Чтение онлайн

на главную

Жанры

Левы рэйс

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

У дзень вёрсткі газеты ў раённых рэдакцыях звычайна бывае пуста — усе, хто не заняты выпускам чарговага нумара, раз'язджаюцца па калгасах і прадпрыемствах, каб сабраць новыя матэрыялы. Толькі адказны сакратар, на чыю долю выпадае давесці да ладу заўтрашнюю газету, заклапочана звоніць і бегае з свайго кабінета ў друкарню і назад.

— Рамейка? — перапытаў сакратар Корзуна, не адразу ўцяміўшы, што ад яго хоча гэты невысокі каржакаваты хлопец, падобны хутчэй на школьнага настаўніка, чым на супрацоўніка міліцыі.— Здаецца, быў. Зайдзі ў сельгасаддзел, там нехта павінен быць.

— Саша?!

Корзун застыў на парозе. За сталом, на якім стаяла пішучая машынка і былі раскіданы лісты спісанай паперы, сядзела яго даўняя знаёмая Святлана Якушава.

— Ты завітаў, каб са мной пабачыцца? — дзяўчына была шчыра ўзрадавана сустрэчай.

Корзун сумеўся. Некалі Святлана яму падабалася. У студэнцкім асяроддзі яна была на віду — друкавалася ў рэспубліканскіх газетах, заўсёды насілася з нейкімі ідэямі і тэмамі, вадзіла знаёмства з вядомымі журналістамі і пісьменнікамі. Да ўсіх яна мела справу. Не хапала ў яе ўвагі на аднаго Корзуна. Ён зразумеў гэта, напэўна, ужо на другім курсе, але толькі на чацвёртым перастаў заходзіць у Святланін інтэрнацкі пакой, А яна наўрад ці заўважыла такую для сябе страту. Паклоннікаў у яе хапала. Усё гэта прыпомнілася Корзуну цяпер, калі ён стаяў у дзвярах і не ведаў, як павесці сябе.

Святлана сарвалася з месца, падбегла.

— Ну, пацеш маё жаночае самалюбства, скажы, што прыехаў сюды дзеля мяне, — тармасіла яна яго за рукі.

За гэтыя амаль тры гады, што яны не бачыліся, Святлана неяк змянілася, папрасцела, ці што. І паводзінамі, і знешнім выглядам. Гладкая прычоска, непрыкметная раней маршчынка паміж бровамі, уважлівыя, цяплейшыя вочы… Корзуну стала ніякавата, што надта пільна разглядае яе — нібы хоча запомніць найбольш характэрныя прыкметы, як для слоўнага партрэта.

— Я рады, што ўбачыў цябе, Света, — стрымана адказаў ён. Мінулае, відаць, забылася не зусім.

— Не сумняваюся, — іранічна сказала яна, адпусціла яго рукі і пацягнулася па цыгарэту. — Ды праходзь ты, хваліся, як жывеш.

— Потым, Света, потым. Я тут яшчэ пабуду.

— І на гэтым дзякуй, — яна глыбока зацягнулася. — А ты нядрэнна глядзішся. Ну-ка, ну-ка, павярніся, сынку, — дзяўчына крутанула яго ў адзін бок, у другі, здаволена прыцмокнула: — Паліто ў клетачку, гальштук паласаты… Франтам становішся, Сашок. Дзе ж твая форма? Ты, чула, у міліцыі?

— А што? — пытанне нечым яму не спадабалася. Святлана засмяялася:

— Дзівак.

— Праўда, у міліцыі,— ужо спакайнейшым тонам сказаў Корзун. — Быў на раёне, нядаўна перавялі ў вобласць, ва ўпраўленне. — Але, як ставячы паміж сабой і ёю колішнюю мяжу, суха спытаў: — Ты ўчора Рамейку бачыла?

— Недарэчная смерць…

— Чаго ён сюды прыязджаў?

— Меўся арганізаваць артыкул галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Пакуль чакаў агранома, у нас падшыўку гартаў.

— Куды-небудзь ездзіў, не казаў?

— Назаўтра збіраўся. Але што да яго маеш? Яго ўжо няма.

— Хачу, трэба ведаць, чаму няма. Ты ж сама кажаш, што недарэчна загінуў.

— Сядзеў бы ў гасцінічным пакоі, нічога не здарылася б!

— Ты ўсё яшчэ злючка, Света, — не ўтрымаўся Корзун. Ён разумеў, што гэты папрок выкліканы не толькі яе словамі пра журналіста, а і сваім, даўнім, і зазлаваўся на сябе.

— Можа быць, — нечакана дзяўчына пагадзілася. І гэта было яшчэ адно сведчанне, што яна ўжо не тая, ранейшая, не жорсткая, самаўпэўненая студэнтка, якой запомнілася Корзуну. У тую пару яна не пагадзілася б.

— Прабач, — сказаў ён, сумеўшыся.

— Ат, — адмахнулася яна, запытальна зірнула на Корзуна: — Падобна, ты яго не вінаваціш. Дык што?

— Не разумею, чаго ён папёрся за горад?

— Можа, хацеў падумаць у адзіноце.

Усе, з кім Корзун гаварыў пра Рамейку, выказвалі гэта меркаванне, але ніхто не мог сказаць, аб чым ён хацеў падумаць.

— Ты дапускаеш, што яго займаў будучы артыкул? — спытаў Корзун.

— Ну, для вопытнага газетчыка гэта дробязь, усё, што трэба, падкажа аўтар. Якое іншае заданне? Не, не ўспамінаў — мы з ім добра пагаварылі. Напэўна, нешта іншае было ў яго, асабістае. Тут ён не надта адкрываўся, — яна наморшчыла лоб. — Але Рамейку ўжо не паможаш, ты лепш на машыніста пераключыся. — Усё-такі засталося ў Святлане нешта і ад ранейшай. Як і некалі, не магла нават думкі дапусціць, што чагосьці не ведае, у чымсьці не разбіраецца. — Ды справы — справамі, а к канцу дня заходзь, Сашок.

— Калі змагу…

— От мне гэты вясковы дэтэктыў! Вырвешся. Я чакаю! Ясна?

Быў час, калі адно такое слова зрабіла б Корзуна найшчаслівейшым чалавекам. Зараз ён успрыняў запрашэнне спакойна, быццам было яно ад звычайнай знаёмай, а не ад Светкі Якушавай.

Вецер аціх. Свяціла сонца, сляпіў вочы ярка-белы снег. Нібы і не было шалёнай завірухі, у якой заблудзіўся добры, спакойны чалавек. Корзун патаптаўся на рагу дзвюх вуліц, адна з якіх — Чыгуначная — вяла да пераезда, падумаў, што варта было б самому пабываць на месцы, дзе загінуў Рамейка. Але, зірнуўшы на гадзіннік, збочыў у сквер. Вуліцы і нават дзе-нідзе тратуары паспелі ўжо расчысціць, а ў скверы былі толькі вузенькія, пратаптаныя з раніцы сцяжынкі. Корзун насіў туфлі, неглыбокія, зручныя ў горадзе, і адразу адчуў, як сыпучы марозны снег пачаў халадзіць ногі. Не, ён у сваім мадняцкім абутку на той пераезд па снежнай замеці пацягнуўся б хіба за кампанію, і то не абы-якую. Што ж павяло туды журналіста?

Пратасеня размаўляў па тэлефоне.

— Так, так, вы-клю-ча-на! — крычаў ён некаму ў трубку. — А я веру. Так, — ён памаўчаў, відаць, слухаў абанента на тым канцы проваду, і паабяцаў: — Будзем думаць.

— Вобласць? — зразумеў Корзун.

— Непакояцца, — уздыхнуў Пратасеня. — А ў нас першая версія, падобна, лопнула. Машыніст, кандуктар і вартаўнік на пераездзе ў адзін голас паказваюць, што, як праходзіў састаў, нікога не было — ні на палатне, ні на абочыне.

— Маглі не заўважыць.

— Паблізу станцыі? Наўрад. Семафор, стрэлкі… Тут варон лавіць не будзеш.

— Але ў такім выпадку…

— Забілі і падкінулі? І я так быў падумаў. Але гэта ўжо занадта дэтэктыўна. Прасцей было пакінуць на месцы, калі раптам здарыўся наезд у горадзе.

Корзун паціснуў плячамі, пачаў гартаць паперы — пракурор ужо завёў справу. Прачытаў заключэнне экспертаў. Узяў фатаграфію, зробленую раніцай на пераездзе. Рамейка ляжаў ніцма, напаўзасыпаны снегам, і толькі туфель выторкваўся з сумёта. Корзун чмыхнуў. Аказваецца, гэты журналіст не баяўся холаду. Аднак не гэты туфель на падагнутай назе трывожыў Корзуна. На фотаздымку было нешта не тое, што трэба…

Популярные книги

Белые погоны

Лисина Александра
3. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
технофэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Белые погоны

Возвышение Меркурия. Книга 4

Кронос Александр
4. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 4

Энфис 5

Кронос Александр
5. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 5

Генерал Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Генерал Империи

Здравствуй, 1985-й

Иванов Дмитрий
2. Девяностые
Фантастика:
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Здравствуй, 1985-й

Боец: лихие 90-е

Гуров Валерий Александрович
1. Боец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Боец: лихие 90-е

Наваждение генерала драконов

Лунёва Мария
3. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Наваждение генерала драконов

Последняя Арена 10

Греков Сергей
10. Последняя Арена
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 10

На границе империй. Том 8. Часть 2

INDIGO
13. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 8. Часть 2

Отверженный VII: Долг

Опсокополос Алексис
7. Отверженный
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Отверженный VII: Долг

Виконт. Книга 3. Знамена Легиона

Юллем Евгений
3. Псевдоним `Испанец`
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Виконт. Книга 3. Знамена Легиона

Искатель боли

Злобин Михаил
3. Пророк Дьявола
Фантастика:
фэнтези
6.85
рейтинг книги
Искатель боли

Кодекс Охотника. Книга XII

Винокуров Юрий
12. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
аниме
7.50
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XII

Идеальный мир для Лекаря 15

Сапфир Олег
15. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 15