Літоўскі воўк
Шрифт:
Рэч была ў тым, што бойка паміж партыямі Буевіча і Дубойскага за метэарыт сапраўды, як кажуць, мела месца. Але гэта даўно было, і судовая справа пакрылася пылам, прыкрытая з-за палюбоўнага замірэння. Спраўнік выцягнуў гэтую справу, атрос яе ад пылу і на ўсялякі выпадак насачыняў розных пратаколаў заднім чыслом. Ды такім чынам, быццам усё адбывалася толькі што.
— Уга, спадар капітан, — казаў ён. — Хабар і жанчыны — вось два асноўныя рухавікі гісторыі. Менавіта яны стымулююць развіццё чалавецтва.
У карчме было поўна людзей, у асноўным той самай шляхты,
У гэтай карчме за колца, ушрубаванае ў сцяну, быў прывязаны аблезлы мядзведзь. Яго кармілі размочаным у гарэлцы хлебам, і ён качаўся па падлозе, чым і цешыў публіку. Тут і там чуліся шчырыя гутаркі.
— Што, зноў Бэрку шаблю ў заклад аддасі, пане дабрадзею? — казаў пан Пратасавіцкі, звяртаючыся да Налёткі-Чарняўскага.
Паны зарагаталі. Калі Налётка хацеў выпіць, а пані Чарняўская не давала дома гарэлкі, ехаў з шабляй да Бэрка. Потым жонка выкупляла тую шаблю.
— Ты сваю аддай, — прабурчэў Налётка. — Твая са смарагдам, хто не ведае тваёй шаблі?! За яе Бэрка вядро гарэлкі паставіць… За маю мала дае…
— Маёй шабляй таргавіцкія канфедэраты бітыя былі яшчэ за Кацярынай. Касцюшка…
— Цыц! Пра Касцюшку не ўспамінаць… Глядзі, Фогель вухі наставіў…
Фогель адвярнуўся.
Ад іншага стала данеслася:
— Які ён маскаль! Наш, недзе з-пад Магілева…
— Вядома, пасада… Цар добра плаціць за пасаду. Гэтага не адабраць.
— Параненых хавалі, хто куды прыдумае, бо жандары шукалі. Валасевіч, каб яму праз рэбры козы траву скублі, хадзіў і паказваў, дзе ў каго паранены хаваецца… А свой жа чалавек… Са шляхты, ягоная сястра ў Пінску за каталіка выйшла… Нічога, трэцяе дзіця нарадзіла.
— Кажуць, новая каманда прыйшла… З сабакамі стануць шукаць…
Шляхта п'янела на вачах. Вунь ужо і абдымаюцца, цалуюцца, шапкамі сталі мяняцца.
«Божа мой лістасцівы, — падумаў Фогель. — У якім я стагоддзі? У свеце будуюцца чыгункі, праводзяцца тэлеграфы, а тут, пасярод гэтых балотных пустак, жыццё адстала на сто, ды дзе там, на дзвесце гадоў… Нашто Расеі гэтыя жывыя выкапні? Пра іх жа камедыю пісаць можна…»
— Напішу, што вас з каня сцягнулі? — падняў галаву спраўнік. — Сцягнулі і абяззброілі…
— Пішыце, што хочаце… — адмахнуўся Фогель, выпіў кілішак смярдзючай гарэлкі, захрумстаў гурком.
«А мо падысці да пана Налёткі і папрасіць рукі ягонай дачкі? — узнікла ў капітана зманлівая думка. — Пад чаркай згодзіцца…»
Фогель падняўся, злавіў позірк Налёткі. Той падміргнуў яму.
«Не, рана яшчэ… — варухнулася думка. — А раптам Марыся занатурыцца і не згодзіцца?»
Не пайшоў да шляхціца, падаўся да дзвярэй. Спраўнік увішна перапісваў паперы і нават не падняў галавы, не паглядзеў услед.
На ганку Фогель сутыкнуўся з чалавекам. Нізенькі, плюгавы, ён адразу сарваў шапку, паказваючы вузкі, як у малпы, лоб, хацеў шмыгнуць пад руку, але Фогель цопнуў селяніна за плячо.
