Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
— Бяжым, — кажа ён.
На ўзлессе вывальваецца атрад коннікаў.
— Бяжы, я не паспею. Бяжы, мужанёк, — голас яе здзічэў.
Твар Рогача зноў халодны.
Коннікі прыпускаюць да хаты рыссю.
І тады Рогач, акінуўшы Дубраўку чужым позіркам, чуйдух бяжыць да лесу.
Яна зрабіла за ім крок, другі, упала на калені, пацягнулася за ім і звалілася ніц.
Бяжыць лесам Рогач. Твар дзікі. Галіны хвошчуць яму ў вочы…Выбег з лесу. Стаў.
Твар Рогача такі, быццам ён імкнецца нешта ўспомніць.
— Вясна… І зноў вясна… А што было між імі? Раней — пекла, гэта вясна… А што пасля яго?.. Чыесьці добрыя вочы… Чые? Нехта прасіў пайсці… Куды пайсці?.. Да каралевы, вядома… Але дзе я мог бачыць яе і хто быў тады са мной?.. Я стаяў на кургане і трымаў зайца… Для каго?.. Прасіла ўцякаць… Повад… Для чаго повад?.. Для чаго?
Ён трэ лоб. Потым, скалануўшы галавою і так нічога і не прыпомніўшы, ідзе дарогай.
Вясна. Шуміць трава на бясконцых паплавах. Рогач ідзе проста па траве, па золаце купраслепу.
Самотныя белыя званіцы над рэкамі. Жаўрукі звіняць у небе.
— Ці-у, ці-у, — пераймае іх чалавек у вопратцы вандроўнага шкаляра.
Спускаючыся з узгорка, Андрэй перакуліўся цераз галаву, лежачы, пажаваў некалькі былак.
…Ён стаіць над ракою. Абшар!
— Гэ-э-эй! — крычыць ён.
Прабіўшыся праз зарасці квітучай вішні на месцы зруйнаванага хутара, ён усё далей ідзе дарогай. І над светам гучыць яго лікуючая песня:
Завялося чамусьці папамі, Што вялікі, як неба, грэх Нашы дзецi i наша каханне, Сонца, песні, кветкі і смех. Я хацеў бы спытаць кардынала, Як на свеце з'явiўся б ён сам, Калі б Ева яблык не рвала І калі б разгубіўся Адам?Рыўцом расчыніўшы дзверы, ён уваходзіць у карчму пры дарозе. Замружыў вочы ад раптоўнай, пасля сонца, паўцемры.
— Што, сынок, вясна вочы крадзе? — пытае карчмар.
Ён стаіць ля каміна, круціць на пожагу курэй.
— Крадзе, — кажа Рогач. — Дайце мо пад'есці.
— Грошы на стол.
— Грошы? Гэта… — Рогач у поўным непаразуменні.
— Пашукай, пашукай па кішэнях.
Рогач машынальна лезе ў кішэню і, сам здзіўляючыся, дастае прыгаршчу манет.
Карчмар ахнуў і забегаў, накрываючы на стол. Рогач сеў, глядзіць у агонь. І зноў танцуючыя языкі агню прымусілі яго пакутліва зморшчыць лоб, успамінаючы нешта.
…Карчмар накрывае на стол і балбоча языком несціхана:
— Начаваць бы я вам сёння не раіў. Вядома, мне ў страту, але я люблю добрых людзей. Сёння прыехала доказная інквізіцыя. Ловіць
— Дзе інквізіцыя? — пытае Рогач.
— Паўсюль, дзе яе не чакаюць. Мы не чакалі, і вось вам… Ён паказвае ў акно.
…За акном, пад дубам, стаіць стол, лавы. За сталом свяшчэнны суд доказнай інквізіцыі. Перад імі звязаная жанчына, бледная, вельмі маладая.
Рогач адчыняе акно. Выразна далятаюць да яго словы.
— Далей, — кажа галоўны радца, падстрыжаны ў скобку.
— Якая ж мая віна? — кажа жанчына. — Пакуль не давялі, мяне нельга назваць ведзьмай.
— Усе гэтыя прэзумпцыі аб невінаватасці — трызненне сабачае, — кажа пісец. — У нас, дзякаваць Богу, дэмакратыя, свабодная ініцыятыва і роўнасць усіх перад кастром.
На грубаватым, мужыцкім твары радцы важнасць.
— Прывядзіце сведку.
Два гайдукі падводзяць тоўстую бабу.
— Так яе, галубачку, — яшчэ здалёк крычыць яна. — Агеньчыкам яе.
— Ды вы паглядзіце, — кажа падсудная, — яна на нагах не стаіць. І так ужо месяц.
Гайдукі паспрабавалі былі адпусціць сведку, але адразу ж адмовіліся ад свайго намеру.
— Э, не, — лямантуе баба, — ты мяне віном не папікай! Гаспадарава справа — карчомная!
— Дык вось, — кажа радца, — ад маетнасці пакаранага смерцю вам ідзе трэцяя частка. Кляніцеся казаць праўду, і толькі праўду.
— Ды бацюхна, літасцівец. Яшчэ і праўду не казаць. Іду гэта я ад кума ноччу. Іду цераз бур'ян… І раптам гэтая — ну ледзь не на галаву мне наступіла. Ідзе ў адной сарочцы, з даёнкай.
— Нашто? — акругліўшы ад жаху вочы, пытае радца.
— Справа вядомая… ік!.. Каровы чужыя даіць. У іх ад гэтага малако знікае. І ў маёй знікла… Яна… расу ўкрала. Расы ў тую раніцу не было. Памята-аю, да раніцы як аслупянелая ў бур'яне ляжала!
— Ты больш пі, - кажа жанчына. — Тады карова зусім здохне.
— Маўчы, — прарывае радца. — Суд прысуджае цябе за вядзьмарства да страты без праліцця крыві з канфіскацыяй маетнасці.
— Калі?
— Заўтра на досвітку.
— Добра, — апускае галаву жанчына. — Можа, за ноч я вымалю бліскавіцу на вашы галовы.
Гайдукі вядуць сведку прэч. Яна цягнецца нагамі па зямлі.
Ноч. У карчме яшчэ сядзяць і п'юць. Тут сяляне, некалькі шляхціцаў. Глядзіць у агонь і думае аб чымсьці Рогач.
І раптам за вокнамі дзікі шум і гвалт. Закідаўся карчмар, трывога на тварах наведвальнікаў.
Дзверы з трэскам расчыняюцца, і ў карчму ўвальваецца п'яная хеўра: тры чалавекі ў багатых адзеннях. Усе яны ледзь мажаху.
Чацвёртага яны цягнуць за рукі. Кідаюць, як бервяно, на адно з крэслаў, сядаюць поруч са сталом Рогача.
— Карчмар, віна.
— Зараз.
Нехта ляпае п'янага па спіне. З пагардаю глядзіць на гэта Рогач.
— Што ўтаропіўся? — крычыць яму другі п'яны. — Клісцірная морда.