Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
Каралева і Рогач сядаюць убаку, ля вялізнай жароўні. Рогач кладзе рукі амаль у агонь.
А ў агні распальваюцца, мігацяць шчыпцы.
— Раб Божы Ольда Мілашэвіч з Вяверыц, — гучыць голас галавы сінедрыёна. — Адказвай па абвінавачванню ў нападзе на каралеву з кінжалам у руцэ.
— Я не нападаў на яе, — чутны цвёрды голас Ольда. — Я кахаю яе.
Рука бярэ шчыпцы з жароўні.
— Напярэдадні вайны, — кажа галава, — у час страшэннай небяспекі для радзімы, у часіну, калі нашы шэрагі павінны быць чыстымі ад
Зараўло полымя.
— Я кахаю яе.
У вачах каралевы пільная цікаўнасць.
— Якія былі карэнні твайго зламыснення? — пытае галава.
Толькі тут мы бачым распаленае на бервяне цела Ольда: грудзі, шыю і прыгожую галаву.
— Я кахаю яе, — кажа ён, як закляцце.
— Наступнай гадзіны допыту вы не вытрымаеце… Не хлусіце перад госпадам. Сазнайцеся, што вы лазутчык.
— Я кахаю яе.
— Пачынайце, кат.
Зарыпела бервяно ляжачага прэнга. Страшна напружыліся мускулы на голых грудзях.
— Вораг усіх беларусцаў з існымі, - вымаўляе галава традыцыйную формулу, — адказвай.
Праз рыпенне прэнга гучыць голас:
— Я кахаю яе. Кахаю. Кахаю.
Каралева глядзіць на Рогача. У яго вачах асуджэнне.
— Даволі, - кажа яна і, глянуўшы на твар Ольда, дабаўляе: — Кончыце.
Рогач усё яшчэ суровы.
— Я даю амністыю і тым, у сутарэнні… Кончыце ўсіх.
Ольда прыўзняў галаву:
— Дзякуй табе… Ты дала мне шчасце… Я памру ад тваіх рук.
Рогач і Агата выходзяць з сутарэння сінедрыёна ў падземную турму.
— Ён быў усё ж вельмі пяшчотны, — кажа яна. — І добра памёр.
Рогач паглядзеў на яе непаразумелымі вачыма. Павагаўся.
— А… якой вы думкі пра “Баладу аб салдаце” Чухрая? — падазрона пытае ён.
Але вочы каралевы непарушна чыстыя:
— Не чула аб такім жанглёру. І балады гэтай не чула. Чула балады аб Ганне Вялікай, аб лебедзях святога Юрыя. А за баладу аб Петрусю нават павесіла жанглёра… Хлусня на правячыя класы.
Д’ябал паціснуў плячыма. Паўза.
— Нашто вы забілі Ольда?
— Хачу, каб вы не злавалі на мяне.
— Нашто?
— Яны не павінны сварыцца, павінны быць прыхільнымі адзін да аднаго.
— Чаму?
— Таму што фавор і апала не залежаць ад іх. Тут ёсць адзін закон… мой. А другіх няма. Ні божых, ні чалавечых.
— На самай справе будзе вайна?
— Так.
— Хто збіраецца напасці?
— Гм… агрэсар не той, хто нападае, а той, хто думае аб агрэсіі. А яны ўсе думаюць аб ёй.
Рогач кашлянуў:
— Цэнзар Сатаны неяк сказаў, што ў прышодшага ў палітыку Бог адбірае розум.
— А ён ёсць у каго-небудзь, розум?
Мільгае
“Розуму не было, — піша ён. — Кожны баяўся суседа, баяўся сяброў, баяўся сканчэння свету. Кожны быў падобны чалавеку, які не знімае кальчугі, нават лежачы з каханай. Баяліся Хрыста і яўрэяў, праўды і яснасці, кніг і пораху. Сапраўды сказана ў дрэўніх: краіны ў перыяд росквіту раджаюць вялікіх паэтаў, герояў і каханкаў, а ў перыяд заняпаду — пыл і шмат начальства… Засядала Рада па раззбраенню і, — мы потым даведаліся аб гэтым, — ваенная Рада… Адначасова”.
Па тракце імчыць карэта, запрэжаная наўсцяж. У карэце гаспадар Іван, магнат П'янда і Рогач. У Рогача вельмі вальяжны выгляд чалавека, які робіць поспехі: адзенне з парчы, пальцы ўнізаны пярсцёнкамі.
— Я радуюся, што мы ў Радзе па раззбраенню, — кажа ён.
— Яшчэ б, — усміхаецца П'янда, — раззбраенне і педыкюр — гэта шляхі да агульнага дабра.
— А вайна — грамадская гігіена, — паважна кажа Іван яўна чужыя словы.
– І гэта верна, — кажа П'янда. — Усё верна.
— У нас маса рэсурсаў для вайны, — кажа гаспадар. — Глядзіце.
Ён паказвае на дарожны знак з галавой каровы.
— Гэта азначае, што недзе ў акрузе ёсць карова.
…Карэта пад'язджае да палаца. У палацы два крылы.
— У гэтым крыле беларусы, — паказвае П'янда. — А ў гэтым — чарнарусы, дэйноўцы, літва, палешукі і іншая шваль… У цэнтральным будынку будзем засядаць.
Разглядвае ногці.
— Дарэчы, Рогач, — кажа ён, — вечарамі засядае ваенная Рада. Не забудзьцеся.
— Нашто, калі раззбраенне?
— Пара пацэм, пара бэлюм, — па жахлівай кухоннай латыні кажа П'янда.
Засядае рада па раззбраенню. Тронная зала поўная. Шум.
— А я прапаноўваю, — кажа ўзброены жэзлам спікера П'янда, — ураўнаваць сілы дзяржаў і, такім чынам, забяспечыць бяспеку.
— Як?! — гарлае дэлегат дэйноўскага княства.
— Вельмі проста. Вы павінны трымаць мільённую армію і пяць браніраваных крэйсераў.
— Дзе?! На нашых балотах?!
— Дзе хочаце. Але завесці абавязаны, іначай чарнарусы на вас нападуць.
— Што вы, — кажа ялейна дэлегат ад чарнарусаў, - як мы можам напасці, калі ў нас дзесяць тысяч мужчын?
– І ўсе пад ружжом, — падчапляе яго дэйновец.
Дэлегат палешукоў устае:
— Мы, як вядома, палешукі, а не чалавекі. Але нават мы разумеем, што паважаны спікер упаў у празмерны містыцызм, мяркуючы, што паўмільёна дэйноўцаў выставяць мільённую армію. Хіба што наймуць у другім месцы або ўступяць у кааліцыю з намі.