Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
Ён хіліцца да яе. І яна, апускаючыся на кілім, кажа:
— Ты д'ябал? Каб ты толькі ведаў, як мне абрыдлі мужчыны.
У вачах яе страшная туга. І Рогач прыпадае да іх губамі.
Скача, скача агонь ачага…
…Падняўшы вочы ўгору, мы бачым старажытную фрэску. Гэта "Благавешчанне".
Прыснадзева ў сарамлівым лікаванні ўздымае ўгору плоскія далоні. Вочы яе апушчаны. Яна чакае…
…анёла з абліччам Рогача, які нясе ёй блажэнную звестку.
Анёл падміргвае гледачам.
Тронная
Рука каралевы заспакойваючы сціскае яго руку.
…Галоўны фіскал канчае прамову:
— Золата, што прыцякло з перамогамі, прывучыла людзей да лёгкага жыцця, а адсюль распуснае імкненне да праўды і лжывыя вучэнні. Можна думаць, што д'ябал уссеў над гэтай беднай зямлёй.
— Я пайду, — дрыжучы, шэпча Рогач. — Я прапаў.
— Не смей, трэба быць мужчынам.
— Я лічу, — кажа фіскал, — нам трэба ратаваць людзей ад іх саміх.
— У каго прапановы? — кажа старшыня. — Даю слова князю нашай царквы.
Таго падымаюць пад рукі. Трасучы грознай барадой, ён басіць:
— Выратуйце раней царкву…
— Зараз пра мяне, — дрыжыць Рогач.
— Уратуйце яе не ад язычнікаў, - кажа князь, — уратуйце яе ад Хрыста. Ён больш небяспечны, чым мёртвыя багі, хаця і сам дыхае на ладан.
Ён сядае.
— Слова сакратару, — кажа старшыня.
— Я прачытаю вам рэзалюцыю, — устаючы, кажа сакратар. — Сусветны сабор прапануе арганізаваць вярхоўны камітэт ратавання хрысціянства ад ілжэнастаўніка і ерэсіярха, названага Хрыстом… Прапаную таксама за турботы на карысць царквы ўзнагародзіць…
Голас ягоны ўрачыста загрымеў:
— …магната Андроніка вышэйшым царкоўным ордэнам.
Рогач здрыгануўся. Ён бачыць князя царквы, якога вядуць да яго пад рукі. Устае, прабуе ўцячы — ногі адмаўляюць.
Князь урачыста бласлаўляе яго:
— За благачынне, за рэўнасць да спраў маткі нашай, царквы, за тысячы схіленых ерэтыкоў…
Ён вешае ордэн на шыю Рогача.
— Вялікі наш саратнік у міру — мы твае. Распараджайся намі. Дом Божы — твой дом.
Ачмурэлы Рогач глядзіць на яго, нічога не разумеючы.
— Саратнік? — ляпеча ён.
— Але, — устае каралева. — І я, як верная дачка царквы, узнагароджваю яго таксама.
Яна ўдарае яго скіпетрам па плячы.
— Устань… кароль Андронік Першы. Уссядзь поруч са мной.
Затрубілі фанфары.
Каля дзвярэй гаспадар Іван, не верачы ўласным вушам, сціскае шаблю. Раз'юшаны, паварочваецца і ўходзіць.
І адразу плошча. Пётр лямантуе над натоўпам:
— Сышоў д’ябал… Яны пачалі барацьбу за мараль. Уцякайце ў лясы, людзі.
…Мяняюцца аратары…
…Глашатай чытае:
— Сусветны сабор загадаў узвясці караля Андроніка і каралеву Агату да ліку і сонму святых… Загадана таксама ўчыніць сімвалічнае спаленне галоўнага ворага дабрадзейнасці — спаленне праўды. Пасля спалення ўсе, хто любіў яе, паставяць сябе на самааплёўванне ля слупа, з далейшымі шабашам, гікам і прысвістам.
Лямантуе народ:
— Страшны суд! Вогненны шар упадзе на зямлю! Сканчэнне свету. Як Садом і Гамора, будзе спалена зямля… Памятайце Лота: убачыўшы шар, накрывайцеся белым і кладзіцеся галавой ад месца падзення!
Плач у натоўпе.
Варта сцягвае з памоста Антона Шыбеня.
— Яны выдумалі канец свету! — крычыць ён. — Гэта лухта! Гэта для пакорлівасці.
Тронная зала. У ёй Рогач, каралева, П'янда. Апошні чытае нешта па спісу.
— За шматлікія ерасі аддадзены суду Антон Шыбень.
— Пачакай, — кажа Рогач, — гэта нашто? Я не хачу.
П'янда схіляецца:
— Ваша святая воля.
Каралева непрыкметна робіць П'яндзе жэст папроку. П'янда ўсміхнуўся:
— Суд яшчэ не скора. Пакуль суд ды справа, я прапаную іх вялікасцям паехаць у загарадны палац. Вы ж толькі тры дні як абвенчаныя. Паязджайце дзён на пятнаццаць.
Сад за горадам. Схіляюцца над вадаёмам старажытныя дрэвы. Пад імі ўзвышша, засцеленае дыванамі, збаны з віном, фрукты.
Ля краю памоста, над вадаёмам, ляжыць Рогач у багатых лёгкіх адзеннях. Успёрся галавою на рукі, глядзіць на роўнядзь вады. Недзе далёка грае нябачная музыка.
Па вадзе бяжыць жук-плывунец. Нырнуў і лёг на спіну. Песціцца.
— Добра табе? — пытае Рогач. — А мне брыдка.
Жук спалохана кінуўся ўбок. Гэта таму, што на тым самым месцы ўзнік П'янда, што сядзіць на вадзе. Поруч з ім тэлевізар.
— Дарэмна пакутуеш, — кажа П'янда. — Ты багаты. Уся ўлада твая. Ты кахаеш.
— Што мне ў гэтым… Я няшчасны, я забыў нешта важлівае… Я б пайшоў… з ёю…
— А як жа выкупленне? Пекла? Зло?
— Не хачу… Не хачу…
— Дурны, табе ўжо няма звароту.
— Чаму?
— Не ведаеш, да чаго прывялі твае дзеянні? Вайна? Чутка аб сканчэнні свету?
— Не.
— Да нечуванага падзення… Усе жывуць адным днём… Глядзі.
…На экране тэлевізара кампанія юнцоў кідае дам дагары нагамі, вырабляючы нябачаныя антраша.