Лісце забытых алеяў
Шрифт:
І ён свядома, без нараканняў пайшоў на гэтыя пакуты. Уяўленне пра роспачны, змрочны настрой зняволенага і выгнанніка, адарванага ад радзімы, ад родных і блізкіх, пра безвыходнасць яго становішча можа даць напісаны Занам у 1825 годзе ў крэпасці верш «Выгнаннік»:
Каму тут свой выказаць смутак? Хто згаслую верне надзею? Трывожна і цяжка чаму так На сэрцы? Хто хмары развее? Няма ні сястры тут, ні брата. Мая ты найлюбая, дзе ты? Ад вас, родных ніў, перакатаў Мяне аддзяляе паўсвету... Бязмоўе. Для вока, для вуха Усё тут няміла, ў чужыне. З кім словам абмовіцца? Глуха. АдзінАле турма і ссылка не зламалі «найпрамяністага». Ён і там, на далёкім Урале, адседзеўшы прызначаны тэрмін у глухіх і халодных турэмных сценах, застаўся верны ідэалам маладосці. Імя Тамаша Зана я нечакана сустрэў на старонках рамана вядомага рускага пісьменніка Эрнста Сафонава «Казенные люди». На аснове знойдзеных на Урале дакументаў Э. Сафонаў расказаў пра ўдзел славутага філамата ў тайнай арганізацыі рускіх рэвалюцыянераў у Арэнбургу, пра шчырую дружбу з яе кіраўніком Пятром Кудрашовым, рускім паэтам, творы якога друкаваліся побач з творамі Аляксандра Пушкіна ў такіх выданнях, як «Вестник Европы», «Календарь муз», «Весенние цветы», «Полярная звезда», «Отечественные записки»...
Пра няскоранасць духу, пра актыўную палітычную дзейнасць у ссылцы Тамаша Зана шмат новых і цікавых фактаў падаў гісторык Валянцін Грыцкевіч у сваёй кнізе «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна». З яе мы даведваемся, напрыклад, што Зан у 1833 годзе прымаў удзел у змове ссыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстанне супроць мясцовых улад з тым, каб уцячы потым за мяжу.
Але Тамаш Зан заслужыў нашу пашану не толькі як змагар супроць царскай тыраніі, як будзіцель грамадскага руху за разняволенне. Вельмі вялікая яго роля і ў культуры, перш за ўсё ў нараджэнні на Беларусі новага, прагрэсіўнага літаратурнага напрамку — рэвалюцыйнага рамантызму. Якраз ён, Тамаш Зан, адным з першых звярнуў увагу на народную паэзію, вуснапаэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення літаратуры. А зварот да фальклору, як вядома, быў характэрны якраз для паэтаў-рамантыкаў.
Ужо ў студэнцкай камедыі «Грэцкія піражкі», напісанай у 1817 годзе, Тамаш Зан падаў добры прыклад выкарыстання беларускага фальклору, перш за ўсё прыказак і прымавак, характэрных для нашай мовы выслоўяў. Вось некаторыя з іх: «На злодзею і шапка гарыць», «Не адзін Гаўрыла ў Полацку», «Баба з калёс — калёсам лягчэй», «Хто ўкраў парасё, у таго ў вушах пішчыць». Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў бачым мы і ў яго аб'ёмістай паэме «Табакерка» (1818), дзе даволі цікава апісваецца беларускае вяселле, язычніцкае свята Купалле, расказваецца пра русалак, пра розныя звычаі і абрады беларусаў. У тканіну твора аўтар арганічна ўплятае ў сваёй апрацоўцы беларускія народныя паданні. Паводле паданняў нашага народа былі напісаны і найбольш цікавыя Занавы балады — «Цыганка», «Свіцязь-возера» і іншыя.
Гэтыя творы Тамаша Зана разам з баладамі і беларускімі песнямі Яна Чачота сваім уплывам сталі вызначальнымі ў літаратурнай долі іх агульнага сябра Адама Міцкевіча, пра што ўжо не раз адзначалася ў літаратуразнаўстве.
Тамаш Зан, як і ўсе пісьменнікі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, пісаў на польскай мове, якая была мовай тагачаснай літаратуры, усяго нашага справаводства. І ўсё ж такіх польскамоўных пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай спольшчанай шляхты, як Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і часткова польскамоўны Ян Чачот, трэба з поўным правам аднесці да пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Перш за ўсё таму, што яны ўпершыню асновай сваіх твораў рабілі вуснапаэтычную творчасць роднага ім беларускага народа, паказалі яе глыбіню, высокую эстэтычную вартасць. Яны скіроўвалі ўвагу грамадскасці на самабытнасць традыцыйнай культуры беларусаў, на адметнасць іх як асобнай нацыі, адным словам, адкрывалі перад шырокім светам цэлы народ, які дагэтуль вельмі ж спрытна «прысвойвалі» больш моцныя суседзі, імкнучыся раздзіраць яго на часткі. Акрамя таго, усе тры названыя паэты выразна праявілі ў шматлікіх творах свой «краёвы» патрыятызм, апяваючы родную «Літву», сілай мастацкага слова ўваскрашаючы
Інакш кажучы, якраз з польскамоўнымі пісьменнікамі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя трэба звязваць нараджэнне новай беларускай літаратуры. Асноўная іх заслуга ў тым, што яны падрыхтавалі для яе глебу, пасеялі першае зерне нашага нацыянальнага адраджэння. Іх творчасць — гэта першапачатковы этап у гісторыі новай беларускай літаратуры, этап, без якога зусім немагчыма растлумачыць увесь працэс яе развіцця. Лічу вялікай недарэчнасцю, што творчасць паэтаў-рамантыкаў, як, дарэчы, і іншых польскамоўных, а таксама лацінскамоўных беларускіх пісьменнікаў мы выключылі з поля свайго зроку, гэтак нядбайна ігнаруем. Яна ж, апрача ўсяго, — наша жывая гісторыя.
