Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
— Хто гэта? — пытае Рогач.
— Гаспадыня Аглая з Камянца. Вельмi ў сiле пры двары. Ты прыдбаў сабе другога небяспечнага ворага.
Рогач яўна ўз'юшаны.
— Зараз я прыдбаю сабе і трэцяга.
І ён рашуча накіроўваецца да гаспадара Івана.
— Ты штурхнуў мяне. Прасі прабачэння.
— Што-о?
Зала сціхла. Гледзячы на пагардлівы твар Івана, Рогач бязгучна шэпча нейкія словы.
Гаспадар Іван заносіць над ім руку. Твар яго чырванее, ён страшны. Іван хоча крыкнуць нешта, але
— Пі-куррр! Кекерыке!
Ашаломлены гэтым, ён пакутліва намагаецца сказаць нешта. І тут палілося:
— Куд-куд-куды-ы! Бя-я! Ме-ке-ке! Бу-у! — Ён бучыць басам, як бугай, што толькі-толькі прачнуўся. — Гаў! Гаў! І-га-га!
Усё гэта так натуральна, што ўсе прыгаломшаны, а Іван болей за ўсіх. Ён хоча спыніцца, але не можа.
— Раніца ў вёсцы, — каменціруе Рогач.
— Уся худоба ў наяўнасці, - кажа Пётр. — Шчасліўцы! Гэта, мабыць, не ў нас.
– І-га-га! — лямантуе Іван.
Не ў змозе справіцца са сваімі рукамі, ён стукае кулаком сабе па лобе. Гук выходзіць як ад удару ў аконнае шкло.
— Гарпіна, сёння на лён, — басіць ён не сваім голасам.
У зале ўзарвалася цішыня. Ураганам выбухнуў агульны рогат.
— То-та ж, — кажа Рогач, — не звязвайся са мною, пашкадуеш.
Агата глядзіць на прыўкраснага ў гневе шкаляра. Яна ўсё яшчэ злуецца, але ў голасе застаўся толькі налёт помслівасці.
— Добра.
— Ён чарадзей! — лямантуе Іван, атрымаўшы нарэшце голас.
— Ён чарадзей, а ты блазен, — кажа яму каралева. — І дурань да таго ж.
І кажа Рогачу:
— Ты нядрэнна смяшыш людзей. Цяпер ты будзеш стаяць ля дзвярэй маёй апачывальні. Ідзі, атрымай зброю.
— Гэтай зброі яму не пазычаць, — кажа дзёрзка П'янда.
— Ён будзе стаяць не ў апачывальні, а ля яе дзвярэй, — злосна кажа Агата.
— Гэта нядрэнны спосаб пазнаёміць яго з тваёй дзяржавай.
— П'янда…
— У вас быў выпадак пераканацца, што я закляты, — добразычліва кажа П'янда.
— Але, сякера зламалася аб тваю шыю. Але я магу загадаць, каб яе насталілі лепей.
— Няхай ужо, — саступае ён.
І тут заўзятыя лісліўцы кідаюцца да Рогача, бяруць яго пад пах і пачынаюць шчабятаць нешта.
Ля дзвярэй залы ватажка пажоў, схаваўшыся за спінамі прыдворных, гуляе ў косці. Сярод іх паж Ольда. Ён прайграе.
— Твой апошні шанс, — кажа яму паж-завадатар.
Ольда кінуў косці. Трыумфуючы, выпраміўся.
— Пятнаццаць. Лічы, што я выйграў.
— Пачакай, — супернік меча косці і знішчальна кажа: — Шаснаццаць.
— Не можа быць. Гэта ж раз у дзесяць гадоў.
— Можа быць… Здымай нагавіцы.
— Тут?!
— Але.
— Нядобра, хлопцы.
— Нядобра
Ольда агледзеўся. І раптам разгублены выраз знікае з яго аблічча.
— Калі вы пакінеце мне порткі, я пакажу вам тое, чаго вы ніколі не бачылі.
— Што?
— Я адразу ж пайду і паляпаю каралеву па тым месцы, дзе спіна перастае звацца спінай.
— Брэшаш.
— Хай мяне пярун шасне на божае нараджэнне.
— Добра.
Морда ў Ольды хітрая. Ён уздыхае і ідзе да каралевы, абкружанай прыдворнымі.
— Чорт бы яго ўзяў, - кажа завадатар. — Бадай што яго ўкароцяць.
Ольда падыходзіць да каралевы.
— Тысячы разоў прашу вашага прабачэння, бенісіма. Няварты ўзняць вачэй.
— Што такое? — пытае яна.
Ён нагінаецца да яе і шэпча:
— Вы забралі шлейфам пабелку са сцяны. Дазвольце дакрануцца.
І ён пяшчотна стрэсвае неіснуючую пабелку.
Пажы ля дзвярэй не чуюць слоў, але бачаць, як Ольда паляпвае каралеву.
Завадатар у жаху заплюшчвае вочы.
— Укароцяць, — кажа ён.
Каралева ўважліва глядзіць на Ольда. Зразумела яго па-свойму.
— Дзякуй, мілы… Можаш сесці ля маіх ног.
І яна бярэ яго за падбародак.
Пажы бачаць гэта, бачаць, як Ольда, трыумфуючы, сядае ля ног каралевы.
— Ну і ну, — кажа нехта.
— Гэны, мабыць, далёка пайдзе, — кажа завадатар.
Каралева пяшчотна гладзіць Ольда па галаве, і ў таго дрыжаць доўгія веі.
— Бенісіма!
Раз'юшваецца, гледзячы на гэта, гаспадар Іван.
— Ён шчанюк, каралева.
Тая, незадаволеная ганьбай Івана, вар'юе з яго:
— Ён надзвычай гожы. Ён… як анёл са старой фрэскі. Глядзі, якія ў яго вочы… і валасы… І голас, як у анёла… Праўда, Іван?
І той, хаця ўвесь кіпіць, адказвае:
— Так… праўда.
— Ну вось, — дабівае яна яго. — Добра, што ты згодзен са мной… Ольда, ты ж можаш праспяваць для мяне старую баладу?
— Калі?
— Адразу ж пасля прыёму.
— Так, — голас яго абарваўся.
Для яго зараз нікога няма. Ён глядзіць на яе такімі вачыма, што гаспадар Іван упускае меч.
Меч забразгатаў на мармуровай падлозе, парушыўшы мёртвую цішыню. Іван павярнуўся, ідзе да дзвярэй. І, наўздагон яму, каралева з усмешкай: