Літоўскі воўк
Шрифт:
Цётка Цэцыля патлумачыла, што гэта добры сон, бо не было крыві. Крыві ў сне сапраўды не бачыў.
Потым навязліва сніў натоўп хораша апранутых людзей. Нейкія чыноўнікі ў сурдутах, афіцэры пры парадзе, шмат пань і паненак у раскошных уборах. Вакол — сосны з чырвонай карой, нейкі звярынец. У звярынцы каля клеткі з таблічкай: «Lupus vulgaris» — купка паненак. У клетцы, каля задняй сценкі, — воўк. Ляжаў галавой на тоўстых лапах і не звяртаў увагі ні на людзей, ні нават на муху, якая поўзала па носе. Здавалася, што за жалезнымі прэнтамі быў не ён, а людзі, увесь
Што гэты сон значыў, пан Урбановіч ніяк не разумеў. Жыццё ішло сваім ходам, праз Манкевічы і мястэчка праходзілі рэгулярныя вайсковыя часткі, у госці завітвалі расейскія афіцэры, якія гаварылі па-французску, добра ігралі на гітары і выдатна — у карты. Потым наступілі нудныя асеннія дні, з'яўляліся ўсё новыя і новыя гаспадарчыя клопаты, і нехарошыя сны адышлі, забыліся.
Былі і добрыя навіны. Жандарскі афіцэр Фогель сватаўся да Марысі, дачкі Налёткі-Чарняўскага, і атрымаў згоду. Таксама і Мондрык заручыўся з Ганнай.
Часам, каб развеяцца, аканом прагульваўся на свежым паветры. Асабліва любіў хадзіць па пустым парку, у якім зелянелі яліны. Дубы стаялі ў шэра-жоўтых апранахах, падрыхтаваныя да зімовага сну. Клёны, грабы і вязы распрасціралі свае голыя галіны ў неба. Парк падчышчаны, ружы ў кветніках абкладзены гноем. Бярозавае і кляновае лісце чысценька падгрэблена ў гурбы.
«Так і ў жыцці мусіць быць усё чысценька, падмецена, правільна, — думаў аканом. — Усё на сваіх месцах, да ладу… Любыя рэзкія рухі прыводзяць да беспарадку… Рэвалюцыя, бунт ёсць зменлівая форма хаосу… Эт, глупства. Толькі б здароўе. А то нешта Аксанцы ўсё нездаровіцца…»
Аблушчаныя гіпсавыя і алебастравыя фігуры аголеных наядаў, русалак, рымскіх і грэцкіх міфалагічных персанажаў, здавалася, мерзлі ад дабраватай золі. Хацелася зняць сурдут і накінуць якой бязрукай Венеры на алебастравыя плечы.
Праз некалькі дзён мароз укаваў зямлю, а снегу не было. Пазамярзалі лужыны, сажалкі, раўкі. Аксана выходзіла на сажалку, на якой усё яшчэ заставаліся лебедзі. На лёдзе вялізныя птушкі выглядалі няўклюднымі, хадзілі па лёдзе, спрабавалі яго дзяўбці, глядзелі пад лапы, не разумелі, чаму вада раптам скамянела.
Лёд празрысціўся, промні сонца асвятлялі дно, рэшткі водарасцяў, таямнічых рыбаў. У бацькі на сядзібе таксама была сажалка, у якой трымаў рыбу. Зрэшты, у кожнага з шляхты была свая такая сажалка. Рэдка, але бывала, замярзалі менавіта вось так, калі лёд быў празрысты, без снегу. І тады якая раскоша глядзець на шчупакоў, карасёў або на таўсталобых, з бурачковымі колцамі-абадкамі вачэй чырвона-мядзяных лінёў. Шляхта лічыла, што лінь самая смачная рыба — без тлушчу смажыцца.
І ў гэтай паркавай сажалцы пад лёдам плавалі важныя ліні, хітрыя шчупакі, драбнейшыя і шустрэйшыя акунькі. Усё відаць было, як у акварыуме. Лебедзі тапталіся па лёдзе, падбіралі кавалачкі хлеба, якія кідала ім Аксана.
Прыйшоў
Аксана маўчала. Люты холад няволі скаваў край, лёд нядолі. Хто, калі і як высеча ў гэтым лёдзе палонку, растопіць, знішчыць гэты лёд?! Каб была свабода, воля… Знойдуцца людзі, прыйдзе час. Але заўсёды будуць і такія, як яе муж. З тых, хто ведаюць, дзе і калі самы час паставіць карытца…
— Фогель падаў у адстаўку, — раптам сказала яна мужу.
— Вось як! — ажывіўся аканом. — І дарэмна, любачка. За што яны жыць будуць?
— Марыся паставіла такую ўмову… — адказала на гэта Аксана. — Я б таксама не хацела мець мужа-жандара.
Аканом зразумеў намёк.
— Ну, раз гэтак, дык і добра… Маладыя, што-небудзь прыдумаюць, з чаго жыць. Але ўсё роўна неразумна…
— Неразумна лавіць няшчасных, рэзаць, секчы, біць бізунамі, страляць у равах, вешаць на грушах, цэлымі сем'ямі ссылаць у Сібір толькі за тое, што не хочуць жыць пад расейскім арлом, у вэрхале хлестакоўшчыны! — запальчыва ўсклікнула жонка.
Апуджаныя яе голасам, лебедзі замахалі крыламі, разагналіся па лёдзе, пры гэтым смешна коўзаючыся і падаючы белымі грудзінамі на лёд, паляцелі на раку, на балоты і гэтак пару разоў крыкнулі трубна, пранізліва, што ад шчымлівага болю сціснулася сэрца. Вось яны завярнуліся, нібы зрабіць развітальны круг над паркам. Паляцелі над шапаткімі вершалінамі дубоў з засушаным лісцем на галінах, вось звярнулі зноў на раку, закалываліся над прасторай халоднай ракі, якую мароз не здолеў скаваць…
— Паглядзі, якое неба — сінюткае, чыстае, — сказаў пан Ежы. — Пайду клікну людзей з сякерамі… А лебедзям карытца паставім, любачка, і распаранага зерня насыплем…
«Лебедзям… карыта?!» — падумала Аксана і злавіла сябе на гэтай думцы. Так, жыццё было грубым, нізкім; з карытамі, крывёю, здрадай, падлегласцю. Няўжо няма нічога іншага, як змірыцца з такім жыццём, жыць, проста жыць?
Заміж пасляслоўя
І вось, праз паўгода пані Цэцыля Ўрбановіч з Буевічавым Стасікам, пан аканом з жонкай Аксанай апынуліся ў Друскеніках. Добра ім было: ніхто не ведаў іх, лячыся сабе вадой, адпачывай, дзівіся выгодам, якія тут пароблены дзеля курортнікаў.
Кожную раніцу хадзілі піць тую ваду. Аднаго разу пан аканом і Стасік пайшлі глядзець, як кормяць драпежнікаў: рысяў, мядзведзяў, ваўкоў. Ваўкоў было некалькі. Звярнулі ўвагу на ваўка, які, як казалі, з'явіўся ў звярынцы нядаўна. Не надта вялікі, сухарэбры, адно званне, што воўк. Яго прывезлі аднекуль з глыбіні краю, з поўдня. Казалі, воўк прыручаны, але шмат рабіў шкоды, таму запраторылі ў клетку.
— Ваўчыца, паводле чэчэнскага падання, уратавала дзяцей ад буры… — балбатаў Стасік. — Расея заваявала Каўказ… Як і нашу радзіму… Волю забралі, незалежнасць… Так, грамадзянкі?