Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Бачачы такую прыхільнасць Адама Міцкевіча да твораў на беларускай мове, Ян Чачот і ў гонар ягонага вельмі чаканага ўсімі філаматамі прыезду з Коўна піша прывітальны верш зноў-такі на беларускай мове. У час хвалюючай сустрэчы ён пад бурныя воплескі сяброў і прачытаў Адаму Міцкевічу гэты верш, у якім выказаў радасць іх усіх:
Едзе міленькі Адам, Глядзіце, а онь, а онь, Ды ён харашэнькі сам, Пад ім — вараненькі конь. Золатам пояс ззяе, Аж ад бляску снег тае, На шапцы сіні баран, Хто бы думаў, што ён пан! Так а дзет харашэнька, Едзе, едзе барздзенька. Гайда...Заканчваўся
Калі разам з іншымі філаматамі і філарэтамі Ян Чачот быў кінуты ў турму ў Вільні, ён свае самыя гарачыя пачуцці выказвае якраз у беларускіх песнях, на мове свайго народа. Пра тое, як узрушыла сяброў па няволі адна з такіх песень Яна Чачота, расказваюць у сваіх мемуарах філарэты Оттан Слізень і Антоні Эдуард Адынец, прыгадваючы адзін і той жа выпадак — развітанне з Янам Чачотам, Тамашом Занам і Адамам Сузінам перад самай адпраўкай іх у далёкі і цяжкі нявольніцкі шлях, ва ўральскую ссылку. Вось згадкі студэнта Віленскага універсітэта Отана Слізеня: «Колькі дзён перад адпраўкай трох асуджаных да пакарання (Зана, Чачота і Сузіна) усім дазвалялася іх наведаць. Дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся...» Калі Слізень таксама прыйшоў развітацца з дарагімі сябрамі, «у камеры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэйенд, два Таматавы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ... Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, што сваей мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач...» Калі Чачот скончыў свой спеў, успамінаў Оттан Слізень, усе ў вялікім расчуленні пачалі абдымаць Тамаша, Сузіна і Чачота, а Міцкевіч, стаўшы ў цэнтры, «бледны і ўзрушаны», пачаў сваю імправізацыю... З іншымі дэталямі расказвае пра гэтае ж развітанне Антоні Адынец: «Было нас некалькі дзесяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі, Да нас павязуць да далёкай Русі...Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-йебудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб'ектам абдымкаў». Тут Адынец таксама згадвае імправізацыю Адама Міцкевіча, што пачыналася такой страфой:
О любыя сёстры! І што ж гэта стала? Я бачу: вязуць на вазах праз туманы Па гразкіх дарогах, палях-перавалах Зусім маладзенькіх хлапцоў у кайданах...*Зварот да «сясцёр» наводзіць на думку, што песню Чачота і імправізацыю Міцкевіча слухалі і дзяўчаты — ім таксама было дазволена развітацца са зняволенымі перад дарогай на Урал.
Як паказвае Адам Мальдзіс у кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (Мінск, 1969), у Яна Чачота былі ў той час і іншыя беларускія творы, і сярод іх п'еса ў гонар Адама Міцкевіча, напісаная для тэатра: аб ёй упамінае ў адным з пісем Рамуальд Зямкевіч. На жаль, гэта п'еса, як і шмат іншых твораў паэта, да нас не дайшла.
На маю думку, беларускія песні і вершы Яна Чачота філамацкага перыяду, якія тут упершыню, здаецца, паказваю я нашаму чытачу ў такім вось найбольш поўным, не раскіданым выглядзе, па сённяшні дзень не ацэнены як трэба ў літаратуразнаўстве. Вядома, калі мераць іх сённяшнімі меркамі, у іх шмат можна знайсці недахопаў, асабліва моўных. Але ж не трэба забываць, што Ян Чачот быў, як ужо гаварылася, першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліне, яму трэба было яшчэ ўздымаць гэту, кажучы словамі Янкі Купалы, «скібіну слова».
