктар школы.
— А-а-а, — радасна, весела i здаволена працягнуў старшыня, упершыню глянуўшы ў вочы. — Культурная сіла! Інтэлігент! Так, так, так… Вось гэтак вы, настаўнічкі, памагаеце мацаваць працоўную дысцыпліну…
— А вы такім чынам хочаце
— До-обра. Пра гэта мы пагутарым у іншым месцы. У іншым, у іншым, у іншым. — І, скрыжаваўшы рукі на жываце, Махнач пасунуўся па сцежцы да рэчкі.
Праз колькі дзён яны сустрэліся ў сельсавеце, як старыя знаёмыя. Махнач першы працягнуў руку i ні слова не сказаў аб здарэнні на лузе. Лемяшэвіч таксама змаўчаў. Ён спрабаваў распытваць пра старшыню i пачуў нямала надзіва супярэчлівых водгукаў: адны хвалілі Махнача, другія нязлосна кпілі з яго дзівацтваў, a трэція лаялі бязлітасна, з нянавісцю. Лемяшэвіч вырашыў паназіраць i зрабіць свае ўласныя вывады. Тая акалічнасць, што Махнач пры новай сустрэчы не выказаў ні крыўды, ні абурэння, ні знявагі, a паціснуў руку, характарызавала яго станоўча. «Значыцца, чалавек аб'ектыўны», — падумаў Лемяшэвіч. Але хутка ён адчуў, чаго варта гэтая аб'ектыўнасць. Адчуў адразу, як толькі звярнуўся да старшыні за дапамогай.
Прасіў, каб той дазволіў узяць з будаўнідтва калгаснага гаража аднаго чалавека — найлепшага муляра, якога параіў Шаблюк i з якім ужо дамовіліся. Трэба было толькі ўзгадніць са старшынёй калгаса.
Размова адбывалася на таку, каля малатарні. Махнач стаяў каля сцірты саломы, як заўсёды, утаропіўшы вочы ў зямлю i сашчапіўшы рукі на жываце. Увесь пыл i мякіна ад малатарні ляцелі ў яго бок, садзіліся на твар, на шапку, але Махнач як бы не заўважаў гэтага, бо ён знарок стаў тут, як толькі ўбачыў Лемяшэвіча, i зразумеў, што той хоча пагутарыць з ім. Малатарня гула, i таму гаварыць прыйшлося ненатуральна голасна. Лемяшэвіч выказаў сваю просьбу. Махнач насмешліва глянуў на яго i хутка закруціў вялікімі пальцамі. Лемяшэвіча раздражняла гэтая папоўская звычка — круціць на тоўстым жываце пальцамі, i ў яго каторы раз з'яўлялася жаданне спытаць, ці не быў часам паважаны Патап Міронавіч калі-небудзь манахам, але ён разумеў, што зараз такі жарт недарэчы. Шаблюк яго папярэдзіў, што дамовіцца з Махначом наконт муляра будзе нялёгка. Ён, праўда, заручыўся падтрымкай Валатовіча, але ведаў, што старшыня райвыканкома для Махнача — аўтарытэт невялікі. Махнач, як агню, баяўся Бародку, i таму Лемяшэвіч вырашыў пайсці на хітрыкі.
— Між іншым, я гутарыў з Бародкам. Гэта яго ідэя…
— Пра муляра гаварыў? — спытаў старшыня, недаверліва глянуўшы Лемяшэвічу ў вочы, што рабіў надзвычай рэдка.
— Гаварыў,— схлусіў Лемяшэвіч, хоць i непрыемна было гэта. «Скажу, што зблытаў Валатовіча з Бародкам. Я — чалавек новы тут… Мне можна блытаць».
Махнач доўга маўчаў, утаропіўшы позірк у салому пад нагамі, потым нездаволена прабурчаў:
— Добра. Бяры.
Тады Лемяшэвіч сказаў, што патрэбен конь i чалавек, каб навазіць гліны.
Махнач маўчаў так доўга, што дырэктара пачала апаноўваць злосць: пра што ён думае? Быццам ад таго — дасць ён каня ці не дасць — залежыць лёс усяго калгаса. Здзекуецца, мабыць.
— Ну, дык як гэта практычна ажыдцявіць, Патап Міронавіч? З якой брыгады ўзяць?
Махнач легка плюнуў на пальцы i моўчкі пацёр імі.
— Грошы? — Лемяшэвіч здзівіўся. — Слухайце… Гэта ж ваша школа! Вашы дзеці!
— У мяне дзяцей няма.
— Яно i відаць. Аднак як вам не сорамна! Старшыня калгаса, камуніст — i такія разважанні: «У мяне дзяцей няма». У калгаснікаў дзеці ёсць, калі ў вас няма!
