Лісце забытых алеяў
Шрифт:
За Туганавіцкім паркам амаль адразу пачыналася вёска Карчова. Мы пад'ехалі сюды, каб распытаць дарогу ва ўрочышча Кут, да камення філарэтаў.
Сухаватая жанчына з поўным капуснага лісця драцяным кашом на сагнутым локці рукі закінула другую, незанятую руку паўзверх дашчаных варотцаў, мерачыся адкінуць на тым баку зашчапку.
— Цётка, пачакайце трошкі... — паспяшаўся я да жанчыны.
Яна адняла назад руку, з цікавасцю паглядзела на мяне і Льва Паўлавіча, які таксама ішоў за мной раз'езджанай машынамі вуліцай вёскі.
Калі я папрасіў яе паказаць дарогу ў Кут, яна перапытала:
— Туды, дзе камень філярэтаў?
— Ага, туды, — здзівіўся я гэтакай яе здагадлівасці. — Але чаму вы думаеце, што нам трэба якраз гэты камень?
— Ды многія ж туды едуць... Да каменя...
Мы
— Ды колісь нейкія філярэты збіраліся там на маёўкі... А што гэта былі за яны, дык я і не ведаю...
Ну што ж, нам было даволі і гэтага: мы даведаліся, што памяць пра «філярэтаў», як вымаўляла жанчына, і сёння — праз столькі часу — жыве, аказваецца, сярод людзей.
Толькі чаму назвалі камень якраз імем філарэтаў, а не філаматаў?
Як вядома, спачатку ў Віленскім універсітэце ўзнікла Таварыства філаматаў — сяброў навук. Яго ўтварылі ў 1817 годзе Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і Юзаф Яжоўскі, якія ўвялі ў яго яшчэ трох студэнтаў. Паколькі розныя згуртаванні, тым больш тайныя, строга забараняліся царскімі ўладамі, філаматы былі вельмі асцярожныя ў падборы новых членаў. Выбіраліся толькі надзейныя і здатныя да навук, да літаратурнай творчасці студэнты. Таму Таварыства філаматаў было нешматлікай арганізацыяй. За ўвесь час свайго існавання ў яго ўваходзіла толькі дзевятнаццаць чалавек. Найбольш вядомымі з іх, апроч названых вышэй, былі Ян Чачот, Ануфры Петраш кевіч, Францішак Малеўскі, Дзіянісій Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ян Сабалеўскі, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч. У 1818 годзе Таварыства было падзелена на два аддзелы: І — літаратуры і маральных навук, ІІ — фізічных, матэматычных і медыцынскіх навук. Першапачатковай мэтай Таварыства было, як пісалася ў статуце, маральнае ўдасканаленне і ўзаемадапамога ў набыцці адукацыі. Але ўжо ў новым, прынятым у 1818 годзе, статуце мэта Таварыства пашыралася. Апрача «ўласнага самаўдасканалення», філаматы павінны былі садзейнічаць «па меры мажлівасці ўсеагульнай асвеце», рыхтуючы гэтым самым грамадства да змагання з царызмам. Дзеля пашырэння сваіх ідэй філаматы стварылі больш прадстаўнічую арганізацыю — напаўлегальнае Таварыства «прамяністых», якое хутка было рэарганізавана ў тайнае Таварыства філарэтаў — сяброў дабрачыннасці. Таварыства філарэтаў складалася з чатырох аддзелаў — фізіка-матэматычнага, юрыдычнага, літаратурнага і медыцынскага. Два першыя, акрамя таго, падзяляліся яшчэ на асобныя саюзы. Кіраўнікамі ўсіх гэтых падраздзяленняў філарэтаў былі ў асноўным члены Таварыства філаматаў, якое стаяла на чале арганізацыі, з'яўлялася яе ядром. Напрыклад, літаратурным аддзелам, у які ўваходзіў толькі адзін саюз пад назвай «Блакітны», кіраваў Ян Чачот. Сярод 26 членаў гэтага аддзела мы бачым імёны вядомых у свой час літаратараў, грамадскіх дзеячаў — Аляксандра Ходзькі, Дамініка Ходзькі, Ежы Ягелы, Руфіна Юндзіла, Юзафа Кавалеўскага, Фелікса Кулакоўскага, Мікалая Казлоўскага, Міхала Кулешы, Антонія Эдуарда Адынца, Людвіка Папроцкага, Яна Вернікоўскага, Тамаша Зана, Міхала Данейкі, Тамаша Красоўскага, Францішка Левандоўскага, Тамаша Масальскага, Тэадора Мілакоўскага, Ігната Станкевіча, Тадэвуша Зялінскага. Агульнае кіраўніцтва Таварыствам філарэтаў было даручана Тамашу Зану, які лічыўся яго прэзідэнтам.
На пасяджэннях філарэты, як і філаматы, чыталі свае навуковыя працы, рабілі агляды айчыннай і замежнай прэсы, вялі дыскусіі па розных пытаннях навукі і грамадскага жыцця. Адной з форм работы Таварыства было правядзенне маёвак, на якія філарэты стараліся прывабіць паболей моладзі, дзеля чаго рабілі ўсё, каб гэтыя маёўкі праходзілі як мага весела і прыгожа. Да іх старанна рыхтаваліся, складалі цэлыя сцэнарыі іх правядзення, пісаліся і развучваліся спецыяльна напісаныя да іх вершы і песні, драматычныя сцэнкі. Часта маёўкі прымяркоўвалі да імянін каго-небудзь са сваіх таварышаў.
Філаматы многа рабілі, каб ствараць філарэцкія філіі і ў правінцыях. Кожны з філаматаў абавязаны быў, выехаўшы на канікулы ў родныя мясціны, весці работу сярод насельніцтва, арганізоўваць тайныя згуртаванні. Тут асабліва праявіў свой арганізатарскі талент філамат Міхал Рукевіч, які
Да нас няшмат дайшло звестак пра арганізаваныя філаматамі згуртаванні моладзі ў правінцыі, так званыя філіі Таварыства філарэтаў. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што ўсе дакументы, звязаныя з імі, філарэты пасля выкрыцця царскімі ўладамі тайных саюзаў моладзі аддалі агню.
Філія Таварыства філарэтаў, відаць па ўсім, была створана і дзесьці паблізу Туганавіч, хутчэй за ўсё ў мястэчку Цырын. Пра гэта ж тут, як-ніяк, было каму паклапаціцца: у Туганавічах падоўгу гасцявалі, прынамсі, чатыры філаматы, ды не простыя філаматы, а самыя завадатары згуртавання — Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Ігнат Дамейка, блізкі сваяк Верашчакаў. Калі б уявіць, што каля каменя ў Куце збіраліся на свае сходкі адны толькі яны (што пры іх актыўнасці было зусім немагчыма), то яго, гэты камень, назвалі б няйначай як каменем філаматаў, бо ў першую чаргу Зан, Міцкевіч, Чачот, Дамейка былі філаматамі, а потым ужо філарэтамі...
Вузенькай травяной вулачкай мы выехалі за вёску. Дарога павяла ў нестары беразнячок, з якога ў левым баку прасвечвала свежаўзаранае поле. Далей у лесе засвяцілі чырвонымі камлямі хвоі.
Камень быў з аднаго боку як бы ўсечаны і нагадваў сабою невялікую скалу. Ляжаў ён каля самай дарогі, у падножжы ляснога ўзгорка, што даволі крута ішоў уверх. Так, на гэтым узгорку было вельмі добра наладжваць філарэтам свае сходкі. Тым больш і мясцінка ж зацішная, у баку ад вялікіх дарог, наводшыбе ад вёскі. Прастор і воля!
Праз шмат гадоў пасля гэтых сходак філарэтаў прыехаў да іх каменя з далёкай Украіны выдатны савецкі паэт і акадэмік Максім Рыльскі. Стоячы ў гэтым зацішным яры, слухаючы несціханы пошум старых хвой, ён жыва ўявіў тых высокаадукаваных і эрудзіраваных маладых людзей, якія шчыра і горача кляліся змагацца за свой край, за родны народ, што праз вякі валачыў тут ярмо прыгонніцтва, за волю і роўнасць паміж усімі людзьмі. А ўявіўшы, Максім Рыльскі радкамі свайго санета вярнуў нам той далёкі і смутны час, вярнуў тыя гарачыя сходкі юнакоў-патрыётаў, светлыя воблікі першых нашых вестуноў ачышчальных рэвалюцыйных бур, што пранесліся потым па краі:
Бярозы, сосны, і пясок, і яр, Птушыны свіст, і вецер, і яліны. Зацішна тут. Не дойдзе гук адзіны Да тых шпікоў, што рассылае цар. Віюцца ў высі перламуты хмар, Якіх няма над землямі чужыны... Тут крылле ўзнёс у свой палёт арліны Міцкевічаў палымянёвы дар. Нібы з насення добрага пшаніца, Тут веліч думкі з крозы каласіцца, Тут слова воля гарт дае людзям. Тут, горды верш замысліўшы употай, З прарочым зрокам слухае Адам Прамоўцаў палкіх — Зана і Чачота. (Пераклад У. Дубоўкі)Мы прайшлі толькі некаторымі сцяжынамі Яна Чачота, тымі, на якіх пазнаваў ён жыццё, якія навучылі яго любіць і ненавідзець, якія выводзілі яго ў людзі, у свет, на дарогу змагання за праўду, за народную долю. Амаль усе гэтыя сцяжыны цесна перапляталіся са сцяжынамі вялікага Адама Міцкевіча, з якім так хораша ступалася па зямлі, так светла і шырока думалася. Сцяжыны роднай Наваградчыны...
Але былі ў Яна Чачота яшчэ іншыя сцяжыны, іншыя дарогі.