Літоўскі воўк
Шрифт:
— Якога ваеннага? — здзівіўся Буевіч. — Хто з кім ваюе?
— Не прыкідвайцеся, пане Буевічу, дурнем, прашу мяне выбачыць за рэзкае слова. Каб на маім месцы быў больш строгі, больш няродны гэтай зямлі чалавек, я загадаў бы жаўнерам даць залп і расчысціць дарогу.
— А вы паспрабуйце даць залп! — чамусьці ўхмыльнуўся Буевіч. — Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Зрэшты, дарога свабодная — едзьце сабе. Вы рабіце сваю работу, а мы будзем рабіць сваю. Не ўмешвайцеся, не ўлазьце.
5. Гуртом і бацьку добра біць
Фогель не ўбачыў, як Буевіч
— Спыніце іх, — закрычаў Фогель. — Зараз жа спыніце!
Конь пад ім круціўся, узбуджаны крыкамі і гвалтам. Жандар выхапіў рэвальвер, даў стрэл у паветра. І гэта быў знак атакі ўсутыч.
— Як ты іх спыніш?! Гэта віхура! — крыкнуў Буевіч, падняў плётку. — Выбачайце, пане афіцэр, у нас свае парадкі. Гэй, шляхта, рушма!
Ягоны конь скокнуў, як сабака, з месца. Шляхта зараўла, загігікала, ірванула з месца. Нечы конь апудзіўся, сядок паляцеў старчма.
— Я буду страляць! Я вас арыштую! — ашалела закрычаў Фогель.
Ён размахваў рэвальверам, але было позна — шыхты проціборцаў сышліся. Застукалі, заляскалі ўжо разам з кіямі і шаблі. Шляхта з жарсцю фехтавала; хто быў спрытнейшы, лупіў супраціўніка плазам. Сяляне сцягвалі вершнікаў з коней, адбіралі шаблі. І так выйшла, што вазкі з арыштантамі апынуліся пасярод бойкі, у самай яе гушчыні. А тут яшчэ зусім нечакана пачалася страляніна, усё больш угору. Паваліў дым. Залёталі ў паветры ахлапкі ад набояў. Фогель вачэй не спускаў з арыштантаў — там жа сядзеў сам Артур Буевіч. І тут капітан адчуў, што нечыя дужыя рукі ўхапілі яго ззаду, звалаклі з каня. Глянуў — барадатыя, касматыя, як дзікуны, людзі накінуліся на яго, адабралі рэвальвер, сталі круціць, вязаць рукі, насоўваць на галаву мех. Спрабаваў бараніцца, дык атрымаў такога грымака ў спіну, што ажно ў носе зашчыпала. Нейкі час яго трымалі, потым, звязанага, кінулі. Круціўся на зямлі, поўзаў на каленях, спрабуючы скінуць з галавы смярдзючы мех. Як скінуў — убачыў, што ягоныя падначаленыя люта сякуцца плёткамі з сялянамі, якія насядаюць на іх з косамі і віламі.
— Перамога! — крычалі адны.
— Наша ўзяла! — крычалі другія.
— Усё, кідай дрыны, замірэнне! Замірэнне, — прагучэлі крыкі. — Пан Дубойскі аддае перуновік, аддае! Гэй! Хто там яшчэ дубасіцца?!
Фогель стаў развязвацца, вызваляцца ад вяровак, азірнуўся, аж вазкі — і адзін, і другі, і трэці — пустыя. Некалькі жаўнераў ляжалі, яшчэ аблытаныя вяроўкамі, некаторыя ўжо разблыталіся. Спешаныя жандары бегалі за сваімі коньмі, разганяючы плёткамі сялян, а тыя ўжо і не таўклі адзін аднаго, не насядалі на жандараў, разбягаліся хто куды; хто ўцякаў дахаты, смялейшыя стаялі купамі, глядзелі, як пан Дубойскі абдымаецца з панам Буевічам.
Адзін з Пратасавіцкіх скінуўся з каня і ад радасці пусціўся ўпрысядкі.
— Замірэнне! Згода!
— Стаўлю бочку піва! — закрычаў пан Дубойскі.
— Дзве бочкі піва! — раўнуў пан Буевіч. — Гэй, шляхта, да Бэрка, конна, рушма! Мужыкі — следам! Дармавое саладчэй заробленага!
Фогель кінуўся да фурманак. Ён даўно зразумеў, што да чаго. Тут і дурань зразумее. Сярод арыштантаў не было Артура Буевіча.