Варта сказаць і пра адносіны канкрэтна Тамаша Зана да беларускай мовы. Як і ўсе філаматы, ён добра яе ведаў і шанаваў. Ён сам падкрэсліваў у сваіх успамінах, што яшчэ ў час вучобы ў Мінскай гімназіі «мужыцкай мовай Міншчыны ахвотна карысталіся студэнты», што яна не чужая была і студэнтам Віленскага універсітэта, дзе вучылася пераважна моладзь з беларускіх губерняў. Тамаш Зан свядома браў для сваіх вершаў, балад і іншых твораў беларускія словы і выразы. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу польскія і беларускія літаратуразнаўцы. Напрыклад, Станіслаў Станкевіч у сваёй кнізе «Беларускі пачатак у польскай паэзіі першай паловы XIX стагоддзя», якая выйшла ў трыццатых гадах на польскай мове ў Вільні, прыводзіць цэлы спіс «беларускіх правінцыялізмаў», якія ён знайшоў у творах Зана. Сярод іх ён называе такія, як «Чым хата багата, тым ці будзень рада», «ні тое ні сее», «кішэня», «бусі» (пацалунак), «харошы», «хвост», «галубчык», «глячык», «кажан», «кужэльны», «краска», «наўда», «неахайны», «акрайчык хлеба», «аруд», «паспець», «рана», «русы», «што», «заклікаць» і іншыя. На аснове сваіх назіранняў С. Станкевіч робіць вывад, што Тамаш Зан быў адным з самых першых і самых гарачых прыхільнікаў «культывавання краёвай літаратуры». Якраз таму, трэба думаць, вельмі горача вітаў Тамаш Зан беларускамоўную творчасць свайго сябра Яна Чачота. Каб даць шырэйшы ход Чачотавым беларускім творам, ён сам складаў на іх музыку, з ахвотай спяваў іх разам з сябрамі. Ёсць усе падставы меркаваць, што Тамаш Зан таксама пісаў на беларускай мове. Але паколькі беларускія творы не было дзе друкаваць, яны маглі б толькі цудам захавацца, дайсці да нас. Мне думаецца, што і пра большасць беларускіх вершаў Яна Чачота наўрад ці сёння б мы ведалі, калі б ён не здагадаўся апублікаваць іх у сваіх фальклорных зборніках пад выглядам народных песень...
Тамаш Зан паходзіў з тыповай беларускай шляхты. Сапраўднае прозвішча яго продкаў — Зань. Так гучала прозвішча і Тамаша, але ў час вучобы ва універсітэце яно чамусьці «пацвярдзела». Дзед Тамаша Зана — таксама Тамаш — быў бурмістрам у Радашковічах, дзе меў нейкія зямельныя надзелы. Адначасова ён арандаваў недалёкі адсюль маёнтак Селішча. Продкі Тамаша Зана па мацерынай лініі жылі ва Уздзе. Былі яны уніятамі. Відаць, уніятамі былі і Зані. А гэта азначае, што ўсе яны ў мінулым — праваслаўныя. Тыповыя метамарфозы беларускай шляхты.
Бацька Тамаша — Кароль Зань — атрымаў у спадчыну ўладанні ў Радашковічах. У яго былі ўсе ўмовы для спакойнага сямейнага жыцця. Але сядзець у зацішку ў той бурлівы час — а гэта была мяжа XVIII-XIX стагоддзяў — ён не мог. Калі ў краі выбухнула паўстанне супраць царызму, Кароль Зань ідзе ў шэрагі барацьбітоў за волю на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Пасля разрому паўстання ён вяртаецца дамоў. Але, пачуўшы пра рэпрэсіі ў адносінах да паўстанцаў, Кароль Зань на нейкі час сыходзіць з дому, уцякае кудысьці аж пад Крулявец. Цяжарную ж жонку Кацярыну з першым сынам Вінцэнтам адвозіць у маёнтак Селішча да брата, дзе яна павінна была пачакаць, пакуль вызваліцца куплены Занам перад ад'ездам невялікі маёнтачак Халецкоўшчына ў гэтым жа Вілейскім павеце. Ды вось бяда: нейкім чынам згубіліся дакументы на яго куплю, і Кацярына нечакана засталася і без грошай, і без дома. Даведалася яна пра гэта якраз тады, калі выехала ўжо ў Халецкоўшчыну. Затрымалася яна ў Мясаце, дзе і нарадзіла Тамаша. Трэба думаць, адбылося гэта ў панскім доме, у Тышынскіх.
Як мяркуюць біёграфы паэта-філамата, жонцы паўстанца небяспечна было заставацца ў Мясаце, бо праз вёску якраз праходзілі казацкія войскі. Яна вымушана была ўцячы ў лес. Памагла ёй перабыць ліхі час тутэйшая сялянка, якая напаткалася ў лесе: яна хадзіла сюды да свайго мужа, што хаваўся ад рэкрутчыны. Гэтая сялянка нават стала для Тамаша «мамкай»: карміла яго сваімі грудзьмі.
Але ёсць і другая версія пра месца нараджэння Тамаша Зана: нібы гэта было ў мясцовай, мясацкай карчме. Як бы там ні было, але Мясата — месца яго прыходу ў свет.