— Колыгі вас такіх хоча за кошт калгаса жыць! — здзекліва, тонкім голасам, сказаў Махнач. — Ёсць закон…
— Ніхто не хоча жыць за кошт калгаса. А закон вы
— Не ваша справа гэта! На сваю школу глядзіце!
— Не, мая справа! Я камуніст. Мая задача — выхоўваць маладое пакаленне. І мы вас, таварыш Махнач, прымусім прывесці клуб у належны выгляд!.. — Лемяшэвіч зазлаваў i не заўважыў, як залішне павысіў голас.
Дзяўчаты, што адграбалі салому, наблізіліся i з цікавасцю пачалі прыслухоўвацца: аб чым так спрачаюцца дырэктар школы i старшыня? Хітры Махнач заўважыў гэта, паківаў галавой i прытворна ласкава сказаў:
— Ай-яй, такі вы малады, a такі гарачы, таварыш Лемяшэвіч. Нядобра… Нервы, мабыць, у вас сапсуты. Хадзем адгэтуль, а то запыліць вам касцюмчык. Бач, як ляціць, — i пайшоў ад малатарні, так нічога i не сказаўшы пра каня.
Цяжкае ўражанне зрабіла гэтая размова на Лемяшэвіча.
За гады вучобы ён крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, a ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, i ў кіно старшыні былі падобны адзін да аднаго: усебакова адукаваныя, культурныя, разумныя, якія за прадай, за клопатамі пра калгасную гаспадарку не мелі часу нават паесці, паспаць, аднак заўсёды знаходзілі час прачытаць усе навінкі літаратуры, акуратна наведвалі клуб, цешыліся яго хараством — працай рук сваіх — i арганізоўвалі ўсе культурныя мерапрыемствы — ад лекцыі пра будову Сусвету да футбольнай каманды ўключна. Лемяшэвіч не быў ідэалістам i не вельмі верыў такім ружовым раманам i кіно: усялякія ёсць калгасы i ўсялякія старшыні. Але такое стаўленне старшыні калгаса да школы, да той святой установы, з якой пачынаецца свядомае жыцце мільёнаў будаўнікоў камунізму — рабочых, калгаснікаў, інжынераў, аграномаў, дзяржаўных дзеячаў, паэтаў i вучоных, — не проста абурыла Лемяшэвіча, а неяк балюча пакрыўдзіла i абразіла.
Як жа можа такі чалавек кіраваць вялізнай гаспадаркай? Асабліва моцна абураўся Лемяшэвіч, калі даведаўся, што двое дзяцей Махнача маюць вышэйшую адукацыю: сын — аграном, дачка — бухгалтар.
Акрамя гэтых пакутлівых пытанняў была яшчэ злосць на самога сябе за сваю нястрыманасць, за тое, што раскрычаўся, як істэрык: «мы вас прымусім, таварыш Махнач!», i дакрычаўся да таго, што гэты Махнач да крыўднага флегматычна, насмешліва абсек: «нервы ў вас сапсуты», нібы перад ім быў не дырэктар дзесяцігодкі, а хлапчук.
Магчыма, што іменна сорам за ўласную нястрыманасць перашкодзіў Міхасю выказаць усю сілу свайго абурэння, калі ён расказваў Шаблюку пра сутычку са старшынёй. Расказаў надзіва спакойна. Выслухаўшы пра сена, Даніла Платонавіч цяжка ўздыхнуў, i на твар яго лёг цень. Аб размове каля малатарні заўважыў:
— Што вы хацелі ад Патапа!
— Вам трэба было яму па мордзе даць… ён любіць тых, хто яго б'е, — зусім сур'ёзна, без ценю жарту, сказаў Бушыла, не адрываючыся ад работы.
Ён фарбаваў на школьным двары парты. Даніла Платонавіч сядзеў на дошках каля школьнага хлеўчука, у якім складалі паліва на зіму, i сачыў за яго працай, даваў парады, бо хоць майстар i даволі спрытна махаў пэндзалем, парты атрымліваліся паласатыя.
— Вы мяне за перакладчыка вазьміце, Міхась Кірылавіч, калі трэба будзе гутарыць з Махначом, — гарэзліва падміргнуўшы, дадаў Бушыла.
— Не блазнуй, Адам! — проста i дакорліва перапыніў яго Даніла Платонавіч i, звярнуўшыся да Лемяшэвіча, параіў:
— А вы да яго з такімі дробязямі не звяртайцеся. У вас гаспадар — Сцяпан Яўменавіч — брыгадзір. Вы яму скажыце — ён вам любога каня дасць, а за фурмана i гліны накапаць вучняў возьмем. У нас за ўсялякую дробязь прывыклі дзяржаўную капейку цягнуць. Быццам дзяржава — бяздонная бочка. А вось некалі мы рамантавалі без капейкі грошай… Грамада рамантавала…