Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
— Ты прыгожы, — халодна кажа конная.
Кавалькада сцягваецца, абкружаючы Рагача і яго ношу.
— Бадай што цябе шкада адпраўляць на кажамякін шасток.
І абыякава абварацілася.
Яна б ад'ехала, каб нехта, нахіліўшыся над спячай, не ахнуў:
— Божа!
Твары ва ўсіх амаль перапалоханыя.
— У чым справа? — пытае Агата.
— Ды гэта ж вы… вы ў яго на руках.
Агата ўглядаецца. Два заўзятых лісліўцы загулі было:
— Не… Куды там… З каралевай параўналі…
Але яна перарвала іх:
— Што з таго? Хіба
П'янда сказаў дзёрзкасць:
— Каралевы начуюць таксама.
— Ты нядаўна перабег да мяне, П'янда, — кажа каралева. — І таму не ведаеш, што галіны на дубах майго краю больш моцныя, чым паўсюль.
П'янда апусціў вочы. Але ён дабіўся свайго, не даў каралеве "проста паехаць".
— Гаспадар Іван, — кажа яна.
Гаспадар Іван, вялізны, змрочны, як дэман, нізкалобы мужчына ў кальчузе, выехаў наперад.
— Гаспадар Іван Падкова з Дубасечча. Мы загадваем табе аддаць гэтую дзеўку духоўнаму сінедрыёну.
Рука Рагача кладзецца на кінжал.
Але каралева ўжо задумалася.
— Не трэба. Здохне і сама.
Паглядзела на Рагача, — зноў уздрыгнулі крылы носа, — зняла нешта з пальца:
— А ты, калi табе абрыдне важдацца з гэтаю здыхляй, прыходзь у палац. Трымай. Пакажаш — прапусцяць.
П'янда падміргнуў Рагачу. Той схіліўся і падняў кінутае.
Кавалькада праімчалася паўз курган.
Рагач глядзіць на далонь. На далоні ляжыць залаты пярсцёнак з ізумрудам.
Вапенная пустэча. Белая, як мел, зямля. Глыбы камення. Рэдкія скарлючаныя дрэўцы. Галька адзначае высахлае ручво. Пустэчай едзе кавалькада на чале з Агатай. Каралева апусціла галаву, задумалася.
У звоне званочкаў, у посвісце ветру прагучалі гукі струн лютні. Паж Ольда, хлопец год семнаццаці, прыгожы, як ангел са статуі, перабірае струны. Вочы ў яго задумліва-хітраватыя.
Мелодыя аддалася ў камянях пустэчы, як вецер.
— Тую, што прыслаў брат, — ціха просіць каралеву П'янда. — Іспанскую.
— Не па-нашаму, — буркнуў гаспадар Іван.
Каралева пакасілася на яго, жарсткавата ўсміхнулася і падняла вочы. Грудны, нечакана цёплы, прагучэў голас:
Ах, как долго, долго едем! Как трудна в горах дорога! Чуть видны вдали хребты туманной сьерры. Ах, как тихо, тихо в мире… Лишь порою из-под мула, Прошумев, сорвется в бездну камень серый.Мерна ступаюць капыты коней. Званочкі. Свіст ветру.
I раптам, быццам праступаючы праз гэта вiдовiшча… сцягi… сцягi… сцягi, што трапечуць на ветры.
Грозным, як ад хмары, стае пейзаж. Але ўсё гучыць і гучыць, легкаважная, як званочак, песня:
Тишина. Лишь только песню О любви поет погонщик, Только песню о любви поет погонщик, Да порой встряхнется мул. И колокольчики на нем, И колокольчики на нем забьются звонче. З аблічча каралевы знікла ўсякая пячаць зла. …але рэюць… рэюць… рэюць белыя сцягі. Ну, скорей, скорей, мой мул! Я вижу, ты совсем заснул. Ну, поспешим! — застанем дома дорогую; Ты напьешься из ручья, А я мешок сорву с плеча И потреплю тебя и в морду поцелую.Аддаляюцца, знікаючы паміж белых глыб, маленечкія коннікі. Вецер, белыя сцягі.
У хаце дзяўчыны. Рагач выбіў бычыны пузыр. Рыззё выкінута. Дзяўчына ляжыць бліжэй да святла, на сухой лістоце. Над ёй сядзіць Рагач. Булькоча над ачагом гаршчок, у якім нешта варыцца.
Дзяўчына расплюшчвае вочы:
— Ты хто?
— Шкаляр. Я знойшоў цябе паўмёртвай.
— Але быў голад. Мы з бацькам былі апошнія жывыя… Дзе ён?
— Я пахаваў яго.
Сляза паўзе па шчацэ дзяўчыны з-пад апушчаных вей.
Рагач выходзіць з хаты на вуліцу. Заляскаў белы сцяг над варотамі. І тады “шкаляр” падскоквае, здзірае яго з дрэўка. З раз’юшаным тварам ірве яго на кавалкі. Кідае іх у пыл. І потым усміхаецца.
Дзяўчына ўжо напалову сядзіць на сваім лістоўным ложку.
— Як цябе завуць? — пытае Рагач.
— Дубраўка, — кажа яна. — Ты нашто ўратаваў мяне?
— Ды так, — зніякавеў Рагач, быццам яго спаймалі на саромнай справе.
— А цябе як завуць? — пытае яна.
Рагач у збянтэжанасці.
— Завуць? Завуць… Андрэй.
— А прозвішча?
— Рагач.
— Ой, — здзіўлена кажа яна. — Прозвішча… быцам у нячыстага. Дзе ж у цябе рогі?
— Былі рогі, - змрочна кажа ён.
Яна засмяялася слабенькім яшчэ смехам.
— Ты вясёлы… Рагач.
Рагач заўважае, што гэта імя непрыемнае для яе.
— Я не Рагач, — кажа ён. — Я Рогач.
— Вось гэта ўжо лепей… Рогач… Ро-гач… Прыгожае прозвішча.
— Чаго ж тут прыгожага? Ты вось лепей еш. Я спаймаў у сіло цяцерку.
— Дарэмна… У іх зараз дзеці… Мне і есці расхацелася.
— А можа, я памыліўся, — хлусіць Рогач. — Чорная такая… з чырвонымі брывамі.
Яна глядзіць у гаршчок з варывам. Відаць, ёй вельмі хочацца есці.
— З чырвонымі брывамі, кажу.
— Праўда? — пытае яна. — І белыя люстэркі на крылах?
— Ну так… быццам.