Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Станіслаў Свірка, супаставіўшы балады Яна Чачота з пазнейшымі «Баладамі і рамансамі» Адама Міцкевіча, знайшоў вельмі многа прыкладаў творчага выкарыстання таго багатага фальклорнага і жыццёвага матэрыялу, які ўтрымліваўся ў творах яго сябра.
Так, балада Яна Чачота «Свіцязь» памагла Адаму Міцкевічу напісаць аж дзве балады — «Вяртанне таты» і «Свіцязь». У баладзе «Вяртанне таты» быў выкарыстаны з Чачотавага твора момант вяртання дадому купца і напад на яго на расстайных дарогах рабаўніка, а ў «Свіцязі» — паданне пра затапленне горада. Свірка прыводзіць прыклады і тэкставых запазычанняў Адама Міцкевіча з балады Яна Чачота — такое дапускалася ў філамацкай сям'і.
У баладзе
Вельмі цікавыя сляды творчага пераасэнсавання фальклорнага матэрыялу Чачотавых балад бачыць даследчык і ў іншых баладах Адама Міцкевіча.
Акрамя таго, многія вобразы і матывы балад Яна Чачота (ды і не толькі балад) выкарыстаў Адам Міцкевіч і ў іншых сваіх творах, у тым ліку ў такіх найбольш значных, як «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Так, жорсткі пан-самадур, гэтак ярка намаляваны Янам Чачотам у баладзе «Узногі», з'явіўся ў другой частцы міцкевічаўскіх «Дзядоў» як прывід, які нідзе не знаходзіць сабе месца: за здзекі з прыгонных сялян гэты ліхі пан прысуджаны цярпець на тым свеце страшэнныя пакуты голаду і смагі. У Адама Міцкевіча, як і ў Яна Чачота, сяляне, якіх закатаваў і замучыў голадам іх пан, ператвараюцца ў птушак, што цяпер нападаюць на яго...
Разам з тым трэба тут сказаць, што Ян Чачот не лічыў літаратуру галоўнай справай свайго жыцця. Ён быў надзіва самакрытычны і ведаў цану свайму таленту. Хоць Адам Міцкевіч вельмі шчыра захапляўся яго творамі, пісаў яму, што не бачыць у сябе вышэйшых талентаў, чым у яго, усё ж Ян Чачот не прыняў такой завышанай ацэнкі сваёй творчасці. У 1820 годзе ў пісьме да Адама Міцкевіча ён, віншуючы сябра з поспехамі ў паэзіі, выказвае разам з тым шкадаванне, што сам ён «улез» у паэзію і трапіў у «лік вершапісцаў»: «Вялікая розніца — пісаць вершы і пісаць вершы сапраўдныя! Як неба ад зямлі!»
Сваё прызванне бачыў Ян Чачот у іншым — у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору, якому ён прыдаваў вялікае значэнне ў змаганні за народнасць літаратуры, за яе дэмакратызацыю.
Пра фалькларыстычную дзейнасць Яна Чачота зноў-такі напісана даволі многа. Ёй аддадзена належнае і ў беларускай, і ў польскай фалькларыстыцы. Роля гэтай дзейнасці ў развіцці нашай культуры, нашай літаратуры агромністая. Упершыню — так, ізноў упершыню! — Ян Чачот сваімі зборнікамі беларускіх народных песень, якіх ён выпусціў на працягу 1837-1846 гадоў цэлых шэсць, паказаў, што за неацэнныя багацці хаваюцца ў народзе. Сабраныя Чачотам беларускія народныя песні, а таксама прыказкі і прымаўкі і сёння не ўстарэлі, і сёння без іх не абыходзяцца ні хрэстаматыі беларускага фальклору, ні анталогіі і зборнікі, у тым ліку і цяперашняе шматтомнае выданне вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа, якое выходзіць у Акадэміі навук БССР. Яны і сёння застаюцца выдатнай крыніцай для літаратурнай творчасці, крыніцай, якая ніколі не перасохне.
Калі навагрудскія ўбачыш прасторы, Ракітнік разгалісты, нізкі, Каня супыні ля Плужынскага
І мы, паслухаўшы добрай парады Адама Міцкевіча, і праўда сунялі свайго «каня» на асфальтаванай аўтастаянцы ў глыбіні светлай паляны сярод таго самага бору, таго лесу, што ідзе сюды ад колішніх уладанняў памешчыкаў Верашчакаў — недалёкай вёскі Плужыны, якая і дала яму назву.
Была раніца, і выгоністыя спакойныя хвоі з грабняком ды арэшнікам уперамешку, што шчыльнай сцяной падступалі з аднаго боку да стаянкі, і раскідзістыя харашуны-дубы, якія, невядома адкуль прыблытаўшыся сюды, на святло, разышліся хто куды па паляне, ужо скінулі з сябе цёмную посцілку ночы і нерухома, нібыта яшчэ ў сне, стаялі, адкрытыя воку, у рэдзенькім сяйве туману, нікуды не спяшаючыся, нікуды, апрача неба, не імкнучыся: тут жа даўно і назаўсёды знайшлі яны сабе на зямлі месца, даўно абжылі гэты куток.
З-за шырокіх камлёў застылых у сваёй нерухомасці дубоў, з-за іх навіслага над зямлёй вецця адразу ж заяснела перад намі шырокая, як акінуць вокам, пространь святла, што зусім невядома дзе злівалася з небам. Свіцязь!
Зялёным грудом, густа ўсыпаным яшчэ не пабурэлымі жалудамі, прайшлі пад шатамі дубоў да берага. Туман ужо развеяўся, і возера ляжала перад намі ва ўсёй сваёй красе. Чыстае, празрыстае. Што шкло. Аж відаць быў на дне — і далёка ўперад — надзіва белы пясок. Усё — і цемнаватая паласа лесу на тым беразе, і лёгкія белыя аблачынкі над ёю, і бледная зорачка каля іх, што чамусьці яшчэ не згасла ў святле раніцы, — выразна і хораша адбівалася ў гэтай дзівоснай люстранай чысціні. Здавалася, само неба апусцілася тут, сярод векавечных лясоў. Але хіба лепей скажаш за Міцкевіча:
Гушчар лесу пахне чаборам і мёдам, Жывіцы настоем смалістым. Там возера Свіцязь, як шыбіна лёду, Ляжыць паміж дрэваў цяністых. Калі пад'язджаеш начною парою І станеш да возера тварам, — Мігцяць зоркі ў небе, мігцяць пад табою, Мігціць там і месяцаў пара. Не знаеш, — з-пад ног, можа, гэта шкляная Ідзе аж да неба дарога Ці неба шкляное скляпенне схіляе Табе аж пад самыя ногі! І той, другі, бераг убачыць не ў сілах — З вышынямі возера зліта. Нібыта вісіш ты на птахавых крылах У нейкім бяздонні блакіту!.. (Пераклад А. Бялевіча)Ля возера не было ні душы. Цішыня. Толькі далятаў аднекуль з лесу роўны — з невялікімі перапынкамі — стук дзятла.
Ідучы берагам Свіцязі, слухаючы яе дрэвы, яе неба, мы маглі толькі парадавацца, што жалезная рука цывілізацыі амаль не кранулася гэтага цудоўнага кутка Беларусі. Згодна з пастановай нашага ўрада ў 1970 годзе тут створаны Свіцязянскі ландшафтны заказнік плошчай 1034 гектары. Пад абарону дзяржавы ўзяты звонкія чырванастволыя хвайнякі, цяністыя дубровы, светлыя вясёлыя беразнякі, непаўторныя ясеневыя ды кляновыя закуткі з усім багаццем падлеску і такой разнастайнай тут фаўнай. Вучоныя знайшлі тут нямала рэліктавых раслін, сярод якіх, напрыклад, такая ніжэйшая раслінная форма, як тэтрадыніум яванікум, што сустракаецца толькі на далёкім востраве Ява. У самім возеры былі адшуканы таксама вельмі рэдкія віды падводнага царства.