Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
Дэйноўцы
Ян з напружаннем, як на таку, узняў граблі.
Янка ўздымае насустрач вілы, Целам закрыўшы правадыра.…І адразу цемра. Недзе далёка, уходзячы, грае дуда.
Поле смярцей пад крываваю злівай,Вярба распусціла косы на страшным ветры. Месяц успоўз над полем, што шуміць стаптанымі каласамі.
Чорны туман на бярозы ўпаў. Над галавою схіляецца ніва, Чуецца шум недакошаных траў.Поле нясцерпна стогне… Цемра… Цішыня.
Перад канём Рогача стаяць двое палонных. За іхнімі спінамі — стаптаныя палі. Далей — едкі дым ад дагараючай хаты.
Адзін з палонных — стары жабрак. Другі — Антон Шыбень, той самы, якога мы бачылі з братам каля вымершай з голаду вёскі.
— Хацелі разлажыць салдат, — кажа П'янда.
– Іх няма чаго разлагаць, — кажа Антон. — Усім, акрамя наймітаў, астабрыдла забойства… Смурод ад пустых вёсак.
— А што? — кажа П'янда. — Па-мойму, нядрэнна пахне.
— Бы ў пекле, — кажа стары. — А мы — людзі. Нас стваралі для шчасця і доблесці.
— Ды хто ж вам дазволіць быць шчаслівымі? — кажа П'янда. — Гэткага не бывала.
Рогач апускае вочы.
– І ты, Рагінскі, - кажа стары. — Ідзеш па зямлі, топчаш. Падобны на звар'яцелага.
І тут Рогач ускіпеў:
— Дабро? Што такое дабро? Дзе вы яго бачылі на гэтай зямлі?
Ён саскочыў з каня, выцягнуў мех. Стары і Антон глядзяць яму ў вочы.
Рогач падыходзіць да іх, у ярасці, быццам удараючы мячом знізу, разразае вяроўкі.
— Няма дабра!!! Няма!!!
Звонавы роў такі, што калоцяцца званіцы. На вуліцах натоўп: лахманы ўперамежку з парчою. І зараз гэты натоўп натхнёны адным:
— Пераможцу слава! Слава! Слава!!! Сла-ва-а-а!!!
Раты равуць. Вузкім калідорам сярод гарланячых натоўпаў едзе на чале войска Рогач.
— Ро-гач! П'ян-да! Рогач! П'ян-да! — скандзіруе натоўп.
Прарываецца роў, воплескі. Шалёны псіхоз энтузіязму. Людзі вісяць на ліхтарах і дахах… Пад ногі коней кідаюць варожыя сцягі.
Вулічны гандляр гандлюе бюстамі Рогача, П'янды і гаспадара Івана.
А вось бюсты! А вось бюсты! Кожны чалавек, які паважае сябе, павінен купіць бюсты! Кожны добранамерны чалавек павінен купіць бюсты!
Бюсты раскупаюць, як піражкі.
Кавалькада едзе пад дажджом з кветак.
— Рогач! П'ян-да! Ро-гач! П'ян-да! І-ван! Ро-гач! П'ян-да!
Харугвы. Пашчы. У вокнах, у дзвярах, на тумбах з'яўляюцца бюсты. Нехта выстаўляе бюст на балкон. Бюст з'яўляецца на вільчаку даху.
Усялякія бюсты: маленечкія… сярэднія… вялікія… велізарныя… Натоўп з бюстамі бяжыць за трыумфатарамі.
Усміхаецца бюст неверагодна мужнага Рогача… Святасцю дыхаюць гіпсавыя рысы П'янды… Мармуровы Іван з адухоўленай усмешкай…
Роў натоўпу. Мільёны бюстаў.
На алеі, што вядзе да палаца, — кілім кветак. Па абодва бакі яе — статуі трыумфатараў, каралевы, Гальшкі, Аглаі. Рогач праязджае пад імі, і статуі падаюць адна адной рукі над яго галавою.
Статуі робяць першыя па ўрачыстага менуэта.
Раве натоўп… Статуі танцуюць менуэт.
Над горадам велічна гайдаецца бюст Рогача, прывязаны вяроўкаю да сонца.
Бюст Рогача, што стаіць у апачывальні. У апачвальні — каралева і Рогач. Прысмерак. Яны сядзяць каля агню.
— Ты задаволены сваім трыумфам, магнат Рагінскі?
Рогач пахмуры. Ён кранае шлем з барвянымі пер'ямі, што стаіць на стале поруч з ім.
— Няма дабра, — кажа ён.
— Ёсць. Яно ў подзвігах, у віне, у каханні мужчын і жанчын.
Яна датыкаецца да пасмачкі яго валасоў.
— Ты добра ваяваў. Дзіўна, вочы ў цябе ўсё адно чыстыя. Ледзь пацямнелі. Гэта пасля столькіх забойстваў. А гаспадар Іван вярнуўся зусім быком.
Наблізіла вочы да яго вачэй.
— Я хачу ўзнагародзіць цябе.
Рогач затрапятаў. Ён баіцца паглядзець ёй у вочы ад прадчування.
— Ты даведаешся аб узнагародзе праз тры дні на сусветным саборы князёў царквы.
— Не… толькі не туды.
— Дурны… Гэта неабходна.
— Не.
– І дзеля мяне не пойдзеш?
І тут Рогач рашаецца. Ён увесь трапеча, калі глядзіць на яе.
— Дзеля цябе — усё. Але я не магу. Зразумей, я павінен баяцца іх. Я… д'ябал.
Вочы Агаты загарэліся агеньчыкамі цікаўнасці.
— Так, я д'ябал…
Яна бярэ далонямі яго галаву.
— Ты?..
— Так. Я павінен цяпер пайсці ад цябе.
– І ты хочаш пайсці?
— Не, — амаль прастагнаў ён.
— Дык гэта ж усё прасцей… Заставайся.