Ад злосці стаў біць аднаго з жаўнераў па твары.
— Каго запомнілі?
— Пане афіцэр, каго тут запомніш, калі іх гэткая процьма?! У каго страляць? Каманды не было… — адказваў жаўнер, закрываючыся рукамі.
— Куды ўцяклі?
— Туды ўцяклі. — Жаўнер паказаў рукой у бок лесу.
— Хто? У твар запомніў? — роў Фогель.
— Калматыя ўсе, ваша благароддзе, як чэрці!
— Напраўдачкі, як чэрці!
Пускацца ў пагоню было і позна, ды і небяспечна. Але Фогель злавіў свайго каня, узляцеў у сядло, кінуўся наўскапыты да лесу. Потым да яго далучыліся іншыя жандары. Паехалі да лесу, але так нікога і не ўбачылі. Пры лесе — вёсачка. Пад'ехалі, паглядзелі на дарогу — нават слядоў не відаць. Як скрозь зямлю праваліліся. Яно і зразумела — лес вакол. За вёскай, на ўзлеску, царква. Невялікая, капліца, а не царква. Адтуль насустрач селянін прастуе, зняўшы шапку.
Фогель ведаў селяніна. Як не ведаць Максіма Дзеркача! Вось ён паслужліва падбег да стрэмені, прашаптаў:
— Трое… На конях… Вунь туды, па той сцежцы… У лес вядзе… Але, ваша сіяцельства, — селянін зрабіў змоўніцкі выгляд. — Тут на брычцы спраўнік надоечы ездзіў… Ці, паночку, не з імі ён у хаўрусе?
— Не тваё, хлопе, дзела! — замахнуўся на яго капітанскі жандар.
У лес ён не паехаў. У гушчары гэтак лёгка злавіць кулю.
6. Карчма на Пінскім тракце
Калі паважаны чытач лічыць вышэйапісаныя падзеі неверагоднымі, ён не памыляецца. Усе сумненні, што гэта прыдумкі, нацяжкі, незацугляная фантазія аўтара, — абсалютна правільныя. Так не было і не магло быць. Усё было зусім па-іншаму.
Стары пан Буевіч, як дачуўся пра арышт сына, перастаў і кроплю браць. Кінуўся шукаць грошы і сувязі. Напісаў не адзін дзесятак лістоў і прашэнняў. Знайшліся і грошы, знайшліся і сувязі. У Менску яго ў губернатарскі дом напраўду і на парог не пусцілі, але толькі каб пазбегнуць кампраметацыі. Пра карчму ў Ракаве Буевіч сам пусціў чутку. А раптам хто стане вышукваць — было гэтулькі грошай і зніклі. Куды?
Далей. Можа, спраўнік і хацеў атрымаць куку ў руку за Буевічавага сына. І пэўна хацеў. І намёкі рабіў. Але ў ягонай кампетэнцыі было толькі следства, пошук таго самага corpus habeat, гэта значыць складу злачынства, ад якога залежала мера пакарання: вісельня, Сібір ці высылка. Ужо адно тое, што справу Артура Буевіча выдзелілі асобна ад іншых спраў і не перадалі ў ваенна-палявы суд, каштавала неверагодных высілкаў.
Карацей, спраўнік здзівіўся, калі давераныя асобы перадалі яму неафіцыйнае пажаданне вышэйшага начальства: як мага мякчэй абысціся з арыштаваным мяцежнікам па прозвішчу Буевіч — аж да вызвалення яго з-пад варты.
Спраўнік яшчэ болей быў здзіўлены, калі капітан жандармерыі Фогель прызнаўся, што і яму паступіла «негласное указание» як-небудзь вызваліць з-пад следства былога «тутошнего предводителя банды мятежников». Адкуль такія заступнікі? У якія негацыяцыі кінуўся стары Буевіч, каб сабраць грошы і так спрытна падмазаць губернскае чынавенства?
Тлумачэнняў гэтаму не знаходзілася. Але пажаданні начальства належала выконваць. Вось і заселі спраўнік і капітан Фогель у карчме на Пінскім тракце пісаць паперы пра ўцёкі арыштанта. Перад гэтым аб'ехалі ўжо вядомае чытачу поле і ўявілі, як магло здарыцца, што арыштаваны Буевіч выкарыстаў сумятню падчас цывільнай бойкі і бясследна знік.