— Куды? Чый ты? — спытаўся, пацяшаючыся, што наганяе
— Паночку, — узмаліўся селянін, — вінаваты, прапіць хацеў не сваё… Чужое…
У працягнутай нямытай руцэ Фогель убачыў медальёнчык на ланцужку.
— Аддаць хацеў, ды саромеўся, паночку… Злітуйцеся…
— Чыё гэта?
— Паніча Артура, арыштаваны ён… Злітуйцеся, паночку…
Фогель, не адпускаючы селяніна, каб не ўцёк, расчыніў вечка медальёна. Усярэдзіне — партрэцік жанчыны.
— Гэта хто?
— Матка ягоная… Нябожчыца жонка васпана Буевіча.
«Добры падарунак маладому Буевічу на развітанне… — падумаў Фогель. — Праз Марысю перадам, ласкавейшая будзе…»
Жандарскі афіцэр адпусціў небараку, пакапаўся ў кішэні:
— На, вазьмі на кручок. Слухай, кажуць, ты ведаеш месца, дзе ў Графскай пушчы звяры збіраюцца. Не пакажаш?
— О не, паночку, не ведаю. Далібог, не ведаю. Грэшны стаў, а грэшнаму не дадзена. Нікому не дадзена, а як пасвяцеюць людзі, то і адкрыецца месца, а пакуль, паночку, грашаць, то закрытае гэта месца, не відаць і знаку… — забалбатаў селянін, абрадаваны, што яго не толькі не б'юць за крадзеж, прысваенне чужога, але яшчэ і капейчыну на гарэлку далі. — Я, паночку, і хацеў бы ўбачыць, і шукаў, ды заблудзіўся. Ледзь не прапаў…
— Ідзі, — махнуў рукой Фогель. — Ідзі і больш не крадзі.
7. Дурны сон аканома
Пан Ежы паціраў рукі — эканомія квітнела. З інсурэкцыяй таксама выйшла гладка. Напачатку пабыў сярод завадатараў, потым — адышоў, адстаў, заняў месца нейтральнай апазіцыі. Дзякуй спраўніку, не выдаў. Цяпер галоўнае — быць заадно з уладай. Надышоў час праявіць сябе. З Аксанай таксама няма асаблівых клопатаў — штодня пераконваў, што лепей, зручней, выгадней жыць ціха-мірна, бо глядзі сама, як усё абярнулася з гэтым паўстаннем. Нічога, акрамя крыві, Сібіры, разарэння цэлых родаў. Хочуць палякі — няхай бунтуюцца. Аксана хадзіла засмучоная, але разумела ўсё, бачыла і паспакайнела. Асабліва пасля таго, як разабраўся з гэтым Артурам. Лічы — выкупіў. Няхай нават стары Буевіч грошы і не верне — а што не верне, аканом не сумняваўся, — усё роўна ёсць выгада толькі ад таго, што гэтага бунтача няма тут. Няхай едзе хоць куды — у Варшаву, у Парыж. А па гэтай зямлі будзе хадзіць разам з Аксанкай ён — пан Ежы Ўрбановіч.
Праўда, пан Урбановіч разумеў, што служыць, як кажуць, і вашым, і нашым, не зусім добра. Яму абрыдла выкручвацца, маніць, падстройвацца то да адных, то да другіх. Але ўсё ягонае жыццё было такое. Мусіў быць слізкім, як лін, іначай даўно прапаў бы. Не, яшчэ не было доўгачаканага спакою ў ягоным жыцці… І сны нейкія дурныя, дзіўныя стаў сніць. І ўсё д'ябла гэтага шэрага сніў, Інсургента. То сасніў, як на паляванні дзік напаў. Ухапіў за нагу, звалок з каня пад куст… Ляжаў пад кустом, а яго не маглі адшукаць. Крычаў, але крыку не было. Конь прыбег у стайню. І тады Інсургент па конскім следзе дапяў да яго, прывёў людзей.