Тым не менш у беларускіх творах Яна Чачота сапраўды ёсць тая «лёгкасць», той паэтычны «агонь», пра што казаў Адам Міцкевіч. Мова твораў Чачота, калі апусціць не такія ўжо і шматлікія паланізмы, мала чым адрозніваецца ад сённяшняй беларускай літаратурнай мовы. Яна ў яго даволі багатая, гнуткая, з многімі адценнямі. Узорам для Яна Чачога служыла мова беларускіх народных песень, матывы якіх ён шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці.
У філамацкіх беларускіх вершах
Ян Чачот і потым пісаў вершы і песні на беларускай мове, якія ён змясціў у сабраных ім фальклорных зборніках у 1844 і ў 1846 гадах. Гэта былі ўжо больш дасканалыя ў мастацкіх адносінах творы, палепшылася і іх мова, пашырылася тэматыка. У іх таксама паэт праявіў сваю павагу да роднага народа, выказаў сваё спачуванне да яго незайздроснай долі. Так, у вершы «Да мілых мужычкоў» паэт пісаў:
Да і я ж вам памагу Песенькі спяваці, Ды і я ж міжы вамі ўзрос Пры бацьку і маці. І мне Бог на свеце даў Гора гараваць Штобы лепш я вас любіў І ўмеў спагадаць Ой, што ж вы напелі тут, Да якога дзіва! Шкода, што на голас ваш Старонка драмліва. А як прачнецца з сна Гэта Дабрадзейка, Пэўна, будзе слухаць вас Лепш, як салавейка.Але гэтым пазнейшым вершам Яна Чачота больш пашанцавала. Апублікаваныя яшчэ гіры жыцці аўтара, яны адразу трапілі ў поле зроку даследчыкаў і гісторыкаў літаратуры і былі дэталёва разгледжаны — як з мастацкага, так і з ідэйнага боку. Таму паўтарацца тут няма патрэбы.
Значэнне беларускіх твораў Яна Чачота, як кажуць, цяжка пераацаніць. Пачаўшы расцярэбліваць дарогу для новай беларускай літаратуры, ён стаў выдатным прыкладам для наступных пакаленняў творчай інтэлігенцыі «паўночна-заходняга краю» ў стаўленні да народа, яго культуры і мовы. Якраз у гэтым — важнейшая заслуга Яна Чачота перад нашай літаратурай.
З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую цікавасць маюць таксама напісаныя ім у 1818-1819 гадах на польскай мове балады, якія адыгралі надзвычай важную ролю ў творчай біяграфіі яго славутага сябра — Адама Міцкевіча.
Да нас дайшло восем балад Яна Чачота, якія ён заснаваў на вуснай паэзіі народа.
Вышэй былі разгледжаны некаторыя з іх — «Свіцязь», «Калдычэўскі шчупак», «Узногі», «Мышанка», «Наваградскі замак», у якіх паэт выкарыстаў пачутыя ім у народзе паданні роднага краю. Народныя паданні сталі сюжэтамі і такіх яго балад, як «Бекеш», «Звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, ці заснаванне Вільні».
Польскія даследчыкі як след не ацанілі яшчэ мастацкія вартасці балад Яна Чачота. Галоўныя іх недахопы яны бачаць у рыхласці кампазіцыі, зацягнутасці апавядання, а таксама ў тым, што аўтар слепа трымаўся фальклорнай асновы ў кожнай з балад, а галоўнае — карыстаўся гутарковай мовай, «засмечанай» шматлікімі «правінцыялізмамі», «дыялектызмамі», інакш кажучы, беларускімі словамі і выразамі.
Затое з боку фалькларыстыкі польскія вучоныя надаюць баладам Яна Чачота надзвычай важнае значэнне, бо яны данеслі да нас з самага пачатку XIX стагоддзя вельмі многа каштоўнейшых звестак з галіны фальклору, амаль цалкам беларускага. Ва ўсіх васьмі баладах Янам Чачотам было «зафікса вана», як падлічыў Станіслаў Свірка, дванаццаць паданняў і народных казак, якія леглі ў аснову балад, а таксама дзесяць матываў з галіны народных вераванняў і звычаяў. Прычым як народныя паданні і казкі, так і гэтыя матывы пададзены аўтарам з вялікай дакладнасцю, што было дрэнна для гэтых балад як для мастацкіх твораў і вельмі добра як для фальклорнай крыніцы.